Пацягнулася да святога,
Як дзiцёнак хворы, зiрнула:
“Можа, гэты мне дапаможа?”
Стаў Мiкола, макаўку пачухаў:
“Брат Касьян, давай дапаможам”.
Тут, як чорт, Касьян раззлаваўся:
“Гэтай падле найлепей здохнуць,
Чым цягаць барану i бярвеннi
Ды жывiцца гнiлою саломай.
Канавал я, цi што, нарэшце?
Хочаш – пэцкай мужыцкiя рукі.
Я прыйду на неба незайманым,
Чыстым стану прад божыя вочы”.
Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, – струны яшчэ замiралi, – амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей.
Тут Мiкола склаў сваю свiтку,
Вогнiшча развёў мiж лаўжамi.
Сеў Касьян да цяпла, рукi грэе,
А Мiкола стаiць ля кабылы,
Мацае ёй бруха рукамi,
Па крыжы далонямi гладзiць…
Каб ля Оршы ён быў канавалам
Паўрубля яму б заплацiлi,
Завалiўся б грашыма Мiкола.
Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха-цiха.
Не спявалi яшчэ i пеўнi,
Як кабыла глыбока ўздыхнула:
Мокры, цёплы белы жарэбчык
Мякка лёг у Мiколавы рукi.
Аж да поўдня чакаў Мiкола,
А пасля ён пагнаў худобу,
I за ёй жарабятка пабегла.
З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне.
Йшлi яны i прыйшлi на паляну.
На паляне – курная хата.
Каля хаты чвэртка валокi
I сухая старая дзiчка.
Стаў Мiкола у лесе i бачыць:
Гаспадар бяжыць да кабылы.
На нагах падраныя поршнi,
Твар змарнелы, на твары слезы.
Адвярнуўся Мiкола i кажа:
“Вось i ўсё, хадзем, брат Касьяне,
Паспяшаем хутчэй на неба,
Дасць нам бог за затрымку па шыi”.
Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома…
Перад богам стаiць Мiкола,
Порткi ў се заляпаны граззю,
На кашулi крывавыя плямы,
Твар знябыты, чырвоныя вочы.
На Мiколу бог раззлаваўся:
“Ля карчмы ацiраўся, вядома,
З дзеўкамi качаўся па гумнах,
Размяжулiлi нос табе хлопцы.
Прэч з вачэй!”
Тут Касьян засмяяўся:
“Што табе я казаў, Мiкола?
Як прыходзiш, каток, на неба, –
Трэба чыстае мець адзенне,
I не варта таго кабыла,
Каб гнявiў ты госпада бога”.
“Пра якую кабылу ты кажаш
Бог спытаў.
I тады Мiкола
Расказаў яму пра кабылу,
Пра зямлю,пра бедныя весi: