Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 84)
АА. Не, лямпачка ў парадку. (Саступае з крэсла, ідзе да дзвярэй, прачыняе іх, выглядвае на калідор.) Усюды цёмна. Кароткае замыканне, ці што... (Зачыняе дзверы, вяртаецца, ставіць падсвечнік на стол.) Зараз свечка дагарыць.
XX (перадражніваючы яго). Зараза-свечка, дагары.
АА. Ах, як дасціпна!..
XX закручвае кран, пырхае, выцірае далонямі твар.
XX. Што, не падабаецца табе?
АА. Не.
XX. Можа, і я табе не падабаюся?
АА. Не.
XX. Тады чаго ты са мною тут сядзіш?
АА. Істотнае пытанне.
XX. Я цябе сюды не запрашаў.
АА. Факт.
XX. Ты ж сам напрасіўся. (Паўза. XX садзіцца на крэсла, гэты раз з левага боку стала.) Слухай, чаго ты, уласна, сядзіш тут са мною?
АА (усаджваючыся на правае крэсла). За сталом?
XX. Я цябе не пра стол пытаю. А чаго ты сядзіш тут вось, у гэтым хляве.
АА. Ба-а-а...
XX. Што ты тут робіш?
АА. Ніякі.
XX. Не, ты нечага ад мяне хочаш. Я сабе нярэдка так думаю: ні брат я яму, ні сват. А ён і есці дае мне, грошы пазычае... Пабурчыць, але пазычыць. Грэбуе мною, а ўсё роўна не ўцякае адсюль. А чаму? Няхай сабе ўцякае, раз такі далікатны. Ты ж сапраўды далікатны, так? А хіба я цябе прымушаю? Раз не падабаецца, чаго ж сядзець тут са мною? Я цябе не трымаю. Дык скажы, чаго ты хочаш ад мяне?
АА. Нічога.
XX. Ты дурня з мяне не рабі. Можа, я і хам, але не дурань. Можаш мне ўсё сказаць, калі ўжо разам п’ём. Гэй, дзеля чаго ты п’еш са мною?
АА. Дзеля пакаяння.
XX. Што гэта за пакаянне такое?
АА. Хачу адпакутаваць за грахі продкаў. Нашы продкі ніколі не пілі разам.
XX. Хіба гэта грэх?
АА. Грэх. Усенародны.
XX. Навошта ты мне дым у вочы пускаеш?..
АА. Не верыш мне?
XX. Не.
АА. I правільна робіш. Пазнаю здаровы інстынкт нашага народа. Ну добра, тады скажу табе: да д’ябла продкаў. Гэта я сам вырашыў, нядаўна... Вырашыў пайсці ў народ, пабратацца з народам, разумееш? Я народнік...
XX. Хто ты такі?
АА. Народнік. Слова з дзевятнаццатага стагоддзя. Ідэя — таксама адтуль. Каб ісці ў народ, бо ў народзе сіла...
XX. Казкі.
АА. Вось чую здаровы народны скептыцызм. Яшчэ крыху, і я паверу ў ідэі народніцтва. Столькі ў вас цудоўных якасцей: прыродны інстынкт, адчуванне рэальнага, здольнасць да самакрытыкі... У святле ўсяго гэтага... Можа, я сацыяліст?
XX. Жартачкі.
АА. Зрэшты, хопіць пра містычнае адчуванне віны, адкупленне грахоў папярэдніх пакаленняў. Хопіць пра народніцка-нацыяналістычныя летуценні. Магчыма, я па сваім прызванні навуковец. Рацыяналістычны і прагрэсіўны. А ты — рухавік гісторыі, і нічога дзіўнага няма ў тым, што я з рухавіком п’ю гарэлку. А тое, што я з перадавым класам гатую сабе яйца ўкрутую, хаджу па пакоі ў сподніках і морду агульным ручніком выціраю,— ты гэтага не браў пад увагу?
XX. Не, гэта не тое.
АА. Чаму ж не?
XX. Бо я такіх ведаю. Да нас прыходзіць адзін такі, проста ў роў, што капаем. Вельмі ветлівы. Голасу не павысіць, дзе там. Усё ўсміхаецца, падлізваецца, улёткі раздае, тлумачыць...
АА. А я не тлумачу.
XX. Не.
АА. I голас павышаю.
XX. Яшчэ як! Усё табе не так. То тое, то гэтае... Грубіяніш мне ого-го як. Адразу відаць, што пан, а не нейкі там сацыяліст.
АА. Ха, бачу, што цябе не ашукаеш.
XX. Хе-хе, захітрыя на гэта. Вока ў мяне зыркае. Сацыяліста адразу пазнаў бы. Скажы, хто ж ты такі ёсць...
АА. А можа, і сапраўды, я правакатар?
XX. Навошта на мяне час марнаваць. Надта дробненькая я істота. Уладу не цікаўлю. Тут альбо там — я толькі рабацяга. Быў бы ты правакатар, дык не сядзеў бы тут са мною. Пайшоў бы ў іншае месца. Да тых важных. Да прафесараў альбо да тых ад палітыкі. Якія думаюць.
АА. А ты хіба не думаеш?
XX. Што я там сабе думаю — няважна. Ат, думаю, каб зарабіць, пра дзяцей думаю, пра жонку... Трохі пра баб... Нармальная рэч, кожны пра такое думае, і для ўлады тут няма нічога цікавага. Толькі б я не скакаў, ціха сядзеў, дык ім тады ўсё роўна, што я сабе думаю. На мяне шкода трымаць правакатара.
АА. А ты ніколі не думаў пра волю?
XX. Што гэта значыць?
АА. Ну, каб быць вольным.
XX. Як гэта?
АА. Ну, напрыклад, каб гаварыць тое, што думаеш.
XX. Я ж табе ўжо сказаў, што я думаю. I магу гэта яшчэ раз паўтарыць. Я магу гаварыць ад раніцы да вечара, мне ўлада зусім не забараняе гаварыць тое, што думаю. Якія там мае мыслі...
АА. А ты ніколі не хацеў думаць пра нешта большае?
XX. Думаць, як думаць?
АА. Можна сказаць і так.
XX. Не, я не такі дурань.
АА. Думаць — гэта не дурасць.
XX. Гледзячы, якія думкі. У нас у вёсцы быў адзін вар’ят. Нічога не рабіў, бо ні на што не быў здатны. Нават карову пасвіць не ўмеў. Не меў ні хаты, ні сям’і, жыў толькі з таго, што яму дадуць людзі. Дык што ён рабіў, раз нічога не рабіў? Пра што ён думаў? Пра што ён мог думаць, калі нічога не ўмеў і нічога не рабіў. Ён думаў толькі, як думаў, ён думаў толькі пра думкі. А хіба ён быў разумны? Не, ён быў дурны. Ён быў вар’ят.
АА. Але затое быў вольны.
XX. А, я цяпер зразумеў. Ты — ксёндз.