Владимир Короткевич – Каласы пад сярпом тваiм (страница 116)
Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.
– Прычоску папсуеш, – паддала жару Тэкля. – Едзь ужо.
– Добра.
– А Ілля?
– Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Ні заўтра, ні паслязаўтра.
…Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева – будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады…
Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.
На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.
Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.
– Но! Но! – голас яе зрываўся.
І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!
Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.
Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.
Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.
Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:
– Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі – да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю… Агрыкультура!
…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.
Ён мінуў курганы – іх было тут дзесяткі тры, розных – відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, – і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.
Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька – нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:
– Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua[97] прыехала.
Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.
Сціснула горла. Не хацелася кідаць усяго гэтага.
І ўсё ж абшар, і велічная плынь, і бярозавы гай, у які ён зайшоў, дзіўна супакоілі яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.
Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.
Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі – для гівала было позна – ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.
Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.
Было ціха. Быў мір.
…Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.
На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.
– Але ж плед такі паніч ацаніць, – казаў Фельдбаўх. – Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nuch?
– Панюхай ты, ведаеш што… – злаваўся Халімон. – Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. – Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. – А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее… До ўжо тваёй улады над хлопцам!
– Хам-Халімон, – сумна сказаў Фельдбаўх. – Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.
І адвярнуўся.
– Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, – сказаў ён пасля паўзы. – Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін… Наг-бом… Вайсрусішэ свін-нья!
Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.
– Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? – на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. – Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.
– Я таксама ёсць басурман.
– Ты свой басурман, – гарачыўся Халява. – Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!…
Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.
– Сумна, – сказаў Кірдун.
– Сумна.
– Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып’ем.
Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.
Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў.
…Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.
Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы – ён, Алесь.
У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.
Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.
– Паніч, – сказала Анежка. – А божа ж мой. І не даклічашся.
– Што, Анежачка? Трэба ісці, ці што?
– Не, – сказала Анежка. – Вось.
Ён не заўважыў, як яна знікла. Цяпер у цемры, на тым месцы, дзе была яна, стаяла другая.
Доўгі шаль зліваў яе з цямноццем. Відаць было толькі адну руку і трохі ўскінутае аблічча.
– Ты? – спытаў ён.
Лёгкі звон, нібы вада лілася ў вузкагорлы збан, напоўніў Алесевы вушы. Намаганнем волі ён здолеў стрымацца. Але ў тое самае імгненне ён зразумеў, што Гелена мела рацыю, не згаджаючыся на шлюб з ім. Нішто не забыта. Самагіпнозам была нянавісць, дурасцю была пагарда, хлуснёю – абыякавасць. І ўсе крыўды, і ўсё, што было, і чуткі аб Хаданскім, і абраза Франса, і сустрэча ля царквы – усё было лухта.
І спакой, і пакланенне перад Геленай, і глыбокая, да апошняга каменя, удзячнасць ёй нібы збляклі перад простай праявай яе з’яўлення. Гелена была мудрэйшая. Яна ведала і бачыла ўсё.
– Чаму ты тут? – спытаў ён.
Ён адчуваў, што кахае яе да немага замілавання, але ён ужо не мог, як раней, зрабіць выгляд, што нічога не было.
– Сёння да мяне прыходзіла Гелена.
Збіваючыся, захлынаючыся словамі, яна расказала аб іхняй размове, і Алесь зразумеў, што Гелена дабілася свайго, зрабіла немагчымым усякі яго крок да яе. Усё было скончана, нават калі б ён вырашыў ахвяраваць здрадлівым каханнем у імя сумлення і высакароднасці, як ён думаў.
Нельга было, каб Гелену, маці яго будучага дзіцяці, лічылі хлуслівай. Ды і яна сама дабівалася аднаго – яго маўчання.
Здарылася.
Гэтага ўжо нельга было выправіць.
Зразумеў раптам усю прорву між апошняй высакароднасцю адной і зажывошчамі другой, ён глядзеў у Майчын твар.
– Можа, ты растлумачыш мне, як гэта здарылася?