Василь Быков – Дажыць да світання (страница 11)
Іваноўскі пакрыўдзіўся. Ён сказаў бяляваму, з прыгожа ўкладзенымі валасамі палкоўніку, што ў Дольцава ён паспее, а вось да нямецкага склада боепрыпасаў можна спазніцца, і тады ўсе іх намаганні і ўсе страты, у тым ліку і смерць выдатнага разведчыка капітана Волаха, могуць аказацца дарэмнымі.
— Як дарэмнымі? — здаецца, упершыню нешта сцяміў палкоўнік і адарваў аловак ад паперы, па якой старанна лінеіў нейкую складаную, з мноствам графаў табліцу.
— Вельмі проста,— адказаў лейтэнант.— Загінулі без карысці. Ні за панюх табакі.
— Во як! — сказаў палкоўнік і ўстаў, абцягваючы гімнасцёрку і крута выгінаючы зайздросна развітыя мускульныя грудзі.— Вы з якой, сказалі, дывізіі?
Іваноўскі назваў дывізію і полк.
— Гэта якой жа арміі? Гэта нават не нашага фронту. Так не пойдзе, пішыце аб’ясненне.
Нічога не зробіш, давялося ўзяцца за гэта «аб’ясненне». Ён пісаў яго двое сутак, хаваючыся ад прыдзірлівага генерала, які якраз прыехаў з перадавой і, як звычайна, пасля нядоўгай адсутнасці наводзіў у штабе парадак. Іваноўскі часова прытуліўся ў штабным АХО, з пісарам якога напярэдадні выпіў пляшку шнапсу, і той велікадушна падзяліў з «нічыйным» лейтэнантам свой ложак у паўразбуранай пустой хаціне. Праўда, у дадатак да пляшкі давялося адарыць гасціннага пісара трафейным люстраным компасам і назаўсёды расстацца з прыгожай запальнічкай-манахам. Але за два дні ён склаў падрабязную справаздачу памерам у два школьныя сшыткі ў клетачку.
Калі ён прынёс сваю працу, бялявы палкоўнік, відаць, быў не ў настроі. Размашыстым дакладным рухам, не зірнуўшы, ён перакінуў ягоныя сшыткі на суседні стол, за якім сядзеў над паперамі лысы брывасты маёр.
— Кавалёў, займіцеся. Што ён там сачыніў — мне чытаць няма часу.
Але Кавалёў таксама па нейкай прычыне не мог прачытаць гэта адразу, і лейтэнанту нічога больш не заставалася, як пайсці і чакаць у сваёй хаціне. Ён ужо ўскінуў да пілоткі руку, каб атрымаць на тое дазвол, як дзверы ў хату шырока расчыніліся і на парозе, згінаючы галаву, паявіўся той самы, каго ён болей за іншых баяўся сустрэць. Камандзіры за сваімі сталамі ўскочылі, а Іваноўскі толькі павярнуўся ды так і застыў з паднесенай да пілоткі рукой.
Напэўна, яго нехуцавы, нязвыклы тут выгляд — у пісаравай ватоўцы, без знакаў адрознення на ёй і ў заношанай суконнай пілотцы, калі ўсе камандзіры штаба хадзілі ў аўчынкавых шапках,— здаўся незвычайным і спыніў на сабе востры позірк генерала.
— Хто такі? — тонам, які не абяцаў нічога прыемнага, запытаўся ён, звяртаючыся да палкоўніка.
— Лейтэнант Іваноўскі, камандзір узвода такога-та палка, такойта дывізіі,— з натужнай ліхасцю чужым голасам адрапартаваў лейтэнат.
— Якой, якой дывізіі?
Іваноўскі цвёрда паўтарыў нумар сваёй дывізіі.
— Што вы тут робіце?
— Ён з акружэння,— сказаў палкоўнік, стоячы перад генералам і ўсёй сваёй імпазантнай постаццю выказваючы належную павагу, але з адценнем нейкай фамільярнай вольнасці. Іваноўскі ж акамянела застыў навыцяжку, упершыню ў жыцці размаўляючы з такім высокім начальствам.
— Акружэнец? Чаму тут?
— Я тут з поваду нямецкай базы боепрыпасаў, таварыш генерал.
— Новая справа! — сказаў генерал, стоячы напаўабароту да лейтэнанта. Погляд яго прыдзірлівых вачэй не сыходзіў з напружанай постаці Іваноўскага.— Што за база? Дзе? Адкуль вам пра яе вядома? Вы разабраліся, палкоўнік?
