реклама
Бургер менюБургер меню

Альбер Камю – Пры зачыненых дзвярах: драматычныя творы (страница 24)

18

Гарсэн. Папрасіце ў яе.

Iнэса зусім блізка падыходзіць да Эстэлы ззаду, але не дакранаецца. Наступныя рэплікі яна будзе казаць Эстэле амаль на самае вуха. Але Эстэла, стоячы тварам да Гарсэна, які моўчкі глядзіць на яе, будзе адказваць толькі яму, нібыта ён і задае ёй пытанні.

Эстэла. Я вас малю, вы ж абяцалі, Гарсэне, вы ж абяцалі! Хутчэй, хутчэй, я не магу заставацца адна. Вольга павяла яго ў дансінг.

Iнэса. Каго павяла?

Эстэла. П’ера. Яны ўжо танцуюць разам.

Iнэса. А хто гэта — П'ер?

Эстэла. Ды адзін блазнючок. Ён называў мяне сваёю крынічкай. Ён мяне так кахаў. А цяпер яна прывяла яго ў дансінг.

Iнэса. Ты яго любіш?

Эстэла. Яны ўжо сядаюць. Яна ледзь пераводзіць дых. Навошта яна ўздумала танцаваць. Ужо ж не дзеля таго, каб пахудзець. Вядома, не дзеля таго. I вядома, я яго не любіла: яму ж васемнаццаць год, а я ўсё-такі не людаедка.

Iнэса. Тады не звяртай на іх увагі. Што табе да ўсяго гэтага?

Эстэла. Але ён быў мой.

Iнэса. На зямлі нічога больш не належыць табе.

Эстэла. Ён быў мой.

Iнэса. Правільна, быў... Паспрабуй жа завалодаць ім зноў, паспрабуй да яго дакрануцца. А Вольга — можа. Праўда ж? Праўда? Яна можа ўзяць яго за руку, неўпрыкмет, лёгка датыкнуцца да яго калена.

Эстэла. Яна ціснецца да яго сваімі таўшчэзнымі грудзямі, дыхае яму проста ў твар. Малое Пальчанё, беднае Малое Пальчанё, чаму ж ты не засмяешся яму ў твар? Ах! Мне досыць было б аднаго позірку — яна не пасмела б ніколі. Няўжо я сапраўды ўжо — нішто?

Iнэса. Нішто. I на зямлі ад цябе ўжо не засталося нічога: усе тваё — тут. Вось, хочаш гэты паперны нож? Ці бронзавую статуэтку? I вось гэтая блакітная канапа — твая. I я, мая мілая, я таксама твая, назаўжды.

Эстэла. Ах, мая? Ну што ж, дык хто з вас дваіх адважыцца назваць мяне сваёю крынічкай? Вас жа не ашукаеш, вы тут усе ведаеце, што я — дзярмо. Падумай пра мяне, П’еру, думай, думай толькі пра мяне, уратуй мяне; пакуль ты думаеш: мая крынічка, мая дарагая крынічка — я тут толькі напалавіну, я толькі напалавіну вінаватая, бо там, побач з табой — я крынічка, чыстая крынічка. Якая яна чырвоная — як памідор. Божа, гэта ж немагчыма: мы тысячу разоў смяяліся з яе разам. Што гэта за мелодыя? Яна мне так падабалася. А! Гэта ж «Сэнт Луі Блюз». Ну што ж, танцуйце, танцуйце. Як бы вы, Гарсэне, пасмяяліся, каб маглі яе ўбачыць. Няўжо яна так і не даведаецца, што я яе бачу. Я ж цябе бачу! Бачу, з гэтай тваёй раскудлачанаю прычоскай, перакрыўленым тварам, я ж бачу, як ты топчашся па нагах. Са смеху памерці можна. Ану! Хутчэй! Хутчэй! Вось ужо ён яе цягае — ад сябе, да сябе. Як гэта брыдка! Хутчэй! Ён мне казаў: вы такая лёгкая. Ану, ану! (Гаворачы, пачынае танцаваць.) Я ж табе кажу: я цябе бачу. Ёй напляваць, яна танцуе, не зважаючы на мой позірк. Дарагая наша Эстэла! Што «дарагая Эстэла»? Ха, ды па-маўчала б. Ты ж ніводнай слязіны на пахаванні не абраніла. Гэта яна яму кажа: «Дарагая наша Эстэла». Яшчэ мае нахабства гаварыць з ім пра мяне. Ану, не збівацца з такту. Ды ўжо ж не ёй адначасова танцаваць і гаманіць. Што там яна... Не! Не! Не кажы яму гэтага! Я табе яго аддаю, бяры, пакінь яго сабе, рабі з ім, што хочаш, толькі не кажы... (Кідае танцаваць.) Добра. Ну што ж, цяпер можаш яго забіраць. Яна ўсё яму расказала, Гарсэне: пра Ражэ, паездку ў Швейцарыю, пра дзіцё, яна ўсё расказала. «Наша дарагая Эстэла зусім не была...» Але, але, вядома, не была... Ён сумна ківае галавой, але нельга сказаць, каб навіна яго надта ўзрушыла. Ну што ж, цяпер забірай. За доўгія вейкі ды дзявочыя грымасы я з табой спрачацца не буду. Ха! Ён называў мяне сваёю крынічкай, сваім чыстым крышталікам. Вось і разляцеўся крышталік удруз. «Наша дарагая Эстэла». Танцуйце! Танцуйце, чаго ж вы! Трымайце такт. Раз, два. (Танцуе.) Я аддала б усё на свеце, каб на імгненне апынуцца зноў на зямлі, на адно імгненне, і патанцаваць. (Танцуе. Паўза.) Нешта зусім кепска чуваць. Яны пагасілі лямпы — відаць, будзе танга; але чаму яны гэтак глуха граюць? Гучней! О, як усё гэта далёка! Я... я зусім нічога не чую. (Спыняецца.) Усё, назаўжды. Зямля рассталася са мною. Гарсэне, паглядзі на мяне, вазьмі мяне ў свае абдымкі.

