Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 114)
– За яго? Ды плюнь ты, хай ён утопіцца! Нашто табе ў тую квэку лезці? За Выбіцкага – і тое лепей, хай сабе ён і парцяныя[96] шкарпэткі носіць.
І раптам пацалавала дзяўчыну:
– Дзеўка, кінь! Дзеўка, хай ён пэнкне! Хай ён, жорсткі чалавек, на трыбусе поўзае ды зад валочыць. Ой, паплачаш! Хлопца якога на каго мяняеш. Ото б я з ім аджыла. Маечка, дзетухна, не ідзі ты за таго! Людзі Хрыстом богам моляць, каб за табою ды яму не дастацца! Падумай пра іх…
Майка здзівілася. Тэкля гаварыла зараз, як сталага розуму жанчына. Магчыма, не свае словы.
– Такі ўжо воўк – толькі ім вёдры са студні даставаць. Калі нават пойдзеш – пакінь, дзетачкі, людзей у сваім майне. Хай асобная ад мужа даброта ў цябе будзе.
Тэкля заплакала.
– А лепей у-ця-кай ты ад яго. Ідзі да загоршчынскага паніча, павініся. На каленях прыпаўзі да павініся. Пэўна, не з’есць. Ну, дасць, можа у вуха раз-другі, як, не раўнуючы, мне за дурасць нябожчык Міхал. Ну, па спіне разок перацягне, дый даруе. Я табе кажу, даруе. Затое век гора ведаць не будзеш. А добра як з ім будзе! Што ў царкве, што ў ложку. Ды я б, маладою, на край свету за ім пабегла, каб хвіліну на мяне паглядзеў. Ён, ці ведаеш, бы ў песні: “Як ён мяне пацалуе – тры дні ў губе цукар чую”.
Старая гладзіла Майчыны плечы і адчувала, як яны дрыжаць пад яе рукой.
– Папрасі даравання. Ты не думай. Гэта не страшна. Наадварот, салодка і лёгка, ясачка ты мая. Нічога ж не зробіш, доля наша такая. Я і то часам Міхалку прасіла: “Набі ж ты мяне, даражэнькі, можа, я ўжо тады менш цябе, змея, кахаць буду”.
І пад гэтыя цьмяныя пакорлівыя словы Майка заплакала. Упершыню за восем месяцаў.
– Нічога… Нічога не зробіш, Тэкля. Позна.
– З труны толькі позна… Ты проста аддай сябе на ягоную літасць… на ягоную абарону.
Нібы малой, Тэкля выцірала Майцы аблічча памочаным ручніком.
– Ты ідзі. Прымі, калі прыйшоў чалавек. Пагавары, нічога не зробіцца.
Занадта проста трымаючыся, яна выйшла на тэрасу і ўбачыла ля балюстрады высокую жанчыну ў залацістай сукні.
Вочы міжвольна адзначылі зграбнасць постаці, простую элегантнасць убору, капялюшык з танюткай залацістай саломкі.
Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм.
– Пробачце, я прымусіла вас чакаць, – па-французску сказала Майка.
Госця адказала таксама па-французску. І хоць памылак у вымаўленні не было – празмерная правільнасць мовы лепей за памылкі казала аб скутасці чалавека, які гаварыў.
– Што вы, – сказала госця. – Я проста не звярнула ўвагі. Заглядзелася на гэтую раскошу.
Тэраса вісела над крутой стромай. Унізе быў адхон з дрэвамі і возера. Злева дзве снежныя званіцы. Яшчэ далей – стужка Дняпра, а за ёю жоўтыя ад жыта ўзгоркі. Далёка-далёка.
– Сядайце, калі ласка, – упарта трымаючыся французскай, сказала Міхаліна.
Нейкую трывогу выклікала ў ёй гэтая жанчына. Яна не бачыла пакуль яе аблічча, але трывога ўзрастала.
– Дзякуй вам.
Яны сядзелі адна насупраць другой і маўчалі. Доўга. Госця, здавалася, слухала. І не проста слухала, а заслухалася. Галоўка схілілася набок. З-за цёмнага вэлюму, яшчэ цямнейшыя за яго, вільготна глядзяць, не міргаюць вочы.
