18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 6)

18
“Божа, божа, ты бачыш пакуты. Крыж у хлопаў паны здзiраюць, Каб ярмо нацягнуць на шыю. Мужыкi на зямлi азёрнай. Ўсю салому са стрэх паздзiралi, Ўсю кару з сасонак паелi”.

Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.

Бог задумаўся, цяжка, глыбока, I сказаў: “Даруй мне, Мiкола. Я ўсё гэта давеку запомню”. Гнеўна бог зiрнуў на Касьяна: “Чысты ты, Касьян, i прыгожы. Край мой бедны ваўкi раздзiраюць, – Ты ж аб чыстай адзежы дбаеш. А цi думаў ты, браце Касьяне, Што для сэрца майго даражэйшы Нават цёмны, апошнi злодзей. Ён царкву маю абдзiрае, На прастол брудным поршнем лезе, Але лезе з чыстай душою, Бо ад голаду дзецi канаюць I ў яго, i ў яго суседа. Ты пра гэта не думаў, Касьяне, I таму я даю Мiколу Кожны год два вялiкiя святы, Каб Мiколу славiлi людзi, А табе я даю, неразумны, Дзень апошнi, дваццаць дзевяты, Ў лютым месяцы, месяцы гурбаў”.

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.

Тут Касьян, як бабёр, заплакаў: “Божа, божа, за што караеш? Ты пакрыўдзiў свайго святога За адроддзе паршывай кабылы!” I сказаў яму бог спакойна: “А цi думаў ты, браце Касьяне, Што з мячом я з’яўлюся хутка, Што надыдзе пан бог у славе Ратаваць свае белыя землi?

З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.

Час той прыйдзе. I скора прыйдзе. Стане моцным канём жарабятка, I на гэтым канi я паеду Да пачынкаў[5] i хат сялянскiх. Конi iхнiя мала елi, Працавалi, вазiлi цяжка, – Справядлiвасцi ездзiць належыць На мужыцкiх пузатых конях.

Гнеўна ўзвiўся напеў.

А калi на крыж мяне пацягнуць- Мужыкi мяне абароняць. Iм даю я ў лясах дубiны, Iм даю я ў зямлi каменне. А астатняе – самi здабудуць”.

Трывожна-барвяны твар схiлiўся над струнам. А напеў зноў стаў цiхi, амаль нячутны, пагрозны.

Над зямлёю гудзе навальнiца, Над зямлёю халодная злiва. Недзе ў лесе таўсцеюць доўбнi, Недзе ў стайнi расце жарабятка.

Павольна замiраў гук струн. I, пакуль ён сцiх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.

– Дзеда, – шэптам спытаў Юрась, – а дзе тое жарабятка?

I дзед адказаў таксама цiха:

– Хто ведае. Можа, нават i непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды цi мала яшчэ дзе.

I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвiлiна i ён не стрымаецца, ён усхапiўся з месца i кiнуўся па сцежцы.

Павал памкнуўся быў за iм, але рука легла яму на плячо.