реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 41)

18

Ліквідатарка. Але ад нас гэта хавалі, праўда?

Ліквідатар. Але сёння мы не пабаімся на ўвесь голас сказаць: калі аддаць пад забаўляльны рэквізіт Вялікую залу «А»...

Ліквідатарка. ...дык тым болей службоўцаў будзе мець магчымасць забаўляцца, выкарыстоўваючы забаўляльны рэквізіт!

Ліквідатар. Бо сёння нгм няма чаго баяцца забаўляльнага рэквізіту!

Ліквідатарка. А раптам гэта пастка?

Ліквідатар. Каляжанка!

Ліквідатарка. Выбачайце!.. Вялікая зала «А» і напраўду вялікая! Мяне ўражвае смеласць, з якой нам на гэта адкрылі вочы! Ну, а як дома? Як дзеці? Дурэюць, дурэюць?

Гуга. Даруйце, але наколькі Вялікая зала «А» большая за Малую залу «В», настолькі большая колькасць службоўцаў з кардоннымі насамі зможа адначасна забаўляцца. Хто вудзіць рыбу каля Клатаў, таму не трэба бегчы ў ягады! Шах!

Ліквідатар. Ну і што? Сёння не трэба быць надта смелым, каб казаць такое! Няўжо вам незразумела: калі без канца мармытаць даўно сцверджаны факт, што Вялікая зала «А» сапраўды вялікая, мы проста падменім адно выказванне другім. Не-не, сёння вартасць маюць учынкі, а не словы!

Ліквідатарка. Вось гэта, далібог, я і мела на ўвазе!

Заходзіць Пыльзак.

Пыльзак. Ну, што новага ля ўвахода? Як гутарка? Спадзяюся, наладзілася? Свята ў садзе — забава ўсіх!

Ліквідатарка. Дзякуй, наладзілася...

Ліквідатар. Наладзілася...

Пыльзак. Ну і добра! Відаць, мой пачатак надаў вам добрага гумору! Ну, ды дзіва. што — я, д’ябал усіх бяры, у тым, як пачынаць свята, не пачатковец!

Ліквідатарка. I ці часта вы робіце адкрыццё?

Пыльзак. Няма пытання! Бо гэта ж так неяк мая праца. Я прафесійны Распарадчык нарад, канферэнцый і іншых святкаванняў, супрацоўнік Распарадчай службы, спецыяльнасць 02!

Ліквідатар. Варта вам толькі было ўзяць слова, як усе адразу ж уцямілі, што вы па яго ў кішэню не палезеце...

Пыльзак. У мяне шматгадовы досвед у адкрыцці ўрачыстасцей, а што да святаў у садзе, дык я ўжо сапраўдны спец па іх. Пры гэтым распарадчыцтва для мяне так неяк хутчэй патрэба, чым абавязак.

Ліквідатарка. А што, усе Распарадчыкі такія, як вы?

Пыльзак. На жаль, не ўсе. У Распарадчай службе ёсць два лагеры: старыя балбатуны-дагматыкі і мы, моладзь, у якой ёсць пачуццё гумару. Бачыце, у нас таксама ёсць свае ўнутраныя праблемы! Ды хіба ж і вы можаце абысціся без іх! Не-не, пакуль што яшчэ далёка не кожны Распарадчык дасягнуў тых вышыняў, на якіх мы б хацелі яго бачыць!

Ліквідатар. Але ж вы акурат на той вышыні, на якой хацелі б сябе бачыць!

Пыльзак. Я імкнуся дапамагаць калегам, якія не спраўляюцца, паказваючы ім шлях... У рэшце рэшт, галоўнае тое, што Распарадчая служба, нягледзячы на ўсё гэта, так неяк уяўляе сабой адзіны фронт у авангардзе змагання за новы падыход да чалавека!

Ліквідатарка. Нам у вас яшчэ шмат і шмат вучыцца ды вучыцца!

Ліквідатар. Шмат!

Пыльзак. Шмат! Ці чыталі вы маю брашуру «За народнасць святаў у садзе, арганізаваных нашымі ўстановамі»?

Ліквідатарка. Я збіралася якраз...

Ліквідатар. Я таксама...

