реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 74)

18

АА. Быў, быў, быў перон. Пад’ехаў цягнік. Ты стаяў перад спальным вагонам, курыў, выходзілі пасажыры — усё гэта было. Праўда нават і тое, што са спальнага вагона выйшла вельмі прыгожая і элегантная кабета...

XX. Вось бачыш!

АА. ...Ты ўсё гэта агледзеў, а пасля пайшоў ужо. Ды не ў які-небудзь сапраўдны туалет — чысценькі, з кветкамі на століку каля клазетнай бабулькі, дзе ззяе белая кафля, дзе пахне дэзадарантам і дзе трэба плаціць за ўваход. Ты пашыбаваў у звычайную прыбіральню, дзе свабодны ўваход усім, дзе недакуркі забілі ракавіну і плаваюць у смярдзючай пеністай мачы, дзе калісьці, відаць, карысталіся ручніком, а цяпер ён такі брудны, што ніхто да яго ўжо і не дакранаецца. Смурод нясцерпны. Мужчыны, паважна засяроджаныя, корпаюцца ў нагавіцах — кожны ў сваіх, кожны паасобку, аднак кожны павязаны з астатнімі гэтым клазетна-ачышчальным грэхам. Але ж гэта цябе не бянтэжыць, нават наадварот. Я ўжо маўчу пра тваю нечуллівасць да пахаў. Але ці знойдзеш ты другое такое месца, дзе сусед быў бы дакладна ў такой самай сітуацыі, што і ты? Дзе яшчэ пануе такое раўнапраўе? Нідзе. Не бяда, што роўнасць гэта ў нізкім. Больш важна, што яна сапраўдная, аўтэнтычная, выразная, нават гіпербалічная, карыкатурна экспрэсіўная. Тым лепш табе, бо з прычыны недаразвітасці твайго ўяўлення і ўспрыняцця ты здольны адчуць толькі конскую дозу; любыя нюансы засталіся б табою незаўважаныя. Значыцца, ты доўга прабыў у туалеце. Але, на жаль, не мог заставацца ў ім вечна. I калі ты ўжо скончыў сваё, калі перастаў рабіць выгляд, што нешта робіш, калі ўжо прычасаўся, ты, нарэшце, выйшаў з таго падзямелля. Не надзівуюся, наколькі цесная ў цябе сувязь уралогіі з касметыкай. I вось тады ў тваім прычасаным чэрапе зарадзілася гэтая дурная наіўная хлусня пра твае любоўныя прыгоды з той дамай з цягніка. Здзіўляюся, як у цябе касметыка ўплывае на мазгавую дзейнасць, хіба што раздражненне чэрапа грабянцом іграла тут нейкую ролю...

XX. Дык я ж яе...

АА. Лухта. Сапраўдная лухта. Ты стаяў каля спальнага вагона і пёк свае пальцы недакуркам. Твая цыгарка была адзіным сімвалам тваёй незалежнасці, а па-за гэтым ты увесь быў ва ўладзе пажадлівасці, зайздрасці, захаплення і прыніжэння... Вядома, ты марыў пра яе, нават больш як толькі пра жанчыну. Зрэшты, я падазраю, што ты зусім не разумееш, што такое жанчына. Твой сексуалізм не выходзіць за межы адчування першаснага палавога жадання і яго задавальнення. Ты бачыў у ёй сімвал, бачыў той далёкі чужы свет, які табе зусім недаступны. I тады, не могучы пераступіць гэтую бездань рэальна, ты пераступіў яе ў сваім уяўленні: учыніў, трэба прызнаць, надзвычайны разумовы высілак, як на твае здольнасці. У гэтым выдатна дапамог табе туалет. Таму я і кажу, што ўсё, што адбывалася на пероне, ты пачаў інтэрпрэтаваць постфактум, у туалеце. Там, у спрыяльных гэткім фантазіям умовах, ты і надаў ім завершаную форму.

XX. Перастань!

АА. А хіба не так было?

XX. Не так!

АА. Але ты не перажывай. Праз тыдзень зноў пойдзеш на вакзал. (XX бярэ са стала пустую бутэльку, стукае донцам аб стол, у руцэ застаецца рыльца. Абодва ўстаюць. Паўза.) Ну добра, добра! Усё было, як ты казаў. Ты быў з ёю, быў. Яна табе аддалася, кінулася да тваіх ног, цалавала твае рукі, ногі, цалавала твае вузканосыя туфлікі, поўзала перад табою, абагаўляла і цябе, і твае туфлі. I ты меў, меў яе, і яе генерала, і нават тую генеральскую машыну! Генерал салютаваў і наладзіў феерверк у гонар табе, а пасля ўсяго частавалі цябе марожаным. Ты ж прыгожы! Табою ўсе захапляюцца. Ну што, цяпер ты задаволены? Лепш табе цяпер? Хопіць з цябе? (XX садзіцца, кладзе адбітае ад бутэлькі рыльца. Паўза.) Хочаш чаго? (Прыміральна.) Я магу заварыць табе чаю.

XX. Ты ўсё заўсёды псуеш.

АА. Пакрыўдзіўся?

XX. А чаго ты чапляешся?

АА. Крыўдуеш, бо пачуў ад мяне праўду.

XX. Заўсёды чапляешся да мяне. Што я табе зрабіў?

АА. Што зробіш, мой дарагі. Я дапамагаю толькі ўсвядоміць тваю сітуацыю. Бо ты сам не можаш...

