реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 37)

18

Пані Марцін. Не!

Пан Марцін. Ту!

Пані Сміт. Дой!

Пан Сміт. Гэ!

Пані Марцін. Та!

Пан Марцін. Сю!

Пані Сміт. Дой!

Усе разам, перапоўненыя гневам, равуць адно аднаму ў вушы. Святло гасне. У цемры чуваць з усё больш і больш хуткім тэмпам.

Усе разам. Гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой!

Крыкі раптам сціхаюць. Зноў запальваецца святло. Пані і пан Марціны сядзяць на тых самых месцах, што займалі Сміты ў пачатку п'есы. Спектакль пачынаецца зноў, і Марціны гавораць тыя самыя рэплікі, што і Сміты ў 1-й сцэне.

Тым часам заслона паволі зачыняецца.

КАНЕЦ

Вацлаў Гавэл

Свята ў садзе

П'еса ў чатырох дзеях

Прысвячаецца Яну Гросману

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Гуга Плудэк.

Олдржых Плудэк, яго бацька.

Бажэна Плудкава, яго маці.

Пётра Плудэк, яго брат.

Амалька.

Фэрда Пыльзак, распарадчык.

Ліквідатар.

Ліквідатарка.

Дырэктар Распарадчай службы.

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Кватэра Плудэкаў. У пакоі Плудэк, Плудкава, Пётра і Гуга. Гуга гуляе ў шахматы — вядома ж, сам з сабою: пасля кожнага ходу ён ідзе на другі бок дошкі, задумваецца, пасля робіць ход у адказ.

Плудэк (да Гугі). Дарагі сыне! (Да Плудкавай.) Пачынаць?

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. Дванаццатая.

Плудкава. Ужо? Пачынай!

Плудэк. Дарагі сыне!

Гуга (робіць ход). Шах! (Ідзе на другі бок дошкі.)

Плудэк. Дык што, гуляеш, гуляеш?

Гуга. Гуляю, тата.

Плудэк. Ну і як гуляецца?

Гуга. Кепска, тата, кепска.

Плудкава. Пётра, ты, можа, пакуль што лепш пасядзеў бы ў склепе?

Пётра выходзіць.

Неўзабаве з’явіцца Калабіс; толькі таго й не хапала, каб ён тут сутыкнуўся з Пётрам! Усе кажуць, што Пётра сваім выглядам падобны да буржуазнага інтэлектуала — навошта табе праз яго мець непрыемнасці!

Плудэк. I праўда, Божка! Я ж, д’ябал усіх бяры, з простых сялян, нас было шасцёра дзяцей! Маю пяць бедных родзічаў!

Плудкава. Пётра — паршывая авечка ў сям’і!

Плудэк. Пётра — паршывая авечка. (Да Гугі.) Дарагі сыне! Апірышча народа — сярэднія класы. Ці ведаеш чаму? Вядзьмарка сама насенне на гарышча не носіць! Вунь Яраш хацеў зрабіцца ювелірам — і зрабіўся. Ты неўзабаве скончыш школу. Ці спытаўся ты ў сябе?..

Гуга. Не, тата, не спытаўся.

Плудэк. Ці чула ты, Бажэна?

Плудкава. Супакойся, Олда! Ніхто не званіў?

Плудэк. Не.

Плудкава. Паслухай, Олдржых...

Гуга робіць ход і ідзе на другі бок дошкі.

Ну і як гуляецца?

Гуга. Добра, мама.

Плудэк. Дык што?

Плудкава. Колькі часу?

Плудэк. Першая.

Плудкава. Ён мусіў бы ўжо быць...

Плудэк. Відаць, нешта яго затрымала.

Плудкава. Як гэта — затрымала?

Плудэк. Можа, спаткаў каго і разгаварыўся.

Плудкава. Каго ж?

Плудэк. Сябра па войску.

Плудкава. Ты ж казаў, што ён у войску не быў!

Плудэк. Вось бачыш! Нікуды ён не падзенецца! Пачынаць?

Плудкава. Добра, каб... Пачынай!

Плудэк. Дарагі сыне! Апірышча народа — сярэднія класы. Ці ведаеш чаму? Прывыкшы біцца за камарыныя соты, не пойдзеш таньчыць з казою ў Падмоклі. Яраш заўсёды казаў: жыццё — гэта кніга з чыстымі аркушамі. Ці ты і напраўду не задумваўся, чым яе запоўніць?

Гуга. Не, тата.

Плудэк. Ці чула ты, Бажэна?