Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 45)
Дырэктар (імгненна падхопліваецца). Што? А-а! Ага-ага... Гэта я... так неяк...
Гуга. Вы спалохаліся...
Дырэктар. Наадварот! Дзякуй!
Гуга. Ды вы сядайце! Мы ж усе людзі, праўда? Ну, як вашы ныркі?
Дырэктар. Дзякуй. У мяне пячонка...
Гуга. Тут розніцы няма, мы ж так неяк свае людзі, праўда?
Дырэктар. Ага... вядома...
Гуга. Ну што, сябра мой, як дуж-здароў? Чым займаешся?
Дырэктар. Ды так, кажучы шчыра, жывём... распараджаемся... сябра мой...
Гуга. Гэта добра, што жывём! Жыцьмем!
Дырэктар. Як гаворыцца, з чаго пачнём?
Гуга. Гэта, як гаворыцца, залежыць ад нас... Ці не?
Дырэктар. Пэўна ж... пэўна ж...
Гуга. Значыцца, за шэрыфа мы тут, га?
Дырэктар. Га...
Гуга. Дакладна га?
Дырэктар. Калі мы не пярэчым — дык дакладна га!
Гуга. Гэта вялікая справа, што мы ім служым! За гэта мы нас шануем! Мы лічым, што ў нас так неяк страшэнна ганаровая і адказная пасада! Ці курым?
Дырэктар. Не, дзякуем! А мы нас чакалі! Ужо ж і цешыліся! Сядайма... Ці курым?
Гуга. Не, дзякуем... мы так неяк разумеем лёсавызначальную ролю Распарадчай службы ў маштабах нашага грамадства — і таксама лёсавызначальную ролю шэрыфа ў маштабах Распарадчай службы. Ці курым?
Дырэктар. Не, дзякуем. Не ведаем, не ведаем... не тое каб мы не хацелі гнуць бляху, мы гнуць бляху любім, але... як бы сказаць... Ці курым?
Гуга. Не, дзякуем. Мы мяркуем, што, бадай што, неўзабаве мы знойдзем тут так неяк наш другі дом. Вы гэтак не думаем?
Дырэктар. Мы ўхваляем! Ці курым?
Гуга. Мы не курым — ці разумеем?
Дырэктар. Слухаемся!
Гуга. Калі мы дазволім, пачнём так неяк ад Евы. Мы яшчэ дзіцём бывалі Распарадчыкам усіх нашых дзіцячых забаў...
Дырэктар. Цудоўна...
Гуга. А калі мы сталі дарослымі...
Дырэктар. Як пакаленне?
Гуга. Не, як асоба. Я ніколі нікому не ствараў ніякіх штучных бар’ераў у гэтым спрадвечным змаганні пакаленняў!
Дырэктар. Я таксама!
Гуга. Вы вельмі добры...
Дырэктар. Вы ўжо, несумненна, здолееце дакладна зразумець нашы спецыфічныя асаблівасці!
Гуга. Я зраблю ўсе намаганні...
Дырэктар. I работа ў нас пад рукамі будзе проста гарэць!
Гуга. Вядома!
Дырэктар. Праўда?
Гуга. Праўда. Я ж маю цэлы шэраг спецыфічных здольнасцей і якасцей Распарадчыка і, як мне здаецца, недзе правільна разумею сэнс і задачы распарадчыцтва.
Дырэктар. На маю думку, распарадчыцтва — гэта спецыфічная форма выхаваўчай працы. Ці не?
Гуга. Безумоўна! Але адначасна гэта і яе спецыфічны метад.
Дырэктар. Дык форма ці метад?
Гуга. I тое, і тое. Якраз у гэтым своеасаблівым адзінстве і ёсць спецыфіка.
Дырэктар. Важка!
Гуга. Ну?
Дырэктар. А ў чым спецыфіка зместу распарадчыцкай справы?
Гуга. У яго спецыфічнай форме.
Дырэктар. Важка!
Гуга. Ну?
Дырэктар. А спецыфіка формы распарадчыцкай справы?
Гуга. У яго спецыфічным змесце.
Дырэктар. Трюйчы важка!
Гуга. Ну? Ну? Ну?
Дырэктар. Але!
Гуга. Але! I гэтае спецыфічнае ўзаемапранікненне можна назваць краевугольнай трыядай распарадчыцкай справы.
Дырэктар. Але?
Гуга. Ага. Прычым спецыфічнай прыкметай гэтай трыяды з’яўляецца менавіта яе трыяднасць.
Дырэктар. Але?
Гуга. Але.
Дырэктар. Вы зрабілі сапраўды важкі даробак да распрацоўкі тэорыі надзённай праблематыкі распарадчыцкай справы!
Гуга. Скажыце? Я рады, што мы знайшлі агульную мову!
Дырэктар. I я вельмі рады!