Андре Моруа – Навелы (страница 15)
Назаўтра раніцай ён прачнуўся ў вясёлым настроі, ускочыў і пачаў апранацца, напяваючы песню. Такога не было з ім з часоў юнацтва.
«Сёння ж вечарам пайду да Ірэн і папрашу прабачэння».
Калі ён завязваў гальштук, зазваніў тэлефон.
– Ало! – пачуўся мілагучны голас Ірэн. – Гэта вы, Бернар? Слухайце… Я не магла заснуць. Мяне грызла сумленне… Я вас учора моцна пакрыўдзіла!.. Даруйце мне… Сама не ведаю, як гэта я…
– Наадварот, гэта я, Ірэн, усю ноч даваў клятву, што перамянюся.
– Ніякіх перамен! Не рабіце глупства… Ах, Бернар, якраз за гэта і люблю я вас: за вашы капрызы, упартасць, за характар распешчанага дзіцяці. Яно так прыемна быць з чалавекам, які патрабуе ахвяр… Я хацела вам толькі сказаць, што сёння ўвесь вечар вольная і не прапаную вам нічога канкрэтнага. Зараней згаджаюся на ўсё…
Бернар паклаў слухаўку, і на душы ў яго стала маркотна.
Карычневая магія
У канцы мінулага стагоддзя, – сказаў доктар Пціклеман, – увайшло ў звычай у горадзе Пон-дэ-Лёр хадзіць вечарамі ў сад мэрыі на канцэрты муніцыпальнай філармоніі. І цяпер філармонія выступае, як калісьці, заўсёды ў нядзелю, але ў садзе пуста. У прамыслоўцаў, камерсантаў і служачых, амаль у кожнага ёсць свая аўтамашына, вялікая ці малая, і летнія вечары яны праводзяць у вёсцы. Што да рабочых, то, у большасці, кожны з іх мае свой радыёпрыёмнік і, не выходзячы з дому, можа слухаць канцэрты з Парыжа альбо з Лазаны. Толькі некаторыя старажылы засталіся вернымі даўняй традыцыі, якая ім нагадвае аб мінулых радасцях.
Колькі хлопцаў і маладых дзяўчат, гадоў сорак назад, адгулялі свае заручыны ў гэтым садзе ў алеях пад каштанамі! А тым часам іхнія бацькі, патураючы маладым, павольна крочылі метраў за трыццаць, і медныя трубы муніцыпальнага аркестра парушалі цішыню вечара гучным выкананнем папуры з «Гугенотаў», «Блакітнага Дуная» і «Латарынгскага марша». Раз у тыдзень гэта «Алея ўздыхаў» (будзем яе так называць) у сентыментальным жыцці Пон-дэ-Лёра рабілася тым жа, што ў Парыжы «Сцежка дабрадзеяў».
Ліхтароў было мала. Прыцемкі абуджалі адвагу ў баязлівых. Пах язміну шырока разліваўся ў паветры. І як было цікава, сустракаючы пары закаханых, кожны раз по-новаму назіраць іх сваркі, іх збліжэнне, і, нарэшце, гатоўнасць стаць мужам і жонкай.
Магчыма, самыя старыя жыхары Пон-дэ-Лёра яшчэ памятаюць чэрвеньскі вечар 1890 года, калі яны ўбачылі, як у садзе мэрыі нечакана з'явіўся палкоўнік Дзюрук са сваёй жонкай і дачкой у суправаджэнні статнага мулата.
Выйшаўшы ў адстаўку, палкоўнік Дзюрук прыняў кіраўніцтва справамі Прамысловага клуба, што вельмі ўзрадавала яго членаў, бо папярэдні кіраўнік быў толькі капітанам. Трэба вам сказаць, што Пон-дэ-Лёр ганарыўся сваім клубам, заснаваным пры Луі-Філіпе групай прамыслоўцаў – аматараў літаратуры і мастацтва. Там выступалі лектары з Парыжа, можна было паслухаць Брунецьера, Гастона Пары, там наладжвалі канцэрты, балі і азартныя гульні ў карты. Аднаго разу два сталыя яго члены нават ледзь не пабіліся на дуэлі, і прапанаваная палкоўнікам працэдура паядынка была ўзорам кампетэнтнасці і рамантыкі.
