реклама
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 171)

18

Раздражнёны да апошняга тым, што Раўбічы ўвесь час лезуць на ражон, стары паклікаў Басак-Яроцкага і Раткевіча і вырашыў з імі выклікаць, пасля Алеся, Франса і пана Яраша, каб усё скончыць адным разам. Еўфрасіння божкала і хапалася за галаву. У доме стаяў крык. Вырашылі, што першы будзе страляцца Вежа, за ім Яроцкі, потым Раткевіч.

I ўсё ж таму, што Вацлаў ледзь не роў, думаючы аб Наталі і аб тым, якую здраду чыняць у адносінах да яе, і яшчэ таму, што Глебавічна хапала ўсіх за рукі, вырашылі счакаць дзень-два і паглядзець, чым усё скончыцца.

Усё гэта было б нават трохі смешна, каб не вынікі, з якімі вярнуліся секунданты.

На аркушы паперы бездакорным почыркам Франса было выведзена:

“Моn рrіnсе, mon humeur portait 1е сасhеt mais concessions faites de mauvaise grace sont les pires que l’on puisse faire”[137].

– Гэта ён мне? А кодэкс? – спытаў Загорскі.

– Ён перадаў гэта Іллі Хаданскаму, той мне, а я вам. Відаць, хацеў яшчэ мацней уразіць, – сказаў Мсціслаў.

– Усё адно гэта нікуды не варта, – паціснуў плячыма Алесь. – Зносіны, няхай і цераз секундантаў, з другім бокам.

Пан Адам крэкнуў:

– А мне здаецца, тут дваістасць ягонага стану. I адчуванне правіны, і жаданне не мірыцца.

– Хто яго секунданты? – спытаў Алесь.

– Ілля Хаданскі і Міхал Якубовіч,- сказаў Выбіцкі.

Ніхто не рашаўся перайсці да ўмоў двабою. Маўчалі.

– Ну,- сказаў урэшце Алесь.

– Без лекара, – сказаў жорстка Мсціслаў. – Права першага стрэлу за намі няма. Жэрабя. Адлегласць паміж бар’ерам – дваццаць крокаў. У выпадку, калі першыя стрэлы вынікаў не дадуць, праціўнікі абменьваюцца другімі і трэцімі – да смерці аднаго.

– Міла, – сказаў Алесь.

– Ты не пратэстуеш? – спытаў пан Адам.

– Нашто, – паціснуў плячыма Алесь.

– Мы нічога не маглі зрабіць, Алесь, – сказаў Маеўскі. – Жэрабя – гэта па-роўнаму. Яны аднолькава патрабуюць смерці як для цябе, так і для сябе.

Адам з’едліва і сумна ўсміхнуўся:

– Вядома, да таго часу, пакуль жэрабя не кінулі. А потым пачынаецца забойства.

Тыя пайшлі. Вечар быў вельмі цёплы і ціхі. Загоршчынскі парк драмаў пад светлымі зорамі.

Заўтра будуць страляцца. На поплаве. Недалёка ад таго месца, дзе сустрэлі на начлезе Войну… Тады яму, Алесю, было адзінаццаць. Цяпер – дваццаць адзін.

Дзіўна, ён ні аб чым не шкадаваў. Што ж, бывае і так…

Ён сеў і напісаў караценькі ліст дзеду, што помніць яго (перашкаджаць дуэлянтам забаранялася, і дзед, відаць, хоць і пакутаваў, вымушаны быў сядзець дома), дзякуе за ўсё.

Другі ліст быў запавет. Палову ўсёй рухомай і нерухомай маёмасці – панам Маеўскаму і Каліноўскаму “на заснаванне той прамыслова-гандлёвай кампаніі, аб якой яны ўтрох марылі”. Адну шостую ўсяго – брату Вацлаву Загорскаму. Другую шостую – Юрыю і Антанідзе Раткевічам, прыпісаным да малодшага роду праз маці, з тым, каб яны карысталіся гэтым роўна і без крыўды. Палову астачы – на стыпендыі студэнтам з Загорскага наваколля, далейшае ўтрыманне школы і багадзельні ў Загоршчыне і дапамогу бедным. Астатняе – Кагутам, Кірдуну і іншым слугам, каб была кампенсацыя за страту службы і забеспячэнне на астатнія гады жыцця… Замежны капітал, тую частку, што належыць асабіста яму,- на дапамогу паэтам, што пішуць на мясцовай мове, стварэнне музея, куды перадае ўсе свае калекцыі, і заахвочванне лінгвістычных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных прац, што датычацца Беларусі.

Вось і ўсё. Душапрыказчыкі – Вежа, Маеўскі і Раткевіч. Кастусю не напісаў. Не зразумее і не ўхваліць.

Кастусю нельга было ўсяго тлумачыць. Ці зразумее Кастусь, як ён, Алесь, заеўся з усім наваколлем, як, не робячы асабістага зла, усё ж стаў ворагам для ўсіх, бо ягоная ідэя была для многіх варожай. Алесь разумеў, гэта не Франс Раўбіч ударыў яго, а падвышанае, хваравітае пачуццё гонару. Напалову мужык па выхаванню, ён міжвольна паўстаў супраць усяго гэтага, супраць стогадовых прымхаў і забабонаў, і гэта яны цяпер забіваюць яго. А ён хоць і мужык, але таксама і князь, і сам аддаваў даніну традыцыям і не можа канчаткова паступіцца дваранінам у сабе: адмовіцца ад дуэлі, выклікаць да сябе агульную пагарду, каб жыць і рабіць далей сваю справу.

Трагедыя? Магчыма. Але колькі ўжо разоў людзей лавілі на тым жа, каб расправіцца. Лавілі, бо яны былі дзецьмі свайго часу і свайго асяроддзя.