Пыльзак. Ды вы што, спадарства... тады няма чаго і здзіўляцца... за такімі рэчамі трэба так неяк сачыць — гэта вам не якая-небудзь цягамоціна! У сваёй кнізе я праводжу ідэю, што кожнае свята ў садзе найперш павінна быць падмуркам здаровага, народнага і прытым дысцыплінаванага адпачынку ўсіх службоўцаў. Дарэчы, ваша свята ў садзе мае ўсе перадумовы, каб зрабіцца такім падмуркам.

Ліквідатарка. Дзякуй...

Ліквідатар. Дзякуй...

Пыльзак. Рады быць вам карысным! Мы, Распарадчыкі, вас, ліквідатараў, так неяк усёю душою любім, як гэта ў нас, працавітага люду, ёсць звычка!

Ліквідатарка. Мы, ліквідатары, вас, Распарадчыкаў, таксама.

Пыльзак. Вось бачыце! На пэўным этапе страшэнна важна, каб людзі так неяк наўпрост сказалі адно аднаму, што яны ўсе так неяк людзі. Але жыццё не стаіць на месцы, так што мы не абыдземся абстрактнымі дэкларацыямі! Я, ведаеце, заўсёды так шчыра і кажу: чалавек — ён створаны, каб жыць! Вось і вы таксама павінны — не збаімося гэтага слова — так неяк жыць. Бо жыццё, сябры мае, гэта да ашалення файная рэч. Хіба ж не?

Ліквідатар. Файная...

Ліквідатарка. Да ашалення...

Пыльзак. I хай сабе хтосьці ліквідатар, але ж і ён мае права пажыць быццам бы паўнюткім — разумееце, паўнюткім — жыццём! I ў таго яно не без таго, каб не было хоць маленькага граху — без граху ж і ён не ён! Спадзяюся, у вас абаіх таксама ёсць свае грашкі — інакш мы як бы з вамі і не дамовімся, ведайце гэта! Я з ніякімі папяровымі душамі дачыненняў мець не буду, вось вам маё слова!

Ліквідатарка. Асабіста я маю сякія-такія грахі...

Ліквідатар. Я таксама. Я — амаральная асоба.

Пыльзак. У якім сэнсе?

Ліквідатар. Маю ў хаце непрыстойную фотку.

Пыльзак. Так? А вы?

Ліквідатарка. Я таксама.

Пыльзак. Няма ў вас, спадарства, размаху! Я, шчыра кажучы, цярпець не магу гэткіх сухароў, што хаваюць галовы ў пясок ад гэткіх праблем, як драбок пачуцця ў іхнім жыцці. Хіба, чорт вазьмі, не патрэбная людзям гэткая рэч, як каханне — калі, натуральна, ведаеш, за які канец узяцца? Да д’ябла, няхай усё, усё будзе недзе неяк схоплена ў нашай справе клопату пра чалавека! Як кажуць у нас дома ў Падрэпску, зловіш зайчаня — будзе тваё! Ну, што скажаце?..

Ліквідатарка. Вельмі слушна!

Ліквідатар. Зловіш зайчаня — будзе тваё!

Пыльзак. Ну ды добра ўжо, мне трэба ісці, спраўдзіць, ці ўсё ладзіцца ў садзе. А вы ўжо тут як-небудзь без мяне...

Пыльзак выходзіць; маўчанне.

Ліквідатар. Вы...

Ліквідатарка. Што?

Ліквідатар. Глядзіце — верабей! Лётае... мох цвіце... лугі шапочуць... прырода...

Ліквідатарка. Прабачце?..

Ліквідатар. Я кажу: вераб’і лятаюць... мох цвіце... лугі лупяць вочы...

Ліквідатарка. Так, прырода!

Ліквідатар. Ага, ага. У вас валасы... прыгожыя... залатыя... як лотра... не, як лотаць... а нос, як чырвоная ружа... або як незабудка... белая...

Ліквідатарка. Глядзіце: верабей!

Ліквідатар. Што?

Ліквідатарка. Лётае...

Ліквідатар. А грудзі ў вас... дзве... як дзве гэтыя... дзве крыніцы... (Паўза.) Гэта значыць, прабачце... мячыкі... я хацеў сказаць... прабачце...

Ліквідатарка. Гэта добры...

Ліквідатар. А вочы, як дзве... два... як два гэтыя... два мячыкі... або дзве кветкі лотаці...

Ліквідатарка. А як у вас дома? Як дома?

Ліквідатар. Але ж ведаеце... прырода... або незабудкі...

Ліквідатарка. А як мячыкі? Дурэюць? Дурэюць?

Ліквідатар. Ды не... ды не... цвітуць...