— Разбіраюся, таварыш генерал,— зусім інакшым тонам, чым размаўляў дагэтуль, сказаў палкоўнік. Аднак гэты яго тон чалавека, які гаворыць не зусім тое, што было ў сапраўднасці, вымусіў лейтэнанта на новую ў адносінах да яго дзёрзкасць.
— Палкоўнік не хоча разбірацца, таварыш генерал,— выпаліў Іваноўскі. Генерал кінуў востры запытальны позірк у бок лейтэнанта, пасля — у бок палкоўніка. I лейтэнант, адчуўшы, што тут можа нешта раз і назаўсёды рашыцца, дадаў:— Артылерыйская армейская база за шэсцьдзесят кіламетраў адсюль. Некалькі эшалонаў боепрыпасаў, ахова невялікая, навокал драцяная загарадзь у адзін кол. Можна ўзарваць.
— Во як! Вы ўжо і разведалі? — сказаў генерал і павярнуўся да яго ўсім тулавам у расшпіленым паўшубку, з-пад белых бартоў якога бліснула белая эмаль ордэнаў. Голас яго ўжо адтайваў, лейтэнант з радасцю адзначыў гэта і тут жа рашыўся сказаць усё напрамую.
— Проста можна ўзарваць. Або спаліць. I наступаючыя на Маскву нямецкія войскі застануцца без боепрыпасаў.
Ён выпаліў гэта і зараз жа пашкадаваў аб сваёй паспешнасці, якая адразу і прыкметна прытушыла ўзнікшую да яго цікавасць начальніка штаба. Генерал штось буркнуў у каўнер паўшубка і апусціўся каля стала на лаўку. Астатнія засталіся стаяць на ранейшых месцах.
— Кажаш, проста? Пых — і нямецкія войскі без снарадаў? Так ці што?
— Не зусім так, таварыш генерал,— паспрабаваў выправіць свой промах Іваноўскі.— Мы ўжо спрабавалі, але...
— Ужо і спрабавалі? Паспелі? Ну і што ж?
— Дваіх страцілі. У тым ліку капітана Волаха.
— Вось так, лейтэнант... як цябе? Іваноўскі. 3 наскоку не возьмеш, з галавой трэба. Але ён маладзец,— сказаў генерал, звяртаючыся да палкоўніка.— Калі так, пашліце яго з групай. Дайце чалавек дзесяць. Займіцеся гэтым. I не марудзьце.
— Ён без праверкі, таварыш генерал,— ціха ўставіў палкоўнік. Генерал незадаволена саўгануў бровамі.
— Ерунда! Яго ўжо праверылі. Немцы праверылі. А гэта будзе другой праверкай. Я скажу Клюзіну.— I павярнуўшы галаву да нечакана ўзрадаванага лейтэнанта, сказаў падабрэлым голасам: — Рыхтуйце групу, лейтэнант. Во з ім. Паслязаўтра даложыце аб гатоўнасці. Ясна?
— Ёсць! — не сказаў, а па-дзіцячы, у захапленні выкрыкнуў Іваноўскі і, ліха казырнуўшы, зачыніў за сабой дзверы.
Назаўтра яму пашанцавала менш. Палкоўнік, да якога ён зноў прыйшоў раніцай, адправіў яго да нейкага маёра Каламійца, лейтэнант чакаў гэтага маёра паўдня і, калі ўрэшце дачакаўся і перадаў загад палкоўніка, той амаль знішчыў яго першай жа фразай:
— А дзе я вазьму людзей? У мяне нікога няма. Застаўся адзін ездавы.
Адчуўшы, што зноў усё рушыцца, Іваноўскі не стаў больш нічога ні высвятляць, ні даказваць, а, поўны новай рашучасці, шпаркім крокам накіраваўся да высокага дома з прыгожымі аканіцамі. Ведама, яго туды не пусцілі, ён распачаў недарэчную спрэчку з няўмольным вартавым ля ганка і проста ўжо быў у роспачы, калі дзверы ў хату нечакана расчыніліся і на парозе з’явіўся сам генерал. Начальнік штаба не адразу пазнаў учарашняга лейтэнанта, і таму спатрэбілася зноў назваць сябе і дрыгнуўшым голасам паведаміць, што з арганізацыяй групы нічога не выходзіць. Генерал гнеўна зыркнуў на яго вачыма, быццам у гэтай няўдачы быў вінаваты сам Іваноўскі.
