Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 78)
АА. Пойдзем адсюль, мой сабачка, гэты пан несправядлівы. Гэты пан брыдкі, ён нас не любіць.
XX. Аддасі ці не?
АА. Нельга нам тут заставацца. Пойдзем з табою далёка-далёка... (XX спрабуе вырваць у яго талісман, але АА выкруціўся і забег за стол. Яны ганяюцца адзін за адным вакол стала.) Гаў-гаў! Паглядзі толькі, як гэты пан злуе. Гаў-гаў-гаў-гаў! (Імітуе сабачы брэх. Гоны працягваюцца.) А нас не зловяць, не зловяць! (У той момант, калі XX апынуўся з левага боку стала, а АА — з правага, XX ускаквае на стол і хапае АА за горла. Але ў яго ў руках застаецца толькі шалік. АА адбягае ўбок, але спатыкаецца аб крэсла і падае разам з ім на падлогу. XX кідаецца на яго. АА выцягвае над галавою руку з цацкаю-талісманам, XX намагаецца дастаць сабаку Плута. АА перакладае яго ў другую руку і раптам адкідае далёка ад сябе. Абодва зрываюцца са сваіх месцаў і, нібы два рэгбісты, бягуць за мячом. Сутыкнуліся адзін з адным над цацкаю. У гэты час з крана, які быў адкручаны, пачынае ліцца вада.) Вада! (АА пакідае партнёра, які прагна прыціскае сабаку Плута да грудзей, падыходзіць да ракавіны і закручвае кран.) Нарэшце! Вось цяпер можна будзе зрабіць прыстойную гарбату. (Бярэ са стала чайнік, напаўняе яго вадою з крана, заходзіць за шырму. XX не спускае з яго вачэй. Ён па-ранейшаму кленчыць у абарончай пазіцыі, прыціскаючы да сябе сабаку Плута. АА выходзіць з-за шырмы.) Што ты робіш тут дагэтуль... Молішся, ці што... (Здымае паліто, вешае яго на цвік.) Ну, хопіць ужо. Устань жа нарэшце.
XX. Што, застаешся?
АА. Толькі дзеля гарбаты. Дзе можна яшчэ напіцца добрае гарбаты, як не ў сябе дома. Эх, дом, дом...
XX. Вярну табе, як толькі будуць у мяне.
АА. Ах, ты ўсё яшчэ пра кватэрную плату?
XX. Даю слова гонару.
АА. Драбяза, няма пра што й гаварыць.
XX. У наступным месяцы.
АА. Не гарыць.
XX. Ну, дык праз тыдзень.
АА. Не перажывай так з-за гэтага, прашу цябе.
XX. Альбо паслязаўтра.
АА. Ого!
XX. Хочаш вярну паслязаўтра?.. Нават заўтра... Ну, хочаш заўтра?
АА. Павер, што гэта не мае ніякага значэння. Паміж сябрамі...
XX. Цяпер я не магу, даю слова гонару.
АА. У-у-х! Як прыемна вярнуцца ў свой кут... (Збіраецца зняць пінжак. XX падбягае і паслужліва дапамагае яму.) Вельмі ўдзячны табе.
XX. Павесіць?
АА. Не, не варта. Можа заставацца на крэсле. (Зручна садзіцца на крэсла, што справа. XX вешае пінжак на спінку крэсла за яго спінаю.) Затое, ведаеш што, каб ты быў такі ласкавы... Мяне раздражняе гэтае святло. I ўжо даўно, але я не адважваўся сказаць табе пра гэта. Бо раз цябе не раздражняе... Праўду кажучы, гэтая голая лямпачка — нейкі жах. Прабач, што, можа, зневажаю твой любімы інтэр’ер. Ці не змог бы ты змайстраваць штосьці накшталт абажура? Скажам, з паперы альбо з нечага іншага... Я дык ніколі не вызначаўся такой кемлівасцю...
