18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 12)

18

– А хто такі той Чорны Война?

Вусны Выбiцкага няўлоўна пацяплелi.

– Люблю смелых, – сказаў ён. – Можа, таму, што сам не такi. А Война смелы… I страшны. Ездзiць сабе на вараным i страляе.

– Чаго яму ездзiць?

– Дваццаць год ездзiць. Усiх астатнiх пабiлi, пастралялi, па цытадэлях згнаiлi. А гэты ездзiць… Апошнi день. Анi спаймаць яго, анi купiць… Як дух… Каб не спалi…

Алесь зразумеў, што Выбiцкi больш нiчога не скажа, i не распытваў далей.

Зноў мiльганула з левага боку срэбная стужка Дняпра, трохi больш вузкага ў гэтым месцы. Справа пайшлi лясы. Маладыя каля дарогi, яны ўзбягалi на ўзвышша, рабiлiся ўсё больш i больш старасвецкiмi, пакуль не пераходзiлi – на верхавiне грады – у перастойную адвечную пушчу.

Дарога пайшла з грывы ўнiз, блiжэй да Дняпра, i тут вачам адкрылася прытульная i даволi вялiкая лагчына. Узгоркi абкружалi яе i прыцiскалi да ракi. Лагчыну, вiдаць, утварыла невялiчкая рэчка, якая злiвалася з Дняпром тут, амаль пад нагамi коней.

– Папараць, – сказаў Выбiцкi. – Жэка цёмна.

Кабрыялет спускаўся да рачулкi па спадзiстым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За iм сталi перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамi, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават i гонтамi.

– Загоршчына, – сказаў пан Адам. – Ваш маёрат, панiчу.

А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.

У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.

Чым блiжэй пад’язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.

– Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, – сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.

Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далей – зграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.

Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.

Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з’яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.

У наступны момант моцныя рукi бесцырымонна схапiлi яго, падкiнулi ўгору i зноў спаймалi, i легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае i адначасова нiбы трохi ї зразумелае, але прызабытае.

– Моn реtit рzinсе Zаgоrski![10]

Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруцiцца, але рукi трымалi яго моцна, а рот чалавека, якi пахнуў нейкiм вельмi прыемным тытунём, цалаваў яго твар.

– Мы пратэстуем!… Тоut vа biеn! Тоut vа biеn, mоn реtit fils![11]

Сiнiя вочы смяялiся, заглядаючы ў зрэнкi маленькага звераняцi, што скурчылася на руках, унiкаючы чужых вуснаў.

I тады белы сцёбнуў лёскай каня i закурыў у алею, у зменлiвы цень, у скокi сонечных зайчыкаў, пакiнуўшы далёка за сабою кабрыялет.

Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, i наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокi ганак, аблямаваны лёгкiмi арачкамi, i белакаменная тэраса, на якой – невысока ад зямлi – стаяла жанчына ў шырокiм ранiшнiм уборы.

Белы – проста праз клумбу – падскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся i лёгка перасадзiў яго цераз парэнчы, на рукi жанчыне. Потым стаў на сядло i перакiнуў над балясамi свае гнуткае цела.

– Аh, Gеоrgеs! – сказала з дакорам жанчына.

I адразу прыпала да хлопчыка, важлiва заглядаючы ў яго вочы сур’ёзнымi, цёмна-шэрымi, як у Алеся, вачыма.

Гаварыла i гаварыла нешта гартанна-страснымi i цiхiмi словамі i толькi потым спахапiлася:

– Ён не разумее, Жорж.

– Аi-jе biеn аttасhе lе grelot?Koнi – мара хлапчукоў. Вось я i пракацiў.

– З самага пачатку i так па-чужому, Жорж.

– Чорт, я i не падумаў, – сказаў смяшлiвы.

I абхапіiў жанчьну i хлопчыка, прыцiснуў іх да сябе:

– Ну, пацалуй мяне, пацалуй яе… Ну!

Жанчына і Белы, абое яны гаварылi па-халопску з модным акцентам, але ўсё ж гаварылi, i гэта рабiла iх неяк больш блiзкiмi.

– Пацалуй мяне, – сказаў Белы.

Але хлопчыку было няёмка, i ён, схiлiўшыся, пацалаваў, – зусiм як Кагутова папу, – руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асаблiва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.

– Fасоn dе vоir d’un сhеvаliеr, – засмяяўся мужчына. – Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукi жанчыны – перш за ўсё. Сhе-vа-liеr!

– Gеоrgеs! – зноў з дакорам сказала жанчына.

Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былi маленькiя рукi i ногi, непрыгожа танклявая постаць.

Але ж яе твар з такiмi цёплымi шэрымi вачыма, з такiм спакойным ротам! Але ж каштанавыя iскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькi на хвiлiну забытае, i вось цяпер усплывала ў памяцi.

I ён раптам несамавiта, нечакана крыкнуў:

– Ма-ма!

Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вулiцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз мацi прыйдзе i ўратуе. Крыкнуў i адразу засаромеўся.

Ёй толькi таго i трэба было. Абхапiла, пачала шаптаць на вуха. Але ў iм ужо расло абурэнне i сорам, быццам ён здрадзiў хаце, рукам Марылi, вачам братоў. I ён так разрыдаўся ў гэтых вузкiх руках, быццам сэрца яго рвалася на шматкi.

А яна цалавала.

Ён плакаў, бо адчуваў, што злоўлены, што з гэтым шэптам канчаецца для яго ўсё.

…Яго павялi мыць i пераапранаць. I калi бацька i мацi засталiся на тэрасе адны – усмешка няёмкасцi так i не сышла з iхнiх вуснаў. Пазбягаючы глядзець мужу ў вочы Антанiда Загорская глуха спытала ў пана Адама, якi стаяў наўздалёк:

– Што, пан Адам, як вам панiч?

Пан Адам мяўся.

– Праўду, – цiха сказала яна.

– Мужычок, проша панi, – наважыўся Выбiцкi. – Але з чыстым сэрцам, з добрай душою.

– Нiчога, – нават з нейкай палёгкаю ўздыхнула мацi. – Навучым.

Бацька лёгкаважна зарагатаў, паказваючы белыя зубы.

– Бачыце, пан Адам? Так лёгка i навучым. Lеs fеmmеs sоnt раrfоis vоlаgеs[12].

– Гэтую iдэю падаў ты, Gеогgеs, – шэрыя вочы мацi сталi вiльготнымi. – I ты не маеш права…

– Скажам, i не я, – сказаў пан Юры. – Скажам, бацька мой, i нам нельга было не паслухацца.

– Але чаму яго аднаго?

– Самадурства. Меў на Алеся вялiкiя надзеi. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?

– Кажы.

– “Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы i псярнi”.

– Гэта я зноў аднавiла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любiць цябе… праз мяне.

– Кiнь. Глупства.

– Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?