Iнэса, стоячы за спінай у Эстэлы, на мігах паказвае Гарсэну, каб той адышоў.

Iнэса (уладна). Гарсэн!

Гарсэн (адступае на крок і паказвае Эстэле на Інэсу). Звяртайцеся да яе.

Эстэла (хапаецца за яго). Не пакідайце мяне! Вы ж мужчына? Ды паглядзіце на мяне нарэшце, не хавайце вачэй: няўжо гэта так цяжка? У мяне залацістыя валасы, дый наогул — быў нават чалавек, які праз мяне скончыў жыццё самагубствам. Я вас малю, ну вам жа ўсё роўна трэба глядзець на нешта. Калі і не на мяне, то на гэтую статуэтку, ці стол, ці канапы. На мяне ж усё-такі глядзець прыемней. Ну, паслухай: я выпала ў іх з сэрца, як птушанё выпадае з гнязда. Падымі мяне, вазьмі ў свае рукі, у сэрца, ты ўбачыш, я буду ва ўсім паслухмяная.

Гарсэн (з сілай адштурхвае яе). Я ўжо сказаў: звяртайцеся да яе.

Эстэла. Да яе? Ды пры чым тут яна — яна ж жанчына.

Iнэса. Я ні пры чым? Але ж, птушанё маё, мілы мой жаўручок, у цябе даўным-даўно ёсць прытулак у маім сэрцы. Не бойся, я буду глядзець на цябе ўвесь час — і не зміргну ні разу. Ты ажывеш пад маім позіркам, як каліўца пад сонечным промнем.

Эстэла. Пад сонечным промнем? Ха! Ды адчапіцеся вы ад мяне нарэшце! Вы ўжо хацелі аднойчы сыграць са мной сваю штуку, але выдатна ўбачылі, што нічога ў вас не выйшла.

Iнэса. Эстэла! Крынічка мая, мой чысты крышталік!

Эстэла. Ваш крышталік? Вось пацеха! Каго вы тут думаеце ашукаць? Кіньце, усе ж ведаюць, што я выкінула сваю дачку праз акно. Крышталік разляцеўся ў пыл на зямлі, ды мне напляваць. Цяпер я проста — шкура, і шкура мая не для вас.

Iнэса. Хадзі, хадзі да мяне. Будзь усім, чым ты хочаш: крынічкаю ці бруднаю вадою — ты ўбачыш сябе ў маіх вачах такой, якой пажадаеш.

Эстэла. Хопіць! Няма ў вас ніякіх вачэй! Ды што ж мне зрабіць, каб ты ад мяне адчапілася? Вось табе!

Плюе Інэсе ў твар. Iнэса адразу адпускае яе.

Iнэса. Ну, Гарсэне! Вы мне за гэта заплаціце!

