Андре Моруа – Навелы (страница 14)
– Дзяўчынкі гэтыя – блізняты, дзве сястры. Яны разам выхоўваліся, спачатку ў Вене, потым у Будапешце, і не было ў іх ніякіх блізкіх сяброў. У васемнаццаць год ім папаўся нейкі венгерац, арыстакрат, са знатнай фаміліі, прыгожы, як анёл, і музыкальны, як цыган, і абедзве адразу страшэнна закахаліся ў яго. Праз некалькі месяцаў ён пасватаўся да аднае з сясцёр. Другая з роспачы прабавала ўтапіцца, але няўдала. Тады тая, якой граф Нікі зрабіў прапанову, вырашыла адмовіць яму. І сентыментальныя дзяўчынкі надумаліся памерці разам. А тут якраз падаспеў, як мне і вам, праспект гатэля «Танатос».
– Якое вар'яцтва! – сказаў Жан Манье. – Яны ж маладыя і прыгожыя… Ну чаму б ім не жыць у Амерыцы, хіба на свеце мала добрых хлопцаў, якіх можна палюбіць? Трошкі цярпення, і ўсё наладзілася б…
– Сюды якраз і едуць тыя, у каго няма цярпення, – журботна прамовіла Клара. – Усе мы разважаем разумна, калі справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасці перажыць чужое ліха.
Цэлы дзень жыхары «Танатоса» маглі назіраць, як двое ў белым, мужчына і жанчына, блукалі па алеях парка, каля падножжа скал і над прорвай. Яны горача аб нечым спрачаліся… І толькі, калі пачало змяркацца, накіраваліся ў гатэль.
Садоўнік-мексіканец, убачыўшы, што яны ідуць абняўшыся, сарамліва адвярнуўся.
Пасля вячэры Жан Манье прывёў місіс Кірбі-Шоў у маленькую пустую гасціную і там увесь вечар нешта шаптаў ёй, і гэта, здавалася, яе вельмі кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваім кабінеце, сядзеў у крэсле і гартаў вялікую чорную кнігу. Пан Берстэкер правяраў рахункі і час ад часу чырвоным алоўкам закрэсліваў у кнізе радок.
– Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?
– О так, пан Берстэкер… Ва ўсякім разе я спадзяюся… Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзівіць… Перамена такая раптоўная… Але жыццё ёсць жыццё… Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў… Я не хачу паміраць.
Пан Берстэкер вытрашчыў на яго вочы.
– Вы гэта сур'ёзна гаворыце, пан Манье?
– Я добра разумею, – гаварыў француз, – што вы палічыце мяне чалавекам непаслядоўным і нерашучым… Але ж яно зусім натуральна, што пры новых абставінах мяняюцца і нашы жаданні… Тыдзень таму назад, калі я атрымаў ваша пісьмо, я быў у адчаі, адчуваў сябе адзінокім… Мне здавалася тады, што няма ніякага сэнсу змагацца… Сёння ўсё перайначылася… І гэта дзякуючы вам, пан Берстэкер.
– Дзякуючы мне?
– Так, бо гэты цуд стварыла тая самая маладая асоба, з якою вы пасадзілі мяне за адзін стол. Місіс Кірбі-Шоў – чароўная жанчына, пан Берстэкер.
– Я ж вам казаў, пан Манье.
– Чароўная і гераічная… Даведаўшыся, у якім цяжкім становішчы я апынуўся, яна згадзілася падзяліць са мной пакуты майго жыцця… Вас гэта здзіўляе?
– Ніколькі… Мы тут прывыклі да ўсякіх нечаканых перамен… І я рад за вас, пан Манье… Вы яшчэ такі малады, вельмі малады…
– Дык вось, калі вы нічога не маеце супраць, заўтра мы з місіс Кірбі-Шоў выедзем адгэтуль у Дымінг.
– Значыць, місіс Кірбі-Шоў таксама адмаўляецца ад…?
