реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 38)

18

Плудкава. Супакойся, Олда! Ніхто не званіў?

З’яўляецца Пётра.

Плудэк. Не. (Да Гугі.) Дарагі сыне! (Да Плудкавай.) Пачынаць?

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. Другая.

Плудкава. Ужо? Пачынай!

Плудэк. Дарагі сыне!

Гуга (робіць ход). Шах! (Ідзе на другі бок дошкі.)

Плудэк. Дык што, гуляеш, гуляеш?

Гуга. Гуляю, тата.

Плудэк. Ну і як гуляецца?

Гуга. Кепска, тата, кепска.

Плудкава. Пётра, ты б, можа, пакуль што пасядзеў на гарышчы?

Пётра выходзіць.

Хай бы ён быў звычайны інтэлектуал — д’ябал з ім, інтэлектуалы цяпер, здаецца, узаконеныя, дык не, ён задумаў зрабіцца якраз буржуазным!

Плудэк. Гэта ён знарок! (Да Гугі.) Дарагі сыне! Нават кёльнскія гусары не ходзяць па лясах без каўняроў. Яраш думаў пра сваю будучыню і дзеля таго вучыўся, вучыўся і вучыўся. А ты ці задумваўся пра сваю будучыню?

Гуга. Не, тата.

Плудэк. Дык пра што ты тады задумваўся?

Гуга. Я вучыўся, тата.

Плудэк. Ці чула ты, Бажэна?

Плудкава. Супакойся, Олда! Ніхто не званіў?

Плудэк. Не.

Плудкава. Паслухай, Олдржых...

Гуга робіць ход і ідзе на другі бок дошкі.

Ну і як гуляецца?

Гуга. Добра, мама.

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. Трэцяя.

Плудкава. Ён бы мусіў ужо быць...

Плудэк. Відаць, яго нешта затрымала.

Плудкава. Як гэта — затрымала?

Плудэк. Можа, спаткаў каго і загаварыўся...

Плудкава. Каго ж?

Плудэк. Сябра маленства...

Плудкава. Ты ж ведаеш, што ў яго не было маленства!

Плудэк. Маленства не было, а сябры маленства — былі! Ці ты, можа, скажаш, што я — не сябар яго маленства?

Плудкава. Але ж цябе ён не мог спаткаць?

Плудэк. Вось бачыш! Нікуды ён не падзенецца! Пачынаць?

Плудкава. Добра каб... Пачынай!

Плудэк. Дарагі сыне! Хто ведае, дзе ў чмяля джала, таму штаны ніколі закароткія не будуць. Яраша памянеш — Яраш і адгукнецца, у гэтым увесь цымус. У жыцці важнейшы за ўсё погляд на жыццё. Мяркуеш, што нехта пазычыць табе свой?

Гуга. Але, тата. Яраш. (Робіць ход.) Шах! (Ідзе на другі бок дошкі.)

Плудэк. Ці ты чула, Бажэна?

Плудкава. Супакойся, Олда! Дарагі Гуга! Без тапарышча і на вяршок не закапаеш. Таму твой бацька і паклікаў сёння... ну, дык спытайся ў бацькі, каго ён паклікаў сёння!

Гуга. Тата, каго ты паклікаў сёння?

Плудэк. Калегу Калабіса! Ну, спытайся ў маці, хто такі калега Калабіс!

Гуга. Мама, хто такі калега Калабіс?

Плудкава. Школьны сябрук твайго бацькі! Ну, спытайся ў бацькі, што ён рабіў хлопчыкам разам з калегам Калабісам?

Гуга. Тата, што ты рабіў хлопчыкам разам з калегам Калабісам?

Плудэк. Мы разбівалі шыбы!

Плудкава. Прычым у багатых сялян.

Плудэк. Во-во. А спытайся ў маці, кім цяпер стаў калега Калабіс!

Гуга. Мама, кім цяпер стаў калега Калабіс?

Плудкава. На-мес-ні-кам! I твой бацька паклікаў яго...

Плудэк. ...каб ён згуляў з табою ў шахматы...

Плудкава. ...і пры нагодзе...

Плудэк. ...параіў табе...

Плудкава. ...сказаў так, да ведама...

Плудэк. ...як бы ты мог...

Плудкава. ...сёе-тое...

Плудэк. ...у жыцці...

Плудкава. Разумееш, нават вядзьмарка не ходзіць па лясах без каўняра!

Плудэк. Альбо, можа, ты бачыў, каб кёльнскія гусары самі насілі насенне на гарышча?

Гуга. Не бачыў, тата.

Плудэк. Вось бачыш! Ніхто не званіў?

Плудкава. Не.