Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 75)
АА. О Езус-Марыя! А хіба ж я кажу, што не было?! Не, трэба супакоіцца, гэта ж нейкая ідыёцкая дыскусія. Паслухай, не ў тым справа, былі яны ці іх не было. Былі, былі дый сплылі. Гэта не прычына, каб бясконца вяртацца да тых мух. Былі, а цяпер іх няма. Канец. Цяпер ёсць іншае.
XX. Ну, што, напрыклад?
АА. Як гэта — што?
XX. А ўсё-такі, можа, скажаш, што цяпер ё?..
АА. Ды ўсё... Свет, яго праблемы...
XX. Што?
АА. Гэта значыць ідэі, з’явы, падзеі...
XХ (пагардліва). Іііі.
АА. Сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя працэсы, культурныя цячэнні. Карацей, цэлы клубок усякае ўсячыны на пераходнай стадыі цывілізацыі, на якой цяпер чалавецтва. Універсальныя праблемы...
XX. А мух няма.
АА. На наша шчасце. Гэта нават добрая метафара. Мухі сімвалізуюць нікчэмнасць тых праблем, на якія мы былі асуджаны там, на радзіме. Усе тыя праблемы — хутчэй вузенькія праблемкі... Дробны шавінізм, дробны рэфармізм, наогул дробныя маштабы... Дробныя людзі і дробная краіна. А тут, нарэшце, можна расправіць крылы.
XX. Як мушка — бззз.
АА. Не адступаць перад складанымі задачамі: толькі ў вялікіх змаганнях нараджаецца веліч. Вялікі маштаб, усё з размахам. Не, для мяне ўжо, дзякаваць Богу, мух няма.
XX. А для мяне ёсць.
АА. Дзе ёсць, тут?!
XX (трыумфальна). Не, у нас. Не памятаеш ужо?
АА. Божа мой! Усё спачатку. (3-за шырмы чуваць свісток.)
XX. Чайнік закіпеў. (Устае і ідзе за шырму. Вяртаецца з алюмініевым чайнікам. Налівае ў кубак вады, апускае туды пакецік з чаем.)
АА. Мог бы і мне заварыць.
XX. А цукру дасі?
АА. Дык я ж чай купіў.
XX. Але цукру няма.
XX (нахіляе чайнік над кубкам). Кончылася вада.
АА. Дык згатуй. (XX паволі ўстае, ідзе да крана. Адкручвае яго, аднак вада не цячэ.)
XX. Таксама няма.
АА. Ты нічога без мяне не можаш. (Ідзе да ракавіны, адкручвае да канца кран.) Сапраўды.
XX. Няма, бо не льецца.
АА. Не льецца таму, што няма яе, крэцін.
XX. Хіба я ў гэтым вінаваты? (Вяртаюцца да стала, садзяцца на свае месцы. XX кладзе сабе ў чай цукар.)
АА. I ты будзеш піць гэтую гарбату? (XX сцвярджальна ківае галавой.) Сам? (XX зноў ківае галавою.) Вось гэта салідарнасць. Я думаў, што калі таварыш не п’е... (XX бярэ сабе яшчэ цукру.) Засалодка будзе.
XX. А я люблю, каб соладка. (Пробуе лыжачкаю чай, дасыпае яшчэ цукру, мяшае.)
АА. Астыне.
XX. А я і не люблю гарачага.
АА (дастае з кішэні манету). Давай у «арла і рэшку».
XX. А на што?
АА. Напрыклад, каму дастанецца гарбата.
XX. Ціка-ава...
АА. Бо гарбата адна, а нас жа двое.
XX. Але гэта мая гарбата!
АА. Але ж я яе купіў.
XX. А я яе заварыў.
АА. Значыць, маем на яе аднолькавыя правы. I няхай вырашыць жараб’ёўка. Дык арол ці рэшка?
