Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 79)
XX (заўважае бутэльку і садзіцца на ложку). Дзе ты такое дастаў?..
АА. Гэта не мае значэння, я стаўлю, надзявай пінжак.
XX. Навошта...
АА. А таму, што сёння свята, свята... Хіба гэта да цябе не дайшло? Баль, урачыстасць, свяшчэннадзейства, абрад, звычай, рытуал! Развітанне са Старым годам і сустрэча Новага, новая эра, новае жыццё, усё новае. Алілуя! Ты ж не будзеш сядзець у кашулі на такім адмысловым прыёме. Давай! Уставай! Варушыся! Весяліся!.. (Прымушае XX устаць з ложка. Вядзе яго да стала. Здымае з правага крэсла пінжак і падае яго XX.) Падцягні гальштук! Зашпіліся, прычашыся, ты ж, думаю, не хочаш, каб Новы год званітаваў ад аднаго твайго выгляду?
XX. Сам вунь без гальштука.
АА. Я?.. Сапраўды.
XX. Ну?
АА. Але я — іншая справа. Я ніколі не нашу гальштука, гэта не мой стыль. (XX здымае пінжак, аддае яго АА і ідзе да ложка.) Пачакай! (XX зноў кладзецца на ложак.) Ці я таксама павінен завязаць гальштук? Абавязкова?
XX. Як свята, дык свята.
АА (павязаўшы гальштук). Цяпер добра?
XX (прыглядаецца). Ты даўно галіўся апошні раз?
АА. Не памятаю.
XX. Гэта і відно. А мог бы і пагаліцца.
АА. Няўжо ты будзеш патрабаваць, каб я цяпер галіўся!
XX. Калі я мог, дык і ты зможаш.
АА. Гэта забабоны. Цяпер ужо ніхто не голіцца.
XX. А я ж пагаліўся.
АА. Правінцыйны звычай. У наш час ужо не трэба галіцца.
XX. Кожны дзень не трэба, але на свята трэба.
АА. Добра, я пагалюся. Але з адной умовай.
XX. З якой?..
АА. Калі ты памяняеш шкарпэткі.
XX (са здзіўленнем аглядае свае ногі ў дзіравых шкарпэтках). Навошта, яны яшчэ зусім чыстыя...
АА. Альбо — альбо.
XX. Як абую туфлі, дык іх не будзе відаць.
АА. Гэта мой ультыматум.
XX. Ну добра, добра. (Выцягвае з-пад свайго ложка фанерны чамадан, дастае з яго пару шкарпэтак. Здымае старыя шкарпэткі і кладзе іх у чамадан. Надзявае другія, не менш дзіравыя, чым старыя. Вяртаецца да крэсла і абувае туфлі. Тым часам АА здымае пінжак і вешае яго на левае крэсла. Становіцца перад люстрам і пачынае галіцца. XX, чакаючы, пакуль АА паголіцца, сядзіць бяздзейна. Сочыць за АА. Уздыхае.) Хутчэй бы вясна.
АА. Чаму?
XX. Бо я чуў, што вясною некаторыя ходзяць без трусоў.
АА. Ты зноў за сваё?
XX. Калі сапраўды... Мы цяпер капаем канавы... Пракладаем каналізацыю.
АА. Не бачу ніякай сувязі.
XX. Не бачыш? А як каторая ідзе паверсе, дык знізу і відаць.
АА. Забавы пралетарыяту.
XX. Мы цяпер робім на добрай дзялянцы. А то, калі капалі на прадмесці, дык, лічы, дарма. Рух невялікі, бабы — адна брыдота альбо старыя. А цяпер трапляюцца элегантныя, у футрах... Адзін з нас заўсёды сочыць і, як убачыць, што набліжаецца такая, адразу падае знак. Найлепш, калі капаем перад універмагам, каля дамскага аддзела. Альбо каля дамскага цырульніка. Адзін раз, памятаю, мы цягнулі кабель перад нейкім першакласным рэстаранам, самы раз адпаведная глыбіня была, з паўтара метра. О, то было добрае месца. Але і зараз нічога. Прыйдзі калі-небудзь...
АА. Дзякуй, У мяне ёсць іншыя магчымасці.
XX. Горш за ўсё было, калі рабілі каля казармаў. Два тыдні — адны салдаты.
АА. А твая жонка да цырульніка ходзіць?
XX. О, наконт гэтага, дык не.
АА. Ну, а ў рэстаран?
XX. Што ты! У нас страву гатуюць заўсёды дома.
АА. Няўжо ў краму не ходзіць?
XX. Чаму ж не? Ходзіць. (Паўза.) Але ў нашым мястэчку няма каналізацыі.
АА. Затое ёсць казармы.
XX. Ёсць. Адкуль ты ведаеш, што ёсць?
АА. Пра гэта няцяжка здагадацца. У нас усюды ёсць казармы. Дык, можа, яна ходзіць паўз казармы?
XX. Хто?
АА. Твая жонка.
XX. Што ты гэтым хомаш сказаць...
АА. Нічога. Я скончыў. (Выцірае ручніком твар.) Просім да стала!
XX. А ты быў жанаты?
АА. Два разы.
XX. Як гэта разумець?
АА. Развёўся. Ну, за наша халасцяцкае!
XX. А дзеці?
АА. Якія дзеці... А, дзеці. Не, няма дзяцей.
XX. Навошта ж тады жаніўся?
АА. Як гэта «навошта»? А каханне, а душэўная блізкасць. А зрэшты, адкуль я ведаю. Ну, выпі.
XX. Будзь здароў. (Выпіваюць. АА бярэ цыгарэту і падсоўвае пачак XX, той таксама бярэ цыгарэту. АА шукае па кішэнях запалкі. XX дастае з правай кішэні карабок, совае яго назад, дастае з левай кішэні другі карабок, дае прыкурыць АА і сам таксама прыкурвае. Хавае запалкі ў левую кішэню. Абодва зацягваюцца. Паўза.) Скажы, ты чаго, зрэшты, уцёк?
АА (спахапіўшыся). Што?
XX. Чаму ты са сваёй краіны ўцёк? Хіба табе кепска там было? Меў жонак, добрую кватэру, у сталіцы... А што тут?
АА. Уцякаюць не да чаго, а ад чаго.