Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 42)
Ліквідатарка. Ага, вы ж незамужні!
Ліквідатар. Гэта значыць, шапочуць... не вераб’і... мох... мох лупіць вочы, як два... дзве, два незабуды... гэта значыць, гэтыя — Божа мой! Мне надта цікава, хто прыдумаў гэтую імпрэзу! Зловіш зайчаня — будзе тваё! Ёлупень!
Ліквідатарка. Калега!
Ліквідатар. Прабачце! Вялікая зала «А» — напраўду вялікая! Дзіўлюся смеласці, з якой нам на гэта адкрылі вочы! Глядзіце: верабей!
Гуга. Прабачце, але калі б гадзіну назад імпрэзу з забаўляльным рэквізітам перанеслі ў Вялікую залу «А», чарга б магла быць ужо на сто метраў карацейшая. Калі мы будзем бясконца абсмоктваць даказаную ісціну, што Вялікая зала «А» — напраўду вялікая, то мы адно што заменім адну фразу на другую. А што нам трэба сёння, дык гэта ўчынкі, а не словы! Ніколі не варта страляць з дубальтоўкі па крапіве! Шах!
Ліквідатарка. Рашуча пратэстую! Іншых ісцін не давядзеш! I я не дазволю, каб гэткія нам дарагія ісціны, як тая, што Вялікая зала «А» напраўду вялікая, зламысна прымяншаліся праз згадванне іх нібыта відавочнасці. Не існуе нічога відавочнага, пакуль паміж нас шныпараць апошнія з тых, хто быў бы рады наогул не бачыць нас у ніводнай з залаў!
Ліквідатар. Я гэта, далібог, і меў на ўвазе!
Пыльзак. Ну, што новага ля ўвахода? Як гутарка? Спадзяюся, ладзіцца? Свята ў садзе — забава ўсіх!
Ліквідатар. Дзякуй, ладзіцца...
Ліквідатарка. Ладзіцца...
Пыльзак. I пра што ідзе гаворка?
Ліквідатар. Пра каханне...
Пыльзак. Ну, гэта файна! Каханне, што там ні кажыце, таксама частка чалавечае натуры! А сёння ў чалавеку багаты сусвет пачуццяў, тут з ім не параўнаецца ніякі чалавек мінулага! Але тым больш пільна нам сёння трэба сачыць, каб каханне ў нас не сягала праз пэўныя дапушчальныя межы — інакш каханне абудзіць у людзях сяды-тады і прыступы меланхоліі!
Ліквідатарка. З якімі час ужо радыкальна разабрацца!
Ліквідатар. Зразумела, калі гэта не канструктыўная меланхолія — бо здараецца і такая, таму не варта дзейнічаць механічна, каб разам з дзіцём не выкуліць і начоўку...
Ліквідатарка. Каб толькі пад начоўкай канструктыўнай меланхоліі не хавалася, наадварот, дэструктыўная...
Ліквідатар. У пытанні меланхоліі я аптыміст!
Ліквідатарка. А я супраць таннага гоп-аптымізму!
Пыльзак. Гэта добра, што вы спрачаецеся. Мы сёння павінны спрачацца, не баючыся пры гэтым і супярэчлівых думак... у кожнага, у каго душа баліць за нашу агульную справу, няхай будзе ад адной да трох супярэчлівых думак... як пра гэта выдатна сказана ў рэзалюцыі трыццаць другой канферэнцыі Распарадчыкаў. Вось вы, ці ведаеце, ці ведаеце, што жанчына можа зацяжараць і на Месяцы?
Ліквідатарка. Калі паедзе на месяц у адпачынак...
Пыльзак. Вам усё смешачкі... Чаму б, напрыклад, пра мастацтва не пагаварыць? Вось дзе матэрыялу для дыскусій хоць гаць гаці! Хіба перад нашым мастацтвам не стаіць сёння высокі мур па-д’ябальску складаных праблем?
Ліквідатарка. Я акурат хацела пачаць гаворку пра мастацтва...
Пыльзак. Мастацтва — вось баявое слова! Асабіста я яго так неяк люблю і лічу, што гэта — цымус жыцця. Ну, а наш час наўпрост патрабуе вялікіх драм з паўнакроўнымі герюямі... бескампрамісна смелых краявідаў... сучасны глядач пастаянна прагне ўсё больш сучасных п’ес — усё больш і больш сучасных! Мастацтва павінна зрабіцца арганічнай часткай жыцця кожнага з нас...
Ліквідатарка. Слушна! На самым бліжэйшым пасяджэнні падкамісіі па размежаванні я прачытаю колькі шэдэўраў ліра-эпічнай паэзіі!
Гуга (сам сабе). Ліра-эпічная паэзія...
Пыльзак. Добра, вядома, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні мастацтва, але не варта яго так неяк аднабакова пераацэньваць, каб не зрабіцца ахвярай нездаровага і чужога духу нашых народных святаў эстэцтва. Хіба, напрыклад, перад нашай тэхнікай не стаіць высокі мур па-д’ябальску складаных праблем?
Ліквідатар. Я акурат хацеў пачаць гаворку пра тэхніку...
Пыльзак. Тэхніка — вось баявое слова! Я цвёрда перакананы, што мы жывём у век тэхнікі — магнітаў... тэлефонаў... магнітаў... Пра гэта не мог марыць сам Жуль Вэрнер!
Ліквідатар. Я чытаў нядаўна ў «Дваццаці тысячах лье пад вадой»...
Пыльзак. А мы неўзабаве здолеем чытаць яшчэ на большых глыбінях!
Ліквідатар. Пра адкрыцці капітана Нема...
Пыльзак. Нема! Жуль Вэрнер толькі б нема хапаў паветра перад адкрыццямі нашых капітанаў навукі! Тэхніка павінна зрабіцца часткаю жыцця кожнага з нас...
Ліквідатар. Слушна! На самым бліжэйшым пасяджэнні ліквідацыйна-метадычнай секцыі я прапаную прадумаць магчымасці хімізацыі ліквідатарскай практыкі!
Гуга (сам сабе). Хімізацыя... ліквідатарскай... практыкі...
Пыльзак. Добра, вядома, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні тэхнікі, але не варта яе так неяк аднабакова пераацэньваць, каб не зрабіцца ахвярай згубнага тэхніцызму, што ператварае чалавека ў просты механічны прыдатак безаблічнага свету бяздушнай цывілізацыі. Хіба, напрыклад, перад нашым мастацтвам не стаіць сёння высокі мур па-д’ябальску складаных праблем?
Ліквідатарка. Я акурат хацела пачаць гаворку пра мастацтва...
Пыльзак. Мастацтва — вось баявое слова! Калегі з культуры ведаюць, што робяць, рыхтуючы цыркуляр-абежнік пра наватарства ў мастацтве. Ён пачне дзейнічаць ужо з другога квартала.
Ліквідатарка. Слушна! Мастацтва павінна абуджаць жывую думку наватарскімі эксперыментамі ў галіне формы... імпрэсіянізм і ўсё такое...
Гуга (сам сабе). Імпрэсіянізм...
Пыльзак. Гэта добра, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні мастацтва. Але не варта недаацэньваць таксама і тэхніку!
Ліквідатар. Я акурат хацеў пачаць гаворку пра тэхніку...
Пыльзак. Тэхніка — вось баявое слова! Калегі з прамысловасці ведаюць, што робяць, плануючы запусціць станкі з наступнага квартала.
Ліквідатар. Слушна! Тэхніка проста абавязана браць на ўзбраенне найноўшыя адкрыцці... перыядычная сістэма элементаў...
Гуга (сам сабе). Перыядычная... сістэма... элементаў...
Пыльзак. Гэта добра, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні тэхнікі. Але не варта таксама недаацэньваць мастацтва!