Пасля некалькіх месяцаў назірання самыя незгаворлівыя дамы Пон-дэ-Лёра ўзялі пад сваю апеку мадмуазэль Дзюрук, і незвычайная прыгажосць маладзенькай дзяўчыны збіла з тропу не аднаго юнака. Тады казалі, што Бланш Дзюрук, каб толькі захацела, магла б выйсці замуж за аднаго з самых багатых тамашніх суконшчыкаў, а трэба ведаць вузкую каставую сістэму, якая ў дзевятнаццатым стагоддзі пусціла карэнне ў гэтай мясцовасці, каб зразумець некаторы сацыяльны зрух, аб якім сведчылі падобныя чуткі. Аднак час ішоў, а грашовыя тузы не спяшаліся. У 1890 годзе Бланш Дзюрук споўнілася дваццаць шэсць гадоў, і, хоць яна была па-ранейшаму красуняй, спрактыкаваным дамам яе будучыня не здавалася ўжо такой бліскучай.
Дарэмна ў гэты вечар пондэлёрскія сем'і, шпацыруючы туды і сюды па «Алеі ўздыхаў», прабавалі падступіцца да Дзюрукаў і іх спадарожніка. Бланш ішла поруч з мулатам, крыху апярэдзіўшы бацькоў. Палкоўнік у пінжаку з тонкай шэрсці, з ордэнскай стужкай у пятліцы, паважна падымаў саламяны капялюш, сустракаючы тутэйшага пана, і на прывітанне «Добры вечар, паважаны палкоўнік» адказваў, не спыняючыся: «Добры вечар, пан Герпэн… Добры вечар, пан Пельто…» Найбольш здагадлівыя казалі, што палкоўнік Дзюрук, калі служыў у Афрыцы, напэўна, меў туземцаў пад сваёй камандай. Тады якраз ішла вайна з Дагамеяй. Магчыма, невядомы быў высланым важаком, а можа, нават сынам мурынскага караля? Трэба прызнаць, што постаць яго была сапраўды каралеўская, ён на цэлую галаву ўзвышаўся над іншымі і глядзеў на ўсіх смела жорсткімі вачамі. Але ўсе гэтыя меркаванні прыйшлося адкінуць, калі на другі дзень у клубе палкоўнік адрэкамендаваў свайго мулата членам камітэта:
– Панове, я дазволіў сабе прывесці сюды Геркула Дзюрука, майго дваюраднага брата.
Пры святле чалавек гэты зрабіў моцнае ўражанне. Валасы яго, плоеныя шчыпцамі, не мелі натуральнай кучаравасці і блішчалі сівізной, хоць сам ён быў яшчэ малады. Рысы твару былі прыгожыя, але шырокія ноздры надавалі абліччу празмерную ганарыстасць. Гаспадары Пон-дэ-Лёра баязліва віталіся з госцем, і карычневая лапішча да болю паціскала ім рукі. Адзін з іх (пан Рамійі, калі мне не здраджвае памяць) адвёў палкоўніка ў кут і папрасіў даць некаторыя тлумачэнні.
– Усё надзвычай проста, – пачаў палкоўнік. – Было гэта вельмі даўно. Нейкі Жан Дзюрук, дваюрадны брат майго бацькі, награшыўшы ў маладосці, адправіўся ў Судан шукаць шчасця. Ён вырошчваў бавоўну, збіраў каўчук і страшэнна разбагацеў… Мае сябры, вяртаючыся з Афрыкі, не раз пыталіся ў мяне: «Вы што, радня магнату Дзюруку?» Ад туземнай жанчыны ў Жана быў сын, гэты самы Геркул. Жан яго прызнаў і даў яму адукацыю ў французскай школе. У мінулым годзе бацька памёр, пакінуўшы свайму адзінаму сыну каласальных памераў спадчыну… Хлапчына, які стаіць перад вамі, якому няма яшчэ і сарака гадоў, мае ў сваім уладанні зямлі і лесу столькі, што там бы змясцілася некалькі французскіх дэпартаментаў… У яго самыя шырокія планы, ён лічыць, што надыдзе час, калі нашы калоніі сваёй бавоўнай змогуць пацясніць Злучаныя Штаты, а каўчуком Малайю… Але ў гэтых пытаннях, панове, вы лепшыя суддзі і знаўцы, чым я. Геркул будзе вельмі рады мець ад вас кансультацыю.
