Василь Быков – Дажыць да світання (страница 7)
— Што, лейцінант, перакур? — запытаўся Лукашоў ззаду. Чамусьці ён падышоў раней за Судніка, які адстаў так, што ледзьве ўгадваўся ў змроку. Гэта парушала ўстаноўлены ім парадак на маршы, і ў Іваноўскага вырвалася:
— А чаму вы тут?
— Дык во сапёр... Надакучыла на пятах сядзець.
Здаецца, лыжнікі пачалі расцягвацца, гэта ўжо нікуды не гадзілася, лейтэнант думаў, што па гатовай лыжні можна б ісці спрытней.
Ён схаваў компас у рукаў і, засяроджана згадваючы, што зрабіць з лесам, чакаў, пакуль падыдуць астатнія.
Хвіліны праз тры або нават пяць падышлі Хакімаў і Краснакуцкі, астатніх нідзе не было. Трацячы цярпенне, лейтэнант пачакаў яшчэ. Змораныя лыжнікі, ледзьве спыніўшыся, навальваліся грудзямі на канцы ўваткнутых у снег палак, так адпачывалі. Усе трудна, з натугай дыхалі і хапалі рукамі снег.
— Ці хутка, таварыш лейтэнант? — запалым голасам запытаўся Краснакуцкі.— Ведаеце, сілы ўжо нестае...
— Дзе астатнія? — замест адказу ўстрывожана запытаўся лейтэнант.
— Ды ідуць. Заяц, напэўна, адстаў. Ну і старшына там з ім нянькаецца.
— А Півавараў?
— Ды вунь ідзе нехта.
Са снегавой цемры, затканай на ветры пагусцелай крупой, выслізнула яшчэ адна постаць у белым. Гэта быў Півавараў.
— Дзе астатнія?
— Не ведаю. Ззаду нікога быццам,— адказаў баец.— Я там з лыжаю правалэндаўся...
— Ладна. Пайшлі.
Лейтэнант не мог болей чакаць, падумаў, што старшыне не ў навіну такія справы, ён не павінен адстаць. Зноў жа на снезе выразна відаць добра ўезджаную лыжню, хай даганяе. I лейтэнант павярнуў управа, уздоўж баравога ўзлеску, у абход сасонніку. Лезці ў яго наўпрост ён не адважыўся, каб незнарок дзе-небудзь не натрапіць на роў ці якое ламачча, а то і проста не забрысці ў гушчар. Усё ж на лыжах ноччу па лесе ісці не гадзілася.
Але ён не ведаў, як абысці яго, і брыў уздоўж бясконцай крывуліны ўзлеску, паўтараючы лыжамі ўсе яго абрысы. Ішлі куды асцярожней, чым у полі, пад хвоямі ў зарасніках падлеску ўвесь час нешта цямнела, здавалася, нейкія цені, постаці. Але, падышоўшы, ён кожны раз пераконваўся, што гэта былі маладыя елкі.
Між тым вецер мацнеў, цяпер ён амаль увесь час дзьмуў ім насустрач. Тонкая бязь маскхалата пузырылася на спіне, часам ляскала, нібы парус. Лейтэнант адчуў, што і ў яго прыкметна паменела спрыту, а з ім і ўпэўненасці ў тым, што ён ідзе правільна. У іншым ён не сумняваўся. Ён то рабіў энергічны рывок, то спакваля пераходзіў на ўмераны крок, напэўна, з большай чым трэба асцярогаю азіраючыся па баках. Час ад часу ён прыслухоўваўся да гукаў ззаду, стараючыся зразумець, ці не даганяюць іх Заяц з Дзюбіным.
Але Дзюбін усё не даганяў, а хвойнік нечакана скончыўся, яны нарэшце дасяглі заходняга боку лесу. Далей сасновы ўзлесак паварочваў на поўдзень і, закругляючыся, адступаў кудысь на паўднёвы ўсход. Гэтага толькі і чакаў Іваноўскі. Ён нават уздыхнуў з палёгкай і, спыніўшыся, увагнаў палкі ў снег: трэба было сарыентавацца з картай.
— У каго там... Півавараў, у вас палатка?
— У мяне, таварыш лейтэнант.
— Дай сюды.
