Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 67)
– Ну дык і што?
– А тое, – сказаў Война. – Тое, што сям’я, дзе трымаюцца старых звычаяў, не можа выхаваць юду.
На ганарыстых, напышліва падціснутых вуснах Войны з’явілася раптам няўмелая ўсмешка.
– І яшчэ песня. Там, дзе спяваюць, – ідзі спакойна.
Война дастаў з саквы маленькі клуначак. Корпаўся ў ім.
– Ты мною не пагарджай, хлопец. Ішоў балотам і не помню, як ішоў. У вачах цямнела. Відаць, тады і сцягнула з мяне галіна апошнюю маю надзею. А шукаць у цемры нельга. Ды і яны ішлі, наступаючы мне на пяты. З паходнямі. З сабакамі.
– Хіба сабакі знойдуць у вадзе?
– Добры сабака знойдзе. Ты на чаўне са сваім сабакам паляваў?
– Паляваў.
– Чуе ён, дзе качка?
– Хвалюецца. І я заўсёды гляджу ў той бок.
– Ну вось, – усміхнуўся Война. – Астатняе робіць стрэл. А ім мяне злавіць неабавязкова. За мяне – жывога ці мёртвага – узнагарода тысяча рублёў… Каб у мяне дзве галавы было – адну б абавязкова прадаў. Заваліўся б грашыма.
Доўгая пасма травы ляжала на яго далоні. Падвялай, але яшчэ зялёнай травы.
– Крываўка, – сказаў ён і пачаў жаваць траву.
Выплюнуўшы зялёную кашу на пальцы, ён агаліў нагу.
На сцягне крывавілася шырокая рана. Война палажыў на яе кашу і пачаў уціраць. Скура на яго абліччы з гарчычнай стала зеленаватая.
– Пячэ, – глуха сказаў ён. – Значыць, добра. Значыць, антонаў агонь не прыкінуўся.
Дастаўшы з картуза чорнага пораху, ён змачыў яго слінай і палажыў на рану зверху. Потым перавязаў нагу чыстай белай анучкай.
Алесь глядзеў трохі грэбліва. І Война заўважыў гэта.
– Брыдка, – сказаў ён. – А ты не гідуй. Без гэтага ніводны сапраўдны мужчына не пражыве. Можа, і табе давядзецца некалі, крый божа.
– Мне не давядзецца.
– Не заракайся. Ты што ж, любіш жандараў?
– Не.
– Бачыш. Бацька твой іх не любіць. Дзед. Прадзед не любіў. Усе… Клеткі не любіць ніхто. Кожны, акрамя труса, хоча яе зламаць. А свабоднага чакаюць сіло, раны, смерць.
Знясілены, ён чуйна прылёг на бок.
– І ўсё адно гэта лепей, – прамармытаў ён. – Забіцца кудысь і… здохнуць. Абы не вісець у торбе, як гусь на адкорме… Каб не лез табе кожны брудным пальцам у дзюбу, не торкаў туды арэшкаў… Чым іхнія арэшкі – дык лепей… свая раска ў балоце.
Сплюшчыліся вочы.
– Ты адзін? – спытаў ён.
– Не, там, на грывах, малочны дзедаў брат.
– Угу, – сказаў Война. – Гэты таксама будзе маўчаць. Ты – ідзі да яго. Я паляжу, ачуняю… Мне трэба быць спакойным. І хітрым.
– Можа, прывесці вам каня?
– Го! Гэта далёка… Вельмі далёка. Цяпер мне трэба здабываць другога, каб дабрацца да свайго.
Алесь устаў.
– Я пайду. Я… не скажу нікому.
– Ведаю, – проста сказаў Война.
Ён змоўк. Алесь акінуў вачыма постаць, паклікаў Алму і пайшоў з ёю да ўзлесся.
Лес радзеў. Алесь бачыў, як праменні сонца ўсё часцей прабівалі сваімі дзідамі лістоту, як яны прабіраліся ў самы гушчар, як насустрач ім дымела зямля.
Паміж ім і сонцам клубіліся ў паветры раі мошак, быццам тысячы да чырвані распаленых вясёлых іскрынак, якія вялі і вялі свой трывожны і радасны танец.
…Гісторыя з балотнай пагоняй скончылася зусім нечакана.
Война не мог ведаць, што на яго ў гэты раз паляваў не адзін Мусатаў. Мусатаву прыслалі ў памочнікі чалавека з губерні. Начальству надакучыла няўлоўнасць Чорнага Войны. З гэтым асколкам мінулага паўстання трэба было канчаць. Начальства не гневалася на Апалона Мусатава: яно ведала, што злачынцу ва ўласным доме памагаюць і сцены, што Мусатаў распарадны і дзейны чалавек і не яго правіна ў тым, што бандыт гуляе на волі.
Збіраць чуткі – гэта была не яго справа. Сачыць, распытваць сялян, лавіць краем вуха іхнія размовы павінен сышчык.
Так з’явіўся ў наваколлі Сухадола Мікалай Буланцоў, знаўца сваёй пачэснай і патрэбнай дзяржаве прафесіі, спраўны чалавек год дваццаці.
Буланцову трэба было ўзвысіцца яшчэ больш, чым Мусатаву. Апошні ўжо дасягнуў сяго-таго, а гэты толькі рабіў першыя крокі. Мусатаў усё ж меў дваранства, няхай жабрачае і заняпалае, а Буланцоў паходзіў з кантаністаў, з парыяў, вучаных на медныя грошы, з тых, ніжэй за каго на ўсіх абшарах Расійскай імперыі былі толькі вайсковыя пасяленцы ды яшчэ паншчынныя мужыкі ў вельмі дрэнных паноў.
