Владимир Шитик – Камандзіроўка ў сваім горадзе (страница 41)
— А вы адмовіліся б, каб узнікла магчымасць разжыцца на тое, чаго на прылаўках няма?
— Руслан Аляксеевіч, пакінем непатрэбную дыскусію, блат не тэма для яе.— Пугацэвіч быў задаволены: пакуль усё ішло так, як ён задумаў.— Ад вас патрабуецца адказваць на пытанні. Дык хто адрасок падсунуў, так сказаць, спакусіў?
— Вялікі крымінал!
— Руслан Аляксеевіч,— Пугацэвіч паклаў рукі на стол, счапіў пальцы. Хаця і дапускаў, што хлопец будзе трымацца больш упэўнена, чым раней, гэта яго агрэсіўнасць дзівіла.— Вас хто кансультаваў? Адвакат? Калядка? Яны што, раілі ўхіляцца ад пытанняў?
Папроцкі неахвотна выціснуў:
— Дзень нараджэння, госці…
— Паўтараеце сказанае мінулы раз,— папракнуў капітан.— I я помню вашы словы, і ў пратаколе запісана.
— Папрасіў Алега… Самсонава.
— Тады вы казалі, што ён сам прапанаваў.
— Якая розніца?
— Тым болей дзіўна, што вы без дай прычыны круціце.
Упершыню Папроцкі падняў вочы на Пугацэвіча, паціснуў плячамі.
— Увогуле я і сам ведаю, што Самсонаў з шахцёраў — з-пад зямлі дастане,— Руслан усміхнуўся свайму жарту.— А тут Лебедзеў пачуў, што ў нас свята, і параіў, як мне зрабіць бацькам прыемнае.
— Лебедзеў таксама ваш сябра?
— Ну...— пацвердзіў Руслан і раптам пакрыўджана загаварыў: — Не разумею, чаго столькі шуму з-за такой дробязі? Не тое робяць некаторыя, і нічога…
— Дойдзем і да іх,— запэўніў Пугацэвіч і падумаў, што, на жаль, гэта адбудзецца не так хутка, як трэба было б.— Ды не пра іх зараз гаворка. Гэты ваш дружок, як яго? Лебедзеў? Быў заўчора ці ўчора ў вас?
— Не. Заўчора ён з сястрой і яе мужам у тэатры былі, а тады адтуль прама паехалі на пахаванне. Тэлеграма прыйшла: у Святланы, сястры Лебедзева, свёкар раптоўна памёр.— Папроцкі разгаварыўся, адчуўшы, што з тым злашчасным мясам скончана.
— Хто вам сказаў? — Навіна непрыемна ўразіла Пугацэвіча, яна істотна парушала яго, здавалася б, беспамылковую версію. Ды што парушала! Версія трашчала па ўсіх швах.
— Федзька Грыгаровіч, мой знаёмы, калі вам так трэба точнасць, сёння званіў.
Пугацэвіч, чаго з ім даўно не здаралася, разгубіўся. Што рабіць? Калі Лебедзеў быў у тэатры, а ён напэўна там быў, а адтуль, не заходзячы нават дадому, паехаў разам са сваякамі з горада, то не мог ён, па-першае, забраць рэчы з кватэры Філімонавых; па-другае, аднесці іх Папроцкаму. 3 усяго гэтага вынікала, што Руслан — пустая трата часу, хлопца трэба адпускаць, а самому вынаходзіць нейкі іншы шлях. Аднак Пугацэвіч заўсёды стараўся пазбягаць імпульсіўных хадоў, асабліва тады, калі яны перакрэслівалі вялікую папярэднюю працу і заснаваныя на ёй вывады. А ў гэтым выпадку пракідвалася яшчэ адна прычына, з-за якой нельга было раптоўна канчаць допыт. Лебедзеў, які нечакана аказаўся ўбаку, не павінен быў захавацца ў памяці Руслана фігурай, цікавай для міліцыі.
Прыняўшы рашэнне затрымаць Папроцкага крыху яшчэ, Сяргей Антонавіч спытаў:
— Грыгаровіч? Хто ён такі?
— Мой знаёмы,— Руслан не разумеў сэнсу пытанняў, яны здаваліся яму неістотнымі, нязначнымі і таму непакоілі.— Рабочы…
Зазваніў тэлефон, і Руслан змоўк.
