Всеволод Нестайко – Тарэадоры з Васюкоўкі (страница 6)
Блакітныя цягнікі імчацца ў тунелі хутчэй за вецер. У падземных залах святлей, чым удзень на выгане. Кожная станцыя, як тэатр.
Але самае галоўнае — эскалатары, дзівосныя прыступкі. Ой, ды ці можна сказаць — прыступкі. Звычайныя прыступкі стаяць, а ты па іх падымаешся. А тут наадварот — ты стаіш, а прыступкі падымаюцца.
Мы з Явам як ступілі на эскалатар, дык ажно папрысядалі ад захаплення. Ну і ну! Падымаешся на прыступках угару, апускаешся ўніз і ні адной нагой нават не кранеш. Нават можаш адну нагу падняць або нават сесці — і ўсё роўна рухаешся.
Нам бы такія драбіны на гарышча. Альбо на тую гару, з якой мы ўзімку на саначках з'язджаем. Цудоўная штука эскалатар!
Вось бы заўсёды сачыць за рознымі падазронымі шпіёнамі ў метро на эскалатары. Вел-л-льмі зручна і прыемна. Стаіш сабе і толькі — зірк! — страляеш вачамі. І нікуды ён, галубчык, не дзенецца, нікуды не шугане, бо ўнізе сядзіць цётка, назірае і ўвесь час гаворыць па радыё: «Грамадзяне пасажыры! Бегаць па эскалатары не дазваляецца! Садзіцца нельга, не дазваляецца! Ставіць рэчы не дазваляецца!..»
Прыехалі мы паціхеньку ўніз, селі ў блакітны цягнік. «Наступная станцыя «Крашчацік»!» — буркнуў нехта па радыё. Дзверы — клац.
Гур-гур — паехалі. Бачым, Кныш з Бурмілам да дзвярэй ціснуцца. Мы таксама — да дзвярэй, толькі да іншых (для канспірацыі!). Не паспелі апамятацца — стоп! Дзверы расчыніліся — станцыя «Крашчацік». Мы ў дзверы — шмыг! Дзверы за намі — клац! І ўсе нашы толькі прамільгнулі ў акне. Ніхто й заўважыць не паспеў, як мы выскачылі. Там на гэтых прыпынках усё робіцца маланкава — не тое што ў цягніку ці на параходзе.
І вось ужо мы, цікуючы за Кнышом і Бурмілам, хаваемся між людзьмі. Выскачылі яны з метро на Крашчацік, перайшлі на той бок і прасцяком у краму «Дынама». Мы — следам. Схаваліся за вялізны, ажно да столі, сноп з бамбукавых вудзільнаў, прытаіліся, глядзім.
Падышлі Кныш з Бурмілам да прылаўка. Нерашуча тупаюць. Бурміла схіліў галаву набок і адным вокам, як варона на костку, пазірае на паліцу.
— Давай, — локцем падштурхоўвае Бурмілу Кныш.
— Ты давай, — павёў плячамі Бурміла.
— Не — ты! Для цябе ж купляем, — настойвае Кныш.
— От, яй-богу! Якая розніца, — зноў перасмыкнуў плячамі Бурміла, хукнуў і толькі тады павярнуўся да прадаўшчыцы, ткнуўшы пальцам на нейкую паліцу: — Дайце мне, калі ласка, вунь тое.
— Што? — не зразумела прадаўшчыца.
Бурміла азірнуўся нервова, як школьнік, які ўпершыню купляе цыгарэты:
— Ды вунь тое... ну... З жабінымі нагамі...
— А-а? Для падводнага плавання, — усміхнулася прадаўшчыца.
Бурміла кіўнуў галавой і скрывіўся, нібыта прадаўшчыца выкрыла яго.
Прадаўшчыца ўзяла з паліцы ласты і маску з трубкай, падала Бурмілу.
У нас з Явам вочы зрабіліся, як колы. Ты глянь!
Пакуль Бурміла прымерваў маску, абмацваў ласты, Кныш ужо выбіў у касе чэк.
