реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 49)

18

Плудкава. Не спаў, затое мае карысць з гэтага! Хто ведае, Олдржых, ці захоча ён з намі і размаўляць, калі ў яго такая важная пасада!

Гуга. Ён і для простага люду знойдзе добрае слова. Я сам на гэта толькі і спадзяюся, бо я зайшоў да яго крыху пагаманіць, а можа, і памагчы яму. Я, ведаеце, адразу да каваля! Дык кавачка будзе ці не?

Плудкава. Будзе-будзе, як толькі Гугачак прыйдзе...

Гуга. А што, яго яшчэ няма?

Плудэк. Напэўна, затрымаўся на ліквідацыі...

Плудкава. Ліквідоўваць Ліквідацыйны камітэт — гэта вам не жарты!

Гуга. Што, ваш Гуга ліквідуе тады, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца?

Плудэк. Жонка не тое мела на ўвазе! Яна адно хацела сказаць, што Гугу не варта было б займацца гэтай ліквідацыяй.

Гуга. А хто б тады ліквідоўваў Ліквідацыйны камітэт?

Плудэк. Наш Гуга.

Гуга. Дык ваш Гуга ўзяўся б ліквідоўваць тады, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца?

Плудкава. Муж не тое меў на ўвазе! Ён адно хацеў сказаць, што Гугу не варта было б займацца гэтай ліквідацыяй.

Гуга. А хто б тады ліквідоўваў Ліквідацыйны камітэт?

Плудкава. Наш Гуга.

Плудэк. Вядома ж...

Плудкава. А чаму б нашаму Гугу ліквідоўваць тады, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца?

Плудэк. А хто б тады ліквідоўваў Ліквідацыйны камітэт?

Плудкава. Наш Гуга.

Плудэк. А чаму б нашаму Гугу ліквідоўваць тады, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідоўваецца?

Плудкава. А хто б тады ліквідоўваў Ліквідацыйны камітэт?

Плудэк. Наш Гуга.

Плудкава. Вось гэта тое, што трэба!

Плудэк. Але ніхто нічога пра гэта не павінен быў бы ведаць!

Плудкава. Гэткага не схаваеш!

Плудэк. Гугу не трэба было даваць згоду на ліквідацыю!

Плудкава. Калі б ён на яе не даў згоды, дык Ліквідкам не быў бы ліквідаваны і ліквідацыі доўжыліся б, але толькі без Гугі... А чаму б аднаму Гугу не ліквідоўваць? Добра, што ён не адмовіўся!

Плудэк. Калі ён не адмовіўся, Ліквідацыйны камітэт будзе ліквідаваны, ліквідацыі скончацца і адзін Гуга будзе і далей ліквідоўваць! Дык яго ж затыркаюць!

Плудкава. Трэба было адмовіцца!

Плудэк. Наадварот: трэба было не даваць згоды!

Плудкава. Наадварот: трэба было не адмаўляцца!

Плудэк. Можа, трэба было адначасова даць згоду і не адмаўляцца?

Плудкава. Хутчэй адмовіцца і не даць згоды!

Плудэк. Тады ўжо лепш не даваць згоды, не адмаўляцца, а даць згоду і адмовіцца!

Плудкава. А ці нельга было адначасна адмаўляцца, не даваць згоды, але не адмовіцца і даць згоду?

Плудэк. Цяжка сказаць. А як па-вашаму?

Гуга. Па-мойму? Ну, па-мойму, не трэба было не даваць згоды, не адмаўляцца, а даць згоду і адмовіцца — і разам з тым адмаўляцца, не даваць згоды, але не адмовіцца і даць згоду. Ці наадварот. Здаецца, звоняць?

Плудэк. Не. (Звініць званок.) Гэта Гуга!

Плудкава. Ну, нарэшце!

З'яўляюцца Амалька і Пётра.

Амалька (чытае). ДАРАГІ ОЛДРЖЫХ КСК МНЕ СТАЛА ВЯДОМА КСК ШТО ЛІКВІДУЕЦЦА РАСПАРАДЧАЯ СЛУЖБА I КІРАЎНІЦТВА ГЭТАЙ АДКАЗНАЙ ЛІКВІДАЦЫЯЙ ДАРУЧАНА ТВАЙМУ ГУГУ КРП Ці паспела, Гануля? Што? Такой бяды, крыху пакапала па дарозе назад! Не, пакуль будзем у Браніка... ПРАШУ ПЕРАКАЗАЦЬ ЯМУ МАЕ НАЙСАРДЭЧНЕЙШЫЯ ВІНШАВАННІ ГЭТЫМ ВЫДАТНЫМ ПОСПЕХАМ КРП То ж бо і яно, дзяўчынка, то ж бо і яно! А я хіба не? Разводзіцца яна згоды не дасць. ОЛДРЖЫХ КСК ТРЭБА ЯК НАЙХУТЧЭЙ СУСТРЭЦЦА I ПАГУТАРЫЦЬ КРП Зразумей. у мяне дзеці! ПАМЯТАЕШ КСК ШТО МЫ РАЗАМ РАБІЛІ ХЛАПЧУКАМІ ПЫТ — Увага, ідзе Гірш! ТВОЙ ФРАНЦІШАК КРП

Плудкава. Ці чуў ты, Олдржых? Ліквідацыя Распарадчай службы!