З-за шатаў дрэў, з-за Дняпра тонка-тонка, высока-высока гучала жніво. Нібы па шкле лёгкім срэбным малаточкам, нібы ў тонкі шкляны посуд, на мяжы слыху, звінелі галасы. А можа, гэта звінела дрыготкая шкляная смуга гарачага паветра над нівамі?
З адвечнай спеўнай тугой, з перападамі і ўзлётамі, калі здаецца, што вось зараз чалавек увесь, да апошняга, выльецца ў песню, звінелі галасы.
Гэта не была скарга. Гэта спявала сама зямля.
Майка раптам убачыла, што вочы невядомай, вялізныя, як азёры, глядзяць ужо на яе і праз яе, не разглядаюць, а проста бачаць: наскрозь
А ў шкляных далях, як з неба, спявалі, звінелі галасы:
– Чуеце? – спытала раптам жанчына.
Майка здрыганулася. Таму што невядомая сказала гэта па-мужыцку. Натуральна, нібы іначай і быць не магло, спеўнай прыдняпроўскай гаворкай, якую яшчэ больш адцянёўваў нейкі дзіўны, трохі дзіцячы акцэнт.
“Алесь гаварыў заўсёды па-мужыцку. З жанчынамі і мужчынамі, на полі і ў зборні. І таму ўсе тыя, хто ўжываў мужыцкую мову, там, дзе яе не прынята было ўжываць, мелі дачыненне да яго”.
– Чуеце? Жаночы лёс. Аднолькавы і ў пані, і ў прыгоннай.
Майка адказала таксама па-мужыцку – прыняла выклік:
– Згадаеце расцаніць гэта як размову пра ўсіх жанчын ці пра мяне?
Жанчына ўсміхнулася:
– Усё адно, – разлічаным, пластычным жэстам жанчына прыўзняла і замацавала на капялюшыку вэлюм. – Я былая прыгонная акторка пана Вежы. Гелена, а па новым прозвішчы – Карыцкая.
Міхаліна пазнала яе… Тая… Што ж здарылася?
Майчыны вочы прабеглі па ўсёй постаці актрысы, з галавы да ног. “Хлусня, – міжволі падумала Міхаліна. – Тое, што казалі пра іх, таксама была хлусня. Нехта сказаў подласць, зрабіў подласць, а я пайшла ў яго на шворцы”.
Нібы зразумеўшы яе, Гелена ўсміхнулася. Усмешка была такая, што Майка зразумела: толькі ласкай і паблажлівасцю гэтай жанчыны можна растлумачыць сам факт размовы. Яна рабіла ласку, і ніхто не асмеліўся б зрабіць ласку ёй. Міхаліна глядзела на поўныя вочы.
Сонца на твары. Хохлікавыя каўпачкі “панічоў” кідаюць на сукенку і твар бэзавыя і ружовыя адбіткі. Вочы вялізныя.
А плечы тонкія, але, адразу відаць, вытрымаюць усё.
Незвычайная, пагрозлівая прыгажосць. Захоча – адбярэ.
І, нібы толькі ў жаданні гэтай жанчыны была справа, дзяўчына ўся натапырылася, як перапёлка, што бароніць гняздо. Яна не ведала, што Гелена прыблізна на гэта і разлічвала, едучы сюды, і таму здзівілася, убачыўшы на яе вуснах тую самую ўсмешку.
Карыцкая таксама ацэньвала субяседніцу, ад попельных валасоў да насцярожанай усмешкі, да вострага носа туфліка, які высунуўся з-пад сукенкі. І ацаніла. “Прыгожая. Нават надзвычай прыгожая і жаноцкая. Абатрэцца трохі, пазбавіўшыся ад свавольстваў, – будзе жанчына… Значыцца, вось
Не. Не лепшая. Проста
На хвіліну ў яе сэрцы абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася.
Проста перад тым, што яна, Гелена, зрабіла, гэты маленькі верабей нічога не значыў. Алесь, вядома, будзе кахаць яе. І толькі. А яе, Гелену, ён не забудзе.
Ад вераб’я нічога не залежала, і таму з ім трэба было быць добразычлівай.
Гелена ўсміхнулася.
Міхаліна глядзела на яе строга і насцярожана:
– Вы ведаеце, што я парушыла ўсе сувязі з гэтымі дамамі? Нашто вы прыйшлі?