Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 66)
– Бацька мой аніяк прымірыцца не хоча. Ездзіць стараецца, столькі грошай марнуе. Сказалі: будзе маёнтак – будзем шукаць. То ён прыцэньваецца да якога-кольвек фальварка. Купіць, відаць, сёлета ці трохі потым. А мне дык усё адно. Я ведаю, скуль ідзём. І продкаў ведаю. Я не ніжэйшы за хама, што мною кіруе. А прозва – гаршком назаві, ды ў печку не стаўляй. Калі захачу – і арапам назавуся. Апошні наш мужык больш сумленны за першага з жандараў.
Хлопец гаварыў гэта паважна, але відочна завучана.
– Скуль гэта ты такога набраўся?
– Брат казаў, – з нейкім адразу прасвятлелым тварам сказаў Кастусь. – А ты адкуль?
– А ў мяне дзед.
– Ясна, – сказаў Кастусь. – Вось і ведаем ужо самы першы запавет. Брата і дзеда не чапаць. І панствам не ганарыцца.
– І тут твая праўда, – сказаў Алесь. – А то зусім выйдзе па прыказцы: “Шумі-гудзі, дуброва, едзе князь па дрова”.
Кастусь хораша смяяўся. Белыя зубы вельмі ўпрыгожвалі аблічча. І ўсмешка была шчырая, чыстая. І яшчэ Алесю падабалася, што вочы ў Кастуся былі не зусім сіметрычныя: адно трохі-трохі вышэй за другое. Гэта надавала ягонаму абліччу нейкую незвычайную, уладную і моцную характарнасць.
Гамонячы, яны ішлі бясконцым кірмашом, а вакол іх заліваліся гліняныя свісцёлкі, шалёна круціліся напалову пустыя каруселі, заклікаў у свой балаган дзед з кужэльнаю барадою:
– Заходзьце, браты-сястрычкі родныя, заходзьце, мужы-жонкі зводныя! Дзівосы на калёсах: хлапчук з сажнёвым носам! Марская царэўна! Янка – волат, жарэ адно толькі сырое мяса – па сем фунтаў на дзень. Узгадавала яго мядзведзіха! Ёсць яшчэ дзівосныя звяры… марская свінка і кракадзіл. Той самы, што праглынуў прарока Іёну. Па-біблейску кіт, па-нашаму кракадзіл… Страшны звер… Да нас!… Да нас!
Граў на гарлачах ганчар, і ў адказ яму ляцеў спявучы перазвон крышталю, па якім вадзіў шкляной палачкай гандляр-венгр. Кубракі-мсціслаўцы совалі пад нос людзям кнігі і малюнкі.
– Багаты які кірмаш, – сказаў Алесь.
– Багаты, – адказаў Кастусь. – Толькі ўтратны. Бацька казаў, што летась ледзь прадалі пятую частку ўсяго завезенага. А сёлета яшчэ горш будзе. Бяднеем.
– Чаму так?
– Няма ні грошай, ні хлеба. Зямля збяднела. Лясы высеклі. У рэках вывелася рыба, у пушчах – звер. Раней-то, кажуць, усяго было: і звера, і птушкі, і дзікага мёду. Ідзі сабе, чалавек, у лес, расчышчай ляды. Сам ты сабе гаспадар. А цяпер адзін паратунак – горад. Ды і там… Ну каму тут патрэбны свечкі? Мыла? Вось гэты чай? Або цукар? Чаю мужык не п’е, мыецца ён венікам, вечарам сядзіць пры лучыне.
…Алесь прабыў у Свіслачы яшчэ тры дні. І ўсе гэтыя дні хлопцы не гублялі адзін аднаго з вачэй. Хадзілі па кірмашы, забіраліся ў сутарэнні разбуранага касцёла. Кастусь звадзіў нават свайго новага знаёмага на пасядушкі з песнямі і на гулянку, прысвечаную сярэдзіне кірмашу, пасля якой кірмаш ідзе на спад. А Алесь звадзіў яго ў балаганы, бо з грашыма ў новага знаёмага, відаць, было не густа. Хлопец не манежыўся, але, як то належыць сапраўднаму хлопцу, прымаў кожны знак павагі да сябе з пачуццём нязломнай уласнай годнасці.
