реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 82)

18

XX. Гэта не людзі.

АА. Не людзі?

XX. Не. Тут няма людзей.

АА. Дзе ж яны ёсць, па-твойму?

XX. У нас.

АА. Ага.

XX (вымае з кішэняў рукі, аглядае іх). Ужо праходзіць. (Зноў хавае рукі ў кішэні.)

АА. Ну, калі так... скажы, ці ты ведаеш, што тут адбываецца з людзьмі, якія надта доўга працуюць на гэтай машыне?

XX. Старэюць.

АА. Не толькі.

XX. Ну, можа, яшчэ трохі глухнуць. (Вымае адну руку з кішэні, круціць пальцам у вуху.) З нейкага часу ў мяне стала штосьці пішчаць у вуху. I чую горш.

АА. Правільна. Але не толькі гэта.

XX (выцягвае палец з вуха і другую руку з кішэні). Глядзі, ужо прайшло?

АА. У вуху?

XX. Не, у руках.

АА. Гэта дробязь. I ў вуху — таксама драбяза. Ёсць сёе-тое і горшае. У выніку вібрацыі па восем гадзін штодзённа і на працягу доўгіх гадоў адбываюцца змяненні ў злучальных тканках, гэта значыць, у тканках, якія злучаюць цела з касцямі. Колькі ты ўжо тут?

XX (разглядаючы выцягнутыя рукі). Ужо зусім не трасуцца.

АА. Я пытаю: як даўно ты абслугоўваеш гэту машыну?

XX. Тры гады.

АА. Змяненні ў злучальных тканках грунтуюцца на тым, што гэтыя тканкі перараджаюцца. Інакш кажучы, мяса пачынае адставаць ад касцей...

XX. Тры з паловай гады ўжо будзе.

АА. Што, вядома, выклікае непрацаздольнасць.

XX. Ты сур’ёзна?

АА. Хваробу і калецтва. Гэтыя факты ўжо пацверджаны медыцынай. Гэтым займаюцца спецыяльныя інстытуты даследавання гігіены і аховы працы. У цябе прафесійнае захворванне.

Паўза.

XX. Ах, лякі-пералякі.

АА (хапае XX за штрыфелі пінжака). Ты чалавек ці не? Ты?! Жывёліна ты, а не чалавек. Праўда, не сабака і не свіння, а вол! Тупы, безабаронны, бязглузды, цягавіты вол! Здатны толькі, каб на ім араць, пакуль не выцягне капытоў. I яшчэ цешыцца сваім становішчам! Ён яшчэ і сам напрошваецца, толькі б яму больш сечкі насыпалі ў кармушку! I ўжо шчаслівы, нічога больш не прагне. Ты ж задаволены, праўда? Ну, скажы,— задаволены?!

XX. Не трасі...

АА. А я буду. Буду трэсці цябе, пакуль ты не прачнешся ад гэтага быдлячага сну. Бо ты ж, калі не арэш, дык спіш альбо жуеш. Я буду трэсці цябе і буду крычаць на цябе, пакуль не зраблю з цябе чалавека. Не перастану, пакуль не дамагуся гэтага. Бо пакуль ты будзеш валом, датуль я буду свіннёй. Ты разумееш? Тут адно ідзе ў пары з другім: калі ты вол, дык я свіння. Так, я буду апошняя свіння, калі дазволю табе заставацца валом. Іншага выбару тут няма.

XX (пагражальна). Не трасі, я табе сказаў.

АА. Абараняешся? Нічога. Прыйдзе час, калі сам зразумееш і будзеш дзякаваць мне. Бо не можа быць так, каб толькі адзін з нас быў чалавекам. Альбо мы абое людзі, альбо ніводзін з нас не чалавек. (Прамаўляе пад уплывам алкаголю натхнёна, нібы прарок, увесь час трымаючы XX за штрыфелі пінжака.) I калі мы з табою станем на абедзве нагі,— выпрастаемся і падымем галовы, тады пабачым, як над намі калышацца галінка нейкага дрэва, а на той галінцы — плод. Гэты плод — забаронены. А вецер, які гайдае галінку,— гэта вецер гісторыі. Мы працягнем рукі і...

