Василь Быков – Дажыць да світання (страница 6)
— Што ж, пойдзем разам. Вось тут, на маёй карце, азначаны стык, сюды і паспрабуем сунуцца.
Яны прабіраліся яшчэ чацвёра сутак, але ніякага стыку ў нямецкай лініі фронту не знайшлі, як, зрэшты, не знайшлі і самога фронту. Стаяла глыбокая восень, лісце з дрэў усё абсыпалася, пасля сцюдзёных зацяжных дажджоў наступіла ранняя золкая сцюжа. Дарогі былі забіты абозамі, аўтамабілямі, фурманкамі перадавых і тылавых нямецкіх часцей. Байцы падбіліся ад шматдзённай хадзьбы па бездаражы, ад голаду. Некаторым пачала дапякаць прастуда, кашаль. Лейтэнанта мучыла скуллё па ўсім целе. А пасля ў групе з’явіўся паранены ў нагу разведчык, які не мог ісці сам, і яны па чарзе неслі яго на звязаных з жэрдак і палаткі насілках. Па гэтай прычыне яны не маглі ісці хутка, але камандзір не хацеў пакідаць разведчыка. Гэта быў сапраўды варты разведчык, светлавокі і светлавалосы атлет па прозвішчу Фіх, які лёгка размаўляў па-нямецку. Паранілі яго выпадкова, калі яны ўдзень заскочылі ў вёску, каб распытацца пра дарогу і разжыцца чым-небудзь з ежы, і ўжо ў самым пачатку вуліцы налезлі на немцаў. Першага немца, які выйшаў з падворка, капітан паваліў ударам нажа ў шыю. Гэта аказаўся афіцэр з сумкай, і Волах па старой звычцы разведчыка перш-наперш схапіўся за яго палявую сумку. Але следам за афіцэрам ішлі яшчэ двое, адзін з іх стрэліў з пісталета і трапіў Фіху ў сцягно. Добра, што Балаенка тут жа крамсануў чаргой, немец упаў, і яны ўсе кінуліся на гарод, падхапіўшы параненага, які пасля гэтага стрэлу не зрабіў болей ніводнага па зямлі кроку. Напэўна, нямецкая куля пашкодзіла які-небудзь цэнтральны нерв, нага павісла, бы нежывая. Да таго ж неўзабаве паднялася тэмпература, мабыць, пачалося заражэнне. Бясконцыя пераходы прычынялі нясцерпныя мукі параненаму, павязка ўвесь час спаўзала, рана крывяніла. Фіх, сцяўшы зубы, трываў, усё болей хмурыўся і не хацеў размаўляць.
Аднойчы яны спыніліся адпачыць на нейкім зарослым маладым дубнячком прыгорку. Лісцяны лес ужо стаяў увесь голы і непрытульны, толькі каржакаватыя пакручастыя дубкі шалясцелі на ветры сваёй надта пажухлай, але яшчэ па-летняму густою лістотай. Тут было трохі зацішней: дубняк надзейна хаваў іх ад чужых вачэй. Як толькі спыніліся, разведчыкі пападалі на зямлю. 3 маўклівай адчужанасцю на схуднелым твары ляжаў на насілках Фіх. Есці не было чаго, курыць таксама. Два разведчыкі пайшлі шукаць якое жыллё, каб раздабыць што з ежы і пакарміць параненага.
— Слухай, Фіх,— раптам сказаў капітан.— Ты не бойся. Мы цябе не пакінем. Мы цябе вынесем, і ўсё будзе добра. Галоўнае — не падай духам.
— Аддайце мой пісталет,— слабым голасам прамовіў Фіх.
Два дні запар ён патрабаваў свой пісталет, які, западозрыўшы кепскае, выняў у яго з кабуры Волах. Цяпер кожная размова з ім пачыналася і канчалася патрабаваннем вярнуць пісталет.
— Ну во, ты зноў за сваё! Аддам я твой пісталет. Але спярша трэба цябе данесці да сваіх.
— Аддайце мой пісталет! Нашто ўзялі? Нашто гэты клопат? Для апраўдання сумлення? Плюнь, капітан...