XX. Ды зробім.
АА. Выдатна, ты сапраўдны скарб. Там, каля майго ложка, ляжаць ілюстраваныя часопісы. Можаш скарыстаць іх. Хіба што аддаеш перавагу газетнай паперы.
XX (бярэ адзін з часопісаў, што ляжаць каля левага ложка). Добра было б ножны.
АА. Там, на паліцы недзе. (XX бярэ з паліцы над ракавінай ножны. Залазіць на стол. Разгортвае часопіс і дапасоўвае яго да лямпачкі. АА назірае за ім, засланіўшы вочы далоняю.) Цябе святло не раздражняе?
XX. Што?
АА. Я пытаю, ці можаш ты глядзець на лямпачку без непрыемнага адчування, што слепнеш?
XX. На лямпачку?
АА. Але, на гэта святло... Не рэжа вочы?
XX. Не.
АА. А вочы не слязяцца?
XX. Не.
АА. I павекі не шчыпле? I не бачыш перад вачыма такіх... чорных плям? Ну, такіх, што лятаюць?
XX. Не.
АА (залазіць на стол. Так, як робіць акуліст, адцягвае павека XX). Другое. (Зазірае ў другое века.) Неверагодна. (АА злазіць са стала. XX далей завіхаецца з лямпачкай. АА ходзіць па пакоі.) А зрэшты, нічога тут дзіўнага і няма. Вядома, што адхіленні ад нормы могуць быць і вельмі значныя. Як у бок празмернай адчувальнасці, так і амаль поўнай індыферэнтнасці. Таксама, як і хуткасць перадачы рэфлексаў. Ад нервовых заканчэнняў да мазгавых цэнтраў. Усё гэта залежыць ад канкрэтнай асобы. (Раптам спыняецца.) Цябе калі-небудзь дапытвалі?
XX. Як...
АА (востра, груба). У паліцыі.
XX. За што!
АА. Я не пытаю, за што, мяне толькі цікавіць, ці дапытвалі цябе калі. Ці быў ты калі-небудзь пад следствам?
XX. Не.
АА (зноў звычайным тонам). Шкада. Ты быў бы дасканалым матэрыялам, вядома, не з пункту гледжання паліцыі, з тваёй неадчувальнасцю ты змог бы выцерпець тое, чаго іншыя не вынесуць. Шкада, вельмі шкада. А мог бы стаць знакамітым палітычным вязнем.
XX. Я ў палітыку...
АА. Так, ведаю, добра ведаю: ты ў палітыку не лезеш. Ты ж гэта хацеў сказаць, праўда? Але хіба я не маю права марыць? (XX зацікавіўся нейкай рэкламаю ў часопісе, слініць палец, перагортвае старонку, разглядае.) Што за вока? З цябе не лёгка было б выцягваць прызнанне. Гэта значыць... Калі б табе было што сказаць... Цяжка нават падумаць, што такі талент марнее. Але, што зробіш, так ужо свет пабудаваны. Хто не павінен гаварыць — гаворыць, хто мог бы гаварыць, той проста і не мае чаго сказаць.
XX. Можна мне выразаць вось гэта?
АА. Што?
XX. Вось гэтую каляровую карцінку.
АА. Мне здаецца, што ты мяне і не слухаў.
XX (паказваючы нейкую каляровую рэкламу). Я б выразаў толькі вось гэта...
АА. О Божа! Можа, маіх продкаў... I тваіх. Але, праўда, часам я пытаюся ў сябе, ці сапраўды яны мелі агульнага Бога.
XX. Дык я выражу.
АА (хапаецца за галаву, затыкае вушы). Толькі гэтага яшчэ не хапала! (Глядзіць на гадзіннік.) Чацвёртая? Не можа быць. (Прыкладае гадзіннік да вуха.) Сапраўды, спыніўся. Паслухай, колькі цяпер можа быць часу?
XX. Пэўна, каля дзевяці.
АА. Значыць, яны толькі цяпер пачынаюць. Такім чынам, у перспектыве ў нас мінімум восем гадзін забавы. Іх забавы.
