Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 77)
АА. Кінь гэта!
XX. Ты ж сам сказаў, што магу есці. (АА выцягвае з-пад ложка свой чамадан. Адмыкае яго ключыкам, дастае з чамадана бляшанку кансерваў. Засоўвае чамадан назад пад ложак, але ўжо не замыкае яго на ключык. Ставіць бляшанку на стол перад XX.) Для людзей?
АА. Для людзей.
XX. Вось гэта іншая справа. (Збіраецца адчыніць бляшанку. Над іх галовамі тупат вясёлай кампаніі, што ідзе па сходах. Гучныя галасы мужчын, жаночы смех. АА падыходзіць да адной з вертыкальных трубаў і прыстаўляе да яе вуха.)
АА. Ідуць вышэй. (Адыходзіць ад сцяны.) Нічога не ведаю горшага, чым жыць пад сходамі. Тут усё чуваць па трубах. Найцішэйшы гук, нават самы інтымны. Каналізацыйныя трубы, водаправодныя, трубы каларыфераў, трубы смеццеправода, вентылятары... Я тут чую, калі яны выходзяць і калі прыходзяць, калі кладуцца ў пасцель і калі ўстаюць. Чую, як наліваюць ваду і як спускаюць. Калі вентылююцца, спаражняюцца і размнажаюцца. Вось толькі не чуў яшчэ, як паміраюць.
XX (які тым часам адкрыў ужо кансервы і збіраецца есці. Павучальна.) Моцнае здароўе ў іх.
АА. Часам мне пачынае здавацца, што мы жывём у іх у жываце. Нібы мікробы. Паглядзі толькі на гэтыя трубы. хіба яны не нагадваюць табе флякаў?
XX. Трубы як трубы.
АА. А мне ўсё гэта нагадвае бэбахі. Жывём тут як дзве бактэрыі ў сярэдзіне нейкага арганізма. Два чужародныя целы. Паразіты альбо яшчэ штосьці горшае. Бо, магчыма, мы з табою нібы тыя дзве хваробныя бактэрыі? Фактары гніення ў здаровым арганізме. Бацылы, палачкі Коха, вірусы, ганакокі? Я — ганакок, я, хто заўсёды лічыў сябе каштоўнай клетачкаю найбольш развітога мазгавога рэчыва. Там, у нас, некалі... Высакародным нейронам, часцінкаю, што стаіць ужо на самай мяжы матэрыі і нават выходзіць за межы матэрыяльнага. А цяпер вось — ганакок. У нейкіх фляках ці кішках. Ганакок у кампаніі з прасцейшымі.
XX (падазрона). Ты гэта пра мяне гаворыш?
АА. Апрача таго, я не пераношу падвалаў! Ненавіджу. I ўвогуле — ніякіх падзямелляў. Падзямеллі кепска ўплываюць на мае нервы. На псіхіку. Мне патрэбны сонца, паветра, прастора. Я — чалавек-галава, а галаву трэба несці высока, каб яна нармальна функцыянавала. Будучы высокаразвітым звяном працэсу эвалюцыі, я ўжо не прыдатны для пячораў. Я заўсёды жыў на найвышэйшых паверхах, і перада мною былі шырокія гарызонты. З вокнаў. А тут нават акна няма.
XX. Яно і лепей. З вокнаў адны толькі скразнякі.
АА. Вакол толькі сцены, сцены, сцены!
XX. Затое цёпла, бо не дзьме.
АА. Падвальная духата.
XX. Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў, а ад свежага паветра можна і прастыць. Мой тата, святой памяці, жыў у сутарэнні, а пражыў доўгае жыццё.
АА. А ад чаго ён памёр?
XX. Ад свежага паветра. Вяртаўся п’яны дахаты і па дарозе замёрз.
АА. Значыць, ты спакойна можаш тут вытрываць?
XX. Чаму ж не? Зусім нармальная кватэра. I цёпла і танна...
АА. Ага, калі ўлічыць, што гэта я плачу кватэрныя. Дарэчы, учора я зноў заплаціў за два месяцы. За снежань і за лістапад. Ды яшчэ ты мне вінен за верасень і за кастрычнік. А ўсяго, такім чынам, за чатыры месяцы.
XX. У мяне няма нічога.
АА. Ты ж толькі-толькі атрымаў сваю выплату.
XX. Але ж у мяне няма грошай.
АА. Не разумею, што ты робіш з грашыма. Ты ж павінен зарабляць, прынамсі, столькі, колькі ў сярэднім зарабляе ў гэтай краіне любы замежны рабочы. Аднак ты зарабляеш у паўтара раза больш, таму што працуеш удвая больш за іх. Значыць, нават калі цябе і аблічваюць, усё роўна ты маеш зарплату з надбаўкаю. У дадатак да ўсяго гэтага табе належыць прэмія за працу, вельмі шкодную для здароўя. Калі ты атрымліваеш нават палову гэтае прэміі, дык і тады твае заробкі вышэйшыя за сярэдні. Ва ўсякім разе — не найгоршыя. Затое туляешся ў такой паганай нары, што не ўявіць. А жывучы разам са мною, плаціш толькі палову кватэрных, і так мінімальных. Аднак нават і гэтага не плаціш, а калі я напамінаю табе пра доўг, ты кожны раз кажаш, што ў цябе няма грошай.