Угаварыць яго было немагчыма, капітан, відаць, разумеў гэта і асабліва не ўгаворваў. Іхняе становішча не пакідала зашмат ілюзіі, ды яны і не мелі патрэбы ў ілюзіях. Безнадзейнасць Фіхавага стану была відавочнай як для самога Фіха, так і для ўсіх васьмярых у групе, у тым ліку і старога дружка Фіха сержанта Рукавіцына, які ўсю дарогу даглядаў параненага, як толькі было магчыма. Бяда аднак заключалася ў тым, што магчымасці гэтыя былі надта малыя, а Фіх хутка згасаў, і Рукавіцын нічым не мог яму памагчы. 3 прыгнечаным выглядам ён сядзеў над таварышам і бруднай насоўкай выціраў яго бледны спатнелы лоб.
— Да-а, дзяла! — сказаў капітан.— Што ж нам з табой рабіць?
Пытанне было чыста рытарычнае, ніхто не мог і не спрабаваў на яго адказаць. Зрэшты, капітан і не чакаў адказу — проста ён разважаў услых. Аднак на гэты раз разважаць яму давялося нядоўга — вярнуліся два разведчыкі і паведамілі, што вёсак паблізу няма, а недалёкая адсюль леснічоўка стаіць пустая — нічым, што было б можна з’есці, пажывіцца там не ўдалося. Але, ідучы назад, разведчыкі ўбачылі, як па дарозе ў суседні лясок адна за адной ішлі гружаныя нямецкія машыны, якія хутка там разгружаліся і ўлегцы вярталіся ранейшай дарогай. Відаць па ўсім, у лясок перабазіруецца які-небудзь вялікі нямецкі склад.
Вядома, яны разумелі, што склады могуць быць розныя: з фуражом, боепрыпасамі, гаручым, рэчавай, інжынернай або нават хімічнай маёмасцю. Але могуць быць таксама і з харчаваннем. Напэўна, верагоднасць апошняга меркавання здалася згаладнелым байцам найбольшай, і капітан жвава ўскочыў на ногі.
— Ану, дзе? Далёка?
— Ды кіламетры два адсюль.
Яны хутка зняліся з месца і прайшлі дубнячок, пасля абышлі па краі равок, перайшлі макраватую лугавінку, зноў улезлі ў калючае густое кустоўе, на выхадзе з якога па камандзе Волаха ўсе разам сталі. Праз сучча алешніку было відаць, як па калдобістай разбітай дарозе ў рэдкі сасновы лясок паўзлі сямітонныя «б’юсінгі», недзе там яны разгружаліся і хутка кацілі ўніз, мабыць, за новай партыяй грузу.
Капітан адразу ж сеў, дзе стаяў, дастаў з-за пазухі бінокль. Разведчыкі апусцілі насілкі з Фіхам.
— Ух ты, што там наварочана! Во гэта да! — здзівіўся капітан.— Дротам абносяць, так, так. А падыходы ўвогуле неблагія. Ось бы, калі сцямнее... На, зірні,— сказаў ён, перадаючы бінокль Іваноўскаму. Лейтэнант адшукаў у голым суччы прагаліну, накіраваў у бок лесу бінокль. Выразна стала відаць, як там разгружаліся машыны. Працавалі, здаецца, палонныя, на невялікай адлегласці ад іх тырчэлі цёмныя постаці ў даўгіх шынялях, з вінтоўкамі ў руках. Пад высокімі хвоямі на ўзгорку выцягнуліся даўгія грувасткія рады зялёных і жоўтых скрынак. Некалькі раней уладкаваных штабялёў былі ўжо накрыты брызентам.
— Цікава, што? — разважаў капітан.— Але ўсё роўна. Зробім феерверк на ўсю Смаленшчыну. Рукавіцын, супрацьтанкавая граната ў цябе цэлая? Дабро! А тол ты яшчэ не выкінуў, Паграбняк? Ракеты трэба падрыхтаваць таксама. Спатрэбяцца.
Ён тут жа, у алешніку, таропка давёў свой імправізаваны план нападу на склад, размеркаваў абавязкі паміж васьмёркай змораных, галодных людзей. 3 параненым пакінуў спярша двух байцоў, а пасля аднаго Рукавіцына. Сваім намеснікам назначыў яго, Іваноўскага. Рашылі пачынаць, як толькі крыху сцямнее.
— Вясёленькая будзе ноч! — радаваўся капітан, тручы азяблыя рукі.— Закурыць бы цяпер, ды нечага...
