18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 13)

18

– Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.

– Другi ўнук?…

– Я не хацеў, Антанiда. Я ж толькi сказаў аб легка думнасцi…

Мацi ўжо ўсмiхалася:

– Дык што ж зробiш, Gеогgеs, калi ты ўсё бачыш еn nоir.

Зноў гаротна задрыжалi яе веi:

– Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн… Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна… Ах, жорстка, жорстка гэта было – аддаць!

Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:

– Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу вас – паснедайце разам з намi.

– Бардзо мi пшыемне, – пачырванеў Выбiцкi, – але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.

– Ах, нiчога, нiчога… Я вас вельмi прашу, пан Адам.

Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.

Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.

– Накладайце сабе, пан Адам, – сказала мацi. – Вазьмiце курыную пячонку “брашэ”… Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.

Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.

I якраз у гэты момант з’явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанай пад народны густ – сарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках[13]. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.

– Сядай, сыне.

Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.

– Што гэта? – амаль без голасу спытаў ён.

– “Го-Сатэрн”, – адказаў бацька. – Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.

– Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.

Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.

Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.

– Еш, еш, сыне, – спакойна адказаў пан Юры. – Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.

Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрся – з-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.

Дзiця начало навольна спаўзаць з крэсла над стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з’явiлася сур’ёзная галава.

Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур’ёзна сказаў:

– Даруй, божухна.

I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:

– Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.

Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяялася – ласкавым сумным званочкам.

Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.

– Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? – спытала панi Антанiда.

– Сёння… на заўтра? – неўразумела перапытаў Алесь.

– Антонида, – сказаў пан Юры. – Если можешь, говори по-мужицки.

– Што ты еў сёння на… сняданне? – спытала мацi.

– Крышаныя буракi, – басам адказала медзведзяня. – I курыцу елi… Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня… Марыля сказала: “Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае”.

Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi “крышаныя буракi”.

– Жорж, – сказала яна, – няўжо стары певень для iх – свята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?

Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.

– Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на “дзядзькаванне”. Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагуты – лепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.

Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:

– Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.

Памаўчаў. Потым сказаў:

– Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур’ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы… Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.

Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:

– Пад’еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.

Густы карычневы струмень пабег у маленькую – з напарстак – фiлiжанку. Мацi з цiкавасцю, нават трошкi грэблiвай, сачыла за тым, як сын бярэ загарэлай лапкай цукат, насцярожана кладзе ў рот.

Тое, што першае трапiла на язык, спадабалася Алесю: цукар, якi часам прывозiлi дзецям i ў Азярышча. Але далей зубы ўлезлi ў нешта вязкае, – груша i не груша, – нечаканае i таму гiдкае.

Ён выплюнуў пад стол.

– Нясмачныя твае… марцыпаны.

Бацькаў твар спахмурнеў, бо на матчыных вачах выступiлi слёзы.

– Ты не маеш рацыi, Антанiда, – сказаў ён. – Я шчаслiвы за хлопца. У яго сяброў страўнiк ужо цяпер назаўсёды сапсуты ласункамi. А гэты будзе, калi спатрэбiцца, варыць жалеза. Быстраногi, спрытны, здаровы. Трэба ж камусьцi цягнуць па зямлi род наступнае тысячагоддзе.

I ён, прыцягнуўшы жонку да сябе, пацалаваў яе ў скронь.

– Аh, Gеоrgеs, – сказала яна, – часам ты такi, што я пачынаю вельмi, вельмi любiць цябе. Бацька ўстаў:

– Пойдзем, сыне. Буду табе ўсё паказваць. А вы заставайцеся тут, пан Адам. Сёння дакладаў не будзе нi ў вас, нi ў галоўнага аканома. Пасядзiце тут з жонкай, папiце кавы… Дарэчы, пенсiю атрымаеце праз тыдзень, за ўсе тры месяцы.

– Што вы, князь, – пачырванеў Выбiцкi. – I так бардзо задоволёны. Што мне трэба, я адзiн.

– Ну то i добра… Пойдзем, Алесь… Што спачатку, сады або дом?

З Алеся было ўжо досыць дома. Трэба было хаця на кароткi час ратавацца. I таму ён сказаў:

– Сады.

Яны спусцiлiся з тэрасы на круг гонару i заглыбiлiся ў адну з радыяльных алей. Толькi тут Алесь адчуў сябе лепей, бо ўсё вакол было знаёмае: дрэвы, трава ля iхнiх каранёў, жвiр пад нагамi.

Некаторы час iшлi моўчкi. Потым бацька, неяк нават вiнавата, сказаў:

– Ты любi яе, Алесь… Любi, як я… Яна мацi табе… Ты не глядзi, што яна строгая… Яна, брат, добрая.

I яго праставаты прыгожы твар быў такi незвычайны, што Алесь апусцiў вочы:

– Буду яе любiць… Што ж, калi ўжо так атрымалася.