реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 40)

18

Гуга. Гаворыць, мама. Тапарышчам ні на вяршок не закапаеш. Шыявяз... пінжак...

Плудэк і Плудкава пяшчотна цалуюць Гугу.

Плудкава. Дурасліўчык ты маленькі!

Плудэк. Дарагі сыне! Жыццё — не поле, а ты — не ваяр. Уласна кажучы, ты — чэх. Дзе вытрываеш — там і я вытрываю, дзе здрадзіш, там здрадзіш; дзе ўсе будуць — там і мы будзем: ты — мой сын! Хто заблукаў у каноплях, таму дай Божа розуму ў Празе — і няхай будзе тое, што будзе, ва Усебудове! Ты — Плудэк! З Богам! А іначай...

Гуга выходзіць, з’яўляецца Пётра, усе замілавана сочаць за постаццю, якая аддаляецца.

Плудкава.

Падоўжся, о цудоўны міг! Нішто не вечна на лугах зямных. Расстанне: пацалункі, хустка — і званок. Ці вернецца да нас ён, Олда? Але! Адчуўшы радасць ціхай стомы, Шапне: як добра зноў быць дома!

Плудэк (пяе). Ужо каня мне запрагаюць...

Плудкава. Олдржых...

Плудэк. Што?

Плудкава. Ці памятаеш тое лета ў Лугачовіцах? Колькі шалёных планаў тады было ў нашых галовах! Ты збіраўся вучыцца... працаваць... кіраваць... Пётра, куды ты зноў ляціш? Ні хвіліны не можаш пабыць у коле сям’і.

Пётра выходзіць.

Трэба набрацца духу, Олда... Разумееш, адарвацца ад зямлі, распрастаць крылы, карацей кажучы, жыць! Ага, жыць, жыць... у нас будзе новае, лепшае жыццё!

Плудэк. Аброк аброкам, а гарох гарохам. Новае жыццё? Д’ябал усіх забяры, гэта нам пад сілу!

КАНЕЦ ПЕРШАЙ ДЗЕІ

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Уваход у сад, дзе адбываецца свята Ліквідацыйнага камітэта. Пры століку, заваленым паперамі, пячаткамі і інш., сядзяць Ліквідатар і Ліквідатарка, выконваючы функцыі дзяжурных арганізатараў. З’яўляецца Гуга.

Гуга. Дзень добры! Аброк аброкам, а гарох гарохам. Ці ёсць калега Калабіс?

Ліквідатар. Калабіс Ёзэф, які нарадзіўся 2 студзеня 1940 года, Калабіс Вацлаў, які нарадзіўся 18 чэрвеня 1891 года, ці Калабіс Францішак, які нарадзіўся 4 жніўся 1919 года?

Ліквідатарка. Калабіс Францішак, які нарадзіўся 4 жніўня 1919 года, адпрасіўся. Ён чытае лекцыю пра будучыню чалавецтва на сходзе жыхароў дома.

Ліквідатар. Ці не жадаеце зняць пінжак і гальштук.

Ліквідатарка. Вы стаіцё каля галоўнага ўвахода «Б-13». Тут вы можаце набыць адзіны ўваходны білет, які дазваляе бесперашкодна рухацца па тэрыторыі саду і наведваць усе мерапрыемствы ў межах свята Ліквідацыйнага камітэта...

Ліквідатар. Такія, як гутарка начальніка аддзела развіцця пра новыя метады ліквідацыі ў жывапіснай мясцовасці каля сажалкі...

Ліквідатарка. Гумарыстычная віктарына па гісторыі Ліквідацыйнага камітэта ў альтанцы нумар тры...

Ліквідатар. Або слуханне вясёлых гісторый з практыкі пятага аддзела, якія запісаў і зачытаў начальнік пятага аддзела...

Ліквідатарка. Дзе і вам могуць даць слова для выступлення, калі вы не пазней як за два месяцы да пачатку свята падалі яго поўны тэкст з візай прафорга і з медыцынскай даведкай у сакратарыят Аддзела гумару і ў камісію ідэалагічнага кантролю.

Ліквідатар. Атрымаўшы допуск у Аргкамітэце, вы таксама можаце патанцаваць у Вялікай зале «А» ад паловы дванаццатай да дванаццатай і пасля ад дванаццаці сарака пяці хвілін да паловы другой. Перад гэтым Вялікая зала «А» будзе аддадзена ліквідацыйна-метадычнай сесіі, у перапынку — камісіі народных ліквідатараў, а пасля таго — падкамісіі па размежаванні.

Ліквідатарка. Калі ж вы пажадаеце выкарыстоўваць забаўляльны рэквізіт, напрыклад: папяровыя каўпакі, кардонныя насы і іншае, вы можаце пазычыць іх праз сакратара вашага аддзела ў сховішчы і потым забаўляцца гэтым у межах Малой залы «В».

Ліквідатар. Зразумела, не парушаючы чаргі, якая ўжо з раніцы стаіць перад уваходам у Малую залу «В» і якой, на жаль, немагчыма пазбегнуць з прычыны вялікай колькасці тых, хто жадае забаўляцца, выкарыстоўваючы забаўляльны рэквізіт, і з прычыны недастатковай умяшчальнасці Малой залы «В».

