Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 44)
Дырэктар. Колькі часу будзе доўжыцца гэта ліквідацыя?
Ліквідатарка. А што?
Дырэктар. Ці вам не хочацца ў ложак?
Ліквідатарка. У якім сэнсе?
Дырэктар. У добры...
Ліквідатарка. Зашмат часу гэта не зойме, бо арганізацыйная структура Распарадчай службы дазваляе нам дзейнічаць паводле новай схемы «В», якая ўяўляе сабою камбінацыю схем «А» і «Б». Я іду знізу, паводле схемы «А» — гэта значыць раблю папярэднюю рэгістрацыйна-фармальную ліквідацыю. А калега ідзе зверху, паводле схемы «Б» — гэта значыць ажыццяўляе канчатковую нарматыўна-дэлімітацыйную ліквідацыю. Так ці іначай, мы рухаемся насустрач адно аднаму.
Дырэктар. Зразумела! Значыць, недзе на паўдарозе вы сустрэнецеся...
Ліквідатарка. Ды не. Згодна з графікам ліквідацыі, мы павінны сустрэцца на чацвёртым паверсе. Але не выключана, што калега мяне апярэдзіць — ён стары зубр.
Дырэктар. Нейкі ёлупень, праўда?
Ліквідатарка. Я папрасіла б яго так не называць. Ва ўсялякім разе, у маёй прысутнасці...
Дырэктар. Даруйце, я не ведаў...
Ліквідатарка. Божухна, што тут такога! Хіба я, па-вашаму, не жанчына?
Дырэктар. Дык я ж нічога не казаў!
Ліквідатарка. Ну, прабачце...
Дырэктар. Так што ваш калега можа паявіцца ў любы момант...
Ліквідатарка. I праўда. Нам трэба спяшацца.
Ці маеце вы спіс ліквідацыйных формаў?
Дырэктар. Маем.
Ліквідатарка. А спіс дэлімітацыйных нормаў?
Дырэктар. Гэтага ў нас няма.
Ліквідатарка. Ці гэта пяты нумар? (Бярэцца за халат.)
Дырэктар. Пяты.
Ліквідатарка. Але ж спіс ліквідацыйных формаў без спісу дэлімітацыйных нормаў несапраўдны!
Дырэктар. А можа, будзе дастаткова спісу ліквідацыйных нормаў, прыведзенага ў адпаведнасць са спісам дэлімітацыйных формаў?
Ліквідатарка. Гэта пазбавіла б сэнсу ўсю ліквідацыю.
Дырэктар. А ці не здаецца вам, што гэта — фармальная норма?
Ліквідатарка. Наадварот: гэта — нармальная форма. Колькі? (Бярэцца за пінжак.)
Дырэктар. Шэсцьдзесят пасярэдзіне, трыццаць у плячах.
Ліквідатарка. Падшэўка парваная.
Дырэктар. Спрачацца не буду, але дзе?..
Ліквідатарка. Пад левым рукавом.
Дырэктар. Спрачацца не буду, але дзе?..
Ліквідатарка. Гэта вынікае са зборніка інструкцый па ліквідацыі.
Дырэктар. Спрачацца не буду, але дзе ён быў разгледжаны?
Ліквідатарка. На ліквідатарскім актыве гэтага года.
Дырэктар. А ўзгоднены?
Ліквідатарка. На леташняй канферэнцыі ліквідатараў.
Дырэктар. А канчаткова апрабаваны?
Ліквідатарка. На пазалеташняй нарадзе па ліквідацыі, якую вы ж самі і адкрывалі, прычым вельмі прыгожа: вы тады чыталі вершы Шрамэка... Памятаеце? Я чула тысячу...
Дырэктар. Скрыпкі ды флейты гралі песні напрадвесні...
Ліквідатарка. Або вось гэта. Вандроўнік з посахам у правай руцэ...
Дырэктар. У левай — дзяўчына-краска...
Ліквідатарка. Або яшчэ: пачуй мяне, кветка, кветка канюшыны.
Дырэктар. Паклікаць каханка голас займае ў дзяўчыны...
Ліквідатарка. Ах, Божа мой! (Плача.)
Дырэктар. Ну што вы, каляжанка... на адну кветку сонца не свеціць... вы ж жанчына... будзьце мужная!
Ліквідатарка (набіраецца мужнасці, бярэ хутка сябе ў рукі). Значыць, інструкцыя наконт дэлімітацыйных нормаў вам невядомая?
Дырэктар. Скрыпкі ды флейты гралі песні — а гэтую інструкцыю я і прахлонаў! (Даверліва.) Галава была занятая...
Ліквідатарка. Бачыце як! Каб гэта быў іншы тып ліквідацыі, я магла б паглядзець скрозь пальцы...
Дырэктар. А што гэта ў нас затып ліквідацыі?
Ліквідатарка. Ліквідацыя праз дэлімітацыю..
Дырэктар. Дык нас, значыцца, прымацуюць да іншага прадпрыемства?
Ліквідатарка. Відаць, да бляхароў.
Дырэктар. I як жа гэта будзе арганізавана?
Ліквідатарка. Трэба меркаваць, што створацца так званыя камбляхі... гэта значыць такія комплексныя бляхарні: на аднаго бляхара восем Распарадчыкаў.
Дырэктар. А гэтыя... камбляхі... ці яны будуць гнуць бляху або распараджацца?
Ліквідатарка. Вядома ж, гнуць бляху! Каўнер?
Дырэктар. Сорак...
Ліквідатарка. Ну вось, на гэтым, можна сказаць, са схемай «А» скончана! (Збірае паперы і накрывае кош.) Я падымуся вышэй на адзін паверх, а кош забяру па дарозе назад. Вось-вось павінен падысці калега, які займаецца схемай «Б». Божа мой! Не, я не жанчына, я — пень!
Дырэктар. Нялёгкая часіна... (Крыху ачомаўшыся, зноў сядае за свой стол, задумваецца — так, што вочы ў яго пачынаюць зліпацца. Нейкую хвілю ён спрабуе змагацца з дрымотай, пасля стрэсвае яе з сябе.) Ярда! Трывай!
Гуга. Прывітанне, шэрыф!