Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 73)
АА. І ўсе?
XX. Ну, тут набегла чыгуначнікаў з тачкамі, на тачках прасціны, коўдры. Адмысловыя коўдры, стопрацэнтная воўна. Я адну памацаў. Столькі коўдраў, і ўсе шарсцяныя. Але ж я — нічога, стаю сабе, куру, а людзі выходзяць. Быў адзін японец у паліто, мабыць, нетутэйшы.
АА. Напэўна.
XX. Я адразу так і падумаў. Але мне што да таго? Стаю сабе, быццам мяне тут нічога не абыходзіць, і куру свае. Хіба нельга, га?
АА. Можна.
XX. Маё права. Ну і, думаю сабе, зараз дакуру і пайду. Усе быццам бы ўжо выйшлі. Хацеў патушыць ужо, а тут насупраць мяне ў акне паказваецца адна такая і кажа: «Насільшчык».
АА. I ты зразумеў, што яна сказала?
XX. Я дык не, а насільшчык зразумеў. Адразу да яе падбег. А яна... А Божа ж ты мой! Валасы аж дагэтуль. Напэўна, артыстка. Ну, думаю сабе, тады яшчэ пачакаю, пакуль выйдзе. А мне ўжо цыгарка пячэ ў пальцы — на ветры ж тытунь хутка гарыць, калі не з фільтрам... А я нічога, цярплю, з рукі ў руку перакладаю і шкадую, што муштука не прыхапіў. Думаю сабе: павінна ж выйсці.
АА. I што?
XX (пераможна). Выйшла!
АА. Пашанцавала табе. (Працяглая паўза.) I ўсё?
XX. Не. (Хіхікае.)
АА. Чаго ты смяешся? (XX аж заходзіцца ад рогату.) Што ж тут смешнага?
XX. Бо я ж яе...
АА. Што, што?
XX. Ну... (Хіхікае.)
АА. Перастань смяяцца.
XX. Дык калі ж праўда. Я, ды такую...
АА. Дзе?
XX. У туалеце першага класа.
АА. Там жа неабходна плаціць.
XX. Ну і што. Яна заплаціла за мяне і за сябе. (АА загортвае кнігу.) Яна яшчэ хацела, ды мне ўжо не хацелася.
АА. Праўда? I што далей?
XX. А нічога.
АА. Як гэта «нічога»?
XX. Я ж табе кажу: мне больш не хацелася. Яна хацела, але мне ўжо не хацелася.
АА. Ну, добра, а што было пасля?
XХ. Пасля? Пасля я пайшоў.
АА. А яна?
XX. Таксама пайшла.
АА. I ты не ўзяў яе адраса?
XX. Не. Яна якраз хацела даць мне адрас, а я сабе думаю: навошта ён мне, яшчэ згублю...
АА. Але, напэўна ж, прасіла, каб ты ўзяў?
XX. Прасіла. (Паўза.) Па яе генерал прыехаў. Мабыць, муж. У лімузіне.
АА. Ага. (Дастае з-пад падушкі цыгарэты, бярэ адну ў рот, шукае запалкі ў кішэнях халата, устае і падыходзіць да крэсла, на якім вісіць пінжак, шукае ў кішэнях пінжака, не знаходзіць.)
XX. Табе прыкурыць?
АА. Хочаш ведаць, як гэта было?
XX. Дык я ж табе расказаў.
АА. Не, я пытаю, ці хочаш ты ведаць, як гэта было на самай справе.
XX. Ну, калі ты лепей ведаеш...
АА. Вядома, ведаю лепш. Давай пачнем з самага пачатку. Сапраўды, ты быў на вакзале. Але пайшоў туды не адразу. Калі сёння раніцаю ты стаяў тут перад люстэркам і галіўся, як кожнага тыдня, ты і не думаў туды ісці. Калі нацягваў на сябе гэты гарнітурчык і гэтыя даўганосыя туфлі... Я не раз думаў, навошта ты іх носіш: яны ж калечаць цябе. А можа, табе здаецца, што ў гэтых мадэльках твае капыты менш падобныя на быдлячыя?
XX (абражаны). Гэта ж вельмі дарагія туфлі.
АА. Добра, хай сабе і так. Значыць, ты пайшоў? На вуліцу. Кожны мае права туды ісці. Але людскія позіркі... За кіламетр бачна, хто ты такі. Табе можна шпацыраваць, але яны маюць права глядзець на цябе. I разглядаць тваю чужаземную морду. Бо ты ж плоць ад плоці нашага народа. З гэтага пункту гледжання ты нават прадмет гонару нашых ідэолагаў, хоць, верагодна, пра гэта і не ведаеш. Лічы, што ты святая субстанцыя для нашых патрыётаў, найсвяцейшая таямніца ў нашай нацыянальнай дзейнасці...
XX. Не блюзнер.
АА. Гэта метафары. Але ты, нявінная ахвяра клерыкалізму, не ведаеш, што такое метафара.
XX. Мне ўсё роўна. А блюзнерыць не дазволю.
АА. Аднак вернемся да тваёй прагулкі. Значыць, ідучы паўз кінатэатр, ты падумаў, што варта было б туды зайсці.
XX. Так, бо люблю кіно.
АА. Вядома. У кіно ніхто на цябе не глядзіць, таму што ўсе глядзяць на экран. Ты таксама. Там жа, на экране, нешта мігціць, блішчыць. Ты не ведаеш, што ўсё гэта значыць, пра што там гаворка. Але гэта не мае ніякага значэння. Галоўнае, ты адчуваеш сябе так, як дома. Але ж у кіно ёсць істотны недахоп: за яго трэба плаціць.
XX. Я ў кіно і не хаджу ніколі.
АА. Ахвотна веру. Але не ўсё яшчэ страчана. Ёсць жа яшчэ вакзал.
XX. Галоўны.
АА. Вядома, галоўны. Драбяза нам не да твару. Я і хвіліны не думаў, што ты задаволіўся б якім-небудзь перыферыйным паўстанкам. Кіруеш проста на галоўны вакзал, самы галоўны. А там — столькі выгод! Па-першае, бясплатны ўваход. Па-другое, ты там не чужы. Там увогуле няма чужых, бо вакзал, уласна кажучы, і створаны для чужых. Карацей, на вакзале ўсе тутэйшыя. Там чужакі больш тутэйшыя, чым сапраўдныя тутэйшыя. Там твой нетутэйшы выгляд зусім не кідаецца ў вочы. Дый, звыш таго, на вакзале, як кажуць, і светла і цёпла... Ёсць газетныя кіёскі, тэлефонныя будкі, білетныя касы...
XX (летуценна). Буфет...
АА. Буфет таксама. I вось ты пастаяў каля газетнага кіёска, каля будак тэлефонных ды білетных кас...
XX. Піва выпіў...
АА. Што да піва — наўрад ці. Піва ж таксама каштуе грошай. Затое няма сумнення, што ты схадзіў у туалет.
XX. А перон?
АА. Не перабівай. Менавіта сюды я і іду.
XX. Спярша я быў на пероне.
АА. Не пярэчу. Фізічна ты спачатку наведаў перон, а толькі пасля — прыбіральню. Але твае ўяўленні постфактум дамалявалі падзеі на пероне. А пісуар адыграў тут важную ролю — натхніў цябе...
XX. Можа, скажаш, што і перона зусім не было?