реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 81)

18

XX. Не.

АА. Значыць, лічыш сябе лепшым за мяне?

XX. Не, не тое. Але чаму я павінен быць свіннёй, га? Што я такога зрабіў, што ты гэтак мяне назваў? Ну, што? Чаму ты мяне так абражаеш, ну, скажы, чаму?.. (АА маўчыць.) «Усе свае», вышукаў сваяцтва... (АА маўчыць.) Калі не ведаеш, дык і не кажы, не абражай. Без прычыны не абражаюць. Нізавошта не абражаюць. Нельга абражаць чалавека.

Паўза.

АА. Ну, скажам, я крыху перабольшыў. Не такая ўжо я і свіння. Занесла мяне Бог ведае чаму.

XX. О, гэта зусім іншае. Дык ты, значыць, не свіння?

АА. Ну, можа, не зусім.

XX (радасна). Значыць, можам выпіць?!

АА. Не бачу ніякіх перашкод.

XX (з палёгкаю). Ну, дык вып’ем.

АА. За згоду.

XX. За згоду. (Чокаюцца кубкамі і выпіваюць.)

АА. Але, з другога боку, ведаеш, цікава: чаму з нас дваіх толькі я, умоўна, вядома, мог бы быць правакатарам.

XX. Ды перастань ужо з гэтым.

АА. Значыць... што хутчэй за ўсё падазрэнне можа ўпасці на мяне, а не на цябе. Мне б ніколі не прыйшло ў галаву, каб цябе ў гэтым падазраваць.

XX. Ды супакойся ты, нарэшце!

АА. Добра. Я не надта зацікаўлены ў паглыбленні гэтай тэмы.

XX. Да поўначы яшчэ доўга?

АА. Не ведаю. Мой гадзіннік стаіць.

XX. Можа, каго-небудзь запытаць.

АА. Тыя, зверху, п’юць шампанскае. Мы, напэўна, пачуем, як апоўначы выстраляць коркі. З’арыентуемся.

XX. А дома мяне чакаюць. Як штогод. Дзеці вочы праглядзелі, спадзяюцца, што прыеду... А мяне зноў няма. Эх, доля...

АА. А чаму ж ты не паехаў праведаць іх? Табе можна, ты не палітычны. Мог бы і з’ездзіць дадому ў водпуск.

XX. Які водпуск, я не маю ніякіх водпускаў.

АА. Мог бы папрасіць.

XX. Барані Божа! Хіба я тут дзеля таго, каб ездзіць на вакацыі? Я тут дзеля заробку. У мяне будзе водпуск, калі вярнуся. Цэлы тыдзень. Лягу ў садзе на плед і буду сабе спаць. Пальцам не варухну. Расплюшчу адно вока, пагляджу, ці ёсць яшчэ неба над намі, і зноў — спаць. А баба будзе мне толькі яду падносіць. А пасля...

АА. I што ж «пасля»?

XX. Пасля ўстану і адзенуся элегантна. Ва ўсё толькі замежнае.

АА. А навошта?

XX. Як гэта «навошта», бо будуць мае імяніны.

АА. Твае імяніны?

XX. Так, гэта будзе якраз у маі. Усё мястэчка запросім. Ну, можа, і не ўсё. Тых некалькі чалавек, якіх я не люблю — не запросім. Каб пашкадавалі. Заколем парсюка ці зарэжам цяля альбо карову... Накупім гарэлкі... Каб усім хапіла. Нават каб яшчэ і засталося... Няхай балююць, няхай цешацца, няхай бачаць, што гаспадар з-за мяжы прыехаў. А тое дабро, што тут накуплю і туды прывязу, будзе выстаўлена ў сенцах, каб кожны бачыў. Але мацаць не дазволю. Нельга. Толькі глядзець. Швагра пастаўлю, каб пільнаваў. Хоць, можа, лепей і не швагра — ён таксама ненадзейны.

