Василь Быков – Дажыць да світання (страница 9)
— Каго яшчэ няма? — ціха запытаўся лейтэнант.
— Хакімава няма,— сказаў Лукашоў не паварочваючыся. Усе ўзіраліся ў бок злашчаснага хутара.
— Сволачы! I як яны ўчулі? Здаецца, так ціха ішлі! — абураўся Краснакуцкі.
— Во яшчэ бяда — сабакі! Добра — нямецкія, а калі нашы, рускія?
— Пад немцам усе сабакі нямецкія. Тут яны нам не таварышы.
Лейтэнант ледзьве стаяў, аслабіўшы параненую нагу, і маўчаў. Ён усё больш змрачнеў, усведамляючы сваё становішча і перажываючы, што доўга няма Хакімава. Было зразумела, што гэтая затрымка дорага ім абыдзецца, але і пакінуць байца ён таксама не мог. Пасля нядоўгае паўзы лейтэнант запытаў Лукашова:
— Дзе ён прапаў? Як ляжалі ці потым?
— Як ляжалі быў. А пасля вот не ўгледзеў.
— Ідзі і шукай. Мы пачакаем.
Лукашоў моўчкі пайшоў у завею, а лейтэнант пастаяў трохі і павярнуў у хмызняк за маладыя, абсыпаныя снегам елкі.
Тут круціла, нібы ў аэрадынамічнай трубе — хмары снегу віхурай несліся ў паветры, з усіх бакоў дзьмуў вецер. Захінуўшыся за яліну, Іваноўскі рассмыкнуў матузкі маскхалата, расшпіліў штаны. Сцюдзёныя рукі адразу адчулі згусцелую кроў, ён разадраў шархоткую паперу пакета і туга перавязаў нагу вышай калена. Было даволі балюча, але ён стрываў, прыцяў уздых і хутка апрануўся. Снегам старанна выцер рукі — ніхто не павінен заўважыць, што ён паранены, гэта цяпер не патрэбна. Тым больш, што рана лёгкая, як-небудзь ператрывае.
Горш будзе, калі не знойдуць Хакімава.
Чорт ведае, як недарэчна ўсё атрымалася, скрозь адны няўдачы. Прыпомнілася народная прыкмета, што справа з няўдалым пачаткам абяцае яшчэ горшы канец. У яго пачалося куды як няўдала. Што ж будзе ў канцы?
Асеўшы на снезе, байцы цярпліва чакалі, сціскаючы ў руках забінтаваныя ствалы зброі. Ён таксама пачакаў крыху, пасля выняў гадзіннік. Той спраўна, як ні ў чым не бывала, рабіў сваю справу, паказваючы палову другой. Мінула палавіна ночы. Нямала прайшлі і яны, але кіламетраў дваццаць усё ж засталося. Калі толькі ён не адхіліўся ад маршруту. Закруціўшыся пад гэтым абстрэлам, ні пра які маршрут ён, вядома, не думаў, цяпер трэба было выпраўляць становішча.
Іваноўскі сарыентаваў компас. Візір, устаноўлены на дзвесце дзесяць градусаў, паказваў у хмызняк. У цемры завейнай ночы нічога не было відаць, і ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца прадзірацца праз зараснікі. Інакш нядоўга зусім заблудзіцца. Або трапіць у лапы да немцаў.
— Ціха!
3 цемры данёсся нечы слабы невыразны голас, Краснакуцкі падняўся на лыжы і, прыгнуўшыся, слізгануў у той бок. Хвіліну адтуль нічога не было чуваць, а пасля нешта мільганула ў цемры і заварушылася, белае і няўклюднае. Праз хвіліну Лукашоў з Краснакуцкім, сагнуўшыся, волакам прыцягнулі Хакімава і тут жа ўпалі каленямі ў снег. Лукашоў дыхавічна сказаў:
— Во... Ледзьве знайшоў... Палка адна ўваткнута была... Яго палка. Гляджу, тырчыць... А ён праз дзесяць крокаў... Ужо снегам замятаць стала...
— Што, жывы? — запытаўся лейтэнант.
— Жывы, але кепскі. У спіну яго ўдарыла. У жывот выйшла, здаецца.
— Так. Хутка перавязаць!
Ну во, і яшчэ адзін. Небарака Хакімаў! Такі старанны, рухавы, уважлівы хлопец. Ён з першай сустрэчы спадабаўся камандзіру: негаваркі, талковы. I што цяпер з ім рабіць?