Ліквідатарка. Мастацтва — вось баявое слова!
Пыльзак. Гэта добра, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні мастацтва...
Ліквідатар. Але не варта таксама недаацэньваць тэхніку!
Ліквідатарка. Тэхніка — вось баявое слова!
Ліквідатар. Гэта добра, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні тэхнікі...
Ліквідатарка. Але не варта таксама недаацэньваць мастацтва!
Ліквідатар. Мастацтва — вось баявое слова!
Ліквідатарка. Гэта добра, што вас гэтак бяруць за жывое пытанні мастацтва...
Пыльзак. Досыць ужо! Гэтак мы з вамі так неяк не паразумеемся. Калі вы, нібыта праводзячы шчырую дыскусію, маеце намер старпедаваць сяброўскую атмасферу, якую мне ўдалося стварыць паміж вамі — тым больш калі вы надумалі падкласці міну пад поспех нашага свята ў садзе, дык вам няма чаго рабіць у нашым згуртаваным калектыве! Я тут усялякае абы-што хаваць не збіраюся: я — Распарадчык, а не адвакат! А хто паспрабуе выпендрыцца, дык я тых во гэтымі рукамі як вазьму, што яны паляцяць адсюль — аж закруцяцца ваўчком! Прэч з маіх вачэй, пакуль па-людску не зблізіцеся паміж сабою! Латрыгі!
Гуга (мармыча ціха). Ліра-эпічная паэзія... хімізацыя ліквідатарскай практыкі... імпрэсіянізм... перыядычная сістэма... ліра-эпічная паэзія... хімізацыя...
Пыльзак. Гэй, паслухай — а што ты пра ўсё гэта скажаш?
Гуга. Я? Ды напачатку спрачаліся нібыта цікава, а пасля крыху гэтак збіліся, праўда? (Паўза.) Ну, вядома ж, ужо ад самага пачатку размова набыла, можна сказаць, непажаданы накірунак — пры тым, што яна ішла да канца вакол цікавай і актуальнай праблемы — праўда? (Паўза.) Разумею, на гэта можна глядзець з розных пунктаў, пазіцый і бакоў, але заўсёды трэба ўзважваць усе «за» і «супраць», праўда? (Паўза.) Па сутнасці, абое недзе мелі рацыю, а недзе памыляліся — гэта значыць наадварот, абое памыляліся, і абое мелі рацыю, так? Нібыта так — альбо не? (Паўза.) Так, я таксама думаю, што не, хоць і не думаю, што так. Проста абое неяк крыху забыліся, што ў будучым мастацтва і тэхніка павінны адна адну недзе гарманічна дапаўняць... ліра-эпічная паэзія паспрыяе хімізацыі ліквідатарскай практыкі... перыядычная сістэма элементаў дапаможа развіццю імпрэсіянізму... кожны тэхнічны выраб будзе мець сваю асаблівую адметнасць дзеля стварэння эстэтычнага ўражання... коміны атамных электрастанцый будуць размаляваны нашымі найлепшымі мастакамі-майстрамі краявіду... на глыбіні дваццаць тысяч лье пад вадою адчыняцца агульна даступныя чытальні... дыферэнцыяльныя ўраўненні будуць запісвацца вершамі... на дахах цыклатронаў паўстануць тэатры малых формаў... а ў іх будуць дэкламавацца дыферэнцыяльныя ўраўненні... так неяк па-людску, праўда?
Пыльзак. Гаворыш добра. Так неяк па-людску. I пры гэтым ты на вышыні. Ты мне даспадобы! Прыроджаны Распарадчык! Ну, давай ужо расказвай, калі ты адышоў ад гэтае справы?
Гуга. Маё распарадчыцтва заўсёды было блізкае...
Пыльзак. А чаму ж ты звязаўся з ліквідатарамі? Грэх маладосці?
Гуга. Ды так, бывае, задзьме на чалавека вецер...