Раздзел трэці
Напэўна, лепш будзе ўзарваць. Пад дротам працягнуць зарад са шнурам, падкласці пад штабель. Вартавога заманіць у другі бок — як гэта зрабіць, Іваноўскі ведаў, некалі вучыў капітан Волах. Ёсць некалькі спосабаў. Вядома, лепш бы зусім зняць вартавога, але калі аб’ект вялікі, вартавых будзе некалькі, усіх не знімеш.
Так разважаючы, Іваноўскі няхутка спускаўся на лыжах з непрыкметнага ўначы пагорачка. У снегавой цемры наогул не разгледзець было, дзе пагорак, а дзе лагчынка, ён толькі адчуваў гэта па вазе лыж на нагах, якія то цяжэлі, і тады з’яўлялася патрэба памагчы сабе палкамі, то беглі па снезе ахвотней. Іваноўскі ўвесь час кіраваўся на поўдзень, час ад часу правяраючы кірунак па компасе. Справа ў туманнай імгле, то набліжаючыся да лыжні, то аддаляючыся ад яе, выгіналася ўсё тая ж рачулка, якую ён пазнаваў здаля па няроўным шнурку кустоўя на яе берагах. Злева да яе спускаліся схілы невысокіх пагоркаў, якія даводзілася перасякаць лыжнікам.
З’ехаўшы з чарговага схілу, Іваноўскі спыніўся. Лыжы затрашчэлі ў нейкіх сухіх сцяблінах, і лейтэнант пачаў азірацца па баках, каб абысці іх. Ззаду па адным пад’язджалі і спыняліся яго байцы.
— Ну як? — запытаўся ён гучным голасам. Тут, здаецца, ужо ніхто не мог іх пачуць.
— Угрэліся, лейцінант,— цяжка дыхаючы, адказаў Лукашоў, белая пара валіла ад яго мажнай постаці. Суднік ухапіў жменю снегу і, падпёршыся палкамі, пачаў яго есці. Неўзабаве пад’ехалі Хакімаў і Краснакуцкі; яшчэ нехта спускаўся па схіле.
— Дзюбін! — паклікаў лейтэнант.
— Ідзе быццам,— не адразу адгукнуўся голас з прыцемак, і ён падумаў, што калі замыкаючы тут, значыць усе ў зборы, можна рушыць далей.
— Як бы перадыхнуць, таварыш камандзір. Прывал бы, га? — з ноткаю скаргі сказаў Краснакуцкі.
Іваноўскі выняў гадзіннік. Вялікая стрэлка набліжалася да дванаццаці, малая ўжо дасягнула гадзіны.
— Адставіць прывал,— сказаў лейтэнант.— Мы познімся.
— Ужо ўсе паджылкі дрыжаць.
— Уцягвайцеся. Пасля лягчэй будзе. Так, за мной — марш!
Ён баяўся адпачынкам расхаладзіць байцоў, па сабе ведаў, як гэта цяжка пасля прывалу зноў набіраць тэмп. Важна было вытрымаць пэўную хуткасць на працягу ўсёй ночы, можа нават павялічыць яе, калі будзе трэба. Ён ведаў — хутка павінна паявіцца другое дыханне, і тады ўсім стане лягчэй.
Але змора брала сваё, і лейтэнант усё часцей стаў заўважаць, што позірк яго ўпарта хіліцца ўніз, і перад вачыма пачынаецца аднастайнае мільганне лыжных наскоў. Аднойчы, з намаганнем адарваўшы позірк ад снегу, ён згледзеў наперадзе штось аднастайна-шэрае, падобнае на высокую сцяну лесу. I на самай справе гэта быў лес — перапыніўшы іх шлях, трывожна і цягуча шумелі на ветры хвоі. Іваноўскі недаўменна здзівіўся — на карце ў тутэйшым месцы не значылася ніякага лесу, тым больш хвойнага. Ён падумаў, што можа згубіў напрамак, і пачаў таропка арыентавацца па компасе. Але не, усё было правільна, напрамак ён трымаў той самы, дакладна сто дзевяноста градусаў, але чаму тады лес? I як з ім быць — прайсці наскрозь, не мяняючы маршруту, ці абысці? I ў які бок абходзіць?