Тарас Шевченко – Вершы. Паэмы (страница 74)
Сіраціне на чужыну,
А там — і да гора.
Пагуляюць людзі, быццам
Халодныя хвалі,
Потым распачнуць дзівіцца,
Як сіротка плача;
Потым спытай, дзе сіротка,—
Не чуў і не бачыў.
С.-Пецярбург
1841
***
Чыгрыне[71], Чыгрыне,
На свеце ўсё гіне!
I святая твая слава,
Як пылінка ў плыні,
За ветрамі халоднымі
Ў хмары прападае...
Над зямлёю лятуць леты,
Дняпро высыхае,
Рассыпаюцца магілы,
Курганы-магілы —
Твая слава... Пра цябе ўжо,
Старча маласілы,
Ніхто й слова не прамовіць,
Ніхто й не пакажа,
Дзе ты стаяў? Чаго стаяў?
I на смех не скажа!!
За што мы біліся з ляхамі?
За што мы рэзалісь з панамі?
За што скародзілі кап’ямі
Татарам рэбры?.. Засявалі
I крывёю палівалі...
I шаблямі скарадзілі.
Што ж на ніве урадзіла?!
Урадзіла рута... рута...
Волі нашае атрута.
А я, неразумны, на тваіх руінах
Марна слёзы трачу; заснула Ўкраіна,
Бур’яном укрыта, цвіллю зацвіла,
У балоце, лужы сэрца прагнаіла
I ў дупло гнілое гадзін напусціла,
А дзецям надзею ў стэпу аддала.
А надзею.
Вецер па полю развеяў,
Хваля морам разнясла.
Няхай жа вецер ўсё разносіць
На неакраеным крыллі!
Няхай жа сэрца плача, просіць
Святое праўды на зямлі.
Чыгрыне, Чыгрыне,
дружа мой адзіны!
Ты праспаў лясы, і стэпы,
I ўсю Украіну.
Спі ж, павіты гандлярамі,
Покі сонца ўстане,
Покі тыя недалеткі
Падрастуць, гетманы.
Памаліўся б, і я б заснуў...
Дык думкі-закляцці
Рвуцца душу запаліць мне,
Сэрца разарваці.
Ды не рвіце, не паліце.
Мо вярну нанова
Маю праўду гаротную
I ціхае слова.