Не саступаючы з лыж, Іваноўскі прысеў на снезе, Півавараў старанна накрыў яго плашч-палаткай — пасля мільготнае белізны снегу зрабілася надзвычай цёмна і ціха. Слабай плямкай святла з ліхтарыка лейтэнант павёў па скамечаным аркушы карты, і адразу яму стала ўсё зразумела.
Рака тут рабіла вялікі паварот направа, таму ён згубіў яе ў цемры і наткнуўся на лес. Але наўрад ці была такая патрэба ісці за яе выгінастым капрызам, напэўна, разумней было ўзяць адразу на поўдзень і тым зрэзаць немалы крук. Праўда, без ракі будзе трудней арыентавацца уначы, тым болей, што карта мела свае недакладнасці. Хвойны лес, які яны абышлі, зусім не быў азначаны на ёй, тапографы нанеслі тут толькі некалькі дробных кружочкаў, якія азначалі кустоўе. Калісьці можа гэта і было кустоўе, а цяпер вунь разросся лес — на добрыя два кіламетры ўдоўжкі,— які ледзьве не ўвёў яго ў зман.
Зразумеўшы, дзе знаходзяцца, лейтэнант скінуў з сябе палатку.
— Старшыны няма?
— Няма яшчэ. Можа пачакаем? — спытаўся Лукашоў.
3 апошняй надзеяй Іваноўскі ўгледзеўся ў ноч, прыслухаўся, але ззаду нікога не было чуваць. Доўгая адсутнасць старшыны пачала не на жарт трывожыць, з’явіліся розныя благія меркаванні, але ён гнаў іх, бо хацеў верыць, што Дзюбін дагоніць. Цяпер жа трэба было ісці далей, і патрэбны быў замыкаючы. Старшым у групе па званні пасля камандзіра быў сержант Лукашоў, і лейтэнант сказаў:
— Лукашоў, пойдзеш замыкаючым. I каб ніякіх адставак. Паняў?
— Панятна,— цвёрда адказаў сержант і саступіў з лыжні, каб прапусціць наперад астатніх.
— Тады марш! Яшчэ пару рыўкоў — і сініца ў шапцы.
Тады таксама сініца ледзьве не апынулася ў шапцы.
Яшчэ не сцямнела, як на мокрую зямлю пачаў падаць мокры сняжок. Было ціха. Спярша ён ішоў рэдзенькі, пухнаты — прыгожыя сняжынкі раздумна кружыліся ў паветры, плаўна асядаючы долу. Пасля снег пагусцеў і на змярканні паваліў так густа, што за пяць крокаў нічога не было відаць. Разведчыкі цярпліва сядзелі ў кустоўі і чакалі. За некалькі гадзін усе дужа азяблі. Параненага Фіха накрылі мокрай палаткай, і ён ціха пад ёй стагнаў. Калі крышку сцямнела, Волах і сержант Балаенка пайшлі паназіраць за складам: з кустоў ужо нямнога было відаць.
Праз якую чвэрць гадзіны ўзрушаны Балаенка вярнуўся і перадаў загад капітана: Фіха з Рукавіцыным пакінуць на месцы, а астатнім бегчы на ўзлесак. Яны ўскочылі і хутка прыбеглі да свайго камандзіра. Да склада адсюль было зусім блізка, але снегапад і вечаровае сутонне не давалі нічога згледзець. Ажыўлены капітан рашуча аб’явіў, што дзейнічаць пачнуць зараз жа, не чакаючы ночы, бо пільнасць нямецкіх вартавых яшчэ аслаблена няўлёглай мітуснёй разгрузкі. Ніхто не запярэчыў капітану, разведчыкі заўжды слухаліся першага яго слова і ўсё выконвалі моўчкі і дакладна. Іваноўскаму ж у гэтай дыверсіі ўсё было новае і незвычайнае, ва ўсім ён спадзяваўся на Волаха і таксама стараўся як мага дакладней выконваць яго загады.
— Якраз дарэчы сняжок,— сказаў лейтэнант, апускаючыся ля камандзіра. Той павярнуў незадаволены, заклапочаны твар.
— Не дужа дарэчы. Нас не відно, але і мы ні д’ябла не бачым. А база вялікая.
