реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 46)

18

Гуга. Я заўсёды рады, калі сустракаю роднасную душу — гэтак сказаць, светапоглядна і светаадчувальна. Можаце гаварыць мне «ты»! Ці ты курыш?

Дырэктар. Дзякуй, не куру! А ты?

Гуга. Дзякуй, я таксама не куру. А ты?

Дырэктар. Дзякуй, не куру. А ты?

Гуга. Няма за што. Ведаеш, ты можаш так неяк лічыць мяне за бацьку!

Дырэктар. А ты мяне — за маці!

Гуга. Мама...

З-за куліс выглядвае Плудкава.

Плудкава. Што табе?

Гуга. Я не з табою!

Плудкава знікае.

Разумееш, я, уласна, зайшоў, каб...

Дырэктар. Разумею. Не бойся, я пайду табе насустрач! Я ўсёю душою «за»: наспела пара! Пабачыш: ты будзеш мною задаволены!

Гуга. Разумееш, мне так неяк здаецца, што маё месца так неяк тут. А ці табе не здаецца... так неяк?

Дырэктар. А як жа іначай!

Гуга. Ну ўжо ўдваіх мы справу добра наладзілі.

Дырэктар. Што і казаць, нам добра пашанцавала. Ці ты курыш?

Гуга. Не куру. А ты?

Дырэктар. Не куру.

Гуга. Паслухай, скажы шчыра, ты выпадкова не з гэтых... што не кураць?

Дырэктар. Ды дзе там?

Гуга. Ага, разумею.

Дырэктар. Ну што, пачнём?

Гуга. Усё ў тваёй уладзе! Ты ў сябе дома, а я тут навязваюся да цябе...

Дырэктар. Наадварот, гэта я цябе звязваю! Так што так неяк распараджайся...

Гуга. Ты хочаш паглядзець, які я спраўны? А чым я маю распараджацца?

Дырэктар. Як гэта — чым? Ліквідацыяй!

Гуга. Ліквідацыяй? А чаго?

Дырэктар. Распарадчай службы!

Гуга. Д’ябал, гэта хітры ход! Тут у вас, відаць, на кожным кроку пастка... Ды мяне не зловіш!

Дырэктар. Не?

Гуга. Не.

Дырэктар. Ну, а хто ж тады тут распараджаецца?

Гуга. Упаўнаважаны Распарадчык, вядома.

Дырэктар. Упаўнаважаны Распарадчык? Але ж Распарадчыкі не могуць распараджацца, калі на іх распаўсюджваецца ліквідацыя.

Гуга. Напэўна. З гэтай прычыны распараджацца павінен упаўнаважаны ліквідатар.

Дырэктар. Упаўнаважаны ліквідатар? Але ж ліквідатары існуюць для таго, каб ліквідоўваць, а не распараджацца!

Гуга. Напэўна ж! Таму трэба стварыць спецыяльныя распарадчыцкія курсы для ліквідатараў.

Дырэктар. Мяркуеш?

Гуга. Альбо, хутчэй, ліквідатарскія курсы для Распарадчыкаў?

Дырэктар. Табе лепей ведаць!

Гуга. Лепш за ўсё было б арганізаваць паралельныя курсы: няхай Распарадчыкі перапрафілёўваюць ліквідатараў, а ліквідатары — Распарадчыкаў.

Дырэктар. А ўсім гэтым распараджацца стаў бы перапрафіляваны ў Распарадчыка ліквідатар або перапрафіляваны ў ліквідатара Распарадчык?

Гуга. Трэба стварыць яшчэ адны курсы, каб перапрафіляваныя ў Распарадчыкаў ліквідатары і перапрафіляваныя ў ліквідатараў Распарадчыкі даперапрафілёўвалі кожны кожнага.

Дырэктар. А распараджацца там стаў бы Распарадчык, перапрафіляваны ў ліквідатара перапрафіляваным у Распарадчыка ліквідатарам, або ліквідатар, перапрафіляваны ў Распарадчыка перапрафіляваным у ліквідатара Распарадчыкам?

Гуга. Натуральна, што гэты апошні!

Дырэктар. Бачу, што ў цябе ўсё прадумана. Тэарэтычна. Але практыка вымагае, каб мы дзейнічалі аператыўна. I я жадаю табе як найхутчэй дабрацца да ложка. Зрэшты, ліквідоўваць Распарадчую службу зусім няцяжка! Паперы ў мяне ў парадку, са схемаю «А» мы ўжо скончылі...

Гуга. Хіба Распарадчая служба ліквідуецца?

Дырэктар. На жаль.

Гуга (кладучы на стол кардонны нос). На жаль? Як гэта — на жаль? Я мяркую — на шчасце?

Дырэктар. Ну, вядома ж, на шчасце! Я і сказаў — на шчасце!

Гуга. Ты і сапраўды сказаў «на шчасце»?

Дырэктар. Вядома! Не мог жа я сказаць «на жаль»!

Гуга. Ну я ж веру, што ты сказаў «на шчасце». Мы так неяк павінны верыць у чалавека. На жаль.

Дырэктар. Я дык думаю — на шчасце?

Гуга. Вядома ж, на шчасце! Ці ты хочаш сказаць, на жаль?

Дырэктар. Прабач! Усе мы ведаем, што Распарадчая служба — гэта перажытак мінуўшчыны! Хоць і нельга адмаўляць, што ў перыяд барацьбы з пэўнымі праявамі бюракратызму ў дзейнасці Ліквідацыйнага камітэта Распарадчая служба намаганнямі некаторых Распарадчыкаў, якія дзякуючы ўжыванню разумна нестандартных і па-наватарску дынамічных падыходаў да чалавека паспяхова праклалі па цаліку дарогу шматлікім каштоўным ідэям, адыграла, безумоўна...

Гуга. ...станоўчую ролю, але тым не менш мы праявілі б...

Дырэктар. ...ліберальны экстрэмізм, каб узяліся разглядаць гэтыя станоўчыя, аднак пазначаныя прыкметамі эпохі рысы па-за кантэкстам далейшай эвалюцыі Распарадчай службы...

Гуга. ...і не разгледзелі за іх суб’ектыўна станоўчай тэндэнцыяй...

Дырэктар. ...відавочны аб’ектыўна негатыўны эфект...

Гуга і Дырэктар (разам). ...выкліканы тым, што ў выніку нездаровай самаізаляцыі ўстановы была дапушчана некрытычная пераацэнка пэўных станоўчых момантаў у дзейнасці Распарадчай службы і разам з тым аднабаковая абсалютызацыя паасобных адмоўных момантаў дзейнасці Ліквідацыйнага камітэта, і ўсё гэта мела сваім вынікам тое, што ў той час... (Дырэктар ужо не паспявае за Гугам.)

Гуга. ...калі Ліквідацыйны камітэт на хвалі новай актывізацыі яго пазітыўных сіл зноў узначаліў нашу барацьбу як непераможны надзейны бастыён нашага адзінства, Распарадчая служба, на жаль, загразла...

Дырэктар. ...у істэрычнай атмасферы няўзважанасці...

Гуга. ...якая бярэ на ўзбраенне знешне прывабныя аргументы з ліберальнай збраёўні абстрактна-гуманістычных лозунгаў, але, па сутнасці, не выходзіць за межы нятворчых метадаў працы, якія адлюстроўвае ў тыповай форме, напрыклад...