Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 48)
Дырэктар. Як што? Ліквідую...
Гуга. Ну, ты даеш, сябра мой! Ці я гэта добра пачуў? Хто ж ліквідуе тады, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца! Вы ж — дарослы чалавек, таму кіньце гэтыя хлапечыя гульні, далібог! Ці, магчыма, вам хочацца, каб я ўзняў гэтае пытанне наверсе? Калі вы з прычыны фальшывага геройства сабраліся выкапаць сабе магілу, дык і скажыце пра гэта — але тады я за сябе не ручаюся!
Дырэктар. Ды я ж ліквідую ліквідацыю! Ліквідацыю ліквідую!
Гуга. Добра каб! А што Долежал — уцёк?
Дырэктар. Уцёк, на жаль... але я, відаць, даганю яшчэ яго на сходах... мне бегчы?
Гуга. Я пайду падмагу хлопцам ліквідоўваць Ліквідацыйны камітэт, але вось забыўся спытаць, хто кіруе гэтай справай — напэўна, трэба ісці напрасткі па галоўнага!
Дырэктар. Плудэк.
Гуга. Які? Гуга?
Дырэктар. Ён, ён.
Гуга. Добра. Пайду да яго! Спадзяюся, ты тут не будзеш біць у хамут! Я ўвогуле табе сімпатызую, і мне б не хацедася брацца за цябе так, каб ты адсюль вылецеў ваўчком! Усяго!
Ліквідатарка. Ізноў птушак ганяеце?
Дырэктар. Прабачце... прабачце...
Ліквідатарка. Як вам не сорамна! Па-вашаму, мы не стаміліся? Але ўсе мы павінны вытрымаць гэта! Ці быў тут Пэпік?
Дырэктар. Долежал?
Ліквідатарка. Ага.
Дырэктар. Ужо ўцёк.
Ліквідатарка. Ваша шчасце — вы мужчына! (Выбухае плачам.)
Дырэктар. Ці не пабудзеце са мною яшчэ крыху? Так сказаць, неафіцыйна. Вам трэба крыху б адысці ад працы, бо вы ж таксама чалавек, і толькі!
Ліквідатарка. Хам!
Дырэктар. Так доўга ходзіць з кашом і ліквідуе, што недзе і забудзецца! Ну і добра: цяпер я маю месца, дзе можна падрамаць...
Ліквідатарка. Срэбны вецер звініць, як звінеў раней...
Дырэктар. Дарамі жыцця адорвае нас!
ДЗЕЯ ЧАЦВЁРТАЯ
Плудэк. Дык вось, пра Японію... — дарэчы, колькі ў нас часу?
Плудкава. Неўзабаве будзе шостая. Ці чуеш?
Плудэк. Час бы яму ўжо з'явіцца. А?
Плудкава. Пэўна, яго нешта затрымала. Ці не крокі там чуваць?
Плудэк. Як гэта — затрымала? Гэта вецер! Дык вось, пра Японію...
Плудкава. Можа, перабраў на свяце ў садзе... Твая праўда, гэта проста вецер.
Плудэк. Ён п’е адно малако, а яго там, вядома ж, не налівалі! I ўсё-такі, здаецца, там чутны крокі? Дык вось, пра Японію...
Плудкава. Чаму не налівалі? Ёсць жа малочныя бары, значыцца, могуць быць і малочныя святы ў садзе! I праўда, здаецца, крокі чуваць?
Плудэк. А я і не здагадаўся — напэўна ж, ён проста напіўся, гэта яго і затрымала! Хто б гэта мог тупаць у нашай каморы? То вецер.
Плудкава. Што, у каморы? Я сама там увечары зачыняла акно!
Плудэк. Значыць, крокі? Ану, схаджу туды! Дык што гэта я хацеў сказаць пра Японію? (Выходзіць за сцэну і стукае ў дзверы.) Паўтараю: хто там? Хто там? Паўтараю: зараз жа адчыніце! Зараз жа адчыніце! (Рыпенне дзвярэй.) Госпадзе Божа ты мой!
Плудкава. Госпадзе Божа ты мой! Што вы тут робіце?
Амалька. Пані, вам тэлеграма!
Плудэк. Чытайце ж!
Амалька (чытае). ДАРАГІ ОЛДРЖЫХ КСК РАДАСЦЮ ДАВЕДАЎСЯ КСК ШТО ТВАЙМУ СЫНУ ГУГУ ДАВЕРАНА КІРАЎНІЦТВА ЛІКВІДАЦЫЯЙ ЛІКВІДАЦЫЙНАГА КАМІТЭТА КРП Ці паспелі вы, Ганначка? А дванаццатай і рушым. Не трэба, я прыхаплю вяндліну ва ўласным соку. З ГЭТАЙ НАГОДЫ РАДЫ ПАВІНШАВАЦЬ З ЦУДОЎНЫМ ПОСПЕХАМ КРП Ці праўда, што вы яшчэ ніколі не ездзілі ў Нэспекі? Калька? У стале ў Гірша. А якія лясы! Пішыце: ТРЭБА БЫЛО Б КАЛІ-НЕБУДЗЬ СУСТРЭЦЦА КРП Не забудзьцеся... ТВОЙ ФРАНТА КАЛАБІС КРП... пра купальнік!
Плудкава. Ці чуў ты, Олдржых? Ліквідацыя Ліквідацыйнага камітэта!
Плудэк. Чуў, Бажэна. Вось Яраш хацеў стаць ювелірам — і стаў. Гуга сам у сябе спытаўся — і калі ласка: «рады павіншаваць з цудоўным поспехам». Дык вось, пра Японію...
Плудкава (Амальцы). Што вы, уласна, рабілі цэлую ноч у гэтай каморы?
Амалька. Разбіралі пошту. Бывайце.
Плудкава. Паслухай, Олдржых...
Плудэк. Што?
Плудкава. З Гугам усё так добра атрымалася — можа, варта паклапаціцца і пра Пётру? Ён жа ўсё-такі таксама нашае дзіцятка...
Плудэк. Увапхнём яго куды-небудзь у рэдакцыю.
Плудкава. А нічога, што ён мае выгляд, як у буржуазнага інтэлектуала? Хоць бы ён ужо акуляраў не насіў!
Плудэк. Інтэлектуала ў іх там ніводнага няма, так што яны скажуць: лепей буржуазны, чым ніякі, ён хоць у палітыцы разбіраецца! А на акуляры цяпер ніхто не глядзіць! Здаецца, звоняць?
Плудкава. Ды не.
Плудэк. Гэта Гуга!
Плудкава. Ну, нарэшце!
Я ведала, што Гугачак не прападзе!
Плудэк. Рупны хлопец! Ты б яму што-небудзь дала ў дзюбу!
Плудкава. А чаго б гэта? Малачка?
Плудэк. Лепш кавачкі: ён, бедны, відаць, цэлую ноч не спаў!