реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 35)

18

Пан Сміт. Гм... Гм... вы абое проста замілавальныя, але трошкі... таксама... трошкі...

Пані Сміт. Менавіта.

Пан Марцін. Прабачце мне яшчэ раз, што я ўдакладню сваю думку, але ёсць нейкая брытанская сціпласць, зразумелая і замежнікам, нават спецыялістам, дзякуючы якой, з дазволу сказаць... зрэшты, я кажу гэта не дзеля таго, каб вы...

Мэры. Я хацела б вам расказаць...

Пан Сміт. Не трэба нічога расказваць...

Мэры. О! Трэба!

Пані Сміт. Ідзіце, маленькая мая Мэры, ідзіце сабе паціху ў кухню і чытайце там свае паэмы, перад люстрам...

Пан Марцін. Глядзі ты, я не пакаёўка, а таксама чытаю паэмы перад люстрам.

Пані Марцін. А сёння раніцай, калі ты паглядзеўся ў люстра, ты сябе там не ўбачыў.

Пан Марцін. Таму што мяне там яшчэ не было...

Мэры. Можа, я ўсё ж магла б прачытаць вам паэму?

Пані Сміт. Маленькая мая Мэры, вы страшэнна ўпартая.

Мэры. Дык я тады прачытаю паэму, добра? Назва паэмы — «Агонь», у гонар капітана.

АГОНЬ У лясах блішчалі палікандры, I камень загарэўся, I замак загарэўся, Лясы ўсе загарэліся, Мужчыны загарэліся, Жанчыны загарэліся, I птушкі загарэліся, I рыбы загарэліся, I воды загарэліся, I неба загарэлася, I попел загарэўся, I дым сам загарэўся, Агонь сам загарэўся, Усё ўжо загарэлася, Гарыць, гарыць, гарыць.

Калі яна чытае паэму, Сміты выпіхваюць яе з пакоя.

Сцэна X

Тыя ж без Мэры.

Пані Марцін. Мяне нават мароз па скуры прадзёр...

Пан Марцін. Але ў гэтых вершах ёсць пэўная цеплыня...

Пажарнік. Я лічу іх проста цудоўнымі.

Пані Сміт. Аднак...

Пан Сміт. Вы перабольшваеце...

Пажарнік. Паслухайце, ну сапраўды, ну сапраўды... усё гэта вельмі суб’ектыўна... але гэта мой светапогляд. Мая мара. Мой ідэал... I наогул, я ўспомніў, мне трэба ісці. У вас жа гадзінніка няма, а ў мяне якраз праз тры чвэрткі гадзіны і шаснаццаць хвілін на другім канцы горада будзе пажар. Дык вось — мне трэба спяшацца. Хоць гэта і не нешта ўжо такое асаблівае.

Пані Сміт. А што гэта будзе? Агеньчык у каміне?

Пажарнік. О, нават не. Проста адна паненка ад гарачых слоў пана павінна ўспыхнуць ад сораму, а ў другой будзе лёгкая пякотка ў страўніку.

Пан Сміт. Ну тады мы шкадуем, што вы нас пакідаеце.

Пані Сміт. З вамі было так забаўна.

Пані Марцін. Дзякуючы вам мы цэлую чвэртку гадзіны правялі сапраўды па-картэзіянску.

Пажарнік (ідзе да выхаду, потым спыняецца). Дарэчы, а як там Лысая спявачка?

Агульнае маўчанне, няёмкасць.

Пані Сміт. Яна робіць сабе тую самую прычоску, што і раней.

Пажарнік. А! Ну добра, да пабачэння, панове.

Пан Марцін. Шчаслівай дарогі! I шчаслівага агню!

Пажарнік. Будзем спадзявацца. I вам усім — таксама.

Пажарнік выходзіць. Усе праводзяць яго да дзвярэй і вяртаюцца на свае месцы.

Сцэна XI

Тыя ж без пажарніка.

Пані Марцін. Я магу купіць свайму брату кішэнны нож, а вы не можаце купіць свайму дзеду Ірландыі.

Пан Сміт. Мы ходзім нагамі, а саграёмся з дапамогаю вугалю ці электрычнасці.

Пан Марцін. Той, хто сёння прадасць яйка, заўтра атрымае чайку.

Пані Сміт. У жыцці трэба глядзець праз акно.

Пані Марцін. Можна сесці на крэсла, а ў крэсла гэтага няма.

Пан Сміт. Трэба заўсёды пра ўсё думаць.

Пан Марцін. Столь уверсе, падлога ўнізе.

Пані Сміт. Калі я кажу «так», гэтага не трэба разумець літаральна.

Пані Марцін. Кожнаму свой лёс.

Пан Сміт. Вазьміце кола, палашчыце яго, і яно зробіцца заганнае.

Пані Сміт. Школьны настаўнік вучыць дзяцей чытаць, кошка корміць сваіх малых, калі яны маленькія, малаком.

Пані Марцін. Тады як карова дае нам свае хвасты.

Пан Сміт. Калі я бываю ў вёсцы, мне падабаюцца адзінота і цішыня.