— Загарніце!
І зноў, зладзейкавата азіраючыся, быццам яны не купілі, а ўкралі гэтае прычындалле для падводнага плавання, Кныш і Бурміла выйшлі з крамы.
Бачачы, што яны так асцярожна паводзяць сябе, мы не насмеліліся адразу ж пайсці за імі, а вырашылі трохі перасядзець за вудзільнамі.
І тут незнарок мы наваліліся на сноп, тонкі шпагат, якім ён быў перавязаны, як бач лопнуў і... Нібыта бомба ўзарвалася ў краме. Вудзільны з трэскам разляцеліся ва ўсе бакі. Крыкі, войканне, паніка. Мы як апараныя кінуліся прэч.
— Трымайце! Лавіце! Хуліганы! — паляцела нам услед.
Добра, што на Крашчаціку людна, як на футбольным стадыёне. Мы — р-раз! — між людзьмі. Потым Ява мяне за рукаў — цап!
— Не бяжы! Як быццам мы — гэта не мы!
Правільна. Калі за табою гоняцца, бегчы — гэта апошняя справа. Заўсёды трэба ісці спакойна. Тады ў цябе яшчэ й пытацца будуць: «Не бачыў, тут такі прабягаў?» І ты спакайнюсенька можаш адказаць: «Бачыў. Вунь туды пабег».
Няспешна прайшоўшы па Крашчаціку, мы шмыгнулі ў метро. Мы чамусьці былі ўпэўнены, што Бурміла з Кнышом абавязкова пайшлі сюды. Па эскалатары мы ўжо беглі, не звяртаючы ўвагі на радыёцётку. Выскачылі на станцыю: зірк-зірк!
— Вунь, — крыкнуў Ява. І праўда — у дзвярах вагона мільгануў вельветавы пінжак Бурмілы. Мы ледзьве паспелі ўскочыць у суседнія дзверы гэтага вагона. На крайняй лаўцы было вольнае месца і ляжала пакамечаная газета.
Мы схапілі яе, разарвалі напалам, селі і, кожны прыкрываючыся газетай (нібыта чытаем), пачалі касавурыцца адным вокам, цікуючы за Бурмілам. Але каля дзвярэй, дзе ён стаяў, стаяла шмат людзей, і мы бачылі толькі яго вельветавае плячо. «А дзе ж Кныш, што ж гэта яго не відаць? — падумаў я. — Няўжо распрануліся, каб цяжэй было сачыць? У шпіёнскіх кніжках і фільмах заўсёды так робяць».
У вагоне стала светла — цягнік вырваўся з-пад зямлі на паверхню. Станцыя «Дняпро».
Выскачылі мы, захінаючыся газетамі, услед за Бурмілам на перон. Аж глянь. А каб ты быў здаровы! Вельветавы пінжак павярнуўся — і зусім гэта не Бурміла, а нейкі незнаёмы дзядзька з велізарным носам. Цьфу!
— Праваронілі! — з роспаччу прамовіў Ява. Сталі на мосце каля парэнчаў, не ведаем, што рабіць.
Імчаць па прыгажуну мосце блакітныя экспрэсы, легкавыя машыны, грузавікі, аўтобусы. А пад мостам па Дняпры «Метэоры», «Ракеты» на падводных крылах ляцяць, ледзь дакранаючыся да вады. А ў баку ад моста стаяць велічэзныя фігуры — дзядзька рукамі ўзмахнуў, спадарожнік у неба шпурляе, а цётка — галубы падкідае. Пейзаж — якраз з навукова-фантастычнага кінафільма. Любата!
— Можа, яны гэты мост хочуць у паветра пусціць, а мы... — сказаў Ява.
— Ды ну?! — недаверліва прамовіў я.
— А што! Кіно «Аквалангі на дне» памятаеш?
Яшчэ б! Некалькі дзён назад бачылі. Такое шпіёнскае кіно! Пасля яго мне ўсю ноч шпіёны ў аквалангах пад вадою сніліся. Мама казала, што я нават булькаў у сне. І ўсё ж...
