реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 55)

18

Здалёк далятаюць першыя пяць тактаў Пятай сімфоніі Бетховена. Адам ляпае па плячы, Авель бярэ пад казырок. Усе, апроч Евы і Каіна, выходзяць. Каін здымае куртку, кладзе яе на лаву. Ева сядае на скрыню, дастае з сумкі электрабрытву і падае яе Каіну. Яна накладае грым, расчэсвае валасы. Каін паварочваецца да Евы, спрабуе штосьці сказаць, але махае рукою моўчкі, потым ідзе наперад. Правая нага ў яго не гнецца. Ён спыняецца, разяўляе рот, але нічога не кажа. Зноў махае рукою і пачынае галіцца. Яшчэ раз гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.

Каін. Ён ізноў не здаў іспыту.

Ева. Недабраў тры балы, зусім крыху.

Каін. Другі раз.

Ева. У яго запозненае развіццё.

Каін. Каб у яго было запозненае развіццё, ён бы не спаў з пакаёўкаю.

Ева. Ты таксама спіш з пакаёўкаю.

Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.

Каін. I пры ўсім тым ён прыдатны да службы ў войску.

Ева. Ты проста зайздросціш яму.

Каін. Я быў добры салдат.

Ева. Праз гэта ў цябе і кавяла.

Каін. Не чапляйся да мяне з гэтай кавялою.

Ева. А ты не чапляйся да мяне з маім сынам.

Каін. Я ганаруся сваёй кавялою.

Ева. А я ганаруся сваім сынам.

Гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.

Каін. Я што — мушу цэлы вечар слухаць гэту сімфонію?

Ева. Ён любіць класічную музыку; табе са сваёй кавялою гэтага не зразумець. Па-твойму, эротыка — гэта згвалтаванне.

Каін. Не чапляйся да мяне са сваёй пакаёўкаю.

Ева. Я гавару не пра пакаёўку, я гавару пра нас з табою.

Першыя чатыры такты сімфоніі.

Каін. Я — мужчына, а твой сын — гаўнюк.

Ева. Навошта ж тады ты пасылаеш яго ваяваць у джунглі, калі ў цябе такая думка пра яго?

Каін. Вайна зробіць з яго мужчыну.

Ева. Лухта.

Зноў гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.

Ева. Навошта ўвогуле яна патрэбная, гэта вайна?

Каін. Урад ведае навошта.

Ева. Каб скінулі колькі атамных бомбаў на гэтых дзікуноў, дык былі б спакойныя.

Каін. Каб мы скінулі, дык і іншыя таксама скінулі б.

Ева. У дзікуноў атамнай бомбы няма.

Каін. Знайшла сабе сяброў!

Ева. Вы ўсе — гаўнюкі.

Каін (чысціць брытву). Табе што — у школу трэба?

Ева. Я даглядаю за параненымі.

Каін. Праўда?

Ева. А табе?

Каін. Пасяджэнне ў радзе дапамогі ветэранам.

Ева. А-а.

Каін (падыходзячы да Евы). Мне трэба ісці.

Ева. Ідзі.

Ева падстаўляе шчаку Каіну. Каін цмокае яе ў шчаку. Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.

Каін. У яго зноў сваё.

Ева. Пэўна, табе пара ісці.

Каін (накідаючы куртку на плечы). Трэба было б мець запозненае развіццё.

Каін выходзіць. Паяўляюцца Цыла і Наэма, сядаюць на лаўку. На плячах накінутыя хусткі. Цыла вяжа, Наэма разглядае фотаальбом. Ева ставіць сумку на зямлю, дастаўшы з яе насамперш кавалачак цукру, смокча яго. Рашуча ўваходзіць Ада з трохногім зэдлікам, сядае.

Наэма. Мне восемдзесят сем год.

Ева. А мне — восемдзесят восем.

Цыла. Мне — восемдзесят дзевяць.

Ада. А мне — дзевяноста.

Наэма. Мяне завуць Наэма. Бацька мой працаваў на фабрыцы. Ён увесь час жыў у галечы. Мы ўсе жылі ў галечы. Жытлом нашым была халупа, накрытая мохам. Пяцьдзесят сем год таму я выйшла за рабочага-чыгуначніка. Пазней ён даслужыўся да начальніка станцыі. Памёр дваццаць год таму. Я мела адзінаццаць дзяцей: сем хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі. Засталіся чатыры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Самы большанькі трапіў пад цягнік Берн — Люцэрн. Ён гуляў на рэйках і меў тады ўсяго чатыры гадкі. Другі памёр ад рака, маючы сорак год, трэці ў тым самым годзе зваліўся з даху: ён быў страхар. Думаю, што ў мяне больш як дваццаць унукаў і, відаць, яшчэ болей праўнукаў. Але чамусьці ніхто мяне не наведвае. Часам я атрымлівала паштоўкі ад майго меншанькага з Амерыкі, з Дэтройта. Ён працаваў там на аўтамабільным заводзе, але ўжо дзесяць год, як не піша. У гэтым прытулку я ўжо трынаццаць гадоў. Штодня я сядаю ля акна і разглядаю сямейны альбом. Пры гэтым не думаю пра свайго мужа. I пра дзяцей таксама не думаю. Увогуле я ні пра што не думаю.