– Ну вядома… Зараз яна будзе ў вас і сама вам пацвердзіць… Застаецца ўладзіць яшчэ адно пытанне, даволі далікатнае… Трыста даляраў, якія я вам заплаціў, гэта амаль усе мае грошы… Растлумачце, калі ласка, цалкам і поўнасцю яны пераходзяць «Танатосу» ці я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купіць білеты на дарогу?
– Мы людзі сумленныя, пан Манье… І бяром плату толькі за тое, што зроблена намі рэальна. Заўтра раніцай касір падагуліць ваш рахунак з разліку дваццаць даляраў у суткі за нумар і абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкі.
– Ваша спагада і велікадушнасць… Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам і дзякаваць! Мне ізноў засвяціла шчасце… Новае жыццё…
– Да вашых паслуг, – сказаў пан Берстэкер.
Жан Манье выйшаў з кабінета і накіраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за ім, потым націснуў кнопку званка і распарадзіўся:
– Прышліце да мяне Сарконі.
Праз некалькі хвілін увайшоў парцье.
– Я вам патрэбен, сіньёр дырэктар?
– Так, вы мне патрэбны, Сарконі… Сёння ўночы пусціце газ у нумар сто трынаццаты… Гадзіны ў дзве.
– Загадаеце, сіньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?
– Думаю, што не трэба… Ён будзе спаць моцна… На сёння ўсё, Сарконі… А заўтра, як і дамовіліся, дзве дзяўчынкі з семнаццатага.
Парцье выйшаў, і ў дзвярах кабінета з'явілася місіс Кірбі-Шоў.
– Заходзь, – сказаў Берстэкер. – Якраз я збіраўся цябе паклікаць. Твой кліент ужо быў у мяне, папярэдзіў, што хоча выехаць.
– Мне здаецца, я заслугоўваю пахвалы, – абазвалася Клара. – Чыстая работа, праўда?
– І хуткая… Я гэта ўлічу.
– Значыць, сёння ўночы яго…?
– Так, сёння ўночы.
– Бедны хлопчык! – уздыхнула яна. – Такі рамантычны, душэўны…
– Усе яны душэўныя, – сказаў Берстэкер.
– Жорсткі ты чалавек, – папракнула Клара, – толькі ў іх абуджаецца смак да жыцця, ты іх адпраўляеш на той свет.
– Жорсткі?.. Наадварот. У гэтым і ёсць сутнасць нашага гуманнага метаду… У небаракі былі сумненні рэлігійнага парадку… Я яго супакоіў.
Ён паглядзеў у спісак:
– Заўтра табе адпачынак… А на паслязаўтра новае заданне… Яшчэ адзін фінансіст, на гэты раз са Швецыі… І, май на ўвазе, не вельмі малады.
– Мне так спадабаўся французік… – летуценна прамовіла Клара.
– Работу не выбіраюць, – строга заўважыў дырэктар. – На, вазьмі свае дзесяць даляраў, і вось табе яшчэ дзесяць прэміяльных.
– Дзякуй, – сказала Клара Кірбі-Шоў і, кладучы грошы ў сумачку, глыбока ўздыхнула.
Калі яна выйшла, пан Берстэкер узяў чырвоны аловак, акуратна прылажыў металічную лінеечку і выкрасліў са свайго спіска адно прозвішча.
Ірэн
– З прыемнасцю пайду з вамі сёння ўвечары, – сказала яна. – Такі цяжкі быў тыдзень! Столькі працы і адны расчараванні!.. Але вы тут, і на душы весялей… Слухайце… Давайце паглядзім цудоўны фільм…
– І не думайце цягнуць мяне ў кіно, – сказаў ён, нахмурыўшыся.
– Які жаль!.. Мне так хацелася пабачыць гэты фільм разам з вамі… Але нічога… Я ведаю на Манпарнасе куточак, дзе танцуюць цудоўныя марцініканцы…
– Ну, вось яшчэ! – сярдзіта запярэчыў ён. – Хопіць мурынскай музыкі, Ірэн! Я ёю сыты па горла.
– І што збіраецеся вы рабіць?
– Вы самі ведаеце… Паабедаць у ціхім рэстаранчыку, пагаварыць, прыйсці да вас, расцягнуцца на канапе і аддацца марам.
