Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 68)
Зеленаватыя вочы жандара не бегалі. Яны з поўным усведамленнем смяртэльнай небяспекі глядзелі на Войну. Мусатаў у першае ж імгненне цвяроза ацаніў становішча, зразумеў, што Война страляць не будзе, калі не стрэліць ён, Мусатаў, і значыць – не давядзецца плаціць за гульню жыццём.
Таму што ён адразу зразумеў: пройгрыш.
І ён з цвёрдай усмешкай паклаў руку на рукаяць пісталета.
– Казырны кароль, – сказаў ён.
– У мяне туз і дама, – сказаў Война. – Кідай карты.
– Я ведаю, – сказаў Мусатаў. – У цябе дзве біткі, у мяне – адна.
– На шчасце, – сказаў Война.
– На жаль, – сказаў Мусатаў.
– Кідай, – сказаў Война.
– Зараз, – сказаў Мусатаў.
– Вывінці крамень.
– Чаму не, калі ласкавы пан просіць?
Рукі Мусатава вывінцілі крамень і адкінулі яго. Война ведаў цяпер: каб паставіць новы – трэба дзве хвіліны, і пакуль ён не рушыць, Мусатаў не пачне. Значыць, сама менш сто восемдзесят сажняў.
Скрыгочучы зубамі, ён паспрабаваў сесці, сарваўся, адчуваючы, як са скроняў сцякае халодны пот, і зноў, амаль аднымі толькі рукамі, ускінуў у сядло сваё збалелае цяжкае цела.
І адразу ўзяў у шалёны намёт, проста па вадзе, што залівала поплаў, туды, да далёкіх грыў, у пырсках і ўзлётах кропель, у пене.
Цяпер яму, Войну, аніяк нельга было прайграць.
Упадзе ад стрэлу, зваліцца на гэтай роўнядзі – возьмуць голымі рукамі. Так далёка! Так яшчэ далёка да грыў, да выратавальных старыкоў за імі, да плаўняў, зарослых высокімі сітнягамі, да берагоў, зарослых непралазнай крушынай і абвітых хмелем, да Дняпра, за якім яры і лясы!
Стрэл грымнуў далёка за спіной. Мусатаў справіўся за нейкія паўтары хвіліны, нават менш. Усё адно: паміж ім і пісталетам добрых сто шэсцьдзесят сажняў. Ён недасягальны.
У душы Война даў сабе слова ніколі больш не жартаваць. Варта было дэрашу спатыкнуцца – і ў Сухадол прывезці б на гнойных драбінах “труп вядомага бандыта”.
Але ў душы ён ганарыўся, бо ведаў: з Мусатава будуць рагатаць нават ворагі. Таму што ён, слабы і цяжка паранены, абвёў дваццаць загоншчыкаў і вырваўся з кола на кані іхняга начальніка, таго, хто яшчэ некалькі хвілін назад быў упэўнены ў перамозе.
Дэраш вынес конніка на грэбень грады, і адтуль, з вышыні, Война ўбачыў за сабой заліты луг, парушынкі людзей на другім яго краі, а перад сабою зарасці і далёкую-далёкую стужку Дняпра.
ХХV
Гэта быў страшны і цяжкі час.
Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі. Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія.
Казаць – дазвалялася толькі ману, любіць – толькі праваслаўе ды імператара, ненавідзець – толькі вальнадумцаў (якіх ніхто не бачыў, так іх было мала).
Літаратура трымалася на нейкім дзесятку смельчакоў, якіх гналі і распіналі ўсе, пачынаючы ад усерасійскага квартальнага і канчаючы квартальным звычайным. Ды і смельчакі гаварылі часцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё.
Большасць не вытрымлівала і, сказаўшы смелае слова, адразу пачынала дыгаць нагою і прасіць прабачэння, жахацца са сваіх былых перакананняў. “Мёртвыя душы” назвалі “тройчы маною, паклёпам на расійскую рэчаіснасць і ганьбаваннем асноў”.
Вялікія заваёвы чалавецтва імперыя аб’явіла лухтой, праўду – злосным падкопам, іншамысных – злачынцамі, што не хочуць велічы айчыны.
Бог быў падобны на будачніка, а будачнікі – на разбойнікаў.
Шпіцрутэны і смугастыя будкі сталі сімвалам.
Шчаслівых не было.
Усё прыносілася ў ахвяру ідалу дзяржаўнай моцы.
І таму Алесь, які да гэтага жыў у іншым свеце, асабліва балюча ўспрыняў гімназічныя абставіны. Цесна, задушліва, убога па думцы, абмежаваныя настаўнікі.
У будынку доўгія, вельмі змрочныя калідоры са скляпенчатай столлю. Падлогі калідораў і прыступкі сходаў выкладзены чыгуннымі плітамі з візарункам. Пліты адпаліраваныя да бляску пасярэдзіне, а ля сцен чорныя, з цяжкім, як чыгунны галаўны боль, адценнем.
Бразгоча званок. Выйдзеш у калідор, а за адзіным акном не Дняпро, а казённыя гарадскія муры, усе пафарбаваныя ў аднолькавы “іерусалімскі”, а па-простаму, па-малярску, – жоўты колер.
Увесь горад нагадвае казарму або бальніцу. І ад гэтай казарменна-бальнічнай дзейнасці хоць ты ваўком вый.