Плудэк. Чуў, Бажэна. Як Яраш казаў? Жыццё — гэта кніга з чыстымі аркушамі. Гуга ведаў, чым яе запоўніць і — калі ласка: «найсардэчнейшыя віншаванні выдатным поспехам». Дык вось, пра Японію...

Плудкава (Амальцы). Ці вы гэтую пошту цэлую ноч разбіралі? У цемры?

Амалька. У нас перагарэла лямпачка...

Плудкава. Л ямпачка! Адным словам, калі вы пасля гэтага не ажэніцеся з Пётрам...

Амалька. Мы якраз і хочам пажаніцца...

Плудкава. Бедная дзяўчына! Дык ён жа буржуазны інтэлектуал!

Амалька. Пётра будзе вывучаць мікрабіялогію! Бывайце!

Амалька і Пётра выходзяць у розныя кулісы.

Плудкава. Зразумейце — жонка не мела на ўвазе, што няможна ліквідаваць Распарадчую службу, захаваўшы Ліквідацыйны камітэт, або ліквідаваць Ліквідацыйны камітэт, захаваўшы Распарадчую службу — грунтуючыся на стратэгічных меркаваннях...

Гуга. Усе мы, ведаеце...

Плудэк. Ведаеце... што ведаем?..

Гуга. Дык зразумейце: усе мы, ведаеце, у гэтую бурлівую эпоху шукаем так неяк сваё месца. Здаецца, звоняць?

Плудэк. Не! (Звініць званок.) Гэта Гуга!

Плудкава. Ну, нарэшце!

З'яўляюцца Амалька і Пётра.

Амалька (чытае). ДАРАГІ, ШАНОЎНЫ ОЛДРЖЫХ! ТЫ НЕ ЎЯЎЛЯЕШ САБЕ, З ЯКОЙ РАДАСЦЮ Я ДАВЕДАЎСЯ, ШТО ТВАЙМУ ГУГУ — яшчэ ўчора была поўная скрыня колькі крп я яе не з’еў клчн што пыт а футра не хочаце пыт пішыце — ДАРУЧАНА ВЫКЛЮЧНА ВАЖНАЕ I АДКАЗНАЕ ЗАДАННЕ СТВАРЫЦЬ НА МЕСЦЫ БЫЛОГА ЛІКВІДАЦЫЙНАГА КАМІТЭТА I БЫЛОЙ РАСПАРАДЧАЙ СЛУЖБЫ НОВУЮ БУЙНУЮ ЎСТАНОВУ, ЦЭНТРАЛЬНУЮ КАМІСІЮ ПА РАСПАРАДЧАСЦІ I ЛІКВІДАТАРСТВЕ — не магу трываць кск калі жанчына румзае клчн ах кск ты Божа мой клчн — ПРАШУ ПЕРАКАЗАЦЬ ЯМУ САМАЕ ГАРАЧАЕ БРАТНЯЕ ПРЫВІТАННЕ З ВЫПАДКУ ГЭТАГА НАЙВЯЛІКШАГА ПОСПЕХУ КЛЧН я не веру вам клчн а калі так кск дык трэба пазбавіцца гэтага клчн — СТРАШЭННА СУМУЮ ПА ТАБЕ — АЖ НЕ МАГУ КЛЧН шантажыраваць мяне я не дазволю кск гэта я вам кажу з усёй адказнасцю клчн — ТВОЙ СТАРЫ — падманшчыца клчн — ВЕРНЫ — дзеўка клчн — ФРАНТА КРП качка дурная клчн.

Плудкава. Ці чуў ты, Олдржых? Стварыць Цэнтральную камісію па распарадчасці і ліквідатарстве.

Плудэк. Чуў, Бажэна. Яраш заўсёды думаў пра сваю будучыню і таму вучыўся, вучыўся, вучыўся. Гуга таксама думаў — і, калі ласка: «братняе прывітанне з выпадку найвялікшага поспеху»! Дык вось, пра Японію...

Плудкава (Амальцы). Пётра — і мікрабіялогія? Недарэчнасць! Прадстаўнік сярэдніх класаў не можа займацца гэткай лухтой!

Амалька. Мы з Пётрам кахаем адно аднаго, і Пётра пераязджае да мяне! Пётра, хадзем!

Пётра. Бывайце!

Амалька і Пётра бяруцца за рукі і, поўныя пафасу, выходзяць.

Плудкава. Паслухай, Олдржых...

Плудэк. Што?