— Як не выходзіць?
— Няма людзей, таварыш генерал. Палкоўнік паслаў...
— Зімянькова ка мне! — кінуў ён камусьці, хто стаяў у яго за спіной, і той хуценька шмыгнуў у сенцы, куды, ні слова больш не сказаўшы, вярнуўся і генерал. Іваноўскі застаўся ля ганка адзін на адзін з вартавым, які з маўкліваю злосцю пазіраў на яго. «А ўсё ж не пройдзеш!» — было напісана на ягонай фізіяноміі. Але лейтэнант ужо і не рваўся ў гэтую прасторную хату. Ён пакорліва прачакаў хвілін дваццаць, пакуль на ганку зноў не з’явіўся старшы лейтэнант у паўшубку, з маўзерам цераз плячо.
— Ідзіце да капітана Зімянькова і атрымайце людзей. Заўтра ў трынаццаць ноль-ноль генерал чакае з дакладам аб гатоўнасці групы.
— Ёсць! — сказаў Іваноўскі. Ён не запытаўся нават, хто гэты капітан Зімянькоў і дзе шукаць яго,— давялося пытацца пра тое ў канаводаў на вуліцы. I сапраўды, падвечар у яго ўжо быў на руках спіс з васьмі байцоў і аднаго старшыны; дзесятым у гэтым спісе значыўся ён сам.
I лейтэнант пачаў рыхтавацца.
Апроч людзей, трэба было атрымаць боепрыпасы, бутэлькі КС, узрыўчатку, два метры бікфордавага шнура. Чацвёра з дзевяці былі ў абтрэпаных шыняльках без ватовак, трэба было іх пераабмундзіраваць. Хтось доўга не хацеў выдаваць маскхалаты (на накладной не было подпісу старшага начальніка), за лыжамі ён ездзіў у тылавую, за пятнаццаць кіламетраў, вёску. Апошнюю ноч перад выхадам ледзьве прыдрамнуў пару гадзін, паеў толькі раз за дзень, выстаяў на трох інструктажах, але ў трынаццаць усё ж прывёў групу ў двор высокага, з прыгожымі аканіцамі дома. На гэты раз яго адразу ж прапусцілі ў пакой, і ён з трапяткім гонарам далажыў аб гатоўнасці выканаць баявы загад.
Генерал скончыў тэлефонную размову і паклаў трубку. Як быў у футравым на гімнасцёрцы жылеце, моўчкі выйшаў у двор, дзе, пастроеныя, па камандзе «смірна» чакалі дзевяць байцоў з Дзюбіным на чале. Генерал моўчкі абышоў гэты строй, агледзеў усіх, і на яго немаладым, у зморшчынах, з запалымі шчокамі твары ўпершыню за ўвесь час свайго прабывання ў штабе Іваноўскі не знайшоў і следу начальніцкай строгасці. Цяпер гэта быў проста зморшчаны твар абцяжаранага шматлікімі турботамі, зморанага, даўно не маладога ўжо чалавека.
— Сынкі! — сказаў генерал, і штось у душы лейтэнанта жаласна ўздрыгнула.— Вы ведаеце, куды ідзяце? Ведаеце, што будзе цяжка? Але трэба. Бачыце: мяце,— паказаў ён у нізка аселае хмарнае неба, з якога падаў лёгкі сняжок.— Авіяцыя на прыколе. На вас уся надзея...
Ён і яшчэ гаварыў, раячы, як трэба паводзіць сябе ў трудную хвіліну ў тыле ворага, дзе ўжо ніхто, апроч хіба таварыша, табе не паможа. Але ён мог бы і не рабіць гэтага — лейтэнант ужо меў некаторы вопыт баявых дзеянняў у нямецкім тыле, накоплены за час яго двухтыднёвых блуканняў па смаленскіх лясах. А вось яго зусім не начальніцкі, амаль што сяброўскі тон і яго зацікаўленасць у іх поўных невядомасці лёсах кранулі лейтэнанта, які з гэтай хвіліны гатовы быў на ўсё, абы толькі выканаць баявую задачу. Нават смерць у гэты час не здавалася яму чымсьці жахлівым — ён гатовы быў рызыкаваць жыццём, калі гэта спатрэбіцца для Радзімы.