XX. Арол... (АА падкідае манету высока ўгору.) Рэшка! (Манета падае на падлогу і коціцца пад ложак, што з правага боку. Шукаючы яе, абодва заглядаюць пад ложак — незалежна ад таго, дзе сапраўды коціцца манета, акторы павінны іграць так, быццам яна закацілася менавіта пад гэты ложак.)
АА. Цёмна... (Працягвае руку пад ложак.)
XX (адштурхоўвае яго). Пусці мяне.
АА. Пачакай. (Дастае з-пад ложка бляшанку нейкіх кансерваў.) Што гэта?
XX. Гэта!.. Пакажы... Кансервы.
АА. Твае? Ты ж казаў, што ўжо не маеш кансерваў. (XX не рэагуе.) У такім разе — нічые. Бяру іх сабе.
XX. Не! (Вырывае ў яго з рук бляшанку.)
АА. Табе не сорамна так падманваць? (Садзіцца за стол з правага боку. Перастаўляе да сябе кубак з чаем.) Ты баяўся, што давялося б падзяліцца са мною? Твая скупасць яшчэ страшнейшая за тваё абжорства. Быццам бы я прагну тваіх кансерваў. (XX хавае кансервы назад пад ложак.) Не, не хавай, не хавай, усё ж ужо выкрылася. Цяпер можаш спакойна абжырацца. Задаволіць свой дзікі, звярыны апетыт. Не, не звярыны, бо жывёлы ядуць толькі, каб суняць голад. А ты жарэш у запас, звыш усякае меры і бясконца. Гэта апетыг паталагічны, пачварны.
XX. А ты не хочаш?
АА. Не, я не ласы да тваіх прысмакаў. (Выпівае глыток чаю і адразу выплёўвае.) Цьфу... Я ж казаў: перасалодзіш.
XX. Дык, можа, трохі з’ем...
АА. Брава! Скупасць пераадолена. Мая метода, бачу, дае выь.кі. Хоць невядома, што лічыць тваёй галоўнай цнотай: скупасць ці абжорства. Можна дапусціць, што ў гэтым змаганні заганы з недахопам пераможца — меншае зло, а значыць — дабро. Умоўна, канечне.
XX. Дык я паем.
АА. Паеш, паеш, і хай яно пойдзе табе на здароўе.
XX. Дзе кансервавы нож... (Мітусіцца ў пошуках нажа.)
АА. Скажы, чаму ты столькі ясі?
XX. Ты не бачыў нажа?
АА. Давай паспрабуем разабрацца ў гэтай з’яве. Геданічных матываў альбо імкнення да асалоды, напэўна, тут няма. Тады што?
XX. Прапаў недзе. (Ідзе за шырму.)
АА. Верагодна, у цябе мае значэнне сам акт паглынання. Трэба думаць, што паглынанне стравы мае сімвалічны характар. Паглынаючы страву, ты паглынаеш акаляючую рэчаіснасць. Паглынаеш свет... (XX выходзіць з-за шырмы з сякераю ў руцэ. Садзіцца за стол з левага боку, насупраць АА, і спрабуе сякераю адчыніць бляшанку.) Так, гэтая гіпотэза прымальная. Кампенсацыйны акт, а правільней... магічны акт. Напэўна. Як жа я раней не падумаў пра гэта. Магічны акт — нешта такое, калі адбываецца гвалтоўнае атаясамліванне паміж такімі элементамі, якія ў нармальных умовах не атаясамліваюцца. Ежа ў цябе не так кампенсуе ўсю акаляючую рэчаіснасць, як атаясамліваецца ў тваім уяўленні з ёю. Варта было б мае назіранні параўнаць з некаторымі дадзенымі сучаснай антрапалогіі, якія датычаць першабытных культур. Праўда, я баюся, што вынікі падобных параўнанняў абмежаваліся б пікантнай паралеллю рытуальнага канібалізму з...
XX (з усяе сілы стукае перад АА бляшанкаю аб стол). На!
АА. Ты што?..