реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 39)

18

Гуга робіць ход і ідзе на другі бок дошкі.

Ну і як гуляецца?

Гуга. Добра, мама. (Робіць ход.) Шах! (Ідзе на другі бок дошкі.)

Плудэк. Ну і як гуляецца?

Гуга. Кепска, тата, кепска. Вельмі кепска!

Гуга робіць ход і ідзе на другі бок дошкі.

Плудкава. Ну і як гуляецца?

Гуга. Цудоўна, мама! (Робіць ход.) Мат!

Плудэк. Што — прайграў?

Гуга. Не, выйграў.

Плудкава. Што — выйграў?

Гуга. Не, прайграў.

Плудэк. Дык выйграў ці прайграў?

Гуга. Тут выйграў, а тут прайграў...

Плудкава. Калі ты тут выйграéш, дык тут прайграéш?

Гуга. А калі я тут прайграю, дык тут я выйграю.

Плудэк. Бачыла, Божка? Замест таго каб выйграць — дык выйграць, а прайграць — дык прайграць, ён лепей недзе крышку выйграе, а недзе — трюхі прайграе.

Плудкава. Такі гулец пойдзе далёка!

Плудэк. Праўда! Раску без пёрка не засмажыш. А чаму? Калі на паваротах гісторыі розныя класы грамадства мяняюцца ролямі, дык сярэднія класы пераадольваюць гэтыя выпрабаванні без праблем, бо іншыя класы не імкнуцца заняць іхняга месца — так што сярэднім класам проста няма з кім мяняцца, і, у выніку, яны робяцца адзінай па-сапраўднаму стабільнай сілай гісторыі. З гэтае прычыны, мой сыне, сярэднія класы надаюць гісторыі еднасці і цэласнасці і якраз робяць яе гісторыяй! Таму найбольш удалыя яе часіны — гэта тыя, што даспелі, каб абапірацца на сярэднія класы, і аддаюць у рукі апошніх свае ідэалы, каб яны ад гэтага часу клапаціліся пра іх як пра свае ўласныя, перадаўшы наступным пакаленням. Без сярэдніх класаў папросту не можа існаваць ніводная эпоха, і, разам з тым, самі сярэднія класы існуць незалежна ад эпохі. А бывае, што і без яе! Ці ты мяркуеш, што зручна страляць па канюках і мець пры гэтым стайню ў Глухаве? То ж бо яно! I адзіная краіна...

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. I адзіная краіна, што можа пражыць без сярэдніх класаў — гэта Японія...

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. I адзіная краіна, што можа пражыць без сярэдніх слаёў — гэта Японія, бо японцаў пакуль што і без таго...

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. I адзіная краіна, што можа пражыць без сярэдніх сдаёў — гэта Японія, бо японцаў пакуль што і без таго не бракуе. Але Японія...

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. Пятая. Але Японія...

Плудкава. А калі ён абяцаў прыйсці?

Плудэк. А дванаццатай. Але Японія — што гэта я хацеў сказаць пра Японію?

Гуга. Ты, напэўна, хацеў сказаць, што, калі своечасова не ацаніць ролі сярэдніх класаў у гісторыі, прыйдуць японцы, якіх пакуль што і без таго не бракуе, прагоняць сярэднія класы з гістарычнай арэны і адправяць у Японію.

Плудкава. А дванаццатай? А раптам ён не прыйдзе?

Плудэк. Слушна, Гуга! Крый цябе Божа перажыць гэты жудасны дзень! (Да Плудкавай.) Калі не прыйдзе ён, прыйдзе хто-небудзь іншы!

Плудкава. Ніхто не прыйдзе! Ніхто не напіша! Ніхто не затэлефануе! Мы адны! Адны на ўсім белым свеце!

Звініць званок.

Гуга. А японцаў чым далей, тым больш. Здаецца, звоняць?

З’яўляецца Пётра.

Плудкава. Пётра, ану ў камору! Калабіс за дзвярыма!

Пётра знікае, з’яўляецца Амалька.

Вам што, даражэнькая?

Амалька. Я нясу вам, пані...

Усе. Пісьмо!

Амалька. Тэлеграму!

Плудэк. Ну, чытайце ўжо!

Амалька (чытае). ДАРАГІ ОЛДРЖЫХ КСК ПРЫЙСЦІ НЕ МАГУ КРП ЗАПРОШАНЫ СЁННЯ УВЕЧАРЫ СВЯТА САДЗЕ ЛІКВІДАЦЫЙНАГА КАМІТЭТА КРП Ці Вы паспелі, Ганначка? Ці Вам не холадна? А што? Зразумела. А палове восьмай, але толькі не маніць! Можна працягваць? ШКАДУЮ КСК СПАДЗЯЮСЯ КСК СУСТРЭНЕМСЯ ІНШЫМ РАЗАМ КРП Вельмі! Вам страшэнна да твару! Гэтаксама выступала і Кантуркава, памятаеце, на рагу. «Вечна пяюць лясы». А ў нядзелю можна выехаць па чарніцы, а? СЯБРОЎСКІМ ПРЫВІТАННЕМ — Ды годзе ўжо вам! Вы ж не з парцаляны! — ФРАНТА КАЛАБІС КРП

Плудэк. Не прыйдзе. Гэта — наш канец! Божка, нас ніхто не любіць!

Плудкава. Не трэба істэрыкі, Олдржых! Калі ён не ідзе да Гугі... кск... дык няхай Гуга ідзе да яго!..

Плудэк. Куды?

Плудкава. На свята ў садзе!

Плудэк. На свята ў садзе! Гуга! Шыявяз, пінжак!

Амалька. Ну, я тады іду... Да пабачэння, значыцца...

У Амалькі няма жадання сыходзіць са сцэны, яна марудзіць.

Плудкава. Нічога, даражэнькая! Я напачатку выконвала і больш сціплыя рюлі.

Амалька. То, пані, былі, аднак, іншыя часіны!

Амалька выбягае са сцэны.

Плудэк. Спадзяюся, Гуга трымаецца з ёю ў межах...

Плудкава. Ці ты, Олдржых, не забыўся, што яна дворнікава дачка?

Плудэк. Тым больш!

Плудкава. А ты, Олдржых, ці не забыўся, які час на дварэ?

Плудэк. Калі так, Гуга заўтра ж прагуляецца з ёю пад руку!

Плудкава. То ж бо яно! Гуга! Шыявяз, пінжак — і марш на свята!

Гуга. Але ж я мушу адыграцца...

Плудэк. Ці чула ты, Божка? Карміў, карміў хамяка, аж во жалейка ўпала ў чарот — і ўсё! Каб Яраш ведаў пра гэта! Адыграцца! Калі чалавечы лёс на шалях! Будучыня сям’і!

Плудкава. Гуга, бацька пра сям’ю гаворыць, а ты нават падняцца не можаш!

Плудэк. Анягож! Прайшоў той час, калі падымаліся! Абодва тады былі дзеці малыя... гойсалі басанож... лавілі матылькоў... чыталі Браніслававы вершы... мы пеставалі іх, як маглі... кавалка не даядалі праз іх...

Плудкава. Супакойся, Олда! Гуга! Жыццё — вялікая шахматная дошка... Ці гэта табе ні пра што не гаворыць?