І, непрыкметна для саміх сябе, яны пасябравалі за гэтыя дні. Пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё.
Перад развітаннем яны вырашылі, што будуць пісаць адзін аднаму. І гэта было цудоўна: ведаць, што ўпершыню ў жыцці табе ёсць каму пісаць, ёсць для каго заліваць сургучом канверт, ёсць для каго ўзважваць унцыі і залатнікі ліста, ёсць для каго, нарэшце, зусім па-даросламу ставіць у канцы постскрыптум, так сабе, між іншым, як быццам нешта забыў ды раптам і ўспомніў.
XXIV
…Праз год пасля паездкі ў Свіслач, таксама ў жніўні, Алесь накіраваўся разам з малочным братам старога Вежы на апошняе ў гэтым годзе паляванне. Праз тыдзень трэба было ехаць у Віленскую гімназію. Ён здаў экзамены і паступіў адразу ў чацвёрты клас.
Дзяцінства канчалася. Наступала новае жыццё. Шкада было кідаць вольную Загоршчыну, абшары паплавоў і лясоў, свіст качыных крыл… Шкада было мяняць усё гэта на гарадскую цеснату, на гімназічную муштру і зубрэнне, на казённыя муры, на шэры снег у асеннім халодным горадзе.
Бацька выбраў Віленскую гімназію таму, што і сам захацеў пажыць зіму ў вялікім горадзе.
– Гэтак і запсець можна. У мядзведжай глушы.
Трынаццацігадовы хлопец ішоў цяпер з Кандраціем на паляванне, адчуваючы, што ён развітваецца з гэтым сонечным днём, з грывамі сярод азёр і балот, з аблокамі.
Грывы цягнуліся адна за адной. Кандрацію і Алесю трэба было прайсці імі вярсты тры, а потым заглыбіцца ў лес. З аднаго, правага, боку да грыў падыходзілі старыкі Дняпра. Злева цягнуліся залітыя вадою балоты – Равека выйшла з берагоў, – зарослыя шпажнікам, або мечнікам, як завуць яго ў Прыдняпроўі, аерам і высокімі сітнягамі. Там, у раскошы, гадаваліся, пакраквалі і часам цэлымі чародкамі ўзляталі качкі.
Паласа грыў сям-там, у тых месцах, дзе лішка вады пералівалася ў Дняпро, рассякалася пратокамі з чыстай вадой і пясчаным дном. Там можна было падсачыць кулікоў-турухтанаў. А можна было і проста збочыць у балота і ісці, чэрпаючы ваду вышэй халяў, адчуваючы, як цёпла ў ёй нагам, палохаючы качак, якія лянотна ўздымаюцца ў паветра.
– Які гэта бандзюк тут ходзіць?… Рап-рап… Пасядзець спакойна не даюць… Рап… рап…
Кандраці і Алесь ішлі, падзеленыя верхавінай грады, нябачныя адзін для аднаго.
Алесь трымаў стрэльбу напагатове, крочыў па травах насустрач поўным снежным аблокам, цені якіх часам спакойна прапаўзалі па сітнягах, па рабізне сіняй вады, па грывах, па ім самім.
Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. А потым зноў былі травы ды вада, вада ды травы.
Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх несамавітае цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур.
Алма бегла наперадзе, часам азіралася на Алеся. І ўвесь гэты камячок калматай плоці аж дрыжаў ад паляўнічай страсці. А шагрэневы чорны нос лавіў тысячы пахаў: пахі вод, пахі траў, а сярод усяго гэтага – дамавіты пах качкі, дзікаваты павеў дупеля і востры – аж мутарна – смурод вадзянога бугая.