XX. Якую яшчэ сітуацыю? Я проста пайшоў на вакзал.

АА. А гэта якраз і сведчыць пра тваю сітуацыю.

XX. Я хацеў, каб мне было добра.

АА. Вось менавіта, у нас заўсёды гэтак: упрыгожванне фактаў, імкненне прыгожыя мары выдаць за рэальнасць. Ханжаства гэта. Фальшывае сёння нараджае хваравітае заўтра. Гісторыя помсціць за сябе.

XX. Якая яшчэ гісторыя?..

АА. Наша, гісторыя нашага народа.

XX. Якая гісторыя, што мне да гісторыі, я быў на вакзале.

АА. Гэта і ёсць, уласна, фрагмент гісторыі. Праўда, маленькі, але пэўны. Ты быў на вакзале, значыцца, гэта ўжо мінулае, а значыць, гісторыя. Гісторыя грамадства складаецца з гісторыі асобных людзей. Няма абстрактнае гісторыі, дарагі мой. Так думаюць толькі ідэалісты, якія трактуюць гісторыю ў якасці новага Бога альбо рэчы ў сабе. Не, я не гегельянец. А таму ўсё залежыць ад таго, як мы будзем інтэрпрэтаваць тваю сённяшнюю гісторыю на вакзале. Ці пабачым яе ў святле фактаў? Ці, наадварот, факты пабачым у святле гісторыі. Я маю на ўвазе тваю хлуслівую, сфабрыкаваную сёння легенду, якую ты мне расказаў, тваю міфатворчую інтэрпрэтацыю, тваю інтэрпрэтатарскую міфаманію...

Шум у каналізацыйнай трубе, які заглушае яго словы. АА махае рукою, сядае на свой ложак, задумваецца. XX пацягваецца і пазяхае.

XX. Хачу есці.

АА. Дык перакусі чаго-небудзь і не дакучай мне.

XX. Нічога ж няма.

АА. Кансервы ёсць.

XX. У мяне ўжо няма.

АА. Зноў усё сажраў?

XX. А ў цябе няма кансерваў?

АА. Чаму ж? Ёсць, але не дам.

XX. Чаму?

АА. З выхаваўчых меркаванняў.

XX. Ага. (Паўза.) Што гэта значыць?

АА. Гэта значыць тое, што ты пастаянна жарэш мае кансервы.

XX. Няпраўда. Свае таксама ем.

АА. Свае і мае. Нарэшце прывучыся хоць да якога-небудзь парадку — да дысцыпліны і стрыманасці.

XX. Добра, добра! Але цяпер мне чаго б небудзь з’есці.

АА. Нічога не атрымаеш.

XX. Не?

АА. Не.

XX. Не, дык не. (Паўза.) Ты нешта пра гарбату казаў.

АА. Сам сабе прыгатуй.

XX (устае, здымае пінжак, вешае яго на крэсла, папярэдне старанна абтросшы і разгладзіўшы. Ідзе за шырму. Чуваць, як ён там завіхаецца, грыміць чайнікам і г. д. Вяртаецца і зноў садзіцца на крэсла. Паўза.) Слухай, а чаму тут няма мух?

АА (ачнуўся ад роздуму). Што?

XX. Я пытаю, чаму тут няма мух?

АА. Дзе?

XX. Ды тут, у пакоі.

АА (усё яшчэ рассеяна). Не ведаю.

XX. На калідоры таксама няма. (Паўза.) Дый нідзе няма... (Усхваляваны сваім адкрыццём.) Ты бачыў тут дзе-небудзь мух?

АА. Здаецца, не.

XX. Я ж кажу табе, што няма. Ні тут, ні дзе яшчэ. У іх тут няма мух. Слухай, чаму ў іх тут няма мух?

АА. Не ведаю. Можа, вынішчылі. Гігіена.

XX. Шкада.

АА. А нашто табе мухі?

XX. Весялей з імі. Хочаш — лаві, хочаш — глядзі на іх... I час хутчэй ідзе. У нас былі мухі. Улетку. (Паўза.) Былі мухі... I ліпучкі на мух... Памятаю, ліпучкі гэтыя вешалі на лямпу, яны былі нібы мёдам намазаныя, але не мёдам. Мухі прыліпалі і бзыкалі. Калі ліпучка была ўжо старая, дык мух столькі было на ёй, што стаяла суцэльнае бзыканне, усё роўна што музыка якая. Адны гудзелі басам, другія танюсенька, а калі трапляла туды аса альбо сляпень — не, сляпні зрываліся, яны моцныя... А яшчэ былі такія маленькія чорныя пластыркі, вядома, атручаныя. Іх клалі на талеркі, трэба было сачыць толькі за дзецьмі, каб не лізнула каторае. Памятаю...

АА. Памятаю, памятаю, памятаю! А я нічога не памятаю!

XX (са шчырым здзіўленнем). Як гэта не памятаеш?

АА (ускочыў з ложка і пачаў хадзіць па пакоі). Не! Нічога не памятаю і не хачу памятаць! Увесь час толькі і чую: «А ці помніш тое, а ці помніш гэтае?..» Заўсёды, няспынна, вечна, столькі гадоў! А цяпер гэтыя твае мухі, ты са сваімі мухамі...

XX. Бо былі ж.

АА. Перастань!

XX. А хіба казаць, што не было, калі былі?

АА. Ну былі, былі, і што з таго? Ці ж гэта значыць, што я павінен да канца жыцця свайго памятаць пра нейкіх ідыёцкіх мух? Мне і так досыць клопату!

XX. Во, цяпер сам кажаш, што былі.