Пугацэвіч узяў трубку. Шульжык дакладваў пра ад‘езд Лебедзева.
— Хвіліначку,— сказаў яму Сяргей Антонавіч і папрасіў Папроцкага пачакаць у калідоры, пакуль ён скончыць размову.— Чуў,— ахаладзіў ён гарачнасць оперупаўнаважанага.— Я з Акадэмікам гутару. Добра б ведаць, калі ён вернецца. Зразумеў? А праз гадзіну звяжыся са мной, можа, давядзецца рабіць паварот.
Пагаварыўшы з Вячаславам, капітан не спяшаўся запрашаць Папроцкага. Сядзеў і думаў, як быць далей. I з Папроцкім, і наогул. Нешта ў гэтай сітуацыі выглядала не так, як падказвала логіка. Нейкі скрутак, чамадан, сумка ці што там яшчэ знікла з антрэсоляў менавіта пасля званка інжынера. Пугацэвіч дапускаў супадзенне. Але адказаць пры гэтым на адно важнае пытанне не мог: чаму ў Лебедзева, які рэстараны ставіў вышэй за ўсе тэатры, узнікла жаданне наведаць аперэту? Не з дружбакамі, не з Нінай, якая таксама ў гэты дзень неспадзявана напрасілася ў камандзіроўку, а са сваякамі. А потым, чужы ўвогуле сваяцкім пачуццям, Лебедзеў едзе на пахаванне чалавека, з якім усяго аднойчы, калі толькі Шульжык разведаў гэта дакладна, сустракаўся на вяселлі сястры некалькі гадоў таму назад.
Лебедзеў вельмі хітры і не здольны на такія раптоўныя парывы. Дык ці нельга дапусціць, што гэтыя яго паводзіны маюць нейкі іншы падтэкст? Які? Што яшчэ казаў Гарбаценка пра Лебедзева? Напэўна, прасцей было пайсці да падпалкоўніка Янушкевіча і паглядзець лейтэнантавы данясенні. Аднак Сяргей Антонавіч баяўся, што, перабіўшы думку, потым не ўловіць яе. Павел напісаў столькі, што ён можа зачытацца, звярнуць убок.
Сяргей Антонавіч адкінуўся ў крэсле, заплюшчыў вочы, расслабіўся. Шыю муляў цвёрды рабрысты край спінкі крэсла, гэта не давала засяродзіцца. Ды і Папроцкі чакаў у калідоры… Сяргей Антонавіч устаў і падышоў да акна. Вуліца жыла сваім неспакойным жыццём, і гэта раптам супакоіла яго. Думкі пачалі выстройвацца ў роўны і доўгі ланцуг.
Сяргей Антонавіч убачыў сябе ў кафэ побач з Паўлам і Лебедзевым. Недзе там, ля буфета, кешкалася афіцыянтка Наташа, а тут, за столікам — Сэм. Упэўнены, напышлівы, цынічны. Што ён сказаў Паўлу? А-а… Сяргей Антонавіч задаволена ўсміхнуўся. «Сам наймаю! Зарубі сабе на носе, паэт!» От і добра, наймай, Сямён Лебедзеў, наймай, мы пацікавімся тваімі наймітамі…
Ён выглянуў за дзверы, паклікаў Папроцкага.
— Прабачце, Руслан Аляксеевіч, што затрымаў.
Добразычлівасць старшага оперупаўнаважанага, які хвілін дваццаць таму назад размаўляў суха, насцярожыла хлопца. Ён падазрона пацікавіўся:
— Гэта надоўга? Мне трэба ў адно месца.
— Спадзяюся — не,— адказаў капітан, аднак шматзначна ўдакладніў: — Калі, вядома, вы будзеце шчырым. Дамовіліся?
— Зноў мяса… Каб яно згарэла.
— Навошта так,— усміхнуўся Пугацэвіч.— Вы яго з’елі, і на здароўе. 3 тым мясам скончана. Вы мне лепш скажыце, чаго да вас учора Грыгаровіч прыходзіў?
— Кажаце, успамінаць не будзеце, а самі сочыце,— Руслан разгубіўся.
— Вы ж не злодзей,— паківаў галавой капітан,— навошта нам за вамі сачыць? А пра Грыгаровіча я здагадаўся, ёсць такое слова — інтуіцыя. Чулі? Чаго ён прыходзіў?