Галуа[138], якога так любіў “матэматычны Грыма”. Галуа ледзь паспеў на кавалку паперы ў апошнюю ноч запісаць асноўныя прынцыпы сваёй тэорыі.

Хто яшчэ? Ну, вядома, Пушкін. Чалавек дваццаць першага стагоддзя – і ўсё ж не палічыў за магчымае адмовіцца.

I многія яшчэ будуць так гінуць, не менш годныя, чым Лермантаў. Ёсць, аднак, у гэтым забабоне і другі бок, схаваны пакуль што для ўсіх.

Прыйдзе час, і не будзе тады ўжо кодэкса гонару, не будзе дваран і мужыкоў, не будуць даносіць і кідаць у турмы за вальналюбства і светлыя думкі. Не будзе нават слова “воля”, не будзе нават слова “праўда”, таму што і тое і другое зробіцца звыклым і іншага проста не будзе.

I вось тады асабісты гонар будзе стаяць так высока, што ніхто не асмеліцца абразіць яго словам або дзеяй. Таму што грамадства не можа быць быдлячай чарадой. Не можа яно быць і зборышчам нулёў пры некалькіх адзінках, іначай будзе тое, што цяпер: народы будуць сапці і з налітымі крывёй вачыма лезці адзін на аднаго, каб стаптаць, падпарадкоўваючыся волі адзінкі ці некалькіх адзінак, або, што яшчэ горш, знішчаць свае ж нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль – хай ён будзе з яблыка, кола ці нават з цэлую планету – усё ж нуль.

Алесь уздыхнуў. Не можа быць, каб Каліноўскі не зразумеў гэтага.

Тым больш што і Пушкін і Галуа былі вялікія людзі, і іхняя справа заступалася за іх. А ён, Загорскі, сярэдні чалавек, якіх на Беларусі тысячы.

I калі ён, сярэдні чалавек, не абароніць свайго гонару, хто тады зробіць гэта за яго?

Ён устаў ад папер. Усё было зроблена. Засталося чакаць.

Можна было зрабіць многае ў гэтыя часы. Заснуць – але нашто?

Калі жэрабя дасць першы стрэл Франсу – ён, Алесь, засне надоўга. Калі жэрабя дасць стрэл яму – Алесь паспее выспацца. Ён не будзе літаваць Франса. Сам Франс патрабаваў смерці аднаго, і, хоць шчасця не будзе, у Алеся астанецца вайна за справядлівасць. Да канца. Вайна, у якой няма чаго шкадаваць свайго жыцця.

Можна было з’ездзіць да Вежы. Але стары не паказвае і ніколі не пакажа сваіх пачуццяў. Будзе сухавата-прыязная размова.

Алесь падышоў да краю тэрасы. Дзень і вечар былі нязвыкла гарачыя, ноч таксама дыхала сухасцю. Таму ён яшчэ ўдзень загадаў, каб ягоны ложак вынеслі на гэты вялізны, як зала без сцен і столі, балкон. Ложак астанецца непамяты.

Ён стаў і глядзеў на свет. Дрэвы замерлі. Блішчэла шырокае ўлонне Дняпра. Срэбныя выбухі італьянскіх таполяў пераліваліся. Белыя аркады спускаліся ў парк. Неба высыпала, нечакана для пачатку лета, тысячы зор.

Сямікаляровы агеньчык Капэлы. Лебедзь, распластаўшыся, ляціць у вышыні. Вунь Міцар і Алькор. А далей – туманныя струмені Шляху Продкаў. Кажуць, яны, продкі, спусціліся адтуль і туды ж ідуць пасля смерці.

Пад гэтымі зорамі сэрца раптам не вытрымала. Яно пачало стукаць мацней і мацней.

“Майка… Майка… Майка”, – утрапёна клікала яно.

Было ціха і цёпла. Толькі сэрца калацілася пасярэдзіне гэтага бясконцага і спакойнага абшару. I ён раптам адчуў, што гэта сэрца стала вялікае, як тое, бязмежнае сэрца, і разумее ўсё. Усё на зямлі.

3 глыбінь вялікага сэрца – сусвету ляцеў, усё нарастаючы, пяшчотны і ўсёабдымны кліч-звон:

– Алесь… Алесь… Але-е-есь…

Гэта было ўсюды і ва ўсім. Сусвет сціскаўся.

…Нібы сніў з расплюшчанымі вачыма. Нібы два крылы – а можа, два срэбныя сувеі Шляху Продкаў – леглі на плечы.

– Алесь.

Ён страпянуўся. Рукі былі на ягоных плячах. За ім, абдымаючы яго, стаяла Майка.

– Ты? Як ты…

Задыхаючыся, яна сказала:

– Вылезла праз акно і спусцілася па плюшчы. Яны не ведаюць… Я ўжо больш не магла.

Загорскі ўбачыў драпіну на яе запясці.

– Плюшч не вытрымаў, – сказала яна.

Ён прыпаў вуснамі да гэтай драпіны і правёў імі на ўсю даўжыню:

– Бачыш, прыйшоў і мой час. Тады вярба, цяпер плюшч. Тады я, цяпер ты.

Абняў яе.

“Што ты нарабіла?” – хацеў сказаць ён, але змоўчаў.

Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер ён не мог паводзіцца, як раней. Заўтра ён не будзе страляць, не зможа. Цяпер гэта будзе немагчыма.

Але яна не магла больш. I хіба ён сам не хацеў гэтага? I хіба гэта малая плата: купіць такою цаной усё на зямлі?

I вось яе вочы, і валасы, і рукі, і гнуткія плечы пад ягонымі рукамі. Усё астатняе не мае ні значэння, ні цаны.