реклама
Бургер менюБургер меню

Всеволод Нестайко – Тарэадоры з Васюкоўкі (страница 5)

18

Галіна Сідараўна гаворыць металічным голасам, нібы секачом адсякае:

— Так!.. Зразумела!.. На экскурсію ў Кіеў заўтра яны не паедуць!

РАЗДЗЕЛ ІІІ. Прыгоды ў Кіеве. Нашы падазрэнні ўсё мацнеюць. Старшына Палянічка

Каля школы крыкі і мітусня. У двары стаіць грузавая аўтамашына, упрыгожаная кветкамі і сасновымі галінамі.

На машыне каля кабіны ўжо сядзяць у гурце самыя нецярплівыя вучні. Над імі, як гароднае пугала, узвышаецца даўгалыгі, нязграбны Бурміла. Расстаўляюць апошнія ўслончыкі, крэслы. Школьнікі ланцужком выстраіліся ад школьнага ганка да машыны і перадаюць адзін аднаму крэслы, якія выносіць на ганак Галіна Сідараўна. Усе ўзбуджаныя і вясёлыя. Яшчэ б — гэтую экскурсію ў Кіеў так доўга чакалі. Усе смяюцца, нават без дай прычыны. Усе, акрамя нас: мяне і Явы. Мы стаім каля ганка насупленыя. І як толькі ў дзвярах паказваецца Галіна Сідараўна з новым крэслам, мы адразу ж адкрываем раты і пачынаем:

— Мы ж не хацелі... Мы ненаўмысна, — гундосіць Ява.

— Мы больш не будзем... — гундошу я. Галіна Сідараўна спачатку не звяртае ўвагі, нібыта не чуе, моўчкі знікае ў дзвярах. Потым нарэшце гаворыць:

— Было б нават непедагагічна, каб я вас узяла.

І мы адчуваем — яна ўжо шкадуе нас, яна ж добрая. Трэба каваць, пакуль гарачае.

— Педагагічна, — усклікнуў я. — Мы ж сказалі, што больш не будзем.

— Ну так, педагагічна! — падхапіў Ява. — Нават вельмі педагагічна. Макаранка абавязкова ўзяў бы. Точна!

Галіна Сідараўна адразу хмурыць бровы і холадна гаворыць:

— Не.

І мы разумеем: цяпер ужо ўсё. Перабаршчылі. Настаўнікі не любяць, каб іх вучылі.

Я з трывогай пазіраю на Бурмілу і на Кныша, які пахаджвае каля машыны і раз-пораз лупіць ботам па шыне.

«Няўжо мы застанемся і так і не даведаемся, што яны будуць рабіць у Кіеве?» — думаю я.

І ў галаве маёй зноў узнікаюць загадкавыя таямнічыя словы:

«Затое падаруначак будзеш мець ад немцаў... Вермахт шчодры... Дваццаць жалезных... Якасць бранябойная... Раз — і няма!.. Толькі ж нікому ні-ні».

Раптам Ява тузануў мяне за рукаў: «Гайда! Хутчэй!» — і кінуўся да машыны. Я — за ім. Трэба паспець схавацца пад крэсламі, пакуль Галіна Сідараўна ў памяшканні.

Вядома, усе бачаць гэта і могуць выдаць нас, калі сумленне дазволіць.

Шух! Бы яшчаркі, шмыгнулі мы пад крэслы каля самай кабіны і прытаіліся.

Праз нейкі час пачулі голас Галіны Сідараўны:

— Што, пайшлі? Ну вось і добра, што зразумелі нарэшце. Гэта будзе навукай для ўсіх, хто ахвотнік зрываць урокі і парушаць дысцыпліну. Ну, паехалі.

Вучні з крыкамі пачалі рассаджвацца. І неўзабаве матор завёўся, машына рушыла. Ніхто нас не выдаў. Ёсць усё-такі ў людзей сумленне.

Калі вы хочаце адчуць, як адразу ўсё цела, з ног да галавы, рэагуе на ўдары, то паспрабуйце паехаць па выбоістай дарозе на аўтамашыне, лежачы ў кузаве пад крэсламі. Параўнаць гэта нельга ні з чым. Такое адчувае, магчыма, вось той «язычок» у школьным званку, калі баба Маруся калоціць ім на перапынак ці на ўрок.

«Раз — і няма!.. Якасць бранябойная... Вермахт шчодры!» — білася ў маёй галаве ў такт ударам.

Патыліцай аб сядзенне — ілбом аб кузаў...

Патыліцай аб сядзенне — ілбом аб кузаў...

«Раз — і няма!..

Якасць бранябойная!..

Вермахт шчодры!..»

І ўсё ж чым больш нас малаціла, чым больш шпурляла ўверх-уніз ды з боку ў бок, тым лягчэй рабілася ў нас на душы — бо ўсё далей ад'язджалі мы ад вёскі.

А гэта значыць, тым меней шанцаў, што нас выкрыюць і высадзяць з машыны. Мы толькі сціскалі зубы, каб не войкаць. Нарэшце калатнеча супакоілася і матор весела загурчаў, набіраючы хуткасць, — мы выехалі на асфальтаваную шасейку (гэта ўжо тры кіламетры ад вёскі). І адразу, нібыта завялася ад старцёра, зазвінела песня.