XX. Можа, яшчэ перастануць.
АА. Не, сёння не перастануць, будуць весяліцца да ранку. Сёння ж Новы год. (XX перастае выразаць, падымае вочы і замірае, гледзячы перад сабою. 3-за шырмы чуецца свісток.) Ага, вада закіпела. (Выходзіць за шырму, вяртаецца з чайнікам. Садзіцца на ранейшае месца, налівае ў кубак кіпетню з чайніка, кладзе пакецік з чаем. XX бязвольна апускае рукі, у адной руцэ ножны, у другой — часопіс. Музыка зверху сціхае. АА дастае з кубка пакецік з чаем, салодзіць, размешвае. З рук XX выпадаюць ножны і часопіс, ён павольна ўстае з крэсла і як аўтамат ідзе да свайго ложка, направа. Кладзецца дагары і глядзіць у столь. АА перастае размешваць чай і пачынае назіраць за XX.) Што з табою?.. Табе кепска? (Зноў мяшае чай, хутка перастае.) Ты захварэў? (XX не рэагуе. АА ўстае і падыходзіць да яго.) Эй!.. Адгукніся ж нарэшце! (Тузае яго за руку. XX адварочваецца тварам да сцяны, спінаю да АА. АА бездапаможна азіраецца вакол, падымае з падлогі ножны і часопіс і вяртаецца да XX.) Паслухай, дык ты ж не скончыў... Ну на, выразай сабе... выразай, выразай, я ж табе не забараняю... Выразай сабе ўсё, што хочаш: халадзільнікі, аўтамабілі, лакаматывы, матацыклы, маторкі, аспіратары, транзістары, тэлевізары, экстэнзары... тэлефоны, патэфоны... Гэта недарэчна, але я не забараняю, выразай сабе, калі гэта табе прыемна. Я зусім не супраць, чуеш?.. Ты што, пакрыўдзіўся?.. (Садзіцца на ложак.) Калі хочаш, дык я табе выражу... Я сам табе выражу, хочаш? (Канчае выразаць каляровую рэкламу з часопіса, кладзе ножны на падлогу.) Вось і гатова!.. Ты толькі паглядзі. Прыгожа, праўда? (Аддаляе ад сябе выцінанку на адлегласць выцягнутай рукі, гідліва разглядае яе.) Ну, паглядзі... (Са злосцю.) Дык зірні ж ты хаця. Навошта ж ты выразаў!.. (XX не адказвае.) Неўрастэнік. (Камечыць выцінанку і шпурляе яе ўжо ў выглядзе папяровага шарыка ў куток. Хвіліну бездапаможна сядзіць. З труб даносіцца «Штыле Нахт, хайлігэ Нахт»[3] у выкананні дзіцячага хору. XX раптоўна накрывае сваю галаву падушкай.) А-а-а... Вось у чым справа. (АА ўстае, разглядае пакой, задумваецца. Пасля прымае рашэнне. Збірае ўсё, што знаходзіцца на стале, разам з газетамі, якімі накрыты стол. Усё гэта пераносіць са стала на падлогу да сцяны. Гарбату з кубка вылівае ў ракавіну. Здымае навалачку са сваёй падушкі, выварочвае яе і, як абрусам, засцілае ёю стол. Дастае са свайго чамадана бутэльку каньяку, ставіць яе на стол. Побач з бутэлькай кладзе пачак цыгарэт, які толькі што быў пад падушкай. Мые кубкі над ракавінаю, ставіць іх побач з бутэлькай. Надзявае пінжак. У гэты час сціхае музыка.) Гатова. Эй, прачніся, гатова!
XX (высунуўшы галаву з-пад падушкі). Ну, што там у цябе?
АА (урачыста). Новы год!
XX. Адчапіся ад мяне.
АА. I не падумаю. Сам піць не буду.
XX (абараняючыся). Я не хачу гарбаты.
АА. А хто табе прапануе гарбаты? У нас ёсць штосьці лепшае, як і патрэбна дзеля такога свята.