Сын бітага, хвастанага бацькі, чалавек, дзіцячым светам якога была казарма, а развагаю – дні, калі збеглых праганялі праз зялёную вуліцу, ён прагнуў кар’еры як адзінага сродку пазбавіцца ад навакольных жахаў, ад зубатычын, ад стаяння з цагельнай выкладкай пад ружжом.
Начальства заўсёды мела рацыю. А калі падначаленым і не вельмі салодка пад ягонай грознаю дланню – тым горш для падначаленых. Значыць, трэба ўзвысіцца, каб не пакутаваць ад рукапрыкладства. Трэба стаць незаменным, і тады
Такія былі яго няхітрыя разважанні. Такія самыя, як і ва ўсёй пароды кар’ерыстаў, якой яна была і якой яна будзе.
Нервовы і жоўчны ў душы, але вонкава дысцыплінаваны і разважлівы, Мікалай Буланцоў зразумеў, што Мусатаў бярэцца за справу не з таго канца. Трэба было дакладна ведаць, дзе бывае бандыт, а ганяцца – справа апошняя.
І ён успомніў аб споведзі, аб таямніцы споведзі. А паколькі ніводзін поп, які паважае сябе, не выдасць гэтай таямніцы, ён падумаў, што поп напэўна можа падзяліцца цікавай навіной з дыяканам сваёй царквы. А ў дыякана, вядома, ёсць жонка, якой няма рэзону трымацца асабліва за чужы сакрэт. Гэта, вядома, не датычылася звычайных плётак, але магло датычыцца сур’ёзных выпадкаў.
Усе цэрквы, акрамя царквы ў Раўбічах і Загоршчыне, былі зачынены загадам старога Вежы.
Служылі толькі ў царкве ў Мілым. І там Буланцову пашанцавала. Яму ўдалося ўцерціся ў давер дыяканісе і атрымаць весткі, што Война памагае грашыма сялянам глухой вёскі Янушполе і часам аднаўляе там запасы аўса для свайго каня.
З губерні і з павятовай паліцыі выклікалі людзей, з псярні Кроера ўзялі сабак і непрыкметна атачылі вёску.
Война нарваўся на дванаццатыя суткі. Выйшаў з пушчы проста пад кулі. Тут бы счакаць і браць яго, але пагарачыліся земскія і адкрылі страляніну, калі да сцярожкага чалавека было яшчэ сажняў сорак. Збаяліся падпусціць яго бліжэй.
Паранены Война ўцёк. За ім гналіся тры гадзіны і, ужо ўначы, загналі яго ў балота, залітае вадой. Мокнуць нікому не хацелася, тым больш што ішлі па крывавых слядах, якія цягнуў Война па расянцы і сіўцы. Таму рэквізавалі тры пласкадонкі і з паходнямі рушылі за ім. Верхам паехаў толькі Мусатаў на сваім дэрашы.
Прачасалі ўсё – і дарэмна: ці то не ўбачылі ў цемры, ці то чалавек захлынуўся, ці паспеў вышмыгнуць з балота ў лес, на шчасце, не такі ўжо і вялікі.
Буланцоў па загаду Мусатава ачапіў лясны востраў. Сам Мусатаў астаўся ля балота, ведаючы, што воўк заўсёды кідаецца ад загоншчыкаў туды, дзе, як яму здаецца, нікога няма і дзе яго чакае паляўнічы.
Ён думаў – і ўвогуле рэзонна, – што Война спяшаецца як мага аддаліцца ад балота. Ён не мог уявіць, што рана занадта цяжкая, каб далёка ўцякаць, што яна ў нагу, што толькі апошнімі намаганнямі, з апошніх сіл уцякаў ад іх так доўга чалавек, які вышэй за ўсё ставіў волю.
І Мусатаў астаўся. Злез з каня і прысеў на купіну, ведаючы, што чакаць яму ніяк не менш за гадзіну.
Война бачыў гэта. Ён ляжаў на тым самым месцы, дзе знайшоў яго Алесь, сажняў за трыццаць ад Мусатава. А паколькі для Войны гэта быў адзіны шлях да ўратавання, ён дзейнічаў больш асцярожна і чуйна, чым яго вораг.
Ён папоўз. Папоўз не спяшаючыся, ведаючы, што кожны паспешлівы рух – гэта яго, Войнава, смерць.
Яму пашанцавала. Жандар азірнуўся толькі два разы. Ён ведаў, звер ніколі не бяжыць з лежкі, пакуль не пачуе галасу загоншчыкаў.
Война не хацеў забіваць. Шум да дабра не вядзе. Акрамя таго, яму патрэбен быў спакой на тых пару тыдняў, пакуль ён адлежыцца і ачуняе. Ён ведаў, калі заб’е – улады нагоняць у наваколле столькі сышчыкаў, што гэта будзе канец.
Ён поўз да каня. І калі да дэраша асталося нейкія тры крокі, ён рэзка ўстаў і з апошніх сіл абхапіў каня за шыю. Конь пырхнуў і падаўся трохі ўбок. Мусатаў пачуў пырханне і павярнуўся.
Заслонены конскім целам, стаяў, зусім непадалёку ад яго, той, за кім яны гналіся. І пісталеты былі ў абедзвюх руках Войны. Першы стрэл жандара немінуча зваліў бы каня, і першы стрэл мог быць смяротны для яго, Мусатава, калі ў адказ грымнуць пісталеты ворага.
Гэты не схібіць. Мусатаў, на жаль, занадта добра ведаў ягоны спрыт.
– Мусатаў, – сказаў Война, – пакажы свае козыры.