Алесю не хацелася стрэламі парушаць велічна-ласкавай цішыні. І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць і яму. Алма якраз успудзіла з сітнягоў чырка, і Алесь зрэзаў яго. Потым ён збочыў у залітае вадою балота, нават не балота – ногі цяпер адчувалі гэта, – а мокры поплаў, напалову сажня заліты высокай іллінскай вадой.
Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. А потым зноў толькі непрыкметнай змейкай варушыўся мечнік ды далятала з яго характэрнае броханне – жыватом па вадзе – спаніэля.
І раптам гэта броханне сціхла. Цвёрда ведаючы, што, каб гэта быў падранак, Алма на мокрым месцы спаймала б яго і прынесла гаспадару, а не проста віляла задам над здабычай, як гэта робяць спаніэлі на сушы, – Алесь пайшоў туды, дзе замёр у мечніку сабачы бег.
І спыніўся, уражаны. Алма стаяла і глядзела ў хмыз, затоплены вадой.
На галіне, угнуўшы яе сваім цяжарам, віселі над самай вадою вышываныя саквы, якія носяць аўчары, гожыя саквы з чорнага лямцу, расшытага белай воўнай. З адной саквы тырчала рукаяць пісталета, відаць, дарагога, аздобленага старым матавым срэбрам. Не падобна было, каб саквы нехта павесіў: занадта неахайна, на адзін бок, яны звісалі. Схіліся галіны яшчэ трошкі – і пісталет выпаў бы ў ваду. Відаць, нехта проста спяшаўся ўначы цераз балота і, згубіўшы саквы, не меў часу вярнуцца і адшукаць іх у цемры.
Алесь зняў саквы і, перакінуўшы іх цераз левую руку, стаў мераць вачыма: куды бліжэй за ўсё было невядомаму чалавеку выбрацца на сухое.
Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі, над межытокай, барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес, не думаючы аб тым, што Кандраці будзе шукаць яго.
Алма вяла кудысьці, шнырачы ў траве. І вось бяга яе паскорылася, а потым яна стала і насцярожана напялася спінкай.
– Туба, Алма, – шэптам сказаў Алесь.
Расхінуўшы галіны, ён убачыў чалавека. Чалавек ляжаў ніцма, і ногі ягоныя вышэй калень былі аблеплены гразёю, карычневай скарынкай высахлай гразі. Раскінутыя рукі абдымалі зямлю. Густой грывай ляжалі на траве чорныя валасы, перавітыя цэлымі жмуткамі сівога павуціння.
Алесь прысеў над чалавекам на кукішкі і крануў яго за плячо. Крануў і спалохаўся, бо той з раптоўным пакутлівым стогнам кінуўся ўбок, і пад яго целам аказалася стрэльба з прыкладам, залітым крывёй.
Алесь працягнуў чалавеку саквы.
– Твае? – спытаў ён.
І асекся, убачыўшы знаёмы твар.
– Война, – сказаў ён.
Рука чалавека схапіла саквы і пацягнула іх да сябе.
– Чаго ты хапаеш? – сказаў Алесь. – Ты бяры. Адбіраць не буду.
Вочы Войны разглядалі яго з цікавасцю, быццам прыпамінаючы.
– А хто ж гэта табе дазволіў быць такім няветлівым са старэйшымі?
– Ты сам.
– Ого, чаму гэта?
– Зброю згубіў, – з пагардаю сказаў Алесь.
– Гэта ты праўду кажаш, – нечакана згадзіўся Война. – Мужчына раней губляе галаву, а зброю потым.
Са стогнам сеў.
– Але я паранены. Дрэнна мне давялося. Ніколі так дрэнна не было. Каня я пакінуў…
– Што гэта вы мне… расказваеце?
– Я ўспомніў цябе, – сказаў стрымана Война. – Хлопчык у зрэб’і. Дзядзькаваны хлопчык з панскага гнязда.