Яшчэ б! Ну дзе вы бачылі, каб людзі ехалі на машыне і не спявалі? Так не бывае. Калі дарога з шоргатам намотваецца на колы і сустрэчныя машыны толькі міма — гух! гух! гух! — песня сама вырываецца з грудзей.

В хору вылучаўся звонкі салаўіны голас Галіны Сідараўны.

Хіба вытрымаеш, калі ўсе спяваюць? І мы з Явам («А, усё роўна не пачуюць у такім хоры!») зацягнулі на ўсё горла.

Эх, хораша! Калі спяваеш разам з хорам, дык здаецца, што гэта дзякуючы табе так прыгожа і зладжана атрымліваецца.

І раптам... Мы так захапіліся, што нават не заўважылі таго моманту, калі ўсе перасталі спяваць. Як высветлілася потым, у той час машына праязджала пад вярбою, што звесіла над дарогай сваё вецце. Усе ў кузаве прыгнуліся, і песня на момант абарвалася. А мы ж былі пад крэсламі і не ведалі пра гэта... Мы цягнулі песню далей, як двое ягнят.

І сярдзітае настаўніцкае: «Ану, вылазьце!» — прагучала для нас, як гром сярод яснага неба.

Пакамечаныя і пацёртыя, мы вылезлі з-пад крэслаў.

— Эх вы! — з пагардаю зірнула на нас Галіна Сідараўна. — Я думала, вы прыстойныя хлопцы. А вы «зайцамі», таемна, падмануўшы мяне... Як... як шпіёны нейкія. Фу!

Я заўважыў, як дрогнуў, ажно падскочыў Ява. Дый у мяне ўнутры ўсё перавярнулася. Нас! Нас назваць шпіёнамі! Нас, якія... Эх!

— Так нядобра, вучні. Падманваць нядобра, — сказаў Бурміла.

«Падаруначак ад немцаў... Якасць бранябойная!..»

Мы з Явам так зірнулі на яго, што калі б можна было паглядам спаліць чалавека, дык ад Бурмілы засталася б толькі жменька попелу.

— Вас трэба было б неадкладна адвезці дахаты альбо высадзіць тут жа, на полі, — сказала Галіна Сідараўна. — Я не зраблю гэта толькі таму, што мы ўжо праехалі трыццаць кіламетраў і не маем права затрымлівацца. Вы паедзеце з намі. Але ведайце — увесь калектыў асуджае вашы паводзіны.

Мы паднялі вочы — калектыў пазіраў на нас весела і ўсмешліва. У калектыву быў добры настрой.

Калектыў хацеў спяваць.

Апусціўшы галаву, мы сказалі:

— Мы больш не будзем.

Калектыў пасунуўся, і мы селі. І адразу ж, як па камандзе, у неба паляцела песня.

Мы з Явам імкнуліся перакрычаць усіх — так стараліся.

Доўга мы ехалі — усе песні, якія ведалі, праспявалі па некалькі разоў. Тройчы спыняліся паесці.

І вось нарэшце даўжэзны мост цераз шырачэнны Дняпро. А па той бок — высокі бераг і званіца выблісквае залатой шапкай на кручы, а каля яе яшчэ залатыя шапкі скупіліся — лаўра, а за ёй тырчыць высачэзная тэлевізійная вышка і грувасцяцца, налазячы адзін на аднаго, будынкі — вялікія, шматпавярховыя... Кіеў! Прыехалі.

Прыгожы горад Кіеў! Прыгажэйшы за ўсе гарады, якія я бачыў.

Сталіца!

— Значыць, так, — кажа Галіна Сідараўна. — Машыну мы пакідаем каля Палаца піянераў і адразу на метро. Згода?

— Урра-а-а! — закрычалі ўсе. Усю апошнюю чвэрць у нашым пятым «Б» толькі й было гаворкі, што пра метро. Чамусьці з усіх кіеўскіх цудаў нас найбольш цікавіла метро.

Вось і цяпер усе ўзрушана загаманілі.

Усе, акрамя нас з Явам. Мы заклапочана пераглядваліся. Нам жа абавязкова патрэбна было прасачыць, што будуць купляць у Кіеве Бурміла з Кнышом. Дзеля гэтага мы маглі пайсці на любыя ахвяры. Але... няўжо мы праз іх не пабачым метро?

Але калі мы пад'ехалі да Палаца піянераў і Галіна Сідараўна засакатала, збіраючы нас каля сябе: «Глядзіце ж, каб ніхто не застаўся, каб ніхто не згубіўся!» — Кныш, падышоўшы да яе, сказаў:

— Мы таксама з вамі на метро. На Крашчацік хочам з'ездзіць. Матэрыі якой купіць...

Я штурхнуў Яву ў бок — парадак!

Гусінай чародкай мы пацягнуліся па вуліцы.

І вось — метро. Ну, скажу я вам, гэта штуко-о-віна! Казка! Навуковая фантастыка.