реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 54)

18

Ада. Мы ўсе прысвяцілі сябе змаганню супраць людажэрства, спадар упаўнаважаны.

Каін. I вы таксама?

Ада. I я.

Каін. Грандыёзна.

Ада. Толькі абыходным шляхам, праз эротыку, мы здолелі паўплываць на гэтых дзікуноў.

Каін. Фантастыка!

Ада. Яны яшчэ да гэтага часу жывуць у матрыярхаце.

Каін. Якое дзікунства...

Злева выходзіць Авель у такой самай форме, як і ў Каіна.

Авель. Імпартаваныя тысяча кароў, тысяча авечак, тысяча свіней.

Каін. Ну і што?

Авель. Гэта ж вар'яцтва!

Каін. На выспе зліквідавана людаедства.

Авель. А на мацерыку цяпер голад.

Каін. Наш камітэт гэтым не займаецца.

Авель. А наш займаецца якраз барацьбой супраць голаду.

Каін. Разумнае планаванне сям'і засцерагае ад голаду. Няхай глытаюць супрацьзачаткавыя таблеткі і не лезуць да нас.

Авель. Але ж яны галадаюць якраз з тае прычыны, што з мацерыка вывезена па тысячы кароў, свіней ды авечак. Галадаюць дзесяткі тысяч.

Каін. Затое тут сотні такіх самых істотаў, як і на мацерыку, не ядуць да сябе падобных.

Авель. Людаедства не пагражае свету.

Каін. Любое варварства — пагроза свету.

Авель. Не трэба гаварыць збітых фраз.

Ада. Я не дзеля таго прысвяціла сваё жыццё барацьбе з людаедствам, каб пасля цярпець знявагу ад прадстаўнікоў камітэта дапамогі галадоўцам.

Адам. Мадам, зразумейце мяне: вы вывозіце з мацерыка скаціну, а там паміраюць дзеці...

Ада. Генеральны сакратар даў нам транспартныя сродкі.

Авель. Невыпраўны ёлупень.

Ада. На такім узроўні я не збіраюся дыскутаваць далей.

Цыла. За нашага генеральнага сакратара мы пойдзем у агонь.

Наэма. Ён усё-ткі Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры.

Авель. Нам патрэбны не эстэт, а практык. Без каардынацыі немажліва выканаць праграму дапамогі свету. У той самы час, калі ваш камітэт вывозіць скаціну з мацерыка для бяскрыўдных людаедаў, народ, за плячыма якога трохтысячагадовая культура, пажырае чалавечыя трупы. Калі ваш камітэт заахвочвае такое людаедства, дык хіба яго можна называць камітэтам па барацьбе з людаедствам? Дазвольце, я сяду. Задыхаюся нешта.

Ніхто не дае яму месца.

Каін. Выспа чакае вашых распараджэнняў.

Авель. Маё сэрца!..

Авелю цяжка стаяць.

Ада. Мы ўсе разлічваемся сваім здароўем.

Авель. Гэта праклятая зямля... ці хоць ураджайная?

Цыла. Гэта — рай.

Авель. Тады дзікуны няхай ядуць бананы і не разлічваюцьна нашую скаціну.

Ада. Бананы ім не даспадобы.

Авель. Не даспадобы! Ім бананы не даспадобы, калі ў нас не хапае харчоў!

Цыла. Апроч бананаў, тут няма чаго есці. Адны пацукі ды чарвякі.

Авель. На мацерыку іх даўно ўжо ядуць.

Каін. Божухна! Людаедства немагчыма перамагчы без кулінарнага ўмельства.

Авель. У вас у галовах няма нічога, апроч людаедства.

Каін. А ў вас нічога, апроч галадоўцаў.

Авель. Прапаную абмеркаваць наш канфлікт на агульным пасяджэнні арганізацыі дапамогі свету.

Каін. Калі ласка.

Усе становяцца радком, перадам да скрыні з чырвоным крыжам. З правага боку выходзіць Адам, ён у карычневым сурдуце.

Цыла. Генеральны сакратар.

Адам (залазіць на скрыню). У якасці генеральнага сакратара міжнароднай арганізацыі дапамогі свету шлю вам прывітанне ў гэтым цудоўным горадзе на беразе самага цудоўнага возера і заклікаю вас: набярыцеся мужнасці!

Воплескі. Адам кланяецца. Выходзіць Ева ў блузцы і з жаночай сумачкай, становіцца на скрыню перад Aдамам, адчыняе сумачку і пачынае пудрыцца.

Адам. Я нарадзіўся ў гэтай горнай краіне, спадары і спадарыні. У маленстве я часцяком хадзіў у горы. З усіх бакоў было атачэнне неадольных стромых скал. Абвалы заміналі, але я ішоў ды ішоў, пакуль перад вачыма не з'явіўся горны перавал і каля ног вандроўніка не апынулася шматпакутная радзіма. Гэтак і цяпер. Яшчэ не пераадолены неразважнасць і карыслівасць, але яны адыдуць, і вы ўбачыце вызваленую зямлю.

Ева. Яны зноўку жаруць чалавечыну.

Адам (не зважаючы на Еву). Усё будзе добра.

Ада. Каго?

Ева. Матросаў.

Адам. Усё будзе добра.

Ада. У чым прычына?

Ева. Танкер-нафтавік водазмяшчэннем трыста тысяч тон узарваўся непадалёк ад выспы, з экіпажа жывыя засталіся толькі 52 чалавекі.

Каін. I што — усіх з'елі?

Ева. Усіх.

Адам. Усё будзе добра.

Авель. Як упаўнаважаны прадстаўнік камітэта дапамогі галадоўцам лічу выбух нафтавага танкера-трохсоттысячніка нашмат больш фатальным...

Адам. Захоўвайце парадак, не хвалюйцеся. Толькі спакойна... Прагрэс доўжыцца стагоддзі, калі не тысячы гадоў. Чытайце Фрэйда.

Адам (злазіць са скрыні, падыходзіць да тых, што стаяць, паціскае дамам рукі). Нягледзячы на невялікі рэцыдыў у самым пачатку ўзнікнення чалавечай культуры на гэтай выспе, я шчыра ўдзячны дамам з камітэта барацьбы супраць людаедства за іх асабісты ўдзел. Да сённяшняга свята аркестр філармоніі нашага горада падрыхтаваў бессмяротную Пятую сімфонію Бетховена. Пакуль наладжваецца буфет, мы паслухаем Бетховена, і спадзяюся, што ён суцешыць нас, што нам так патрэбна ў нашай цяжкай службе.