реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 43)

18

Пыльзак. Або па службе?

Гуга. Кожны мае сваю службу...

Пыльзак. Ага, разведка на мясцовасці — разумею! Шкада, што я сёння не ў форме.

Гуга. Такой бяды...

Пыльзак. А ты малайчына! Ведаеш, я не тое каб хацеў быць з табою запанібрата... гэтага я звычайна не раблю... але мушу табе сказаць, што ты мне добра запаў у душу, далібог!

Гуга. Вы мне таксама туды запалі.

Пыльзак. I давай будзем на «ты»! Я — Фэрда Пыльзак, дык чаго ўжо тут!

Гуга. Ты мне таксама туды запаў, Пыльзачак!

Пыльзак. Паслухай, сябра мой, а ці не пашпрэхаць нам з табой як людзям?

Гуга. Як нармалёвым людзям, Фэрда?

Пыльзак. Ну! Ты як — за?

Гуга. А то ж бо не! Я тут сам сабе ўвесь вечар кажу: во было б файна мне з ім нос да носа паплявузгаць! (Гуга надзявае Пыльзякаў кардонны нос.) Ну, як ваш стары? Шалее?

Пыльзак. Шэрыф? Бзікі ў яго бываюць, але затое хоць упіраецца; ён і цяпер на сваім месцы.

Гуга. Уначы?

Пыльзак. А што ты, уласна, ліквідуеш?

Гуга. Значыць, я магу зараз зазірнуць да яго?

Пыльзак. Ты — да яго?

Гуга. Ці няможна?

Пыльзак. Чаму ж няможна? А навошта, навошта?

Гуга. Ды так... пасядзець, пабалбатаць...

Пыльзак. Зразумела, не буду дапытвацца...

Гуга. Дапытвайся, няма чаго саромецца!

Пыльзак. Можна?

Гуга. Анягож!

Пыльзак. Дык навошта, навошта?

Гуга. Ды так... пасядзець, пабалбатаць...

Пыльзак. Зразумела, не буду дапытвацца...

Гуга. Дапытвайся, няма чаго саромецца!

Пыльзак. Можна?

Гуга. Анягож!

Пыльзак. Дык навошта, навошта?

Гуга. Ды так... пасядзець, пабалбатаць...

Пыльзак. Што ж, былі хібы ў працы Распарадчай службы — усе мы гэта ведаем! Галоўнае, што яна так неяк будзе ў руках прафесіянала...

Гуга. Як ты думаеш, ён не будзе мне ставіць палкі ў колы?

Пыльзак. Гістарычная неабходнасць — гэта гістарычная неабходнасць, ён зразумее. I не такія, бывала, разумелі.

Гуга. Я ж таксама, па сутнасці, звычайны чалавек з плоці і крыві з малаком — і нішто чужое мне таксама не чалавечнае!

Пыльзак. Ты хоць будзеш чулы... неабыякавы да людзей... а гэта файна.

Гуга. Прычым я не люблю пустых слоў і рашуча змагаюся з усялякай балбатнёю!

Пыльзак. Я гэта праўдзіва табе кажу — ты ж мяне, сябра мой, ведаеш!

Гуга. Я ўжо маўчу наконт сухароў, якія хаваюць галовы ў пясок ад вострых праблем...

Пыльзак. Я праўды не баяўся ніколі! Калі гаворка пра справу, асабістыя інтарэсы — ні да чога!

Гуга. Вядома, ён пойдзе мне насустрач — мы ж усе, чорт вазьмі, так неяк дзеці адной чэшскай мамы!

Пыльзак. Абсалютна згодзен! Не трэба толькі звальваць усіх, як кажуць, у адну кучу! У справе ліквідацыі таксама так неяк патрэбны індывідуальны падыход! Возьмем, напрыклад, мяне...

Гуга. Ну, ды няхай... галоўнае, што мне ўдалося стварыць тут сяброўскую неафіцыйную атмасферу, але зараз я і напраўду мушу ісці! Мы ж не апошні раз бачымся — хто ведае, можа, заўтра я буду сваім чалавекам паміж вас!

