Выйсці намаўляла.
«Ідзі, дочка! — кажа маці.—
Не век дзеўкай быці!
Ён багаты, адзінокі —
Будзеш паняй жыці!»
«Не хачу я панаваці,
Не пайду я, мама!
Ручнікамі, што прыдбала,
Спусці мяне ў яму.
Хай папы мне заспяваюць,
А дружкі заплачуць:
Лягчэй ў труне мне ляжаці,
Чымся яго бачыць».
Не слухала стара маці,
Рабіла, што знала,—
Усё бачыла дзяўчына,
Сохла ды маўчала.
Пайшла ўночы к варажбітцы,
Каб паваражыці —
Ці ёй доўга йшчэ на свеце
Адзінокай жыці?..
«Бабуленька, маё сэрца,
Малю з усёй сілы,
Скажы шчырую мне праўду:
Дзе сэрцайка-мілы?
Ці здароў-жыў? Ці ён любіць?
Ці забыў-пакінуў?
Скажы ж ты мне, дзе мой мілы?
На край свет палыну!
Бабуленька, маё сэрца,
Скажы, калі знаеш...
Бо выдае мяне маці
За старога замуж.
Любіць яго, бабуленька,
Сэрца не наўчыці.
Пайшла ж бы я ўтапіцца —
Жаль душу згубіці...
Калі не жыве мой любы,—
Зрабі, калі ласка,
Каб дадому не вярнуцца...
Цяжанька мне, цяжка!
Там стары жджэ са сватамі...
Скажы ж маю долю!»
«Добра, дзетка! Спачынь трошкі...
Чыні ж маю волю.
Я сама была дзяўчынай —
Гэта ліха знаю;
Мінулася — наўчылася:
Людзям памагаю.
Тваю долю, мая дзетка,
Я залетась знала
I залетась траўкі-зелля
Для таго прыдбала».
Пайшла баба і дастала
Пляшачку з паліцы.
«Вось на табе гэта дзіва!
Пайдзі да крыніцы;
Пакуль пеўні не спявалі,
Умыйся вадою,
Выпі трошкі гэтых зёлак —
Гора ўсё загояць.
Бяжы, выпіўшы, як змога;
Што б там ні крычала,
Не аглянься, пакуль станеш
Там, дзе развіталась.