— Ды не, — сказаў я. — Наўрад ці...
— А чаму ж яны акваланг купілі? Вось яшчэ мне спарцмены знайшліся!
Тут я нічога не змог сказаць. Сапраўды, з гэтым аквалангам было звязана нешта таямнічае.
Ну навошта, скажыце, калі ласка, спатрэбіўся акваланг немаладым вясковым дзядзькам, якія нават фіззарадкай зроду не займаліся?
Ды яшчэ й як яны куплялі яго! Нібыта штось забароненае, небяспечнае.
— А што б гэта яно такое «дваццаць жалезных»... пра якія яны гаварылі? «Якасць бранябойная...», — задумліва сказаў Ява.
Я перасмыкнуў плячамі.
— Зброя? Гранаты? — прыжмурыў на мяне вока Ява. — І якая тут сувязь — акваланг... дваццаць жалезных?..
І раптам — нібыта маланка бліснула ў галаве.
— Чакай! — кажу, а самога ажно мароз па скуры дзярэ. — Тата калісьці чытаў у часопісе. Расказваў... Дзесьці ў Чэхаславакіі ў нейкім возеры, Чорным, ці што, шпіёны ныралі ў аквалангах. Хацелі падняць са дна, каб паціху вывезці, дваццаць жалезных скрынак. Гэта быў архіў гестапа, які фашысты затапілі, адступаючы. Вельмі важныя дакументы... спісы ваенных злачынцаў. І ў Аўстрыі тая ж пятрушка была, таксама ў возеры і таксама шпіёны з аквалангамі.
— Точна! Яно самае! Ух ты-ы! — загарэўся Ява. — Ну так, «дваццаць жалезных», і «вермахт», і аквалангі...
Ён не дагаварыў, бо ў гэты момант з рэпрадуктара гучна, на ўсю станцыю, пачулася:
— Вучні з вёскі Васюкоўка, якія прыехалі на экскурсію ў Кіеў, Рэнь і Заўгародны, вас чакаюць на выхадзе са станцыі «Дняпро»!
Нібыта хтосьці зверху нас аглушыў, ажно ногі падкасіліся. Так гэта было для нас неспадзявана. Нам здалося, што ўсе гэтыя людзі, якія па станцыі і ўнізе швэндаюцца, усе яны разам на нас паглядзелі.
І мы адразу ж зрабіліся маленькімі-маленькімі і нібыта голымі. Упершыню ў жыцці нашыя прозвішчы называлі па радыё.
— Не бойся, — апамятаўся нарэшце Ява. — Гэта, напэўна, Галіна Сідараўна. Шукае нас. Гайда!
Мы патупацелі да выхаду.
Зірк-зірк. Ні Галіны Сідараўны, ні нашых — ні слыху ні дыху. А стаіць вялізны вусаты міліцыянер. Убачыў нас і адразу:
— Стоп! — падняў руку. — З Васюкоўкі? Рэнь і Заўгародны? Вы мне і патрэбны. Пайшлі.
Вось табе і «не бойся»! Папаліся! За нашы хуліганскія паводзіны ў «Дынама», за тыя вудзільны праклятыя.
Мае ногі прыкіпелі да зямлі і зрабіліся ватнімі — вось-вось на падлогу сяду.
— Ну, пайшлі, чаго ж вы, — азірнуўся міліцыянер. — На руках вас несці, ці што?
Ледзь з месца крануўся.
Выйшлі мы з метро, глядзім — стаіць сіняя машына з чырвонай стужкай на баку, а на той стужцы напісана: «Міліцыя». І вядзе нас міліцыянер да машыны. Адчыніў дзверцы, сказаў: «Сядайце», а сам — каля шафёра. Зняў трубку (радыётэлефон) і гаворыць:
— Таварыш лейтэнант! Дакладвае старшына Палянічка. Хлопцаў знайшоў. Вязу на аператыўнай машыне куды трэба.