— Не ведаю, праўда. Пабыў трохі і пайшоў…
— Спытаў, ці дома бацька, так?
— Так...
— Ясна,— зазначыў Пугацэвіч.— Яшчэ адно: што было ў руках Грыгаровіча?
— Чамаданчык,— ён напружана глядзеў на Сяргея Антонавіча.— Значыць, Федзька…
— Нічога не значыць! — перабіў Пугацэвіч.— Запомніце гэта і нікому ні гуку. Ні пра нашу размову, ні пра свае здагадкі.— Ён пасунуў запоўнены бланк пратакола.— Прачытайце і, калі згодны, падпішыце. Кожную старонку.
Зачыніліся дзверы, а Сяргей Антонавіч усё яшчэ глядзеў на іх, нібы чакаў, што Папроцкі вернецца і нешта растлумачыць, і тады новая загадка перастане быць галаваломкай, набудзе рэальныя рысы.
Цяклі хвіліны. Папроцкі не вяртаўся. Ён, напэўна, нават спяшаўся апынуцца як мага далей ад упраўлення ўнутраных спраў, ад незразумелых і дзіўных пытанняў, якія тут на яго сыпаліся. Увогуле Сяргей Антонавіч мог быць задаволеным, і Папроцкі зараз не быў яму надта патрэбны. У галоўным яго версія, бадай, правільная. Чамаданчык існаваў, яго, не выключана, спрабавалі перахаваць. Па ўсім бачна, Лебедзеў зноў хітраваў: па рэчы паслаў іншага, а сам у гэты час строіў з сябе тэатрала. Потым адправіўся ў неспадзяваную і вельмі своечасовую для яго дарогу. Да Папроцкага таксама не пайшоў сам. Дурань. Выстаўляецца суперменам, а робіць памылкі дылетанта. Сяргей Антонавіч расчаравана паківаў галавой. Нецікавы праціўнік, хаця і павадзіў за нос. Такія прымітыўныя алібі не дапамогуць Лебедзеву выкруціцца. Аднак Сяргея Антонавіча зараз займала не гэта.
Чамадан, відаць, меліся пакінуць у Папроцкіх. На якія два-тры дні. Надзьмутага індыкаватага Руслана абвесці вакол пальца было не цяжка. Ды як на тое, дома быў Русланаў бацька. Для малодшага Папроцкага гэта было вельмі добра, для старшага оперупаўнаважанага Пугацэвіча — не надта. Сядзі цяпер і думай за Грыгаровіча, куды прыстройваць небяспечны пакунак.
Сяргей Антонавіч адчуваў, што адказ павінен быць недзе блізка, варта толькі ў думках паставіць сябе на месца Грыгаровіча, правільна ацаніць яго натуру. Але ў яго гэта не атрымлівалася — не мог уявіць сабе Грыгаровіча. Узбуджаны, Сяргей Антонавіч штуршком падняўся з крэсла і імкліва выйшаў з кабінета.
Павел зразумеў Пугацэвіча з паўслова. Меркаванні капітана пра схованку ў Філімонавых ён ацаніў адразу яшчэ надоечы і цяпер, пачуўшы, што сказаў на допыце Папроцкі, шчыра парадаваўся за свайго старэйшага таварыша. I разам з тым, не тоячыся, пазайздросціў:
— Бліжэй да іх быў я, а разабраліся — вы.
— Не без тваёй дапамогі, лейтэнант, не прыбядняйся. А ў мяне ж усе канцы ў руках. Але не будзем пакуль марыць пра славу, як бы хутчэй вымову не схапіць. Куды, па-твойму, Грыгаровіч падзеў рэчы?
— Яго дзеянні, бадай, не запраграмуеш. Нелагічны ў думках, учынках, дзейнічае пад уплывам эмоцый…
— Будзем зыходзіць менавіта з нелагічнасці.
— Думаю, калі ў Папроцкіх сапраўды выйшла асечка, мог запанікаваць і кінуцца па адрасу, які першым мільгне ў галаве…— Павел гаварыў павольна, разважліва, разумеючы, што ад яго вывадаў залежыць многае, можа, нават поспех усёй аперацыі.
— Назад не панясе?
— Наўрад ці, пабаіцца — напэўна, Лебедзеў папярэдзіў, што кватэра можа быць пад наглядам.