Цяжка было ўгадаць, як лепш, аднак снег не пераставаў, і капітан рашыў пачынаць. Чацвярых з трафейным МГ пад камандай Іваноўскага ён пакінуў на ўзлеску з задачай прыкрыць на выпадак адходу, а сам з двума разведчыкамі, забраўшы ўсе гранаты, накіраваўся да базы. Не было ніякага развітання, проста Іваноўскі правёў іх даўгаватым позіркам, счакаўшы, пакуль усе трое адзін за адным не зніклі ў густых, белых ад снегу прыцемках. Ціхенька зарадзіўшы кулямёт, лейтэнант пачаў чакаць на ўзлеску.
Нейкі час наперадзе было цёмна і ціха, марудна цягнуліся хвіліны самотнага, напружанага чакання. У думках Іваноўскі ішоў за капітанам, уяўляючы сабе, як той пераадолеў адкрыты ўчастак поля, набліжаўся да ўзлеску. Пасля ён павінен, напэўна, спыніцца, каб агледзецца. Але што гэта?..
3 ветранай снегавай цемры раптам даляцеў нейкі дзіўны спалоханы крык, за ім следам наступны, і перш чым Іваноўскі паспеў што падумаць, бурачы ўсе сумненні, бахнуў блізкі вінтовачны стрэл. Тут жа над вяршынамі сосен пырхнула ракета, яна не шмат асвяціла на белым, затканым завеяй прасцягу, але Іваноўскі сцяміў: задума капітана сарвалася.
Напэўна, трэба было прыкрываць адыход, можа пераняць агонь на сябе, але ён не ведаў, дзе капітан і чаму той ніводным стрэлам не адказаў на агонь вартавых. Аднак калі ад дарогі ўздоўж па ўзлеску секанулі трасіруючыя кулямётныя трасы, ён не стрываў і ўдарыў з МГ насустрач,— наўздагад у тое месца ў цемры, дзе яны ўзнікалі. Ён з нецярпеннем чакаў паяўлення Волаха і выпусціў толькі адну чаргу па нямецкім кулямётчыку. Наўрад ці яго чарга дасягнула мэты, але ў іх малавата было патронаў, усяго адна стужка, трэба было эканоміць. Увесь час лейтэнанту здавалася, што вось-вось тры знаёмыя постаці выскачаць з цемры, і тады ўсе яны пусцяцца прэч ад гэтай праклятай базы. Але мінаў час, а з цемры ніхто не выскокваў, і лейтэнант змушаны быў чакаць. Побач у снезе ляжаў яго баец Таўкачоў. Гукнуўшы да яго, Іваноўскі махнуў у бок базы, і той ускочыў і паслухмяна пабег у поле.
Ракеты над сасоннікам гарэлі не перастаючы, флангавыя трасы несліся кудысь у адно пэўнае месца — мабыць, нямецкі кулямётчык ведаў, куды цаляў. Іваноўскі з калена выпусціў другую чаргу наўздагад, і тады ўвесь гэты недалёкі ўзлесак сасонніку загрукатаў стрэламі,— мабыць, ахова заняла абарону і на поўным сур’ёзе адбівала напад. У такім выпадку трэба было хутка змывацца. Але капітана ўсё не было, і нядобрае прадчуванне сцяла Іваноўскаму горла.
Ён не адразу заўважыў, як нехта з’явіўся ў полі, у дрыготкім святле ракет праз завею наперадзе мільгануў хісткі цень. У той час як другі цень упаў, гэты імгненна вырас да гіганцкіх, на ўсё поле, памераў; аблятаючы яго, з двух бакоў на ўзлесак ляцелі кулямётныя трасы. У некалькі скачкоў цень дасяг іхняга ўзлеска, і праз грукат страляніны Іваноўскі пачуў:
— Капітана забіла!
— Стой! — крыкнуў ён і ўскочыў.— Стой!
Гэта быў баец Фартучны, увогуле неблагі разведчык, можа нават болей за іншых любімы капітанам Волахам, але цяпер, ахоплены незразумелым спалохам, ён апантана ўцякаў з-пад агню. Прынесеная ім страшная вестка аднак не дужа ўразіла лейтэнанта, той ужо адчуў, што сталася кепскае. Праўда, што загінуў сам капітан Волах, гэтага ён не мог сабе ўявіць.