Пыльзак. Ты ўжо з намі пагамоніш па-свойску...

Гуга. Ну, а пакуль што ты як-небудзь тут сам, без мяне...

Пыльзак. Разумею цябе! Час наш бурлівы... усё ў няспынным руху...

Гуга. Перадыхні...

Пыльзак. Усё імкліва мяняецца...

Гуга. Ды і паспаць можаш: Распарадчыкі, чорт вазьмі, таксама так неяк людзі! Як кажуць у нас у Падрэпску, зловіш зайчаня — будзе тваё! Шах!

Гуга спешна выходзіць. Пыльзак, прыгнечаны, сядае. Павольна заходзяць Ліквідатар і Ліквідатарка. Маўчанне, потым Ліквідатар пачынае няўпэўнена мармытаць свой «даклад». Пыльзак сядзіць нерухома, утаропіўшыся ў адну кропку перад сабою, і не звяртае на іх ніякай увагі.

Ліквідатар. Мы ўжо зблізіліся паміж сабою... апавядалі кожны падрабязна пра розныя факты са свайго асабістага жыцця... кідаліся шышкамі... казыталіся... пхаліся... ціскаліся... я цягаў каляжанку за валасы... каляжанка ў адказ кусанула мяне... але не са злосці! Апроч таго, мы дэманстравалі адно аднаму розныя анатамічныя асаблівасці... і навобмацак... гэта было страшэнна цікава... пры гэтым мы спакойна дакраналіся адно да аднаго... напрыканцы мы нават пару разоў назвалі адно аднаго на «ты»!

Пыльзак. Кіньце! Ну, чаго вылупілі вочы?! Ці вы думаеце, што мне да вас ёсць справа? Ды не, не і не! Вы для мяне нішто! Як бы вас і не было! Я вас ва ўпор не бачу! Ну? Чаго стаіцё? Распарадчая служба ліквідуецца, дык ваша месца там! Бо яшчэ недагледзіце за чым-кольвечы...

Раз’юшаны Пыльзак выходзіць. Ліквідатар яшчэ нейкую хвілю няўцямна вылупвае вочы, потым пачынае цяміць, што было сказана, і радасна пачынае хадзіць сюды-туды па сцэне.

Ліквідатар. Ма-лай-цы! Ма-лай-цы! (Запнуўшыся.) Распарадчая служба ліквідуецца па схеме «А» альбо па схеме «Б»? (Зноў начынае хадзіць сюды-туды.) Не, ну якія малайцы!

Ліквідатарка (сумна). Ты больш нічога не хочаш мне сказаць, Пэпік?

Ліквідатар. Будзь радая, што ўсё стала на месца! I хадзем ліквідаваць, інакш спознімся!

Ліквідатарка пачынае ўсхліпваць і таропка выходзіць, за ёй, радасна ўсміхаючыся, ідзе Ліквідатар. Але не паспелі яны адысці, як на сцэну выбягае раз’юшаны Пыльзак і крычыць ім у твар.

Пыльзак. Калі хочаце ведаць, дык пакуль вы пачняце ліквідоўваць, я ўжо буду ў ложку! У ложку! У ложку! (Раз'юшана высоўвае ім язык.)

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Канцылярыя Распарадчай службы. Пры стале, заваленым паперамі, сядзяць Дырэктар і Ліквідатарка, якая займаецца ліквідацыяй: бярэ ў Дырэктара дакументы і папкі, рэгіструе іх, надлісвае, ставіць на іх штэмпель і складае ў вялізны кош, які стаіць паблізу. Размова ніяк не парушае працэдуры ліквідацыі.

Дырэктар. Паслухайце, каляжанка...

Ліквідатарка. Слухаю вас.

Дырэктар. Ці можна ў вас спытацца пра адну рэч?

Ліквідатарка. Вядома!