реклама
Бургер менюБургер меню

Василь Быков – Дажыць да світання (страница 5)

18

Усе разам заварушыліся, рыхтуючы лыжы, і хутка пасталі на іх — затрымлівацца тут не гадзілася. Лейтэнант ухапіў за канцы палкі і азірнуўся, чакаючы гатоўнасці групы.

— Я б яго правучыў! Мне ён не папаўся, смаркач,— бурчэў паблізу сержант Лукашоў.

— Ладна, усё! — гучным шэптам абарваў яго Іваноўскі.— Гатовы? Суднік — за мной! Марш!

Лейтэнант рэзка ўзяў з месца, кіруючы ў прагаліну між хмызняку, аднак у пухнатым снезе лыжы слізгалі не дужа і рэзалі глыбокую каляіну, з якой тырчэлі толькі іх загнутыя дзюбкі. Голле чаплялася за маскхалат, здзірала капюшон з галавы, калі ён згінаўся. Мабыць, чвэрць гадзіны лейтэнант прадзіраўся цераз кустоўе, пакуль не вырваўся на ўзлесак. Тут таксама было па-начному ціха, толькі напорна дзьмуў вецер. Іваноўскі намацаў лыжамі цвярдзейшае і адштурхнуўся палкамі. Позірк яго быў скіраваны наперад, назад лейтэнант не азіраўся, ён чуў за сабой шоргат лыж і прывычнае пахакванне байцоў. Ягонае абурэнне Суднікам пакрысе пачало меншаць, уступаць месца іншым эмоцыям. Як-ніяк, усё ж найбольшая бяда іх мінавала, і Іваноўскі стаў прывыкаць да таго, што іх восем. Праўда, цалкам прымірыцца з гэтым было немагчыма, заўтра ж яму вельмі спатрэбяцца людзі, і разгільдзяй Суднік заслугоўваў жорсткае кары. Але як яго пакараць? Расстраляць, вядома, было б занадта, лейтэнант меў арганічную агіду да такога звычайнага на вайне пакарання, калі і без таго гінулі тысячы, на гаўптвахту тут не пасадзіш. Значыць, трэба адкласці ўсё да вяртання. Да таго ж, увогуле, ім пашэнціла, магло быць горш. Калі разабрацца, дык яшчэ невядома, як бы ўсё сталася, каб Суднік не стрэліў, не паранілі Кудраўца і яны не адправілі з ім Шалудзяка, які незнарок падмануў сабой немцаў і выручыў усіх. Зусім магчыма, што да раніцы ім не ўдалося б прарвацца з-за таго ўзмежка, а повідну іх бы за паўгадзіны расстралялі ўсіх з мінамётаў. Ці шмат патрэбна для дзесяці чалавек? А так вось прарваліся, і цяпер толькі б не наскочыць дзе ноччу на якія тылавыя часці.

Неўзабаве на снезе пачаўся невялікі спуск, лыжы пайшлі лягчэй, рукам стала вальней, і лейтэнант азірнуўся. Суднік увішна ішоў следам, трошкі адарваўшыся, цягнуўся ў паўзмроку сержант Лукашоў. Астатнія таксама нібыта падраўняліся, і ў ветраным начным полі чуўся роўны шоргат снегу пад лыжамі. Лейтэнант яшчэ павялічыў тэмп. Дарога была далёкая, нават завельмі далёкая для адной ночы, і вельмі трэба было спяшацца. Тут ён яшчэ памятаў маршрут, вывучаны ўчора па карце, і ведаў, што неўзабаве зноў пойдзе поплаў усё ля той жа рачулкі, якой і трэба будзе трымацца.

Пасля кустоўя байцы ўвайшлі ў рытм, і група хутка рухалася ў шэрым начным паўзмроку. Хмарнае неба шчыльным дываном атуліла зімовы прасцяг, у якім цьмяна шарэлі навокал размытыя плямы кустоў, дрэў, быльнягу і мноства яшчэ нечага, невыразнага і загадкавага. Ракеты на перадавой свяцілі далёка ззаду, адсюль відаць былі толькі іхнія мігатлівыя водсветы за пакатым узгоркам.

Паступова Іваноўскі пачаў спакайнець, набіраць раўнавагі і разважнасці. Праўда, увесь час не выходзіў з галавы Шалудзяк, так няладна з ім атрымалася — пашкадаваў, называецца. Напэўна, спатрэбіўся б заўтра, усё ж сапёр і пажылы чалавек, не які там хлапчук, як гэты Суднік. Мабыць, з сапёрамі яму не пашэнціла, хоць болей за іншых былі патрэбны менавіта сапёры. Але тут нічога не зробіш. У той час, як група ляжала ў святле ракет, здавалася, вярнуў бы назад палавіну, абы другая палавіна прарвалася. Лейтэнант з уласнага вопыту ведаў, што далёка не ўсё ў жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з выкрутлівай сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец — менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна на дзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых умовах трэба старацца кіраваць імі.

Горыч ад першай і такой недарэчнай страты не пакідала Іваноўскага. Ненадоўга лейтэнант забываў пра яе, заняты дарожнымі клопатамі, але яна ўсё вярталася шчымлівым, надта добра знаёмым на вайне болем. I колькі ён ні перажыў яго за пяць месяцаў, гэты вярэдлівы ў сэрцы боль, і якім бы звыклым ён ні здаваўся часам, зусім прывыкнуць да яго было немагчыма. Колькі ўжо Іваноўскі страціў назаўжды за гэтыя месяцы вайны! Думалася, пара б ужо і прывыкнуць да саміх страт і скарыцца ўсведамленню іх непазбежнасці. Але як ні прывыкаў, не-не ды і находзіла такая роспач, што, думалася, лепш бы падставіў пад тую праклятую кулю сваю ўласную голаў, чым бачыць, як назаўжды апускаюць у магільную глыбіню блізкага табе чалавека.