— Я тут трохі абматаў. Па кухвайцы. Без памяці ён.
Пакуль двое поркаліся, перавязваючы параненага, Іваноўскі, расслабіўшы прастрэленую нагу, разгублена глядзеў у змрок. Вядома, Хакімава не пакінеш, прыйдзецца несці з сабой. Але як? I да якога часу? I што з ім рабіць заўтра? Усё было трудна, незразумела і кепска, але лейтэнант з усяе сілы стараўся ўтаіць ад іншых свой клопат. У той справе, дзеля якой яны ішлі, ён павінен ведаць усё, усё ўмець і знешне павінен заставацца ўвасабленнем абсалютнай упэўненасці.
— Так. Перавязалі? Рабіце звязку з лыж. Што, не ўмееце? Півавараў, давай палатку,— з трохі фальшывай бадзёрасцю закамандаваў лейтэнант.— Хутчэй, хутчэй!..
— Хіба так пацягнеш? — усумніўся Краснакуцкі.
— Пацягнеш. Знімай з вінтоўкі рэмень. Давай хто яшчэ свой. 3 яго таксама ўсе рэмні зніміце. Забярыце патроны. Усе, усе. I гранаты таксама. Суднік, забяры гранаты. Цяпер бярыцеся ўдвох. Адзін за рэмень. Так. Вы, Півавараў, страхуйце ззаду. Смялей, смялей, не бойцеся.
Як-колечы ўклаўшы на лыжную звязку параненага, яны павалаклі яго ў хмызняк. Атрымалася не вельмі каб спрытна — грувастка і нязручна, лыжы раз’язджаліся на снезе, а цела параненага ўвесь час перавальвалася з боку на бок. Ззаду цягнулася глыбокая баразна ў снезе. Невядома, колькі так можна было працягнуць.
Але іншага выйсця ў іх не было. Адсюль да сваіх не адправіш, пакінуць таксама не было дзе. Вядома, цяпер ім прыйдзецца патузацца. Цяпер ужо наўрад ці яны паспеюць да ранку.
Яны нерашуча прабіраліся цераз хмызняк. Часта спыняліся, папраўлялі лыжы, ледзьве ўтрымліваючы на іх Хакімава. Цягнуў Краснакуцкі; Півавараў, сагнуўшыся, пхнуў і падтрымліваў. Лукашоў, ідучы ззаду, часам памагаў, пакрыкваючы на абодвух.
На шчасце, хмызняк не завёў іх у лес, як таго асцерагаўся Іваноўскі, і праз якіх паўгадзіны яны зноў апынуліся ў полі. Вецер тут і яшчэ памацнеў, у доле гуляла мяцеліца. Наскрозь перасыпаныя снегам, яны выбраліся на чыстае і спыніліся, каб саўладаць з дыханнем.
— Дык што ж рабіць, лейцінант? — заклапочана выпрастаўся Лукашоў.— Так мы яго і будзем цягнуць?
— А што рабіць? Што вы прапануеце? — з відавочным незадаволеннем спытаўся лейтэнант.
— Можа б пакінулі дзе? Калі ў вёсцы якой? Ці хоць бы ў якой пуньцы?
— Не, не пакінем,— цвёрда сказаў Іваноўскі.— I хопіць пра гэта.
— Што ж, хопіць дык хопіць,— раптам згадзіўся Лукашоў.— Толькі ці далёка так пройдзем?
— Трэба хутчэй,— усхапіўся лейтэнант.— 3 усяе сілы хутчэй! Панятна?
Не азірнуўшыся і прыкметна асядаючы на правую нагу, ён пайшоў у цемру. За ім падаліся на лыжах астатнія,
Усе зморана, паныла маўчалі.
Раздзел пяты
Ранейшы тэмп гэтай шалёнай гонкі быў канчаткова страчаны, каторую гадзіну яны валакліся ў завеі, як сонныя мухі, і лейтэнант клапаціўся толькі пра тое, каб не згубіць напрамку. Раз за разам ён спыняўся, трэба было сарыентаваць компас і пачакаць валакушу з Хакімавым. Краснакуцкі і Півавараў выбіваліся з сілы, ды і сам ён хістаўся ад знямогі, у галаве п’яна круцілася ад ветру, важка адцягвала плечы зброя, усё больш балела нага. Але ён па-ранейшаму ішоў наперадзе і, на дзіва, ад яго ні на крок не адставаў Суднік. Баец быў нагружаны звыш меры: апроч сваіх бутэлек з КС, нёс яшчэ дзве кілаграмовыя гранаты Хакімава, яго вінтоўку, якую яны не кінулі, і яго рэчмяшок.