АА. Можна сабаку паставіць.

XX. Сабаку?

АА. Прывязаць злоснага сабаку, каб не даў нікому падысці. Сабака ж не ўкрадзе.

XX. Добрая думка. А пасля будзем гуляць тры дні.

АА. О, у гэтым я не сумняваюся.

XX. А калі скончыцца гулянне, ведаеш, што я зраблю?

АА. Прыбярэш пасля гасцей.

XX. Да д’ябла гасцей. Зрэшты, цешча прыбярэ. Я — пачну будаваць дом.

АА. Няўжо?

XX. Так! Прыгожы мураваны дом. Двухпавярховы, з цэнтральным ацяпленнем.

АА. Ты жартуеш.

XX. Самы прыгожы дом у наваколлі. За мае грошы.

АА. I колькі будзе доўжыцца будаўніцтва?

XX. Ого-го-го, добрых пару гадоў. А як скончу, пераедзем ад яе бацькоў і зажывём у сябе. У сваім уласным доме. Ну, і што ты на гэта скажаш?

АА. Выдатныя планы. (Устае з крэсла, падымае кубак.) Ну, дык за дом.

XX. За дом!

Яны зводзяць свае кубкі. Рука, у якой XX трымае кубак, пачынае дрыжаць.

АА. Асцярожна, бо выліваеш... Трымай жа, шкода, не марнуй!.. Што з табою... (XX не можа ўтрымаць кубка, ставіць яго на стол, садзіцца бокам да АА і тварам да залы. АА таксама адстаўляе свой кубак, падыходзіць да яго.) Пакажы рукі. (XX хавае рукі ў кішэні.) Пакажы рукі! (XX павольна выцягвае рукі з кішэні.) Выцягні! (XX выцягвае рукі перад сабою, сціскаючы кулакі.) Не так, растулі пальцы! (Растуляе яму кулакі сілаю. XX адварочвае галаву ўбок, трымаючы перад сабою выцягнутыя рукі. Яны дрыжаць, як у інваліда. АА адыходзіць убок, не гледзячы ўжо на XX. XX зноў хавае рукі ў кішэні.) Даўно гэта ў цябе?

XX. Ужо з год.

АА. Часта?

XX. Не, толькі часамі.

АА. Усё часцей і часцей? (XX маўчыць.) Я пытаю, ці гэта бывае ўсё часцей?

XX маўчыць. АА бярэ са стала яго кубак, становіцца за яго спінай, падкладае яму локаць сваёй левай рукі пад бараду і рэзка адкідае яму галаву назад, адначасова прыстаўляе яму да рота кубак. XX выпівае тое, што было ў кубку, і АА ставіць пусты кубак на стол. Потым бярэ свой напоўнены, выпівае яго адным глытком. Адстаўляе кубак.

XX (задыхаючыся). Заплаці Бог.

АА. Чаму ты не вучыш мовы? (XX працягвае адкашлівацца, але ўжо штучна, каб выйграць час.) Я пытаю, чаму ты не вучыш мовы?

XX. Якой мовы?

АА. Замежнай!

XX (вымае рукі з кішэняў, аглядае іх. Рукі дрыжаць па-ранейшаму). Хутка пройдзе. (Хавае рукі ў кішэні.)

АА. Ты мне адкажаш ці не?

XX. Гэта значыць, па-іхняму?

АА. Не дражні мяне. Ты добра ведаеш, пра што я пытаю. У гэтай краіне — ты непісьменны. Горш нават — глуханямы. Калі ўрэшце ты перастанеш быць калекам?

XX. Я па-іхняму не буду гаварыць.

АА. Чаму? Ты ўсё-такі тут жывеш, у гэтай краіне. Тут ясі, п’еш, ходзіш па вуліцах — як і ўсе іншыя людзі. Дык чаму ж ты не хочаш і гаварыць так, як яны? Дый працу змог бы знайсці лепшую...