XX ударыў яго па руках. АА адпусціў штрыфелі пінжака XX і пахіснуўся.

XX. Трымай свае рукі пры сабе! (Падымаецца з крэсла.) Да каго ты з рукамі лезеш?.. Да каго...

АА. Хіба ты ўсяго гэтага не бачыш?!

XX. Ты да мяне з рукамі?.. Да мяне?! (Разлютаваны наступае на АА.) Гніда ты белая, курдупель[5] ты бледны... табе...

Замахваецца, каб ударыць. Тухне святло, поўная цемната. Зверху даносіцца дружны вокліч «А-а-а-а!» — так, як звычайна бывае, калі гасне святло. Чуваць карнавальныя дудкі і свісткі. Адначасна чуецца мерны бой гадзінніка — будзе ўсяго дванаццаць удараў — і далёка зазванілі ў званы.

АА (голас АА з цемнаты). Дванаццаць!

XX (яго голас). Чаму цёмна...

АА. З наступленнем Новага года, апоўначы, гасяць святло. Такі звычай. (Паўза.) У цябе ёсць запалкі? (XX запальвае запалку. АА ідзе за шырму, вяртаецца са свечкай у падсвечніку. Запальвае свечку ад запалкі, якую трымае XX. Ставіць падсвечнік на стол. Павярнуўся да XX.) Ну... (XX заклапочана адкашліваецца.) Ну, тады, можа б...

XX. Як хочаш...

АА. Ну, дык...

XX. Ну, у такім разе...

АА. Пэўна...

XX. Чаму ж не...

АА. Тады давай вып'ем. (Налівае і падымае свой кубак.)

За гэты Новы год.

XX (падымае свой кубак). З Новым годам. (Чокаюцца кубкамі, выпіваюць. Яны яшчэ скаваныя, збянтэжаныя. АА на левым крэсле, XX — на правым.) Зноў звоняць...

АА. У касцёле...

Паўза.

XX. Ну, дык я табе...

АА. I я табе таксама...

XX. Што было, тое было...

АА. Што было, таго ўжо няма... (Працягвае руку XX.)

XX. I каб нам... (Працягвае руку АА.)

АА. Усяго...

XX. У гэтым Новым годзе. (Падаюць адзін аднаму рукі над сталом. Закурваюць, як і мінулы раз, з той толькі розніцай, што XX ужо не паўтарае маніпуляцыі з двума карабкамі запалак. Зручна рассаджваюцца на крэслах. З гэтага моманту абодва ўжо пад яўным уздзеяннем алкаголю, асабліва XX.) Э-э-х... Новы год... I як гэта хутка ўсё круціцца... Памятаю, здаецца, толькі што быў малым хлопчыкам, кароў пасвіў, выбіраў з гнёздаў вароніны яйца, басанож бегаў у школу. Толькі восенню, бо вясною трэба было ў полі працаваць, а зімою — холадна... Пасля бацька перасяліўся ў горад. А дзед з бабкаю засталіся. Бедавалі гора там, але засталіся. Дзівакі гэтыя старыя, захацелі застацца. Любілі, відаць, тую сваю бяду.

АА. Не мне іх судзіць.

XX. А я не люблю. (Б’е сябе кулаком у грудзі.) Хоць бі мяне, але не люблю.

АА. Хто ж любіць.

XX. Бацька мой таксама не любіў. Ды так не любіў, што ўсё прапіваў. А пасля яшчэ болей не любіў. Таму і піўзноўку. А я не п’ю.

АА. I правільна.

XX. Бо не люблю. Я люблю мець. Як трымаю, то і маю. А як адпушчу, так і выпушчу. Што, не так?

АА. Вельмі слушна.

XX. Як раблю, дык і зараблю, а калі зараблю, тады й зажыву. Так ці не так?

АА. Лагічна.