Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 170)
Магчыма, і званіў. Але не прыйшоў ніхто. Ці баяліся зайсці? Ці проста разбегліся? Хто мог сказаць, што тут было і што ён адчуваў у апошнія хвіліны.
– Nemesis divina[134], – сказаў Паноў.
Ён быў малады чалавек і любіў ужыць лацінскае слова.
Ісленьеў пакасіўся на яго і нічога не сказаў.
Тры чалавекі стаялі ў вільготным пасля лёгкага дажджу бярозавым гаі.
– Вось што, – сказаў Франс Раўбіч. – Я ўжо сказаў, што мой бацька дрыжыць ад злосці, калі нехта толькі ўспомніць ваша імя, князь. Я не хачу, каб ён памёр, нават калі гэтай бессаромніцы ўсё адно.
Алесь пакасіўся на Міхаліну. Усё было б лепей за гэтае раптоўна перарванае, нібы патаемнае, спатканне. Сустрэліся, і вось на іх выпадкова натрапіў Франс.
– Жонка, якая хоча ўбачыць мужа, бессаромніца? – мякка спытаў Алесь. – Не трэба табе гэтага, Раўбіч.
– Я ўжо сказаў, я не дазволю ёй заганяць у магілу бацьку.
Франс гарачыўся.
– Пану Раўбічу лепей.
– Усё адно… Я даў слова: нават калі з бацькам нешта здарыцца – ты хутчэй будзеш ягонай удавою, чым жонкай. Вось і ўсё.
Майка аж калацілася:
– Слухай, Франс. Што гэта за глупства? Што за злоснасць? Гатовыя жэрці адзін аднаго. Злітуйся ты, урэшце, з мяне, з яго, з сябе, нізкі ты чалавек.
– Майка… – сказаў ён.
Вочы дзяўчыны пашырыліся:
– Я злітавалася з цябе, я пашкадавала бацьку. Але цяпер я шкадую, што я выйшла тады з царквы, паверыла вам.
Алесь узяў яе за плечы і адвёў. Усміхнуўся:
– Сапраўды, Франс. Я тады пайшоў вам насустрач. Але цяпер, калі я разумею, як вы хочаце падманам скарыстацца з маёй дабрыні, я думаю, што я дарэмна пайшоў на гэта. Я заўсёды пачуваў да вас і да пана Яраша толькі самае добрае, хоць часам мне вельмі хацелася добра надаваць асабіста вам па тым месцы, па якім аднойчы, дзіцем, я надаваў вось ёй.
Франса калаціла.
– Выслухайце мяне, – сказаў Алесь. – Я ніколі не думаў “помсціць пагардай”, я для гэтага занадта любіў вас і таму не хацеў крыві. Я прыскакаў на дапамогу пану Ярашу і з удзячнасцю ўзяў бы такую самую дапамогу і ад вас. Вось вам мае тлумачэнні. Vous n’etes pas content?[135]
Міхаліна ўзяла Алеся за плячо і прыхілілася тварам да ягонай рукі.
– Мы вырашылі. Я вырашыла…
– Майка, – сказаў Алесь, – я сам растлумачу гэта Франсу. Ідзі. Помні, аб чым дамаўляліся.
Яна пайшла ў бок раўбічаўскага парку. Мужчыны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.
– То што? – сціснуўшы зубы, спытаў Франс.
Алесь уздыхнуў. Такі ляжаў вакол свет! Так ён іскрыўся і палаў ад дажджу! Што яшчэ было тлу-мачыць?!
– Мы вырашылі, што пачакаем, пакуль пан Яраш не ачуняе канчаткова.
–
– Ну згадзіся, брат, не табе ж гэта вырашаць, – на Алеся напаў гумар. – Самае большае, што дазваляе наша з табою сваяцтва, гэта напіцца разам да зялёнага змія…
– Мы далі слова, – Франс бялеў. – Яна сама дала слова Хаданскім.
– Раней за ўсё яна дала слова мне.
– Хто агалосіў яго?