Ён хацеў быў папрасіць бацькоў узяць яго адсюль, адправіць у іншае месца або за мяжу. Туды пускалі неахвотна, але Вежа мог дабіцца дазволу.
Спачатку гэтаму перашкодзіў гонар.
А потым ён нават узрадаваўся, што не ўцёк. Таму, што Мсціслаў прывёў да яго сяброў: Петрака Ясюкевіча, Усяслава Грыму і Мацея Біскуповіча, сына таго пана Януша, з якім Загорскія ездзілі на Кроеравы “хаўтуры”. Мацей падобны на бацьку як дзве кроплі вады. Ясюкевіч гожы, як дзяўчынка: велікавокі, з валасамі як залатое павуцінне. А Грыма проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, “розум лез наверх”.
З месяц яны прыглядаліся да Алеся, а потым Грыма зайшоў да яго і сказаў, што яны складаюць адну грамаду, што гэтая грамада ставіць сваёй мэтай выхаванне карысных людзей і што яны прапануюць Алесю стаць іхнім таварышам, калі ён таго захоча.
Алесь згадзіўся, і яны ўрачыста прынялі яго пятым членам у “Братэрства чартапалоху і шыпшыны”. Члены яго чыталі недазволенае і спрачаліся да пены на вуснах. І ўсё адно гэта было цікава, бо Грыма даставаў аднекуль такія кнігі, сам выгляд якіх дыхаў недазволенасцю і небяспекай. Даставаў часцей за ўсё на адну ноч, таму чыталі ўголас і спрачаліся аж да позняга зімняга світанку. Гэта было зручна рабіць у кватэры Загорскіх або ў невялікім пакойчыку Грымы, дзе ён жыў адзін.
Чыталі польскія падметныя лісты і перапісаныя ад рукі вершы Міцкевіча, чыталі ранняга Пушкіна і “Ліст да Гогаля”, чыталі, амаль не разумеючы, Фур’е (захапляла ў ім смеласць, а не думкі) і кнігі “Современника”.
Аднойчы трапіў у рукі каліграфічна перапісаны рукапіс “Тараса” – яго таксама зразумелі як забароненую рэч і за адну ноч перапісалі, рагочучы да рэзі ў жываце, каб у кожнага было па экземпляры.
Але гэта было спачатку. Пытанне, пастаўленае перад кожным, патрабавала адказу. Юнакам, амаль дзецям, неадкладна трэба было ведаць, хто яны такія. І тады сталы заваліліся кнігамі па геаграфіі і гісторыі. Алесь шукаў усё, што толькі было магчыма, па гісторыі. На калядныя вакацыі ён спустошыў частку дзедавай бібліятэкі.
За месяц да гэтага рускі флот ураганнай бамбардзіроўкай паслаў страшны агонь на турэцкі порт Сіноп. Неба, караблі, самае мора палалі нястрымна і ўтрапёна. Пачалася сапраўдная вайна, якая павінна была прывесці імперыю на грань краху. Але хлопцам амаль не было да яе справы, бо яны адкрывалі сябе, плакалі над лёсам Ветра, Дубіны і Мурашкі, слухалі аб подзвігах княза Вячка, Міхала Крычаўскага і князя Давіда з Гарадка, сціскалі кулакі, перажываючы бітву на Крутагорскіх палях або сечу на Іваньскіх грывах.
…Перад вачыма падлеткаў, нібы невядомы, уставаў іх родны край. Бясконцыя імшары, пушчы, закінутыя старажытныя гарадкі на балотных астравах, дзе і дагэтуль вісяць на галінах трохсотгадовых дубоў званы. Той змрочны, лясны, тужлівы, але самы родны свет, дзе яны нарадзіліся: Волхава балота, на дзевяноставярстовай гладзі якога гараць балотныя агні, а па берагах знаходзяць рэшткі караблёў ды скамянелыя бярвенні бясконцых дарог, усмактаных на трохсажнёвую глыбіню, Прыпяць і сівавусы Нёман, і багатыя падняпроўскія гарады.
Яны бачылі бязмежныя палавені, якія часам нясуць на сваёй вадзе драўляныя капліцы, асеннія лясы, што палаюць, як грамнічная свяча, і чыстыя крыніцы, у якіх плаваюць лубяныя карцы.
І крыўдна рабілася за спусташэнне, забытыя магілы і забітых людзей, за прыгнёт, за свіст шпіцрутэнаў на Лукішках, за абрыдлівыя паласатыя шлагбаумы, што закрывалі ўсе дарогі і, здавалася, нават шлях да шчасця.
Яны не ведалі яшчэ, што слава чалавецтва не ў мінулым і што біцца трэба не за мінулае, але іхні парыў быў сумленны і чысты.
Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Дрэнная была азіміна, дрэнная была і ярына, бо ў час жніва лілі дажджы і прарастала ў полі нязжатае жыта.
Людзі галадалі і елі хлеб, падобны на торф. Больш-менш чысты хлеб давалі толькі зусім маленькім дзецям. Цар не мог не ведаць гэтага – усе чулі пра данясенне генерал-губернатар магілёўскага, віцебскага і смаленскага Ігнацьева. Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх.
Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння.
І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы.
Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку.
Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос.
Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.
– Ведаеш, Мсціслаў, – сказаў раптам Алесь, – сэрца не вытрымлівае, калі глядзіш на ўсё, што вакол. Так шкада гэтых бедных людзей, гэтую сірату-зямлю.