Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 14)
Бацька павесялеў.
– Ну вось, вось i добра… Ты не думай. Вось прыйдзе дзень пастрыжэння ў юнакi. Да гэтага дня будуць цябе, брат, шлiфаваць… з пяском, каб не пляваўся… марцыпанамi. А потым, калi толькi захочаш, будзеш ездзiць i да Кагутоў, i ў суседнiя дамы. Я цябе абмяжоўваць не хачу, не буду. Расцi, як трава, як бог загадаў. Гэта лепш… Каня табе падару – дык да Азярышча зусiм блiзка будзе, нейкiх дзесяць вёрст. I помнi: ты тут гаспадар, як я. Загадвай. Прывучайся. Я думаю, будзем сябрамi… А за Кагутоў не бойся, будзе iм добра.
– Я i цябе буду любiць… бацька.
– Ну вось i добра, брат. Хадзем.
Алея вывела iх праз парк i пладовы сад да доўгiх шэрых будынкаў пад чарапiцай. Будынкi абкружаў глыбокi роў, зарослы лопухамі i гускай. Пад iх узнятымi парасончыкамi бруiлася вада. Пад’ёмны масток ляжаў над ровам.
– Тут псярня i стайнi, – сказаў бацька.
На манежнай пляцоўцы ганялi на кордзе коней. Англiчанiн-жакей, даўгазубы i спакойны, як статуя, стаяў на ўзбочыне, паляскваючы лёсачкай па лакавым чобаце. Непарушна прытаiўся з бацькам за руку.
– Што новага, пан Крэбс?
– Гэты народ… – англiчанiн адвёў убок сiгару, зацiснутую памiж простымі, як алоўкi, пальцамі, – яму б ездзiць па-цыганску, без усякi закон… Сёння засеклася Б’янка.
– Можа, яно i лепей, – сказаў бацька, – я заўсёды гаварыў вам, што трэба рыхтаваць на скачкi Змея.
– О, но! – запратэставаў англiчанiн. – Но, Змей! Склад Змея не ёсць адпаведны склад. Паглядзiце на яго бабкi. Паглядзiце – Меры яго мацi, – паглядзiце на яе калмыцкую грудастасць i бадай вiслазадасць. Но, но!
З манежа збiралiся да iх конюхi. Старшы конюх, Змiцер, абпалены сонцам да таго, што скура лупiлася на носе, як на маладой бульбе, зняў шапку.
– Накрыйся, – сказаў бацька. – Ведаеш – не люблю.
Змiцер няшчыра ўздыхнуў, накрыўся.
– I не ўздыхай, – сказаў бацька, – не падлiзвайся. Чуе кошка… Было табе загадана бiнтаваць Б’янку цi не?
– О Змiцер, бестыя Змiцер, – сказаў англiчанiн, – хiтры азiят Змiцер. Яны ўсе ў змове, яны не хацелi Б’янкi, яны хацелi выпусцiць мясцовага дрыкганта… зусiм як сам пан-князь Загорскi.
Бацькавы вочы няўлоўна смяялiся, вельмi сiнiя i прастадушна хiтрыя, як у маладога чорта.
– Што ж зробiш, мiстэр Крэбс. Тут ужо нiчога не зробiш. Вiдаць, будзем выпускаць на скачкi трохгодак Змея, Чаркеса i Мамелюка.
I раўнуў на Змiтра:
– Яшчэ раз гэткае – не пашлю купляць коней. Кувай сабе ў Загоршчыне!
Уздыхнуў:
– Падбяры для панiча кабылку з больш цiхмяных i жарабца.
– Глорыю хiба? – спытаў Змiцер.
– Каб галаву скруцiў?
– Што вы, пане, не ведаеце, як ездзяць мужыцкiя дзецi? Яны з хваста на каня ўзлятаюць, чэрцi… каб брыкнуць не паспела.
– А мне не трэба, – сказаў пан Юры. – Мне трэба, каб ён за якi месяц навучыўся ездзiць прыгожа, а не па-халопску. Потым дамо i сапраўднага жарабца.
– Добра, – сказаў Змiцер i пайшоў у стайнi.
Алесь глянуў на англiчанiна i нечакана заўважыў, што вочы яго смяюцца.
– То гэта малады князь? – спытаў англiчанiн. – Будучы гаспадар?
– Але, – сказаў бацька.
– Новы мятла будзе месцi па-новаму, – сказаў Крэбс. – Крэбс пойдзе адсюль разам з веданнем коней i свавольнасцю. Га?
– Можна мне сказаць, бацька? – спытаў Алесь.
– Кажы.
– Вам не трэба будзе iсцi адсюль, пан Крэбс. Вы харошы. Вы застанецеся тут, i я вам буду больш плацiць.