– То ты лічыш, што слова, дадзенае перад богам, – лухта, а перад людзьмі – усё?
– Мы жывём не сярод багоў.
Чорт пацягнуў Алеся за язык:
– На жаль, і я за апошні час усё часцей пераконваюся ў гэтым.
Франс закусіў губу.
– Ну вось, – сказаў Алесь. – Дальбог, Франс, падумай ты, урэшце, хоць раз не аб сваім дурным гонары, а аб яе шчасці.
– Ты – гэта шчасце?
– Для яе, – сказаў Алесь. – Прынамсі, яна лічыць так. I я пастараюся, каб яна не расчаравалася ў ім як мага даўжэй. Таму што і яна – маё шчасце. Мяркую – да канца.
– Калі будзе гэты канец?
– Ты збіраешся стаць на маёй дарозе? – Алесь сумна ўсміхаўся. – Дарэмна, я ж не стаяў на тваёй.
I ўбачыў, што сказаў страшнае. Франс таргануў галавою.
– Так, – глуха сказаў Франс. – I таму я яшчэ раз кажу табе… – у яго цакаталі зубы. – Не спадзявайся атрымаць за ўсё, што ты зрабіў, нічога, акрамя зла.
– Ты пагражаеш мне?
Франс звыкла перайшоў на “вы”.
– Vous verrez les consequences et vous en jugerez[136]. Я невыпадкова сустрэў вас. Я ўсё ведаў. Аб усім дамоўлена. Яе сёння ж… завязуць. У крайнім выпадку заўтра раніцай! Чуеш? Чуеш, ты?!
Алесь зрабіў быў крок да яго і спыніўся:
– I ты мог крычаць аб гонары? Дурань жа я, што паверыў вам.
Толькі тут Франс зразумеў, што Алесь сапраўды ні ў чым не вінаваты, што ва ўсім вінаватая крайняя датклівасць пана Яраша і яго, Франса, абражаны гонар і дробязная злоснасць. Алесь цяпер сапраўды мае права пагарджаць ім.
– Я ведаю, – працягваў Алесь, – цяпер вы яе не выпусціце да смерці. I я яшчэ мог нечага чакаць ад цябе, акрамя подласці?
Франс ведаў, што Алесь цяпер мае права сказаць яму ўсё, і не здзівіўся. Але рука прывыкла адказваць на слова “подласць” толькі адным чынам.
…Алесь трымаўся за шчаку. Вочы ў яго былі заплюшчаныя. Потым ён непаразумела ўзняў вейкі.
Франс глядзеў на гэтае аблічча, на якім адно брыво было вышэй за другое ад нявер’я ў тое, што адбылося, і гатовы быў упасці да ног Алеся.
Пацягнуўшы ротам паветра, Алесь адштурхнуў Франса.
– Я ведаю, чаго каштуе чалавеку, калі яго б’юць па твары. Я нікога не біў першы. Ніколі. Таму я не ўдару цябе. Я проста цябе… заб’ю, – і пайшоў.
Франс стаяў і глядзеў яму ўслед.
Мсціслаў, пачуўшы аб усім, толькі ляснуў сябе па шчацэ.
– Быдла, – сказаў ён. – I на цябе спадзяваўся Кастусь? Цябе сур'ёзным лічылі?! Якраз тады, калі вось-вось трэба будзе ліць кроў па-сапраўднаму!
– Гэта дарэмна, – сказаў Алесь. – Калі ты не хочаш, я знайду другога.
– Ды як ты мог?! Калі кожнае жыццё дарагое!… Калі Беларусь…
– Я не магу ваяваць за Беларусь з пабітай мордай, – сказаў Алесь.
Гэтым жа вечарам Мсціслаў і пан Адам Выбіцкі павезлі да Раўбічаў патрабаванне сатысфакцыі.
Вярнуліся яны позна, і прымірэння ім дабіцца не ўдалося. Майку сапраўды сілком замкнулі ў пакоі. Раўбіч загадаў нікога не прымаць. Але Наталя нейкім дзівам збегла да Вежы і расказала яму аб усім.