А свайго лепшага сябра, разведчыка капітана Волаха ён нават не паспеў закапаць...

Проста ў іх не знайшлося рыдлёўкі і якіх-небудзь пятнаццаці хвілін часу, нажы не бралі закасцянелую ад марозу зямлю, а ад шашы ўжо імчаліся на матацыклах немцы. Адстрэльваючыся, яны з Паграбняком загарнулі цела капітана ў палатку і таропка закідалі яго перамешаным са снегам лісцем. Так і застаўся іх камандзір на ўзлеску таго далёкага смаленскага ўрочышча, дзе ледзьве не засталіся ўсе. А наступнага за ім, сержанта Рукавіцына, нават не ўдалося вынесці з пагорка, на якім яго напаткала куля, і праз дзесяць хвілін яго там падабралі немцы.

Наогул Іваноўскаму шанцавала ў вайну на харошых людзей, але самім вялікім шанцаваннем, вядома, быў капітан Волах. Нейкім невыразным пачуццём лейтэнант зразумеў гэта адразу, як толькі ўбачыў яго на прысмужанай ранішнім туманам просецы ў Бароўскіх лясах. Стоячы на каленях, капітан нешта вытрасаў з кішэняў у кінутую на мох фуражку, побач ляжала раскладзеная карта, а навокал сядзелі і ляжалі яго разведчыкі. Усе былі ў зялёных маскіровачных халатах з адкінутымі капюшонамі і ў пілотках, толькі ў аднаго капітана была фуражка, па якой лейтэнант адразу пазнаў у ім камандзіра і прывітаўся.

— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца.

— Калі ласка,— проста і ўсмешліва, без ценю камандзірскай строгасці сказаў капітан.— Звяртайцеся, калі ёсць з чым. А то ў нас во адзін пыл.

Відаць, ён не супраць быў пажартаваць і, можа, нават пачаставаць іх махоркай, але махорка ў яго ўся скончылася, як скончылася яна і ў лейтэнанта Іваноўскага. Праўда, лейтэнанту цяпер было не да курыва, ён болей бы ўзрадаваўся сухару ці кавалку хлеба, бо два дні яны амаль нічога не елі. Пасля разгрому ў начным баі пад Крупцамі ён адбіўся ад палка, трапіў у акружэнне, выйшаўшы з якога з дванаццаццю байцамі блукаў па лясах у пошуках сваёй часці. Але нідзе ён не мог набрысці нават на рэшткі сваёй дывізіі, часам траплялі байцы з невядомых яму часцей, але ніхто з іх нічога толкам не ведаў, у прыфрантавой паласе ўсе пераблыталіся — і нашы, і немцы. Яшчэ праз дзень вакол засталіся адны толькі немцы, ён скрозь натыкаўся на іх саміх або на свежыя іх сляды і тыдзень кідаўся па пералесках у пошуках якога-ніякога выйсця. У яго не было карты, і зусім незразумелай была абстаноўка, сустрэчныя ў шляху чырвонаармейцы давалі самыя супярэчлівыя звесткі. Зразумела было адно — нашы адышлі далёка, а немцы пруць на Маскву. У некалькіх выпадковых сутычках ён страціў яшчэ трох чалавек; двое зніклі ўначы: можа, адбіліся дзе ў цемры і прысталі да іншых груп, а можа і яшчэ горш. 3 ім засталіся чацвёра, яны забрылі ў нейкую лясную глушэчу, дзе ўжо не было ні немцаў, ні нашых. I вось гэтая выпадковая сустрэча з групай разведчыкаў на краі лясной прасекі.

Капітан усё ж нешта натрос з кішэняў і скруціў тоненькую скупую цыгарку. Астатнія моўчкі і, як здалося лейтэнанту, з затоеным сумам назіралі за сваім камандзірам.

— Як запальнічка, уцалела? — запытаў капітан, запіхваючы ў сінія галіфэ вывернутыя кішэні.

— Якая запальнічка? — здзівіўся Іваноўскі.

I раптам усё прыпомніў.

Сапраўды, месяц назад пад Касачовам, дзе яны стаялі тады ў абароне, неяк перад світаннем начальнік разведкі палка прывёў на батарэйны НП незнаёмага камандзіра ў фуражцы і з ордэнам Чырвонага Сцяга на габардзінавай гімнасцёрцы. Як трошкі развіднела, яны пачалі нешта разглядваць у стэрэатрубу на нямецкім баку, нешта адзначалі на карце. Пасля разам паснедалі. Капітан яшчэ пачаставаў Іваноўскага «Казбекам» і, прыкурваючы, звярнуў увагу на яго трафейную запальнічку ў форме будыйскага манаха. Запальнічка сапраўды была даволі забаўная: націснеш на спружынку — і ў манаха адскоквала палавінка чэрапа, з якога паяўляўся далікатны агеньчык полымя.

Запальнічка цяпер аказалася цэлая, Іваноўскі дастаў маленькую чорную фігурку манаха, вялікім пальцам ціскануў на спружынку. Але ў гэты раз агеньчык не паявіўся, мабыць, не было бензіну.

— Цікава, цікава,— сказаў капітан.— Шкада, курыва кот наплакаў.

— У нас таксама ні каліва,— сказаў Іваноўскі.

Іх твары ўраз пасур’ёзнелі, капітан нацягнуў на плечы сваю прадраную ў некалькіх месцах куртку. Адчуваннямі завалодала невясёлая франтавая будзённасць.

— Даўно бедствуеце? — запытаўся капітан.

— 3 семнаццатага. Як збілі тады пад Касачовам.