XX. Затое ў цябе ёсць.
АА. Што ты сказаў?
XX. Ты заўсёды пры грашах.
АА (абыякава, холадна). Ці ты думаеш, што кажаш?
XX. А што, няма?
АА. Ты хоць разумееш, што я, нарэшце, магу страціць цярплівасць?
XX. Вельмі проста: калі плаціш, значыць, маеш.
АА. Ці ты яшчэ не зразумеў, што маё цярпенне ўжо скончылася?
XX (занепакоены). Калі?
АА. Толькі што. (Нацягвае штаны.)
XX (перастае есці). Апранаешся? (АА здымае халат і надзявае пінжак.) Куды ты пойдзеш?
АА. Выбіраюся адсюль.
XX (з палёгкаю). Іііі, не першы ўжо раз. (Спакойна пачынае есці.)
АА (завязвае на шыі перад люстэркам шалік). Дагэтуль мне шкада было цябе, але цяпер ты перабраў усякую меру. Да звычайнай несумленнасці ты дадаў яшчэ нахабства. Гэта ўжо занадта. Сапраўды дзівуюся, як я мог так доўга трываць цябе. Як я мог цярпець твае грубыя манеры, твой эгаізм, тваю неахайнасць... Ты мяне раздражняеш нават тады, калі спіш. Твой храп выклікае бяссонніцу, а атручанае табою паветра — галаўны боль. Раней я шкадаваў цябе, але цяпер нават гэта не ўтрымае мяне тут — няма ў мяне жалю да цябе. Хопіць з мяне тваёй кампанн. Так, усяго гэтага мне досыць, па горла і нават больш. Вось так! Я пакідаю цябе.
XX. Ключ будзе пад дзвярыма.
АА. Ты нешта сказаў?
XX. Кажу, што ключ будзе пад дзвярыма. Калі позна вернешся...
АА. Я з табою не размаўляю. (Апранае паліто. Спыняецца каля XX і звяртаецца непасрэдна да яго, зашпільваючы паліто.) Я бачу, ты думаеш, што я яшчэ вярнуся? (XX не адказвае. Ён засяроджана жуе, не звяртаючы ўвагі на АА. Не дачакаўшыся адказу, АА сцепануў плячыма і пайшоў да дзвярэй. Кладзе руку на клямку.)
XX. Чаравікі.
АА. Што?
XX. Ты забыўся надзець чаравікі. Хіба выйдзеш на вуліцу ў адных шкарпэтках.
АА. Мне не патрэбны твае парады. (Вяртаецца ад дзвярэй, надзявае чаравікі, ідзе назад да дзвярэй. Зноў кладзе руку на клямку. Паўза.) А на якой гэта падставе, растлумач, калі ласка, ты вырашыў, што я яшчэ вярнуся сюды?..
АА. Ну, і што з таго?
XX. Дык кожнаму зразумела. Калі б збіраўся сапраўды выязджаць, вядома, сабраў бы і чамадан.
АА. Захапляюся тваёй кемлівасцю. Але ты памыляешся. Я не бяру з сабою нічога.
XX. Вось я і кажу, што не выязджаеш.
АА. Ты так думаеш? А вось я выязджаю і нічога не бяру. Сапраўды еду, але нічога з сабою не забіраю. Не вазьму нічога. Хоць адыходжу, але ж не бяру. Іду, не забіраючы. Зразумеў ты цяпер?
XX. А бялізна, пасцель, адзенне?
АА. ...Кнігі, рукапісы, фатаграфіі. Можаш узяць гэта сабе.
XX. Пакінуў бы і іх?
АА. Ты добра ведаеш, што ўсякія лахманы, усякая старызна ў мяне не маюць ніякага значэння. Магу абысціся і без іх. Я ўжо з таго пакалення, якое ідзе на змену грамадству спажывання, тым часам як ты ўсё яшчэ на стадыі натуральнага абмену маністамі і абчэсаным крэменем. А што да маіх папер... Зрэшты, хопіць пра гэта.
XX. Дык пакінеш? Усё пакінеш?!
АА. Ну, можа, і не ўсё. Калі сур’ёзна, дык з радасцю ўзяў бы якую-небудзь драбязу на памяць... Не, не ўсё. Вазьму адну якую-небудзь рэч, толькі адну, маленькую, нічога не вартую. (Робіць выгляд, што задумаўся.) Зараз... Што б тут такога... Ага, знайшоў. (Падыходзіць да левага ложка, бярэ ляльку — сабаку Плута.)
XX. Не! (Кідаецца да АА.)
АА. Чаму? Гэта нявінная цацка будзе нагадваць мне праведзеныя з табою дні. Супакоіць маю настальгію...
XX. Аддай мне гэта!
АА. Ты несправядлівы. Я пакідаю табе ўсю сваю маёмасць, а ўзамен хацеў бы пакінуць гэты маленькі сувенір, а ты...
XX. Вярні мне гэта!