Ева. Я — Ева. Ніколі не была замужам. Дый навошта? У мяне заўсёды былі мужчыны. Здаралася, больш як пяць за адну ноч. Гэтым промыслам я пачала займацца, маючы пятнаццаць гадоў. Я рабіла ўсё, чаго ад мяне патрабавалі, а патрабавалі ўсяго, што можна патрабаваць ад такіх, як я. У мяне быў сябар, які здабываў мне дазвол ад паліцыі займацца маім промыслам — гэтак усё было законна. Палова майго заробку ішла на выплату падаткаў, трыццаць працэнтаў забіраў мой сябрук. Мне заставаліся дваццаць працэнтаў. Але я была беражлівая і рупная. Сама сабе я гаварыла: «Ева, ты састарэеш. Памятай пра гэта». I вось я стала старая. Да шасцідзесяці пяці год я назапасіла грошай досыць, каб купіць месца ў гэтым прытулку. Мой сябра Эган Мюлер ужо дзесяць год як памёр у Асконе, будучы міліянерам. Ён меў шмат такіх, як я, якія на яго працавалі. Ён быў прыстойны чалавек, і калі параўнаць з іншымі мужчынамі, якіх я ведала,— надзвычай прыстойны. Я ніколі не саромелася свайго занятку і ганаруся, што дажыла да гэтага веку, не нарабіўшы шкоды ні душы, ні целу. Удзень я чытаю раманы пра каханне, а ўвечары сяджу ля тэлевізара. Больш за ўсё мне даспадобы фільмы з удзелам Саймана Тэмплара, і Бананцу таксама я люблю. Калі б я напаткала такога мужчыну, маё жыццё было б зусім іншае, але такіх мужчын можна ўбачыць толькі ў тэлевізары.

Цыла. Мяне завуць Цыла. У мінулым — медсястра. Я працавала ў невялікай вясковай лякарні. Побач з лякарняю, у сажалцы, разводзілі стронгу. Чаго я толькі не нагледзелася: бачыла нараджэнне і смерць. Адны баяліся смерці, другім было ўсё роўна: ці яны памруць, ці выжывуць; трэція зусім і не разумелі, што паміраюць. Напачатку я пакутавала, гледзячы на іх пакуты, але неўзабаве гэта ўсё прайшло. У немаўлятах я пачала бачыць будучых вязняў смерці — і нічога болей. Людзі, якіх я даглядала, дарылі мне на развітанне шакалад і кнігі з прысвячэннямі, і забывалі мяне, як толькі выходзілі з лякарні; і я іх таксама забывала. У вольныя дні я дапамагала братавай. Яна хварэла, а ў яе ж было трое дзяцей; дзеці мяне не любілі, я іх таксама. Аднаго разу я адпачывала ў Грындэльвальдзе, другі раз — у Фларэнцыі; і тады, і тады ішлі праліўныя дажджы. Мікеланджэлаў Давід мяне таксама расчараваў. Мужчыны выглядаюць зусім іначай. У мяне былі невялікія шашні з маладзенькім асістэнтам доктара. Мы спалі з ім два дні, а пасля ён ажаніўся з дачкою галоўнага лекара. Неяк пазней ён ізноў хацеў зацягнуць мяне ў ложак, ды я ўжо не хацела.

Ада (бярэ ў руку саламяны кошык з чорнай накрыўкай). Я — Ада, графіня фон Цынцэн. Была заручаная з графам Крэсам фон Штукам, які памёр у дзевяностых гадах у адной былой нямецкай калоніі — недзе ва Усходняй Афрыцы. Яго зжэр леў. I дзякуй Богу. Я не магла яго цярпець. Увогуле мужчыны выклікалі ў мяне агіду. I ў мяне ніколі нікога не было. Я любіла толькі кошак. Можа, з тае прычыны, што яны мне нагадвалі льва, які расправіўся з маім жаніхом,— і за гэта я ўдзячная па сёння ўсяму кашэчаму роду. Кот, што ў мяне цяпер на каленях, належыць гэтаму пры­тулку. Я дала яму клічку Тасіла, але ён рэагуе толькі на Негрыцяня. Тасіла... Гэтак звалі майго бацьку. Ён ніколі не выпускаў з рук сваёй пугі. У першую сусветную ён страціў тры чвэрці сваёй маёмасці. Гэтыя дваццаць мільёнаў ён уфундаваў у вайну. Астатнія з'ела інфляцыя. Я ў гэтым прытулку ўжо больш як сорак год. Тры гадзіны штодня я раблю праходку ў найбліжэйшым лесе: гадзіну перад і дзве — па абедзе. I ніколі не карыстаюся кульбакаю. Я не чытаю кніг, цярпець не магу музыкі, мне не патрэбны тэлевізар. Старой жанчыне з дому фон Цынцэн ні ў чым няма патрэбы. Штонядзелі я хаджу ў царкву і сплю пад час набажэнства. Усе фон Цынцэны штонядзелі хадзілі ў царкву і спалі пад час набажэнства. Са мною скончыцца наш род. Адзінае маё жаданне — дажыць да ста гадоў. Усе фон Цынцэны дажывалі да дзевяноста, ды ніводзін не дажыў да ста. Калі я здолею дажыць да ста, я выпераджу ўсіх фон Цынцэнаў, а толькі таго я і хачу.

Гудзенне самалёта. Жанчыны падымаюць галовы.

Цыла. Самалёты.

Ева, Цыла і Наэма адыходзяць. Ада выходзіць на край сцэны, завязвае на сцёгнах чорную хустку, выцягвае з кошыка драўляны сподак з рысам і ставіць, як азіятка, кошык сабе на галаву. Паяўляецца Авель.

Ада. Ці чуеш?

Авель. Чую.

Авель бярэ трохногі зэдлік і кідае яго да катла. Ада ўздрыгвае.

Ада. Куды яны паляцелі?

Авель. Да моста на поўдзень.

Авель цягне лаўку да катла і цяжка вылускае яе з рук. Ада ўздрыгвае.

Ада. Яны яго разбураць?