У цемры ім неяк трапіўся завеяны снегам стажок, згледзеўшы які, лейтэнант збочыў з прамой і праз хвіліну знясілена ткнуўся плячом у прысыпанае снегам, але па-ранейшаму поўнае летняга водару сена. Ногі яго на лыжах неяк слізка паехалі ўбок, і ён мякка споўз целам у затрэсеную сенам гурбіну. Некалькі секунд ціха ляжаў у салодкай знямозе, закрыўшы вочы і адчуваючы, як усё пад ім закружылася ў нейкім сонным бяздумным карагодзе. Спалохаўшыся, што засынае, ён вялізным намаганнем волі прымусіў сябе падняцца. Не, здаецца, ніхто не заўважыў гэтае яго хвіліннай слабасці, ад якой ён сумеўся ў тую хвіліну болей, чым ад чаго-небудзь іншага. Тым часам прыйшоў да стажка Суднік, прыцягнулі палатачную валакушу з Хакімавым. Апошні, таксама знямогла, выпаўз са змроку Лукашоў. Усе моўчкі пападалі пад стажком.
— Многа яшчэ? — натужліва выдыхнуў замыкаючы.
— Нямнога, нямнога,— з ненатуральнай бадзёрасцю адказаў лейтэнант.— Але трэба налегчы. Там шаша, яе мы павінны перайсці да світання. Удзень нічога не выйдзе.
— Так, усё ясна,— сказаў Лукашоў.— Тады патопалі.
— Ну, трэба ісці,— згадзіўся лейтэнант, аднак не знаходзячы ў сабе сілы адразу адарвацца ад мяккага боку стажка.
— Ну, узялі саначкі. Раз, два! — закамандаваў Лукашоў, і лейтэнант не першы ўжо раз адзначыў у думках, што гэты сержант усё болей упэўнена стаў камандваць у групе. Ён і ў шляху ўсё пакрыкваў на астатніх, падганяў, указваў. Заняты дарогай, Іваноўскі дагэтуль проста не думаў, добра гэта ці не. Зрэшты, у якасці замыкаючага сержант задавальняў яго цалкам. Замыкаючы з яго быў выдатны, у такога напэўна ніхто не адстане.
— Так, устаць. Устаць! — нягучна, са звыклай настойлівасцю камандаваў Лукашоў, які сам ужо стаў на лыжы і гатовы быў рушыць у шлях. 3 відавочным намаганнем падняўся Краснакуцкі, закінуў за плечы раменную лямку ад валакушы. Адзін Півавараў застаўся сядзець, прыхінуўшыся бокам да сена, і не кратаўся.
— Ну а ты што? Асобнага запрашэння чакаеш? Півавараў!
Півавараў слаба паварушыўся і не ўстаў.
— Што гэта з вамі? — запытаўся лейтэнант.
— Я не магу,— з дзіўнай у іх становішчы адкрытасцю сказаў баец.
— Як гэта — не магу?
— Не магу. Пакіньце мяне...
— Вось гэта нумар! — здзівіўся Іваноўскі.— Ты што, жартуеш?
— Дурыць ён, а не жартуе! —· зазлаваў Лукашоў і прыкрыкнуў: — Ану ўстаць!
Тонкі слабасільны Півавараў, мабыць, не разлічваў на такую дарогу і ўжо дайшоў да мяжы ў сваіх і без таго не дужа вялікіх магчымасцях. Наўрад ці ад яго можна было чаго дабіцца, але і пакідаць яго пад гэтым стажком таксама было немагчыма.
— Ану ўставайце! — строга скамандаваў Іваноўскі.— Сержант Лукашоў, падніміце байца!
Ён не мог болей нічога іншага, апроч як ва ўсёй строгасці выкарыстаць сваю ўладу — толькі яна магла тут падзейнічаць. Лейтэнант, вядома, разумеў усю бессардэчнасць свайго далёка не таварыскага патрабавання, разумеў, што гэты ўвогуле паслухмяны і старанны баец заслугоўваў лепшага з ім абыходжання. Але ў гэтым шляху Іваноўскі перакрэсліў у сабе ўсякую сяброўскую сардэчнасць, пакінуўшы адну толькі халодную камандзірскую патрабавальнасць.