Ліквідатарка. Хто дысцыплінаванейшы ў чарзе, той будзе хутчэй на чарзе.

Гуга. Даруйце, але Малая зала «В», напэўна, меншая за Вялікую залу «А». Ці нельга аддаць пад забаўляльны рэквізіт Вялікую залу «А», а пад танцы камісій — Малую залу «В»? Навошта лезці сваім носам у драўніну, калі й сітаўка сама спявае? Шах!

Ліквідатар і Ліквідатарка пераглядваюцца.

Ліквідатарка. На першы погляд, у гэтым ёсць свая логіка...

Ліквідатар. На жаль, толькі фармальная...

Ліквідатарка. Але сутнасць прапановы сведчыць пра элементарнае няведанне некаторых найважнейшых прынцыпаў.

Ліквідатар. Хіба ж вы пагадзіліся б з тым, каб спакойны ход свята парушаўся нейкім дадаісцкім выскаляннем, без якога, напэўна ж, не абыдзецца, калі аддаць такі важны, можна сказаць, галоўны пункт, як Вялікую залу «А», неабавязковым элітарнікам?

Ліквідатарка. Чаму вы, дарэчы, лічыце, што Вялікая зала «А» большая за Малую залу «В»? Навошта ўвесь час хлусіць самім сабе?

Ліквідатар. У Аргкамітэце, напэўна, ведалі, што робяць, калі прызначалі для забаўляльнага рэквізіту Малую залу «В»!

Ліквідатарка. Можа, вы не давяраеце рашэнням Аргкамітэта...

Ліквідатар. Да якога належаць найлепшыя людзі Ліквідкама?..

Ліквідатарка. Старэйшыя, дасведчаныя калегі, якія, калі вас яшчэ і на свеце не было, самааддана ліквідоўвалі...

Ліквідатар. У варунках, якіх вашае пакаленне зусім не ведае.

Заходзіць Пыльзак.

Пыльзак. Ну, што новага ля ўвахода? Як адпачываеце? Як гутарка? Спадзяюся, наладзілася? Свята ў садзе — забава ўсіх!

Ліквідатар. Дзякуй, наладзілася...

Ліквідатарка. Наладзілася...

Пыльзак. Ну і цудоўна! Увогуле, цудоўна, што вы тут, што вось дзяжурыце... і сядайце, калі ласка... будзьце як дома... расслабцеся... можаце нават распрануцца... разуцца... вы ж, чорт вазьмі, так неяк у сваім коле! Ну што, як маё ўступнае слова? Скажыце, нядрэнна? Так, ведаеце, па-простаму, па-народнаму, каб усіх тут так неяк разварушыць. I я ж не знарок гэтак вось па-народнаму — гэта ўва мне так неяк сядзіць. Не магу трываць балбатні і рашуча змагаюся супраць пустых размоў. У мяне гэта так неяк ад прыроды: я звычайны чалавек — плоць і крюў з малаком... як кажуць, такі, як вы ўсе! I, калі ласка, ешце, калі ёсць што есці,— не думаць жа нам пра ўсялякія цырымоніі! Мне ўвогуле нішто чужое не чалавечнае. Але няважна... галоўнае, што мне ўдалося стварыць паміж намі сяброўскую, неафіцыйную атмасферу... Такі я ўжо: дзе ні прыйду, там адразу поўна смеху. А ваш Ліквідкам, вядома ж, карысная ўстанова — са складаным і развітым адміністрацыйным справаводствам. Але пры ўсім пры тым вы дзе-нідзе, глядзіш, ды ўлазіце ў бюракратызм. Гэта заўважылі інстанцыі, пачаліся размовы наверсе — і вось так неяк у выніку было арганізаванае сённяшняе свята ў садзе. Не бойцеся, пакуль што патрабуецца няшмат: каб вы напачатку так як бы палюдску расслабіліся, каб паміж вамі ўзніклі такія як бы добрыя, цёплыя, чалавечыя стасункі і вы так неяк разам адкрыта абдумалі ды абмеркавалі, як вам абнавіцца. Бо ў вас, сябры, жыццё так неяк не гэткае, як у людзей! Ці ведаеце, што зацяжараць жанчына можа і на Месяцы? Калі паедзе на месяц у адпачынак. Мы ж, чорт вазьмі, так неяк дзеці адной чэшскай мамы! Ну ды няхай сабе, мне пара, праверу, ці наладзілася гутарка ў садзе. А вы ўжо тут так неяк без мяне!..

Пыльзак выходзіць; працяглая паўза.

Ліквідатар. Ну, як там дома? Як дзеці? Дурэюць, дурэюць?

Ліквідатарка. Ды не... у мяне дзяцей няма... не...

Ліквідатар. Як гэта, як гэта? Дык вы што, не замужам?

Ліквідатарка. Не, не замужам... а вы?

Ліквідатар. Я таксама... я таксама...

Ліквідатарка. А як дзеці, як дзеці?

Ліквідатар. Ды ведаеце... дурэюць... дурэюць...

Маўчанне.

Ліквідатарка. Паслухайце. Вялікая зала «А»... пасля таго, як прайшоў час, здаецца...

Ліквідатар. Што?

Ліквідатарка. Большая за Малую залу «В»...

Ліквідатар. У новых гістарычных умовах — вядома!