Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 47)
Дырэктар. ...стара-новы рэпертуар...
Гуга. ...псеўдафамільярнай фразеалогіі, што хавае за паўсядзённасцю прафесійнага гуманізму глыбокі светапоглядны разброд, у выніку чаго Распарадчая служба заканамерна перарадзілася ва ўстанову, якая падрывае скіраваныя на кансалідацыю станоўчыя намаганні Ліквідацыйнага камітэта, гістарычна непазбежнай вяршыняй якіх стаў мудры акт яе ліквідацыі!
Дырэктар. Я цалкам згодны!
Гуга. Вы ведаеце адно: згаджацца — а вынікаў ніякіх няма! Не, гэтак нам ліквідацыі не здзейсніць! Час бяжыць... прынясіце мне каву!
Дырэктар. Даруйце, але...
Гуга. Я нешта не разумею, пра якое «але» вы яшчэ тут гаворыце?
Дырэктар. Ды я не гавару пра «але»! Але я хацеў сказаць...
Гуга. Дык вы ўсё-такі хочаце сказаць «але»?
Дырэктар. Я зусім не хацеў гаварыць пра «але», але я...
Гуга. Можа, вы і не хацелі гаварыць «але», але вы хочаце сказаць «але», а гэтага больш чым досыць! Але мяне вы ніякім «але» ў зман не ўведзяце!
Дырэктар. Даруйце, але... колькі вам кавалкаў?
Гуга. Дваццаць чатыры. I не будзем з гэтым валтузіцца — цяпер не час гуляць у словы.
Ліквідатар. Дзень добры! Ну што, пачнём?
Гуга. Зразумела. Дзе тут сейф?
Ліквідатар. Гэта ў вас трэба спытацца!
Гуга. Добры дзень, дык вы тут не працуеце?
Ліквідатар. Ды вось збіраюся працаваць...
Гуга. А дзе вы працуеце?
Ліквідатар. У Ліквідацыйным камітэце. (Працягвае руку.) Ёзэф Долежал.
Гуга. I вы хочаце працаваць тут?
Ліквідатар. Я мушу працаваць тут...
Гуга. Што, Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца? Гуга Плудэк.
Ліквідатар. Як гэта Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца? Ёзэф Долежал.
Гуга (працягвае руку). Гуга Плудэк. Можа, вы лічыце, што яго не трэба ліквідоўваць? Гуга Плудэк.
Ліквідатар. Прабачце! Уге мы ведаем, што Ліквідацыйны камітэт — гэта перажытак мінуўшчыны! Хоць і нельга адмаўляць, што ў перыяд барацьбы з істэрычнай атмасферай экстрэмізму ў дзейнасці Распарадчай службы Ліквідацыйны камітэт дзякуючы шэрагу прынятых мудрых мер адыграў, безумоўна, станоўчую ролю, але тым не менш мы б дакаціліся да сентыментальнага маразму...
Гуга. ...і бюракратычнага кансерватызму, калі б узяліся...
Ліквідатар. ...разглядаць работу Ліквідацыйнага камітэта па-за кантэкстам яго далейшай эвалюцыі, на працягу якой з прычыны неабдуманых крокаў, скіраваных на выкараненне шмат якіх станоўчых момантаў у дзейнасці Распарадчай службы...
Гуга. ...Ліквідацыйны камітэт адыграў, безумоўна, негатыўную ролю — у выніку дзеянняў паасобных ліквідатараў...
Ліквідатар. ...якія памалу захапіліся...
Гуга і Ліквідатар (разам). ...адміністратыўным бокам ліквідацыйнай практыкі, шкодзячы яе зместаваму боку, у выніку чаго дзейнасць Ліквідацыйнага камітэта набыла нездаровы замкнёны характар, яе гвалтам адарвалі ад жыцця... (Ліквідатар ужо не паспявае за Гугам.)
Гуга. ...і акунулі ў застойную ваду закаснелага бюракратызму, што заканамерна праклала дарогу свавольству жменькі ліквідатараў, якія злоўжывалі...
Ліквідатар. ...разумным рашэннем...
Гуга. ...перапыніць вядомыя крайнасці ў дзейнасці Распарадчай службы і дэмагагічна нападалі на тыя яе пазітыўныя сілы, што паспяхова пераадолелі часовы крызіс, шырока актывізаваліся і зноў вывелі Распарадчую службу на пярэдні фронт нашай барацьбы за пераацэнку памылковых метадаў, галоўнай перашкодай якой, па сутнасці, стаў Ліквідацыйны камітэт, што само сабою літаральна падштурхнула нашую эпоху да адважнага ўчынку яго ліквідацыі. Гуга Плудэк.
Ліквідатар. Цалкам згодзен. Ёзэф Долежал.
Гуга. То я вам бы таксама параіў! (Паказвае на рэчы, якія ён сам толькі што раскідаў.) Бачыце, які вэрхал? Гэта ўсё яны! Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца, а яны тут спакойна ліквідоўваюць далей — як быццам нічога не адбылося!
Ліквідатар. Дык ці ліквідуецца ўсё-такі Распарадчая служба?
Гуга. Уявіце сабе! Ужо самі ледзь ліпеюць, а глядзіце, як разгарнуліся... Не хачу бачыць гэтага — сыходжу!
Дырэктар. Дзень добры...
Ліквідатар. Добры дзень...
Дырэктар. Памочнік?
Ліквідатар. Чый?
Дырэктар. Таго, хто тут ліквідуе...
Ліквідатар. Дазвольце! Я ж не збіраюся дапамагаць тым, якія тут разгарнуліся, хоць самі даўно ледзь ліпеюць.
Я ж разумею, што недарэчна ліквідоўваць у той час, калі Ліквідацыйны камітэт ліквідуецца. На тое, што гэтыя дзеянні абсурдныя, маю ўвагу звярнуў сам Гуга Плудэк.
Дырэктар. Хто гэта?
Ліквідатар. На жаль, дакладна не ведаю, але, па ўсім гледзячы, гэта нехта, хто мае самае непасрэднае дачыненне да ліквідацыі Ліквідацыйнага камітэта; магчыма, ён нават узначальвае яе!
Ну, я пайду...
Дырэктар (раптоўна ляпае Ліквідатару па спіне). Ды куды ты, хлопец, сабраўся? Сядай — пагамонім! Ну, расказвай — ты адкуль з’явіўся?
Ліквідатар. Ды я, ведаеце... так неяк... зайшоў паглядзець... пагаманіць... ну, я пайду...
Дырэктар (зноў ляпае яму па спіне). Ды куды ты, хлопец, сабраўся? Сядай — пагамонім. Ну, расказвай — адкуль ты з’явіўся?
Ліквідатар. Ды я, ведаеце... так неяк... зайшоў паглядзець... пагаманіць... (Раптам зрываецца.) Божухна, такой бяды! Ну, не ведаў я пра гэта — дык што з таго?
Дырэктар (супакойвае яго). Божухна, такой бяды! Ну не ведаў ты пра гэта — дык што з таго?
Ліквідатар (паспакайнеўшы). Ну, не ведаў я пра гэта — дык што з таго?
Дырэктар. Ну, не ведаў ты пра гэта — дык што з таго?
Ліквідатар. Такой бяды!
Дырэктар. Ды Божачка мой! Я ж твой кум, праўда?
Ліквідатар. Чё?
Дырэктар. Что мы-то вишь кумовья!
Ліквідатар. Дети аль не дети... всё одно потопаю ликвидировать Ликвидационный комитет! «До відзэня, мама — и не грусти...»
Гуга. Што гэта вы робіце?