Паўза. Гарсэн паціскае плячыма і падыходзіць да Эстэлы.

Гарсэн. Дык кажаш, табе патрэбен мужчына?

Эстэла. Мужчына? Не. Ты.

Гарсэн. Толькі не трэба гэтых гісторый. Табе любы падыдзе. Нагадзіўся я — значыць, я. I добра. (Бярэ яе за плечы.) Але ведаеш, ува мне нічога няма, што магло б табе спадабацца: я не блазнюк і танга я не танцую.

Эстэла. Я бяру цябе такога, які ты ёсць. Можа быць, са мною ты пераменішся.

Гарсэн. Сумняваюся. Я... не змагу быць надта ўважлівым. У мяне ёсць іншыя справы, пра якія таксама трэба падумаць.

Эстэла. Якія справы?

Гарсэн. Гэта цябе не зацікавіць.

Эстэла. Тады я буду сядзець у цябе на канапе. I чакаць, пакуль у цябе знойдзецца на мяне час.

Iнэса (выбухае смехам). Ах, сучка! Так і поўзае перад ім! Так і поўзае! Ды ён жа нават зусім не прыгожы!

Эстэла (Гарсэну). Не слухай яе. У яе няма вачэй, яна сляпая, глухая. Яна нічога не значыць.

Гарсэн. Я аддам табе ўсё, што змагу. Гэта не вельмі многа. І кахаць я цябе не буду — ужо надта добра я цябе ведаю.

Эстэла. Але ці жадаеш ты мяне?

Гарсэн. Так.

Эстэла. Гэта ўсё, што мне трэба.

Гарсэн. Ну, тады... (Схіляецца да яе.)

Iнэса. Эстэла! Гарсэн! Вы што — звар’яцелі! Я ўсё ж такі тут!

Гарсэн. Я добра бачу, і што?

Iнэса. Перада мной? Ды вы... вы не можаце!

Эстэла. Чаму не? Я часта распраналася перад сваёй пакаёўкай.

Iнэса (учапіўшыся ў Гарсэна). Пакіньце яе! Пакіньце! Не чапайце сваімі брыдкімі мужчынскімі лапамі!

Гарсэн (груба адштурхвае яе). До! Я не з джэнтльменаў і ўрэзаць не пабаюся, хоць ты і баба.

Iнэса. Вы ж мне абяцалі, Гарсэне, вы ж абяцалі! Я малю вас, вы абяцалі мне!

Гарсэн. Вы самі парушылі нашу дамоўленасць.

Iнэса вырываецца і адыходзіць у глыбіню пакоя.

Iнэса. Рабіце, што хочаце, сіла з вашага боку. Але памятайце: я тут і я ўсё бачу, усё. Я ні на хвіліну не адвяду ад вас позірку; так што давядзецца ўжо вам, Гарсэне, цалавацца з ёй у мяне на вачах. Як я вас абаіх ненавіджу! Кахайцеся, кахайцеся! Мы ў пекле — будзе яшчэ і мая чарга.

Пад час наступнай сцэны яна будзе моўчкі глядзець на іх.

Гарсэн (вяртаецца да Эстэлы і бярэ яе за плечы). Дай мне свае вусны.

Паўза. Гарсэн нахіляецца да Эстэлы і раптам выпростваецца.

Эстэла (з жэстам, які выяўляе прыкрасць). Ах!.. (Паўза.) Я ж казала табе, не трэба звяртаць на яе ўвагі.

Гарсэн. Ужо ж, усё якраз праз яе. (Паўза.) Гомес зноў у рэдакцыі. Яны зачынілі вокны; значыць, ужо зіма. Паўгода. Паўгода, як яны мяне... Я цябе папярэджваў, што буду часам няўважлівы? Яны дрыжаць ад холаду, ніхто не зняў пінжака... Дзіўна: у іх там так холадна, а я тут мучаюся ад спёкі. Ну вось, нарэшце ён пачаў гаварыць пра мяне.

Эстэла. Цяпер гэта надоўга. (Паўза.) Скажы, прынамсі, што ён там гаворыць.

Гарсэн. Нічога. Нічога ён не гаворыць. Падлюга, вось і ўсё. (Напружвае слых.) Проста падлюга. Ну, годзе! (Набліжаецца да Эстэлы.) Зоймемся лепш сабой. Дык ты будзеш мяне кахаць?

Эстэла (усміхаючыся). Хто яго ведае?