– Не, ні ў якім разе! – адмовілася яна ў сваю чаргу. – Не!.. Вы вялікі эгаіст, мой дарагі… Вы ў здзіўленні?.. Ды вам жа ніхто ніколі не казаў праўды… Ніхто… Вы прызвычаіліся, каб жанчыны слухаліся вас, каб вашы жаданні былі для іх законам… Вы, як сучасны султан… Ваш гарэм адкрыты… Раскінуўся на дзесяць краін… Але гэта гарэм… Жанчыны – вашы рабыні… І тая, што належыць вам, асабліва… Калі вам хочацца ляжаць і марыць, яны павінны глядзець вам у рот. Калі вам хочацца танцаваць, яны павінны быць напагатове. Калі вы напісалі некалькі радкоў, яны павінны іх хваліць. Калі вам хочацца пазабаўляцца, яны павінны быць, як тая Шэхеразада… Не, мой дарагі, з мяне даволі! Няхай хоць адна жанчына не будзе нявольніцай вашых капрызаў!..
Яна спынілася і загаварыла мякчэйшым тонам:
– Як гэта сумна, Бернар!.. Я так радавалася, што вас бачу… Я спадзявалася, што мне з вамі будзе добра, а вы з'явіліся і думаеце толькі аб сабе… Пакіньце мяне… Прыходзьце тады, калі цвёрда засвоіце, што на свеце не толькі вы адзін…
Усю ноч Бернар не мог заснуць і, засмучаны, думаў. Ірэн мела рацыю. Ён быў агідны. Ён не толькі падмануў і кінуў Алісу – жанчыну мілую, верную і паслухмяную, ён нават карыстаўся ёю без любві. І што ў яго за натура? Адкуль гэта прага перамагчы і валодаць? Гэта няўвага да іншых? «На свеце не толькі вы адзін», – гучала як дакор. Прыгадваючы мінулае, ён выразна ўявіў сваю цяжкую маладосць, недаступных жанчын. Было нешта ад рэваншу ў яго эгаізме, а нахабства развілося з баязлівасці. Дзе ж яны, высакародныя пачуцці?
«Высакародны… – разважаў ён, – і слова нейкае пошлае! Трэба загартоўваць волю. У каханні – хто не ўмее ўзяць верх, таго растопчуць. Але ўсё ж часам так прыемна… уступіць, быць слабейшым, шукаць сваё шчасце ў шчасці другога».
Зрэдку, раздзеленыя ўсё даўжэйшымі інтэрваламі, вярталіся ў гараж запозненыя машыны.
«Шукаць сваё шчасце ў шчасці другога? А што ж? Хіба гэта немагчыма? Хто прымушае яго быць жорсткім? Хіба кожны чалавек не мае права ў любую хвіліну перайначыць сваё жыццё? І, стаўшы іншым, хіба ён знойдзе сабе лепшага сябра, чым Ірэн? Ірэн… такая прывабная ў сваёй адзінай выходнай сукенцы, у зацыраваных панчохах, у паношаным плашчыку… Ірэн, такая прыгожая і такая бедная. І такая велікадушная ў сваёй беднасці. Колькі разоў ён бачыў, як яна дапамагала расейскім студэнтам, бяднейшым за яе, ратавала іх ад галоднай смерці. Шэсць дзён у тыдзень яна працуе ў краме, а яе ж да Рэвалюцыі выхоўвалі, як прынцэсу. І ніколі не скардзіцца… Ірэн… І ён мог таргавацца з ёю за дробязь? Адмовіць ёй у мілых забавах? Сапсаваць ёй цэлы вечар?»
З грукатам, аж задрыжалі шыбы, праімчаўся апошні аўтобус. І болей ніякі шум не парушаў начной цішыні. Бернар усё яшчэ змагаўся з бяссонніцай. Раптам душа яго азарылася ў натхненні. Ён прыняў важнае рашэнне: прысвяціць сябе шчасцю Ірэн. Ён будзе ёй лепшым сябрам, ласкавым, пакорным. Так, пакорным. Гэта думка супакоіла нервы, і ён неўзабаве заснуў.