Бацька ўсмiхнуўся. Халодныя вочы Крэбса пацяплелi.
– Гуд бой, – сказаў ён. – Тады i я буду рабiць малады пан добра. Я навучу пан ездзiць, як малады лорд з найлепшых фамiлiй. – I, глянуўшы на пана Юрыя, дадаў: – I ён нiколi не будзе прымушаць састарэлага ўжо тады Крэбса рабiць супраць сумлення… i падманваць яго. А Крэбс зробiць, каб трохгодкi пана былi лепшыя нават у Пецярбурзе.
Засаромлены бацька адвёў вочы:
– Вам не давядзецца чакаць, пан Крэбс. Я павялiчваю вам пенсiю ўдвая.
– Нашто мне гэта? – сказаў Крэбс. – Лепей бы не трэба стаяць на сваiм. Сапраўдны лорд не ўваходзiць у змову з конюхамi i супраць свайго ж знаўцы, што хоча зрабiць конны завод лорда лепшым за ўсе.
– Добра ўжо, Крэбс, прабач, – сказаў бацька. – Больш не буду. Рабi сабе што хочаш.
Конюхi павялi перад людзьмi на ўзбочыне коней. – Ну, якую кабылку бярэш? – сказаў бацька.
Сярод усiх Алесь заўважыў адну, маленькую і ладную, як цацка, усю дзiўна падабраную, чысценькую i як быццам атласную. Масць кабылкi была мышастая, вушкi акуратненькiя, капыткi, як сто-пачкi.
– Гэту, – сказаў Алесь. Англiчанiн пажвавеў:
– У маладога ёсць вока… Варта вучыць… Красуня кабылка… Як маладая лэдзi… Галоўка маленькая, але не злая; шыя – дзiва шыя.
Звярнуўся да бацькi:
– Але вашы iмёны… Бог мой, што за iмя… Для такой лэдзi i раптам: Ка-сюнь-ка.
– Касюнька! – вiскнуў усцешаны Алесь i кiнуўся да кабылкi.
– Цукар вазьмi, – сказаў бацька.
Алесь соваў пад храпу Касюнькi кавалак цукру, i тая далiкатна ляпала па яго далонi цёплай цвёрдай храпай.
– Касюнька мая, Касюнька.
– Вядзiце яе, – сказаў бацька. – Выбiрай другога, Алесь.
Зноў пайшлi конi, i кожны быў прыгожы, бы ў сне, але нейкi не той, без повязi, што вядзе да чалавечага сэрца.
– Пераборлiвы, як Мнiшкава Анэля, – сказаў бацька.
Але ён дарэмна казаў гэта, бо ў той самы момант з варот стайнi з’явiўся Ён, той, без каго жыццё не магло мець сэнсу. Яго вёў пад аброць худы i падабраны хлопец, i Ён, дурэючы, рабiў выгляд, што хоча схапiць хлопца зубамi за плячо.
Ён быў прыгажэйшы за ўсiх на зямлi, прыгажэйшы за ўсiх звяроў i ўсiх людзей. Ён iшоў, прытанцоўваючы на кожным кроку, бязмерна ганарлiвы ад здароўя, сiлы i немагчымай сваёй прыгажосцi.
Белы як снег i бялейшы за яго, з маленькай нервовай галоўкай i доўгай шыяй, увесь дасканаласць i без адзiнай заганы, ён касiў залатым i трошку крывавым па бялку вокам, а ягоныя хвост i грыва, неверагодна доўгiя i мякка-залацiстыя, варушылiся лагоднымi хвалямi.
“Вы, маленькiя людцы, – здаецца, казаў зрак каня. – Што мне да вас? Я дазваляю вам апаганьваць нагамi мае бакi толькi таму, што раблю вам ласку.
І так будзе, пакуль я не знайду таго, каго палюблю. А над тым буду панам, бо я бог, а ён толькi чалавек…”
Бацька глянуў на Алеся i ўздыхнуў: усе было зразумела.
– Логвiн, – сказаў бацька конюху, – вядзi Ургу сюды.
Малады i сур’ёзны хлопец падвёў араба да ix.
– Будзеш канюшым маладога пана, Логвiн, – сказаў пан Юры. – Будзеш ведаць толькi яго. Ургу падрыхтуй. Праз месяц ён спатрэбщца. I ты, Змiцер, ведай: Логвiну належыць толькi Касюнька i Урга. Нiчога больш.
Логвiн усмiхнуўся сцiплай харошай усмешкай.
– Панiча намуштраваць, – сказаў Загорскi. – Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
– Зробiм, – сказаў Логвiн.