Прамыслоўцы Пон-дэ-Лёра абступілі прыгожага мулата і засыпалі яго дзелавымі пытаннямі. Ён адказваў разумна і ўпэўнена добрай французскай мовай. З гэтага вечара ў галовах некаторых удзельнікаў сустрэчы абудзіўся інтэрас да яго плантацый. Хутка ўвесь горад гаварыў толькі пра бавоўну і каўчук. Я сам, тады яшчэ зусім юны медык, успамінаю, насіў у кішэні маленькую галачку, што мне падарыў суданец, і падкідаў яе ў кватэрах маіх кліентаў, як мячык, паўтараючы: «Вось яна – будучыня». Кажуць, што натарыус Пельто падрыхтаваў статут «Нармандскага таварыства бавоўна-каўчук» і, магчыма, пан Ахіл Кеснэ згадзіўся б узначаліць адміністрацыйны савет. Але апошняя чутка не адпавядала сапраўднасці, паколькі пан Ахіл не надта давяраў справе. І ўсё ж «Таварыства бавоўна-каўчук» было заснавана, і патрэбны капітал сабраны на месцы.
Некалькі месяцаў мулат ездзіў туды і сюды паміж Парыжам і Пон-дэ-Лёрам, дарваўшыся да раскошнага жыцця, асыпаючы падарункамі гаспадынь тых дамоў, дзе яго прымалі. У кастрычніку ён купіў замак Клерысюр-Ітон, і тады ўсюды загаварылі, што ён збіраецца ажаніцца са сваёй кузінай. Грамадская думка не ўхваліла гэтага намеру. Можна не сумнявацца, што весткі, сабраныя мясцовым панствам пра Геркула Дзюрука і, асабліва, пра яго бацьку, былі добрыя. Ніхто не адмаўляў, што мулат быў вельмі багаты, а Бланш дзяўчына бедная. І ўсё ж ці досыць гэтага, каб палкоўнік згадзіўся прынесці ў ахвяру сваю дачку? У Пон-дэ-Лёры меркавалі іначай.
Але там не ведалі, што Бланш нічым не выяўляла непрыхільнасці да сваяка мулата, а яе бацькі не вельмі гналіся за чужым багаццем і не прымушалі яе. Наадварот, яна сама дамаглася, каб шлюб адбыўся па ўзаемнай згодзе і як мага хутчэй. Калі Геркул Дзюрук пасяліўся ў Клеры, кажуць, што Бланш са сваёй маці даволі доўга гасцявала там, кіравала работамі па аздабленню замка і паводзіла сябе як гаспадыня. Абурэнне было агульным, і некалькі юнакоў, закаханых у Бланш, з гневам адвярнуліся ад палкоўніка. Каб яны маглі бачыць, як аднойчы выпадкова давялося мне, з якім запалам Бланш углядалася ў цёмны твар свайго Атэла, ці, яшчэ лепш, каб яны ўбачылі захапленне дзяўчыны, калі, седзячы на беразе ракі Лёр, яна любавалася адлюстраваным у вадзе бронзавым целам свайго сапраўды цікавага сваяка, яны б астылі адразу.
Вянчанне адбылося ў капліцы Клеры. Пышнага вяселля не рабілі. Маладыя паехалі ў Судан, бо Геркул Дзюрук хацеў праверыць там свае плантацыі. Палкоўнік, якому зяць пакінуў пенсію, вызваліўся ад службы ў «Прамысловым клубе» і перабраўся на радзіму сваёй жонкі каля Арманцьера. Калі маладыя Дзюрукі вярнуліся, некалькі асоб, у тым ліку натарыус Пельто, запрасілі іх на абед.
– Ну, і як яны? – запытаў я ў натарыуса.
– На маю думку, – адказаў той, – яны кахаюць адно аднаго… І ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны… У гэтым чалавеку, пры ўсіх яго культурных манерах, ёсць нешта дзікае.
– А пра свае справы ён расказваў? – зусім натуральна пацікавіўся я, паколькі і сам уклаў невялікую суму грошай у «Таварыства бавоўна-каўчук».